Таргавіцкая канфэдэрацыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Станіслаў Шчасны Патоцкі

Таргавіцкая канфэдэрацыя — аб’яднаньне шляхты Рэчы Паспалітай з мэтай вяртаньня палітычнай сыстэмы дзяржавы і шляхецкіх правоў, ліквідаваных Канстытуцыяй 3 траўня 1791 году. Канфэдэрацыя была арганізаваная з ініцыятывы Кацярыны ІІ у 1792 годзе.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1788—1792 гг. у Варшаве адбываўся Чатырохгадовы сойм, у межах якога былі распрацаваныя шэраг рэформаў, што закраналі амаль усе сфэры жыцьця тагачаснага грамадзтва Рэчы Паспалітай. Кульмінацыяй гэтых рэформаў стала падпісаньне 3 траўня 1791 г. «Урадавага закону» — новай канстытуцыі, якая, сярод іншага, уводзіла спадчыннасьць трону, абмяжоўвала выбарныя правы беднай шляхты, пашырала правы свабодных гарадоў і іх месьцічаў.

Гэтыя новаўвядзеньні прыйшліся не даспадобы некаторым прадстаўнікам шляхты, і асабліва магнатэрыі Рэчы Паспалітай. У знак пратэсту найбольш актыўныя прадстаўнікі апазыцыі ўжо ў сярэдзіне 1791 г. зьехалі за мяжу: вялікі гетман каронны Францішак Браніцкі — у Вену, польны гетман каронны Севярын Жавускі — у Пецярбург, рускі ваявода і генэрал кароннай артылерыі Шчасны Патоцкі — у Вену. Кацярына ІІ, уцягнутая на той момант у вайну з Турэччынай таксама была моцна незадаволеная тым, як разгортваліся падзеі.

Талер, выбіты ў гонар Таргавіцкай канфэдэрацыі

Утварэньне канфэдэрацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У кастрычніку 1791 г. у Ясах адбылася сустрэча Ф. Браніцкага, С. Жавускага і С. Патоцкага, дзе абмяркоўваліся будучыя пляны стварэньня канфэдэрацыі. У канцы гэтага ж году ўсе ўдзельнікі сустрэчы былі запрошаныя ў Пецярбург, дзе бавілі час да сакавіка 1792 г. У сакавіку 1792 г. пры ўдзеле Кацярыны ІІ у Пецярбургу адбылася тайная сустрэча, дзе было прынятае рашэньне аб стварэньні новай канфэдэрацыі, якая будзе змагацца за вяртаньне парушаных правоў, а Расея дасьць для гэтага свае войскі. 27 красавіка ў Пецярбургу быў падпісаны «Акт канфэдэрацыі», якая ў гісторыю ўвайшла, як Таргавіцкая. Яе маршалкам стаў Станіслаў Шчасны Патоцкі. Кіраўніком каронных войскаў канфэдэрацыі прызначаны гетман Браніцкі. «Акт канфэдэрацыі» падпісалі таксама: Севярын Жавускі, Шыман Касакоўскі, Антоні Сьвятаполк-Чацьвярцінскі, Ежы Вяльгорскі, Антоні Златніцкі, Адам Машчэнскі, Уладзімерскі Ян Загорскі, Ян Сухаржэўскі, Міхал Кабылецкі, Ян Сьвейкоўскі, Францішак Гулевіч і Дызма Бонча Тамашэўскі. Канстытуцыя Таргавіцкай канфэдэрацыі мела 23 пункты і прадугледжвала вяртаньне ўсіх былых шляхецкіх вольнасьцяў, і сярод іншага, аднаўленьне былой канфэдэратыўнай сыстэмы Рэчы Паспалітай. 12 траўня расейскія войскі пад кіраўніцтвам генэрала паручніка Міхаіла Кутузава і генэрала паручніка Івана Дуніна перайшлі Днестар і ўвайшлі на тэрыторыю Кароны Польскай.

