Усевалад Фальскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Усевалад Фальскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 7 сакавіка 1886(1886-03-07) або 8 сакавіка 1887(1887-03-08)
Памёр: не раней за 1927

Усевалад Фальскі (7 сакавіка 1886, або 8 сакавіка 1887 — пасьля 1925) — беларускі грамадзка-палітычны, дзяржаўны і культурны дзяяч, актор, адзін са стваральнікаў беларускага прафэсійнага тэатру.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў вёсцы Лошыца Менскага павету Менскай губэрні (цяпер у межах Менску)[1]. Скончыў тры курсы Ляснога інстытуту ў Санкт-Пецярбургу. У 1906 годзе далучыўся да беларускага руху. На працягу 1915—1918 гадоў удзельнічаў у арганізацыі і быў старшынём Першага таварыства беларускае драмы і камэдыі, Менскага таварыства працаўнікоў мастацтва. Быў жанаты[1].

Выканаўца вядучых роляў у спэктаклях «Паўлінка» Янкі Купалы, «Пашыліся ў дурні» Марка Крапіўніцкага, «Модны шляхцюк» Каруся Каганца, «Бязвінная кроў» Уладзіслава Галубка і інш.

Быў чальцом Менскага аддзелу Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, намесьнікам старшыні Беларускага нацыянальнага камітэту ў Менску, прадстаўніком Беларускай рады на Дэмакратычнай нарадзе 1917 году на Першым Ўсебеларускім кангрэсе адзін зь лідэраў фракцыі левай плыні.

Са жніўня 1918 году ў Маскве, удзельнічаў у стварэньні маскоўскай беларускай секцыі РКП(б). Узначальваў Камісарыят па замежных справах Часовага рабоча-сялянскага ўраду Беларусі (студзень 1919). У 1919 годзе двойчы арыштаваны савецкімі ўладамі, у тым ліку летам 1919 году быў сярод расстрэльных заложнікаў, якіх чэкісты вывезьлі ў Смаленск пры адступленьні бальшавікоў зь Беларусі[2].

Быў вызвалены са Смаленскай катаржнай турмы 7 траўня 1919 году, перайшоў фронт і вярнуўся ў заняты польскімі войскамі Менск. У часе польскай акупацыі Беларусі (1919—1920) быў намесьнікам начальніка раёну эксплюатацыі лясоў. Пасьля стварэньня ў кастрычніку 1919 году Беларускай вайсковай камісіі працаваў там перакладчыкам[3].

У 1921 годзе быў намесьнікам загадчыка аддзелу мастацтваў, вучоным сакратаром Акадэмічнага цэнтру Наркамата асьветы БССР.

Арыштаваны 3 верасьня 1921 году ў Менску і асуджаны паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 23.9.1921 за «дапамогу ў шпіянажы»[1] да расстрэлу, замененага на 5 гадоў зьняволеньня, якія адбываў у смаленскай катаржнай турме[2]. Вызвалены 30 траўня 1923 году[1], працаваў справаводам рабфака пры Смаленскім унівэрсытэце. Са сьнежня 1925 году жыў у Кіеве[2], працаваў дырэктарам драматычнага тэатру імя Марыі Занькавецкай, перапісваўся з Інбелкультам.

Неаднаразова хадайнічаў перад урадам Беларусі, каб дазволілі вярнуцца дамоў. Апошняе вядомае дакумэнтальнае сьведчаньне пра У. Фальскага датуецца 26 студзеня 1926 году. Далейшы лёс невядомы[2].

Рэабілітаваны Ваеннай пракуратурай Рэспублікі Беларусь 6 жніўня 1996 году. Асабовая справа У. Фальскага № 20479-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары… Т.3., кн.2.
  2. ^ а б в г Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары… Т.2.
  3. ^ Ролі Усевалада Фальскага: лёс народнага камісара замежных спраў у першым урадзе савецкай Беларусі