Мікола Засім

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Засім.
Мікола Засім
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Мікалай Арцёмавіч Засім
Псэўданімы «Хлопец», «Агонь», «Асот», «М. Асот», «Міз»
Нарадзіўся 19 лістапада 1908
Шані Пружанскага павету
Памёр 19 ліпеня 1957 (48 гадоў)
Берасьце
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, грамадзкі дзяяч
Мова беларуская
Дэбют 1926
Узнагароды
Ордэн Чырвонай Зоркі
Ордэн Чырвонай Зоркі

тры мэдалі

Мікала́й Арцё́мавіч За́сім (19 лістапада [ст. ст. 6 лістапада] 1908, в. Шані, цяпер у Пружанскім раёне — 19 ліпеня 1957) — беларускі паэт, крытык і грамадзкі дзяяч.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў вёсцы Шані Пружанскага павету Гарадзенскай губэрні Расейскай імпэрыі ў сялянскай сям’і. Бацька — Арцём Засім — быў ляўша, каб пракарміць сям’ю, у якой адзін час было трынаццаць душаў, вымушаны быў працаваць на цяжкай працы грабаром.[1]

З пачаткам 1-й сусьветнай вайны ў 1915 сям’я эвакуявалася ў вёску Сасноўка Саратаўскае губэрні, а потым у суседнюю Злобаўку. Тут Мікола скончыў пачатковую школу. Пазьней, калі бацька паслаў Міколу вучыцца ў школу другой ступені ў в. Папоўку, туды перабралася і ўся сям’я.[1] У 1922 з бацькамі вяртаецца ў родную вёску.

Працаваў у памешчыкаў, на Пружанскім тартаку, лесьніком пад Лыскавам. У 1924 годзе ўступіў у падпольную камсамольскую арганізацыю, потым у кампартыю Заходняй Беларусі. Быў старшынём Шаняўскага гуртку сялянска-рабочай грамады, бібліятэкарам Таварыства беларускай школы (1925—1939). За ўдзел у рэвалюцыйным руху польскія ўлады неаднаразова арыштоўвалі Міколу Засіма, саджалі ў турму.

Моладзь з Таварыства беларускай школы, куды ўваходзіў і Мікола, ладзіла ў Шанях і вакольных вёсках спэктаклі, на якія, паводле рапарту павятовага камэнданту паліцыі, прыходзілі рабочыя з Пружанаў. Яны ж дапамагалі ладзіць выязныя спэктаклі ў Пружанах, прывабліваючы на іх патрыятычна настроеную моладзь. 20 сакавіка 1933 году пружанскі павятовы стараста наогул забараніў праводзіць ня толькі таварыскія сходкі, але і сямейныя вечары без дазволу паліцыі. Усяго з 1930 па 1932 гады было пастаўлена 10 спэктакляў.

Мікола Засім чытаў свае вершы рабочым у тартаку ці на лесасеках, нават яшчэ не друкуючы іх. Яго выступленьні на розных сходах як за польскім часам, так і пасьля вайны мелі нечуваны посьпех.[2]

Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР Мікалай Арцёмавіч Засім быў абраны старшынём Шанёўскага сельсавету. Падчас нямецка-савецкай вайны партызан у атрадзе імя Чкалава брыгады «Савецкая Беларусь», інструктар Берасьцейскага абласнога антыфашысцкага камітэту. Друкаваўся ў падпольных газэтах «Заря», «За Родину». У 1943 быў прызначаны інструктарам Берасьцейскага абласнога антыфашысцкага камітэту.

Першыя пасьляваенныя гады працаваў загадчыкам аддзелу ў Пружанскім райвыканкаме (1944—46). Затым жыў і працаваў у Берасьці: у берасьцейскай абласной газэце «Заря» (1948—1951), раённай газэце «Зара над Бугам», а ў 1950—я гады быў навуковым супрацоўнікам абласнога краязнаўчага музэю. Кіраваў Берасьцейскім абласным літаб’яднаньнем (1948—1957).

Вядомы беларускі літаратурны крытык Уладзімер Калесьнік так ахарактарызаваў кіраўніка Берасьцейскага літаратурнага аб’яднаньня Міколу Засіма: «Многія актыўныя зараз паэты Брэстчыны прайшлі празь яго клапатлівыя рукі, шчодрае сэрца і дасьціпны здаровы мужыцкі розум, чыталі пісьмы-адказы на першыя спробы пяра, адказы часта несамавітыя, бо напісаныя вершам. Засім так любіў маладую зьмену, кволую рунь, якая купінкамі зелянела на здратаванай вайною зямлі Палесься, так па-гаспадарску цешыўся ўсходамі, што з-пад пяра незнарок выходзілі вершы — на вершы. /…/ Яму рыфмавалася лёгка, хочаш — па-беларуску, хочаш — па-руску ці ўкраінску, а хочаш — і па-польску, а не, дык на ўсіх чатырох мовах зараз. Мікола Засім ня толькі мог рыфмаваць на хаду, часта ён экспромтам складаў мастацкія рэчы: для аднаго адрасата ён прыдумляў дасьціпнае павучаньне, для другога — сяброўскі дакор, а трэцяму слаў і хвалебную оду. Адказы маладым ён пісаў ад душы, таму многае з іх запомнілася».[2]

Чалец Саюзу пісьменьнікаў БССР з 1945, чалец КПСС з 1946 году. У 1948 скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, трыма мэдалямі.

