Мідас

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мідас
валадар Старажытнай Фрыгіі
Папярэднік: Гордый
Наступнік: Гордый II
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: невядома
Памёр: невядома
Дзеці: Літыерс[d]
Бацька: Gordias[d][1]
Маці: Кібела[d][1]

Мі́дас (па-старажытнагрэцку: Μίδας, ? — 691 г. да н.э.) — валадар Старажытнай Фрыгіі, герой старажытнагрэцкай міталёгіі.

Гістарычная асоба[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Магільня Мідаса

Мідас валадарыў у Фрыгіі ў другой палове VIII — пачатку VII стагодзьдзя да н. э. Яго імя сустракаецца ў фрыгійскіх надпісах VII ст. У асырыйскіх крыніцах VIII — VII стагодзьдзяў ён вядомы як Міта. Каля Гордыяна знаходзіцца курган Мідаса, у якім археолягі знайшлі каштоўныя прадметы мінуўшчыны. Герадот паведамляў, што Мідас быў першым малаазіяцкім кіраўніком, які прынёс дары храму Апалёна ў Дэльфах.

Паводле гістарычных запісаў, у 691 г. да н.э. Мідас прайграў бітву кімэрыйцам і скончыў жыцьцё самагубствам.

Мітычная асоба[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старажытнагрэцкія міты адносяць кіраваньне Мідаса да розных пэрыядаў. Яго лічылі пасьлядоўнікам Арфэя, прыпісвалі яму вялікія багацьці. Згодна аднаму казаньню, Мідас добра прыняў Сылена, аднаго з суправаджальнікаў Дыяніса, за што ў знагароду атрымаў магчымасьць загадаць любое жаданьне. Мідас папытаў, каб усё, да чаго ён дакранецца ператваралася ў золата. Але, калі жаданьне было выканана, ён хутка зразумеў, што можа памерці ад голаду, бо нават ежа ў яго руках рабілася залатой. Мідас узмаліўся аб літасьці і быў пазбаўлены свайго дару.

Згодна другому казаньню, Мідас быў судзьдзём на музычным змаганьні паміж Апалёнам і Панам і прысудзіў перамогу Пану. За гэта Апалён зрабіў вушы фрыгійскага валадара як у асла. Мідас схаваў іх пад капялюшам, але пра тое даведаўся цырульнік. Мідас загадаў пакараць цырульніка сьмерцю. Аднак на месцы забойства вырас трысьнёг, які шэптам паведаміў пра асьліныя вушы ўсяму сьвету.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мідассховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  1. ^ а б Coulter C. R., Turner P. Encyclopedia of Ancient Deities (анг.)