Рыгор Якубёнак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Рыгор Юстынавіч Якубёнак (1882, Залясінкі, Шаркоўшчынскі раён — 1944, Лужкі, Шаркоўшчынскі раён) — беларускі грамадзкі дзеяч міжваеннага часу, пэдагог.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў 1882 годзе ў Залясінках (цяпер Шаркоўшчынскі раён). Адукацыю атрымаў да вайны ў Маладэчанскай настаўніцкай сэмінарыі. Падчас Першай сусьветнай вайны Якубёнак служыў у царскім войску. Вярнуўся на радзіму ў 1917 годзе. З 1921 па 1924 гг. працаваў настаўнікам беларусазнаўства ў Нясьвіскай беларускай гімназіі. Ужо ў 1923 годзе польскія ўлады, нягледзячы на тое, што быў праведзены набор новых навучэнцаў, не далі гімназіі дазволу на правядзеньне навучаньня, матывуючы тым, што беларусы ня маюць патрэбы ў беларускай сярэдняй адукацыі, што навучэнцаў мала, а ўзровень навучаньня нізкі і што памяшканьне школы не адпавядае патрабаваньням. Нягледзячы на афіцыйнае закрыцьцё гімназіі, настаўнікі працягвалі ў 1923—1924 навучальным годзе вучыць гімназістаў у кансьпіратыўных умовах на прыватных кватэрах. У 1924 годзе Нясьвіская беларуская гімназія канчаткова спыніла сваё існаваньне.

Падпольнае існаваньне Нясьвіскай гімназіі не магло далей працягвацца, і пасьля безвыніковых пошукаў памяшканьня для школы ў Нясьвіжы і Гарадзеі, зь вялікімі цяжкасьцямі было знойдзена памяшканьне ў Клецку. Польскія ўлады чынілі ўсе магчымыя перашкоды адкрыцьцю Клецкай гімназіі. Пасьля заступніцтва паслоў Сэйму, у тым ліку Браніслава Тарашкевіча, пад націскам бацькоў патэнцыяльных гімназістаў, а таксама самаахвярных дзеяньняў заснавальніка Нясьвіскай і Клецкай беларускай гімназій Язэпа Шнаркевіча, ліцэнзія на дзейнасьць Клецкай беларускай гімназіі, напачатку для 1-4 клясаў, была нарэшце атрымана. Дырэктарам гімназіі быў прызначаны Рыгор Якубёнак.

Настаўнікі Клецкай гімназіі ў 1931 годзе. Зьлева направа — Рыгор Якубёнак, Мікола Чарнецкі, Вячаслаў Арэнь, Мікола Рудакевіч[1]

Якубёнак распачаў актыўную дзейнасьць па арганізацыі і добраўпарадкаваньні гімназіі, разьмешчанай у Клецку па адрасу: вул. Татарская, 4. У 1926 годзе быў арганізаваны інтэрнат для гімназістаў. Якубёнак, які меў сталярныя, цясьлярныя і мулярныя здольнасьці, падчас канікулаў уласнаручна рабіў мэблю для інтэрната і для гімназіі, клаў печы і нават драўляны прасторны туалет. Ужо ў наступныя гады ў гімназіі было 8 асноўных клясаў і адзін падрыхтоўчы, у якіх вучылася каля 200 гімназістаў. За тры выпускі гімназіі яе скончыла 46 навучэнцаў. У 1931 годзе Клецкая гімназія была ліквідавана польскімі ўладамі.

Грамадзкая дзейнасьць Якубёнка не абмяжоўвалася кіраўніцтвам гімназіі. Ён быў адным з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы, віцэ-старшынём Беларускага прафэсіянальнага вучыцельскага саюза, існаваўшага ў 1929—1937 гг. і заснаванага па ініцыятыве Антона Луцкевіча, Радаслава Астроўскага, Вінцэнта Грышкевіча і інш. Гэты факт паказвае, што і пасьля закрыцьця Клецкай гімназіі Якубёнак не заставаўся ў баку ад асьветніцкай дзейнасьці. Справа ў тым, што ў 1931 годзе Рыгор Юстынавіч вярнуўся ў родныя Залясінкі, працаваў на супольнай з братам гаспадарцы, займаўся пчалярствам і сталярствам. Польскія ўлады неаднаразова прапанавалі яму працу ў Лужэцкай школе, але Рыгор Юстынавіч гаварыў: «Я на палякаў працаваць не буду», так і не згадзіўшыся на гэтыя прапановы.

Падчас Другой сусьветнай вайны акупацыйныя нямецкія ўлады адчынілі ў Лужках беларускую школу і Якубёнак вярнуўся да сваёй любімай справы, працуючы там выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры. У 1944 годзе Рыгор Юстынавіч Якубёнак загінуў ці памёр пры нявысьветленых абставінах. Якубёнка знайшлі мёртвым у лесе па дарозе з Залясінак у Лужкі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Сяргей Чыгрын. Лёс настаўнікаў Клецкай беларускай гімназіі. // Краязнаўчая газета : газэта. — 2023, чэрвень. — № 22 (939). — С. 1, 3.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]