Стафан Зізані

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Стафан Іванавіч[1] Зізані (Тустаноўскі; 1550 — да 1621) — пісьменьнік-палеміст, багаслоў, грамадзкі і царкоўны дзяяч канца XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў, пэдагог, праваслаўны прапаведнік супраць уніі і рымскай царквы; брат Лаўрэнція Зізанія.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся на Віленшчыне ў Троцкім павеце (паводле іншых зьвестак — на Галіччыне)[2]. Скончыў Астроскую школу на Валыні. З 1586 выкладаў царкоўнаславянскую і грэцкую мовы ў Львоўскай брацкай школе (з 1592 — яе рэктар). У 1593 з-за складаных асабістых узаемаадносінаў зь япіскапам Гедэонам Балабанам, пераехаў у Вільню, дзе па 1599 год выкладаў у Віленскай брацкай шко­ле. Дасканала ведаў рыторыку, лёгіку, гамілетыку.

У 1595 выдаў «Катэхізіс» на польскай і старабеларускай мовах (зьнішчаны езуітамі тэкст не дайшоў да нашага часу). Супраць кнігі выступіў Шчасны Жаброўскі з творам «Кукаль, які расьсявае С. Зізані ў праваслаўных цэрквах Вільні» (Вільня, 1595), а таксама ананімны аўтар, прыхільнік уніі, схаваны пад псэўданімам Якуба Пшаніцы, з творам «Пустазельле ерэтыка Стафана Зізанія» (Вільня, 1595). Ідэйныя апанэнты знайшлі ў С. Зізанія 10 «памылак» дагматычнага парадку, якія, на іх думку, рабілі «Катэхізіс» цалкам ерэтычнай кнігай.

С. Зізані ў сваіх казаньнях рашуча выказваўся супраць ідэі царкоўнага аб’яднаньня і публічна выступаў супраць прыхільнікаў уніі. Прапаведаваў у мескай ратушы, на вуліцах і пляцах. 16 чэрвеня 1595 мітрапаліт Міхаіл Рагоза забараніў яму прамаўляць пропаведзі перад вернікамі, а 30 верасьня 1595 даслаў С. Зізанію другое папярэджаньне. Наваградзкі праваслаўны сабор 25—27 студзеня 1596 вынес агульнацаркоўны вэрдыкт-асуджэньне С. Зізанію, а таксама яго аднадумцам — віленскім сьвятарам Васілю і Герасіму. Прапаведнік асуджаўся за тое, што ён «аргументирует не писмом слова щыраго божего... а только силогизмою»[3].

У адказ на цяжкія абвінавачаньні С. Зізані 1 лютага 1596 зьвярнуўся з «Пратэстацыяй» у Наваградзкі мескі суд, а затым падрыхтаваў і выдаў «Казаньне сьвятога Кірыла, патрыярха Ерусалімскага, «Пра антыхрыста і знакі яго», з пашырэньнем навукі супраць ерасяў розных» (Вільня, 1596), у якім выкрываў папу рымскага як антыхрыста і вышэйшае духавенства, прыняўшае унію дзеля матэрыяльных дабротаў, выступаў у абарону брацкага руху[2]. У кнізе было зьмешчана прысьвячэньне князю К. Астроскаму, напісанае 20 траўня 1596, і польскія сылябічныя вершы на яго герб. Твор меў вялікі посьпех сярод праваслаўных сьвятароў і вернікаў, якія ня прынялі уніі. Пазьней кніга перавыдавалася стараверамі (карысталася ў іх вялікім аўтарытэтам), у Маскве ў 1644, у Горадні ў 1786 і 1791. Маскоўскае выданьне называлася «Книга Кириллова», гарадзенскае — «Кириллова книга»[3]. С. Зізанію належаць таксама два іншыя творы: «Выклад праваслаўнай веры» і «Навука чытаньня і разуменьня пісьма славянскага».

У жыцьці С. Зізанія адмоўную ролю адыграў мітрапаліт М. Рагоза, які напісаў данос на прапаведніка каралю Жыгімонту III. У выніку, 28 траўня 1596 граматай адзначыў «блюзнерства великое не только с казанья, але и с писанья и выданья книг до друку своволне» і загадаў вывесіць гэтую грамату ўва ўсіх людных месцах, злавіць і асудзіць адступніка. Віленскае брацтва апратэставала рашэньне Наваградзкага сабора. На Берасьцейскім саборы С. Зізанія апраўдалі і было заяўлена, што яго выданьні зроблены паводле канонаў праваслаўя[3]. Пасьля перамогі ўніяцкай партыі і прыходу да ўлады мітрапаліта І. Пацея для прапаведніка склаліся неспрыяльныя ўмовы. Увосень 1599 ён паехаў у Сьвята-Траецкі манастыр і пастрыгся ў манахі пад імем Сільвестра. Тут зьбіраўся адкрыць школу, але ўніяцкае ду­хавенства забараніла гэта. Кароль падтрымаў уніятаў і граматаю ад 29 верасьня 1599 выступіў супраць віленскіх мяшчан, якіх аштрафаваў на 3 тыс. коп літоўскіх грошай за тое, што яны дазволілі С. Зізанію прапаведаваць у Траецкай царкве, хоць архімандрыт даў згоду на яго вы­ступленьне. Прыхільнікі уніі прыйшлі ў Сьвята-Траецкі манастыр, каб расправіцца з прапаведнікам, але яму ўдалося ўцячы. Пра далейшае жыцьцё С. Зізанія дакумэнтаў няма, ёсьць толькі паведамленьне, што ён быў забіты ў час паломніцтва ў 1600.

