Павал Кавалёў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Павал Кавалёў
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 18 лістапада 1912(1912-11-18)
Памёр 2 верасьня 1995(1995-09-02) (82 гады)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці драматург, перакладнік, пісьменьнік
Узнагароды
ордэн Айчыннай вайны II ступені ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга СССР ордэн «Знак Пашаны» ордэн «Знак Пашаны»
Ганаровая грамата Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР

Павал Нічыпаравіч Кавалёў (18 лістапада 1912, в. Склімін, Клімавіцкі павет, Магілёўская губэрня — 2 верасьня 1995, Менск; Псэўданімы: Янка Бярозка, П.Віхроў, Паўлюк Купалін) — беларускі празаік, драматург, перакладчык.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 18 лістапада 1912 году ў в. Склімін Клімавіцкага павету Магілёўскай губэрні ў сям’і селяніна Кавалёва Нічыпара Фёдаравіча. Бацька неаднаразова езьдзіў на заработкі на шахты Данбасу. Маці, Фядора Мікалаеўна, увесь час працавала на сельскай гаспадарцы.

Спачатку вучыўся ў Склімінскай пачатковай школе, затым у Мілаславіцкай сямігодцы, дзе беларускую мову і літаратуру выкладаў Я.Бобрык, які прывіў яму любоў да мастацкай літаратуры. У траўні 1930 году быў пасланы камсамолам на пэдагагічныя курсы ў Магілёў, якія скончыў восеньню таго ж году.

Працаваў настаўнікам Пажарскай пачатковай школы Клімавіцкага раёну, затым сакратаром клімавіцкай раённай газэты «Камуна». У 1932 годзе быў пераведзены ў смалявіцкую газэту «Шлях калектывізацыі», адкуль пайшоў вучыцца ў Камуністычны інстытут журналістыкі (закончыў у 1936 годзе). Затым накіраваны ў газэту «Звязда»: быў літатурным работнікам, загадчыкам аддзелу культуры, а на пачатку нямецка-савецкай вайны — сакратаром. У 1941—1943 гадох быў сакратаром рэдакцыі газэты «Савецкая Беларусь» (знаходзілася ў Маскве). У 1943 годзе быў адкліканы на работу ў Цэнтральны штаб партызанскага руху, дзе служыў старшым памочнікам начальніка аддзяленьня друку да 1944 году. Пасьля расфармаваньня штабу быў памочнікам начальніка спачатку трэцяга, а затым першага сакратара ЦК КП(б)Б.

Сябра Саюзу пісьменьнікаў БССР з 1945 году. З 1946 году — адказны сакратар праўленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР. У 1955—1967 гадох — галоўны рэдактар часопісу «Вожык». У 1967—1972 гадох — галоўны рэдактар часопісу «Полымя». У 1966 годзе ў складзе дэлегацыі Беларускай ССР прымаў удзел у рабоце ХХI сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН.

Памёр 2 верасьня 1995 году ў Менску.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя нарысы П.Кавалёва надрукаваны ў клімавіцкай газэце «Камуна» у 1929 годзе. У 1930 годзе яго першы верш «Жыцьцё імчыцца» зьмясьціла рэспубліканская газэта «Піянер Беларусі» (публікацыі не выяўлены). Да вайны пераважна выступаў у друку зь вершамі, нарысамі й артыкуламі. У ваенны час найбольш выявіў сябе як нарысіст (публікацыі ў «Савецкай Беларусі»).

У 1945 годзе выдаў кнігу апавяданьняў і нарысаў «Прага бою», аднаактныя п’есы «Подзьвіг», «Родная кроў», дзе паказаў героіку Вялікай Айчыннай вайны. Схільны да дакумэнтальнага адлюстраваньня падзей. У творах на сучасную тэматыку ўзьнімаў маральна-этычныя праблемы, імкнуўся да стварэньня паўнакроўных характараў, дакладнасьці псыхалягічнай матывіроўкі ўчынкаў. Пісаў творы для дзяцей. Найбольш значныя творы П.Кавалёва — аповесьці «Падзеньне Хвядоса Струка», «Дзень першы, ноч апошняя», «Пакінь нас, трывога». Выступаў у жанры сатыры і гумару. Вядомы як перакладчык. Творы П.Кавалёва перакладзеныя на расейскую і ўкраінскую мовы[1].

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга,
  • ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені,
  • два ордэны «Знак Пашаны»,
  • заслужаны работнік культуры Беларусі (1978),
  • шэсьць ганаровых граматаў Вярхоўнага Савету БССР,
  • ганаровая грамата Тувінскай АССР.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Кавалёў Павел Нічыпаравіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. — 1985. — Т. 2. — С. 603—604.
  • Павел Кавалёў // Пісьменнікі Савецкай Беларусі: Кароткі даведнік. — Менск, 1981. — С. 150—151.