Менская праўда

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°55′28″ пн. ш. 27°35′46″ у. д. / 53.92444° пн. ш. 27.59611° у. д. / 53.92444; 27.59611

«Менская праўда»
Выява лягатыпу
Тып газэта
Фармат А3 (2023 год)
Заснавальнік Менскі абласны Савет дэпутатаў
Уладальнік Менскі абласны выканаўчы камітэт
Выдавец Інфармацыйнае агенцтва «Менская праўда»
Краіна Беларусь
Рэгіён Менская вобласьць
Галоўны рэдактар Ларыса Коршун
Заснаваная 1 лістапада 1950 (73 гады таму)
Палітыка дзяржаўная
Мова беларуская, расейская
Штаб-кватэра Менск, Савецкі раён, вул. Хмяльніцкага, д. 10а
Аб’ём 16 старонак (2023 год)
Пэрыядычнасьць па серадах і пятніцах (2023 год)
Наклад 15 тыс. (2017 г.)
Афіцыйны сайт mlyn.by

«Менская праўда» (афіц. «Мінская праўда») — дзяржаўная газэта Беларусі, заснаваная ў лістападзе 1950 году Камуністычнай партыяй як орган Савету дэпутатаў працоўных Менскай вобласьці. З 1995 году выступае адным з рупараў прапаганды рэжыму Лукашэнкі. Сярод заснавальнікаў газэты — Менскі аблвыканкам.

На 2017 год выходзіла двойчы на тыдзень у сераду і суботу з тыднёвым накладам у 30 тыс. асобнікаў, які быў найбольшым сярод выданьняў Менскай вобласьці. Падпісны індэкс у аддзелах УП «Белпошта» 63923[1].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 лістапада 1950 году Бюро Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі зацьвердзіла Пастанову аб заснаваньні абласной газэты «Менская праўда» у якасьці органа Савета дэпутатаў працоўных Менскай вобласьці. Газэта ад пачатку выходзіла на беларускай мове. З 1965 году рэдакцыя стала рыхтаваць для чытачоў у Менску вечаровы выпуск газэты, на аснове якога ў 1967 годзе стварылі гарадзкую газэту «Вечаровы Менск» (рас. Вечерний Минск). У 1968—1972 гадах газэта выдавала адмысловы выпуск пра будаваньне Вялейска-Менскай воднай сыстэмы. У большасьці нумароў зьмяшчалі пастановы Выканаўчага камітэту Менскай вобласьці. Свае артыкулы ў газэце выдавалі дзяржаўныя дзеячы: старшыня Савету міністраў БССР Кірыла Мазураў (1953—1956), старшыні Менскага аблвыканкаму Зьміцер Цябут (1964—1975) і Мікалай Сухі (1975—1983), 1-ы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Пётар Машэраў (1965—1980), старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР Іван Палякоў (1977—1985), 1-ы сакратар Менскага аблкаму КПБ Уладзімер Мікуліч (1977—1985), старшыня Палаты прадстаўнікоў Беларусі Анатоль Малафееў (1996—2000) і сябра Савету Рэспублікі Нацсходу Беларусі Міхаіл Карчміт (1996—2004)[2].

З 1990 году газэта пачала выходзіць і па-расейску. З 2003 году газэту сталі выдаваць у каляровым выглядзе з адмысловым выпускам «Моладзь Меншчыны». На 2012 год газэта мела звыш 20 тэматычных дадаткаў. Выданьне асьвятляла пытаньні аховы здароўя, адукацыі, жыльлёвай гаспадаркі, заробкаў, пэнсіяў і стыпэндыяў, дзейнасьці дзяржаўных органаў і органаў мясцовага самакіраваньня, захаваньня помнікаў і народных звычаяў, сямейных каштоўнасьцяў і ўжытку беларускай мовы[3].

У 2014 годзе цана месячнай падпіскі на газэту складала 30 000 рублёў ($2,92). Наклад газэты «Менская праўда» складаў 22 тыс. асобнікаў. Выходзілі тэматычныя выпускі: «Абсяг» пра ахову прыроды, «Працоўны саюз» і «Міліцэйскі патруль». Тыднёвы наклад складаў 45 тыс. асобнікаў пры выхадзе нумароў тройчы на тыдзень у аўторак, чацьвер і суботу[4]. У 2017 годзе да «Менскай праўды» далучылі койданаўскую газэту «Ўзвышша». У далейшым стварылі інфармацыйнае агенцтва «Менская праўда», у склад якога ўвайшлі менская раённая газэта «Прысталічча», вузьдзенская газэта «Чырвоная зорка» і абласное радыё «Менская хваля»[5].