Погляды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Казаньне», 1596

У сваіх творах С. Зізані выступаў супраць жорсткасьці, нянавісьці, зласьлівасьці і гняўлівасьці. Пісьменьнік у гуманістычным ключы заклікаў да міласэрнасьці ды шчырасьці ва ўзаемадачыненьнях. Эгаізму і індывідуалізму ён супрацьпастаўляў сяброўства, супольнасьць, узаемадапамогу і талакоўства: «Богу намилшая реч, жити братству вкупе, за што нам обецал дати и живот вечный»[4].

Аднак тэма дачыненьняў паміж Каталіцкім касьцёлам і Праваслаўнай царквой асьвятляецца ў С. Зізанія ў зусім іншым ключы. У сваім «Казаньні» пісьменьнік разьвіваў ідэю аб тым, што Каталіцкі касьцёл і Папа Рымскі — увасабленьне Антыхрыставага царства на зямлі. Абапіраючыся на традыцыі сярэднявечнай грэцка-бізантыйскай рэлігійнай публіцыстыкі, С. Зізані даводзіў, што дзейнасьць каталікоў цалкам адпавядае дзесяці біблейным знакам Антыхрыста і таму ўсялякая згода, кампрамісы і пагадненьні зь імі зьяўляюцца пераходам на службу да д’ябла. С. Зізані заклікаў прыхільнікаў праваслаўя адмовіцца ад ўсяго каталіцкага, у тым ліку і ад Грыгарыянскага календара, уведзенага ва ўжытак у 1582 Папам Рымскім.

Паважнае месца ў літаратурна-публіцыстычнай спадчыне С. Зізанія займала тэма часу надыходу суднага дня. Палемізуючы з тымі, хто прадказваў яго хуткае наступленьне, пісьменьнік, сьледам за эвангелістамі Мацьвеем (24: 36—39, 42) і Лукою (17: 26—30), указваў на няпэўнасьць, неакрэсьленасьць другога Хрыстовага прыходу.

У творах С. Зізанія прагучала вострая крытыка на адрас вучэньня пра Чысьцец, якое ўжо ў 60-80-я гады XVI ст. адкідвалі рэфарматары С. Будны, М. Радзівіл «Чорны» ды інш.

Выключнае месца ў творчасьці С, Зізанія займаў матыў уваскрэшаньня душаў. Ён не згаджаўся з ідэяй прыватнага суда над душамі праведнікаў. Суд, паводле ягоных словаў, адбудзецца адначасова для ўсіх: «Видиш, иж не по единком Суд и заплата бывает, але всем едного часу»[5]. Да таго ж моманту душы і праведнікаў і грэшнікаў знаходзяцца ў аддным месцы, побач. У «Казаньні» аўтар таксама заяўляў, што ў Судны дзень уваскрэснуць ня толькі душы памерлых, але й іхныя целы. Менавіта за гэтую арыгінальнасьць ён і быў пакараны адлучэньнем ад Царквы.

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сваёй брашуры езуіт М. Лашч (Ф. Жаброўскі) пісаў, што С. Зізані сваім вучэньнем «души христианские словно ядом заражает». Нават М. Сматрыцкі ў «Апалогіі...» (Кіеў, 1628) заявіў, што «зизаниева ересь у нас беспрестанно на устах, а наука божия, истинная, в пренебрежении... наши лжеучители (Стефан Зизаний и др.) отвергают все догматы разом». Адзін з апанэнтаў С. Зізанія сказаў, што ён «так тою проклятою ересью своею еще неслы­ханною Русь поблазнил, же его кніжкам баламутным лепей ниж евангелия верят»[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Провідники духовності в Україні: Довідник / За ред. І. Ф. Кураса. — К.: Вища школа, 2003. — 783 с. — С. 228. — ISBN 966-642-207-7
  2. ^ а б Зизаний Стефан. hrono.ru. Праверана 16 ліпеня 2012 г.
  3. ^ а б в г ЗІЗАНІЙ (Тустаноўскі) Стафан // Спадчына
  4. ^ Зизаний С. Казанье святого Кирилла, патриархи иерусалимского «О антихристе и знакох его», з розширением науки против ересей розных. Вильня, 1596. С. 39
  5. ^ Зизаний С. Казанье святого Кирилла, патриархи иерусалимского «О антихристе и знакох его», з розширением науки против ересей розных. Вильня, 1596. С. 9

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 510—512

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]