Стрэс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Цяганьне сябе за валасы пры стрэсе

Стрэс (анг. stress — націск, напор, напружаньне) — агульная рэакцыя арганізму на ўзьдзеяньне (фізычнае або псыхалягічнае), што парушае яго гамэастаз і адпаведны стан нэрвовай сыстэмы арганізму (або арганізму ў цэлым). У мэдыцыне, фізыялёгіі, псыхалёгіі вылучаюць станоўчую (эўстрэс) і адмоўную (дыстрэс) формы. Па характары ўзьдзеяньня вылучаюць нэрвова-псыхічны, цеплавы або халадовы, сьвятлавы, антрапагенны.

Падвышае выпрацоўку наднырачнікамі картызолу, што выклікае ператварэньне бялкоў у вугляводы праз парушэньне вузавага мэтабалізму, зьмяншэньне цяглічнай тканкі і назапашваньне белага тлушчу, павышэньне ўзроўню глюкозы, трыгліцырыдаў і халестэрыну ў крыві, узбуджэньне апэтыту і павышэньне артэрыяльнага ціску.

Папярэджаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напятая ад стрэсу рука

Прадухіленьню стрэсу спрыяе разьмеркаваньне часу загадзя і паўсядзённае выкананьне хатняй працы, стварэньне на працоўным месцы запасу неабходных прыладаў і прыбіраньне лішніх рэчаў, уладжваньне пазаслужбовых справаў да пачатку працы, вызначэньне адрознага ад працоўнай дзейнасьці віду адпачынку на выхадных загадзя і ўспаміны аб прыемных падзеях. Таксама варта ўнікаць зайздрасьці, незадавальненьня сабой, навакольнымі і працай, раздражненьня, патрабаваньняў у сям’і, імкненьня перарабіць пад сябе сужэнца і дарослых дзяцей. Пры гняўлівым раздражненьні карысна зрабіць тры глыбокія ўдыхі і затым адказаць жартам. Пазьбяць перанапругі дапамагае дастатковы сон, самамасаж, наведваньне лазьні і ўлюбёная музыка.

Чыньнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перанапрузе спрыяе нелюбімая праца, разрыў стасункаў, сваркі са сваякамі, адсутнасьць улюбёнай справы, нястача магну і вітамінаў групы В[1].

Многія студэнты адчуваюць трывогу з-за напружання экзаменаў і паступлення ў каледж, а акадэмічны стрэс становіцца штодзённай праблемай у сярэдняй школе. Паводле шматлікіх апытанняў, школа з’яўляецца самай частай прычынай стрэсу для 13-17-гадовых падлеткаў.

Праявы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праявамі стрэсу ёсьць парушэньне засяроджаньня ўвагі, нізкая працаздольнасьць, хуткая стамляльнасьць, раздражняльнасьць, агрэсіўнасьць, трывожнасьць і страх, сталае гнятлівае адчуваньне віны[2].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Вольга Куліноковіч. Я нэрвуюся і таўсьцею // Краіна здароўя. — 8 сьнежня 2010. — № 64 (231). — С. 6.
  2. ^ Вольга Цыбульская. Каб пераадолець стрэс — дзейнічайце // Зьвязда : газэта. — 30 сакавіка 2010. — № 58 (26665). — С. 7. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]