Самуэль Кміціч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Самуэль Кміціч

Герб Кміцічаў Радзіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1630
Бабінічы, пад Воршай
Памёр 13 красавіка 1692
Род Кміцічы
Жонка Ганна Кантакузэн
Дзейнасьць вайсковец, палітык

Самуэль Кміціч, Самуэль Кміціц, Самуэль Кміцец (па-польску: Samuel Kmicic; 1630, Бабінічы, пад Воршай13 красавіка 1692) — адзін з самых таленавітых вайскоўцаў Вялікага княства Літоўскага, палкоўнік, харунжы аршанскі. Прымаў актыўны ўдзел у войнах Рэчы Паспалітай з Расеяй і Швэцыяй. У 1660 року дывізія Сапегі абвясьціла канфэдэрацыю й прызначыла Кміціча "генэральным палкоўнікам".

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Юнацтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў Самуэль Кміціч з аршанскай шляхты. Прозьвішча Кміціч (ці Кміціц) паходзіла ад слова "кмет" (ці "кмець"), што ў Сярэднявечча ў народаў славянскай мовы пазначала ваяра-дружыньніка (у Кіеўскім княстве), вольнага селяніна (у ВКЛ), сельскага старасту (у Баўгарыі, Сэрбіі), службовую асобу (у Босьніі, Чэхіі)[1].

Прадзед Самуэля ўдзельнічаў у Полацкай вайне 1563—1579 рр. супраць маскавітаў. Кароль Стэфан Баторы за ваенныя заслугі дараваў яму шляхецтва (герб «Радзіч») і фальварак Бабінічы пад Воршай. Дзед быў старастай у Воршы пры ваяводзе Філоне Кміта-Чарнабыльскім. Бацька Самуэля трымаў скаціну, разводзіў канёў, меў гарбарную майстэрню й вятрак. У 1630 року, у Бабінічах нарадзіўся Самуэль Кміціч[1].

З самага дзяцінства бацька навучаў Самуэля ўпэўнена трымацца ў сядле, разумець канёў, па-майстэрску валодаць шабляй і дзідай. Ва ўзросьце 14-15 рокаў бацька вызначыў Самуэля на вучобу ў езуіцкі калегіюм пры касьцёле Сьв. Міхаіла Архангела ў Воршы. Тут выкладалі граматыку, паэтыку, рыторыку, матэматыку й музыку. Быў свой тэатар. Пры касьцёле меліся аптэка, батанічны і фруктовы сад[1].

На вайне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ваенную службу пачаў паручнікам у 1654 року ў войске Януша Радзівіла. Удзельнік вайны Масковіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 рр.. Са шляхты Полацкага ваяводзтва, Віцебскага і Аршанскага паветаў стварыў харугву, якая ўвайшла ў полк Багуслава Радзівіла і ўдзельнічала ў зімовым контрнаступленьні войскаў Вялікага княства Літоўскага. У жніўні 1655 далучыўся да канфэдэрацыі, якая ўтварылася пад Вербілавам супраць вялікага гетмана літоўскага Януша Радзівіла. Пазьней узначальваў полк у дывізіі Паўла Сапегі браў удзел у бітвах са швэдамі.

У верасьні 1658 року на чале 12-ці харугваў дзейнічаў у глыбокім тыле маскоўскіх войскаў у беларускім Падняпроўі. На чале палка ваяваў са швэдамі ў 1659 у Курляндыі, у 1660 — у Падляшшы. Самуіл Кміціч быў заўзятым супернікам караля Яна II Казімера, прымаў актыўны ўдзел у бунце войскаў у інтарэсах гетмана Сапегі. У красавіку 1660 року дывізія Сапегі абвясьціла канфэдэрацыю і прызначыла Кміціча «генэральным палкоўнікам». Удзельнічаў у Палонкаўскай бітве, пазьней удзельнічаў у дзеяньнях супраць маскоўскіх войскаў на ўсходзе Вялікага княства Літоўскага. У 1663 ажыцьцявіў глыбокі рэйд за Смаленск. У 1664 удзельнічаў у паходзе на Раслаўль і Бранск, потым да 1665 блякаваў маскоўскі гарнізон у Полацку.

Пасьля вайны жыў на Аршаншчыне, актыўна ўдзельнічаў у грамадзка-палітычным жыцьці Рэчы Паспалітай. Валодаў маёнткамі Неводніца ў Гарадзенскім, Чырвонае Сяло ў Менскім, Сідрычын у Аршанскім павеце.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Ніна Марчук. Два героя аднаго часу.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]