Гэнэральная канфэдэрацыя ВКЛ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шыман Марцін Касакоўскі

22 траўня 1792 г. корпусы рускай арміі пад кіраўніцтвам генэрала Міхаіла Крачэтнікава ўвайшлі на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага. Арганізацыя канфэдэрацыі на землях ВКЛ была даручана прадстаўніку буйнога магнацкага роду Віленшчыны, генэрал-маёру расейскай арміі Шыману Касакоўскаму. Актыўна падтрымліваў яго ў гэтай справе брат — інфлянцкі біскуп Юзаф Касакоўскі. За наступныя паўгады Таргавіцкая канфэдэрацыя была абвешчана ва ўсіх вялікіх гарадах ВКЛ. Шляхта гарадоў часта прысягала новай канфэдэрацыі пад прымусам і пагрозай пазбаўленьня маёмасьці[1]. 12 чэрвеня 1792 г. у Вільні было абвешчана аб стварэньні Генэральнай канфэдэрацыі ВКЛ. Ейным маршалкам стаў канцлер ВКЛ Аляксандар Сапега. Шыман Касакоўскі быў абвешчаны гетманам ВКЛ «з волі народу». Канфэдэрацкія ўлады ў гарадах Рэчы Паспалітай замянілі сабой былыя органы ўлады. Іх асноўнай задачай была пастаўка фуражу і правіянту для расейскіх войскаў.  

Найясьнейшая канфэдэрацыя абодвух народаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

23 ліпеня 1792 г. пад ціскам сваіх прыбліжаных, у першую чаргу канцлера Яўхіма Храптовіча, Станіслаў Аўгуст далучыўся да Таргавіцкай канфэдэрацыі. Гэта абазначала заканчэньне вайны з Расеяй. 6 верасьня 1792 г. у Берасьці быў падпісаны акт аб’яднаньня канфэдэрцыяў ВКЛ і Кароны ў адзіную Найясьнейшую канфэдэрацыю абодвух народаў. Яна ставіла перад сабой тыя ж задачы, што і яе папярэднікі. Цэнтрам канфэдэрацыі стала Горадня.

Каралеўскі замак у Горадні

Гарадзенскі сойм[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку лютага 1793 г. стала вядома аб уварваньні на тэрыторыю Кароны прускіх войскаў, якое адбывалася згодна з таемнай дамовай Расеі і Прусіі ад 23 студзеня. У той жа час у Горадню прыехаў новы расейскі пасол Якуб Сіверс, які сьпярша адмаўляў датычнасьць Расеі да гэтых падзеяў. Аднак 29 сакавіка ён прачытаў таргавічанам сумесную дэклярацыю Расеі і Прусіі, у якой гаварылася, што

«Непонятное заблуждение нации (французской), некогда столь цветущей, теперь униженной, раздираемой и находящейся на краю пропасти, это заблуждение вместо того чтобы послужить предметом ужаса для беспокойных (польских умов), напротив показалось им предметом достойным подражания… Столь опасный очаг естественно возбудил внимание соседних держав; они сообща обсудили средства задушить зло в самом зародыше и предохранить от заразы собственные границы. Её величество императрица Всероссийская и его величество король Прусский, по соглашению с его величеством императором Римским, признали самою действительною мерой: заключить Польскую республику в более тесные границы, чтоб облегчить ей возможность иметь мудрое и хорошо устроеное правительство, которое было бы в состоянии обуздать беспорядки и партии, столь часто нарушавшие спокойствие республики и её соседей».[2]

Кіраўнікі канфэдэрацыі, убачыўшы, што іх падманулі, зьехалі з Горадні або за мяжу, або ў свае ўладаньні. Засталіся толькі браты Касакоўскія, якія і ўзялі на сябе кіраваньне канфэдэрацыяй у апошнія месяцы. У адпаведнасьці з дэклярацыяй 17 чэрвеня 1793 г. быў скліканы Гарадзенскі сойм, які спачатку зацьвердзіў Другі падзел Рэчы Паспалітай, а пасьля 18 верасьня, распусьціў Таргавіцкую канфэдэрацыю.

Значэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Таргавіцкая канфэдэрацыя з аднаго боку была спробай магнатэрыі Рэчы Паспалітай і незадаволенай шляхты вярнуць кардынальныя правы, парушаныя Канстытуцыяй 3 траўня, але зь іншага боку канфэдэрацыя стала інструмэнтам у руках Кацярыны ІІ для апраўданьня свайго ўварваньня на тэрыторыю Рэчы Паспалітай, а пазьней і яе чарговага падзелу.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Smolenski W. Konfederacja Targowicka. Kraków. 1903, с. 124
  2. ^ Иловайский Д. И. Гродненский сейм 1793 года. М. 1870 г., с.39

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]