Падляскае ваяводзтва (1513—1795)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Падляскае ваяводзтва
лац. Padlaskaje vajavodztva
Агульныя зьвесткі
Краіна Вялікае Княства Літоўскае
Каралеўства Польскае
Статус ваяводзтва Каралеўства Польскага[d] і ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага[d]
Адміністрацыйны цэнтар Дарагічын
Дата ўтварэньня 29 жніўня 1513
Дата скасаваньня 1795
Ваяводы Ваяводы падляскія
Кашталяны Кашталяны падляскія
Насельніцтва
  • 226 392 чал. (1790)
Час існаваньня 1513—1795
Месцазнаходжаньне Падляскага ваяводзтва
Падляскае ваяводзтва на мапе
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Падля́скае ваяво́дзтва[a] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на захадзе Вялікага Княства Літоўскага (з 1569 году ў складзе Каралеўства Польскага). Сталіца — места Дарагічын.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Падляшша Пагоня, 1586 г.

Утварылася 29 жніўня 1513 году як Падляска-Берасьцейскае ваяводзтва[1] шляхам вылучэньня з Троцкага. Колішні ваявода віцебскі Іван Сапега атрымаў прывілей ад вялікага князя Жыгімонта Старога «на ваяводзтва падляскае, берасьцейскае і інш.», таксама ён называўся ваяводам наднарвенскім.

Ахоплівала Падляшша (Дарагічынскі, Мельніцкі і Бельскі паветы) і Берасьцейскую зямлю (Берасьцейскі, Камянецкі і Кобрынскі паветы).

Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў на аснове Берасьцейскай зямлі і тэрыторыі колішняга Тураўска-Пінскага княства ўтварылася Берасьцейскае ваяводзтва (імаверна, яшчэ раней гэтая тэрыторыя вярнулася ў склад Троцкага ваяводзтва).

У 1569 годзе, згодна з умовамі Люблінскай уніі, апынулася пад уладай Каралеўства Польскага.

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Падляскага ваяводзтва ліцьвінамі: у Кракаўскіх актах цывільнага права пад 1487 годам значыцца Mathis Litphanus barbitonsor de Lepky[2], а шляхціч Станіслаў Будлеўскі ў 1746 годзе азначаўся як Nobilis Lithuanus ex terra Bielscensi districtus Branscensis[3].

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) спыніла сваё існаваньне.

Народжаныя на тэрыторыі Падляскага ваяводзтва беларускія гісторык Ігнат Даніловіч (1788—1843) і мовазнаўца Міхал Баброўскі (1784—1848), выхадцы з радзінаў уніяцкіх сьвятароў, вызначалі сябе як ліцьвінаў[4]. У 1856 годзе Стэфан Куклінскі засьведчыў, што жыхары Падляшша ў сваёй мове (што, паводле гэтага жа аўтара, межавала з «мовай уласна беларускай, якая ў мясцовых жыхароў называецца „літоўскай“[5]») у тыя часы называлі «ліцьвінамі» носьбітаў гэтай амаль літаратурнай беларускай мовы: «…одзіонъ Панъ споткауши якоһось Лицьвина, што добрэ лhау, бы һэто ты кажэ јому: „а ну Михалку, Ондрей (чи якъ тамъ joho звали) золжи мнјѣ што-лѣнь“. — „А калиба һэта, Паночку, — кажэ Лицьвинъ, — нямаю цяпѣрь часу лhаци, ба пришла рыба да hаци, людзи нясуць, вьязуць, а я пабѣhу хучѣй хаць тарбинку набьяру“»[6]. У 1889 годзе адзначалася, што «і за Бугам, напрыклад у Седлецкай губэрні, беларуса іначай не назавуць, як ліцьвінам»[7]. Польскі этнограф Оскар Кольбэрг пры апісаньні Падляшша (1890 год) зазначаў, што жыхары яго паўночнай часткі «размаўляюць на дыялекце руска-літоўскім, набліжаным да беларускага, які тут проста называюць літоўскім»[8]. Народжаны ў ваколіцах Бельску віленскі доктар Людвік Чаркоўскі сьведчыў у сваёй этнаграфічнай працы (1907 год), што падляскія мазуры і русіны называюць беларускую мову «літоўскай», а яе носьбітаў — «ліцьвінамі»[9]. Таксама ў ваколіцах Беластоку яшчэ ў канцы XX ст. казалі пра беларуса: «Як сыр не закуска, так ліцьвін — не чалавек!» або «Ліцьвін — то чортаў сын!»[10]. Увогуле, традыцыйнае называньне ва ўсходняй частцы Польшчы ліцьвінамі (польск. «Lićwini») мясцовых беларусаў адзначаецца і да нашага часу[11][12].

Сымболіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьпярша гербам ваяводзтва была Пагоня, па ўлучэньні ў склад Каралеўства Польскага — аб’яднаныя польскі і літоўскі гербы: арол без кароны ў чырвоным полі і Пагоня.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па адміністрацыйнай рэформе 1565—1566 гадоў падзялялася на тры паветы: Дарагічынскі, Мельніцкі і Бельскі.

Ваяводзкі соймік праводзіўся ў Дарагічыне, тамака ж склікалася паспалітае рушаньне. Павятовыя соймікі праходзілі ў Дарагічыне, Мельніку і Бельску.

Мясцовая шляхта абірала шасьцёх паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, а таксама шасьцёх дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.

Ураднікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: ваяводы падляскія і кашталяны падляскія

У Сэнаце Рэчы Паспалітай Падляскае ваяводзтва мела двух прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ст.-бел. Воеводство Подляшское; лац. Palatinatus Podlachiae, польск. Województwo podlaskie

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 384.
  2. ^ Księgi przyjęć do prawa miejskiego w Krakowie 1392—1506. — Kraków, 1913. S. 314.
  3. ^ Czapiewski P. Stosunki narodowościowe w Kartuzji Pomorskiej // Księga pamiątkowa 75-lecia Towarzystwa Naukowego w Toruniu. — Toruń, 1952. S. 23.
  4. ^ Котлярчук А. С. Самосознание белорусов в литературных памятниках ХVІ—ХVІІІ вв. // Русь — Литва — Беларусь: Проблемы национального самосознания в историографии и культурологии. — Москва, 1997. С. 88.
  5. ^ Куклинский С. Заметки о западной части Гродненской губернии // Вестник Императорского русского географического общества. Ч. 16. — СПб., 1856. С. 151.
  6. ^ Куклинский С. Заметки о западной части Гродненской губернии // Вестник Императорского русского географического общества. Ч. 16. — СПб., 1856. С. 133.
  7. ^ Янчук Н. По Минской губернии (заметки из поездки в 1886 году). — Москва, 1889. С. 26.
  8. ^ Kolberg O. Mazowsze: obraz etnograficzny. Mazowsze stare. Mazury. Podlasie. Tom V. — Kraków, 1890. S. 359.
  9. ^ Czarkowski L. Powiat Bielski w gub. Grodzieńskiej // Rocznik Towarzystwa Przyjaciół Nauk w Wilnie. T. 1, 1907. S. 97—98.
  10. ^ Дубавец С., Сагановіч Г. Старажытная Літва і сучасная Летува // З гісторыяй на «Вы». Вып. 2. — Менск, 1994. С. 232—233.
  11. ^ Kowalski M. The Belarusian minority in the region of Białystok // Geopolitical Studies. Vol. 14, 2006. P. 478.
  12. ^ Проблемы национального сознания польского населения на Беларуси: материалы III международной научной конференции, Гродно, 22—24 октября 2004 года. — Гродно, 2004. С. 194.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]