У апошнія гады жыцьця ў Міколы Засіма мацнела жаданьне вярнуцца ў родную вёску на Пружаншчыне, таму ў 1957 годзе ён нават напісаў заяву ў Літфонд з просьбай матэрыяльнай дапамогі для пабудовы дома ў вёсцы. Аднак 19 ліпеня 1957 году ён памёр. Пахаваны на Трышынскіх могілках(pl) у Берасьці.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратурны дэбют Міколы Засіма адбыўся ў 1926 годзе на старонках віленскага сатырычнага часопіса «Маланка» вершам «Ні кароўкі ні мандата», у якім высьмейваўся пан-хітрэц, які хацеў падкупіць выбаршчыкаў, каб трапіць у польскі сейм. Друкаваўся таксама ў часопісах «Літаратурная старонка», «Асва», газэтах «Наша воля», «Наша праца».

Першыя вершы ён падпісваў псэўданімамі «Хлопец», «Агонь», «Асот», «М. Асот», «Міз». У 1933 годзе ў «Родным краі» паэт ужо пад сваім прозьвішчам друкаваў творы побытавай сатыры.

Аўтар зборнікаў паэзіі «Ад шчырага сэрца» (1947), «Вершы» (1954), «Выбранае» (1960), «Вершы» (1973), «А за намі Белавежа» (вершы і паэма, 1984). На расейскую мову яго творы перакладаў і друкаваў у «Новом мире» Аляксандар Твардоўскі.

У вершах выяўляў сацыяльныя канфлікты ў заходнебеларускай вёсцы, паказваў цяжкое жыцьцё сялянства, выкрываў палітыку польскіх уладаў. У ваенных і паваенных вершах пісаў пра веліч і цяжар партызанскай вайны ў варожым тыле, радасьць мірнай працы, рост культуры і грамадзкай сьвядомасьці народных масаў у заходніх абласьцёх краіны.

Жывучы ў Берасьці, Мікола Засім любіў прагульвацца па вулачках гораду над Бугам, і ў такія хвіліны яму добра думалася, натуральна ўзьнікалі радкі вершаў, якія паэтызавалі прыгажосьць Берасьця і яго мінуўшчыну (вершы «На беразе Буга», «Паглянь на Буг», «Брэст», «У Брэсце», «На вуліцах Брэста»).

Паводле літаратуразнаўцы У. Калесьніка паэзія М. Засіма заўжды жыцьцёвая. «Характэрнаю рысай паэтычнай працы і стылю мысьленьня Міколы Засіма сталі калектыўнасьць і адкрытая гутарковасьць. Лірычны герой у яго вершах гутарыць зь сялянамі-землякамі, як свой чалавек са сваімі людзьмі, ён узбуджаецца і разварушвае пачуцьці слухачоў, весяліць іх і вучыць прыкмячаць у сьмешным сур’ёзнае, а ў напышлівым — сьмешнае».[2]

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Шанях дзейнічае музэй Міколы Засіма.

19 лістапада 2008 году да 100-годзьдзя Міколы Засіма на будынку Пружанскай раённай бібліятэкі ўсталяваная мэмарыяльная дошка.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Мікола Засім Прапісаны ў легендзе // А за намі Белавежа: вершы і паэма. / [Склад., аўт. прадм. У. Калеснік]. — Мн.: Маст. літ., 1984. — С. 5-16. — 126 с. — 2500 ас.
  2. ^ а б в Калеснік, У. Урокі Засіма // Зорны спеў: Літаратурныя партрэты, нарысы, эцюды. — Мн.: Маст. літ., 1975. — С. 284–289. — 340 с.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  • Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
  • Здановіч І. Засім Мікола Арцёмавіч // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Пружаны: 2003. — С. 39—41.
  • Калеснік, У. Мікола Засім. Дзівацтва паэта і клопаты дзівака // Лёсам пазнанае: Выбр. літ. партрэты і нарысы. — Мн.: Маст. літ., 1982. — С. 198–200. — 538 с. — 5000 ас.
  • Калеснік, У. Урокі Засіма // Зорны спеў: Літаратурныя партрэты, нарысы, эцюды. — Мн.: Маст. літ., 1975. — С. 284–289. — 340 с.
  • Урокі Засіма // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружан. р-на / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; мастак А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭ, 1992. — С. 411-416. — 7500 ас. — ISBN 5-85700-094-7

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]