Галоўныя рэдактары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Мікалай Літвінаў (2010—2014)
  • Максім Кароткін (на 2017 год)
  • Ларыса Коршун (прынамсі зь 2020 году)[5]

Зьнявага хрысьціянаў, беларусаў і прапаганда нацызму[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У нумары 68 ад 7 верасьня 2021 году на першай старонцы газэты надрукавалі карыкатуру на каталіцкіх сьвятароў і беларускую нацыянальную сымболіку, якой праілюстравалі анонс артыкула прапагандыста Льва Крыштаповіча «Што хвалюе ў Беларусі каталіцкіх дзеячаў і іх польскіх куратараў?» (рас. «Что волнует в Беларуси католических деятелей и их польских кураторов?»). На малюнку выяўляюцца каталіцкія сьвятары у характэрным адзеньні, свастыка, бел-чырвона-белы сьцяг і словы беларускага хрысьціянскага гімну «Магутны Божа» на фоне перакручанай рэплікі абраза Росіцкіх пакутнікаў — сьвятароў, якія ў час Другой сусьветнай вайны разам з сваімі вернікамі мужна прынялі сьмерць ад рук нацысцкіх карнікаў. Малюнак мае подпіс на расейскай мове: «Мутация веры. Кресты бывают разные...». Пры гэтым іншы матэрыял на тытульнай старонцы мае назву, якая адсылае ў часы Нацысцкай Нямеччыны: «У чым меў рацыю Гёбэльс?» (рас. «В чем был прав Геббельс?»). Беларускі каталіцкі касьцёл даў афіцыйны адказ на гэтую публікацыю[6]:

« Рымска-Каталіцкі Касьцёл у Беларусі адназначна асуджае згаданую публікацыю і расцэньвае яе як распальваньне варожасьці ў беларускім грамадзтве да Рымска-Каталіцкага Касьцёла ў Беларусі, асабліва да яго герархаў і прэзьбітэраў. Гэтая публікацыя наносіць вялікую абразу рэлігійным пачуцьцям вернікаў Каталіцкага Касьцёлу. Публікацыя нясе маральную шкоду ўсім хрысьціянам розных канфэсіяў, таксама ўскосна абвінавачвае ўсё каталіцкае духавенства ў меркаванай прыхільнасьці да фашызму і нацызму, што ёсьць сьвядомым і зламысным перакручваньнем праўды, паклёпам і абразай». »

Раней прэсавы сакратар Беларускага каталіцкага касьцёла айцец Юры Санько адзначыў, што памянёная карыкатура зьневажае хрысьціянскі крыж, што абражае ўсіх хрысьціянаў прапагандай нацысцкай сымболікі[7].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Падпіска (рас.) // Газэта «Менская праўда», 22 верасьня 2014 г. Праверана 13 лістапада 2017 г.
  2. ^ Пра газэту (рас.) // Газэта «Менская праўда», 2015 г. Праверана 13 лістапада 2017 г.
  3. ^ Іван Стужка. Калі «МП» у вашым доме — усё пра Меншчыну вядома // Зьвязда : газэта. — 12 чэрвеня 2012. — № 110 (27225). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Рэкляма (рас.) // Газэта «Менская праўда», 22 верасьня 2014 г. Праверана 13 лістапада 2017 г.
  5. ^ а б Алена Драпко. «Хочацца, каб газэта была элітарным прадуктам» // Зьвязда. — 6 лістапада 2020. — № 217 (29331). — С. 6.
  6. ^ Беларускі Касьцёл: «Публікацыя ў „Мінскай праўдзе“ нясе маральную шкоду хрысьціянам розных канфэсій», Радыё Свабода, 7 верасьня 2021 г.
  7. ^ Прадстаўнік Беларускага касьцёла пра публікацыю ў дзяржаўнай газэце: «Плюнулі ў твар мільёнам католікаў», Радыё Свабода, 7 верасьня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]