Мая Львовіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мая Львовіч
Майя Давидівна Львович
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 23 красавіка 1933
Адэса, Украіна
Памерла 13 ліпеня 2015 (82 гады)
Харкаў, Украіна
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэтка, перакладніца
Гады творчасьці 1960-ыя — 2015
Мовы украінская, беларуская, сэрбская

Мáя Львóвіч (па-ўкраінску: Майя Львович; 23 красавіка 1933, Адэса, Украіна — 13 ліпеня 2015, Харкаў, Украіна) — украінская і беларуская паэтка, перакладніца, мовазнаўца. Сябра Саюзаў пісьменьнікаў Украіны (з 1984) і Беларусі (з 1996)[1].

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзілася Мая Львовіч 23 красавіка 1933 г. у Адэсе. Ейныя бацька і маці ў 1930 г. перасяліліся ва ўкраінскі горад зь Беларусі, калі пад рэпрэсіі патрапілі іх сем’і. Бацька, скончыўшы Адэскі інстытут сувязі, атрымаў накіраваньне на працу ў Харкаў. Туды ў 1938 г. і пераехалі Львовічы з пяцігадовай дачкой. У верасьні 1941 г. маці з дочкамі адправілася ў эвакуацыю. Яны аселі ў мястэчку Алга Акцюбінскай вобласьці ў Казахстане, дзе правялі каля двух гадоў. Там упершыню пачула ўкраінскую мову, у якую адразу закахалася[2]. У 1957 годзе скончыла Харкаўскі ўнівэрсытэт. Працавала карэктаркай ў харкаўскім выдавецтве «Прапор»[3]. У 1971-м яна ўпершыню наведала Беларусь, а потым прыязджала ў Менск і на Гомельшчыну некалькі разоў[4]. Мая Львовіч называла сябе ўкраінска-беларускай габрэйкай[5].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Творчы шлях М. Львовіч пачынала як перакладніца. Валодала нямецкай, чэскай, польскай, сэрбскай, расейскай, беларускай, украінскай ды мовай ідыш. Большасьць ейных кнігаў зьяўляліся адразу на дзьвух мовах — па-украінску і па-беларуску: «Цяпельца. Вогник» (Х., 1995), «У зязюльчинім борку. У зозульчинім борку» (К., 2002). Адам Мальдзіс, які быў знаёмы і ліставаўся зь ёю, называў яе пяцімоўнай паэткай[6]. Бо акрамя расейскай, украінскай і беларускай моваў паэтка пісала вершы па-сэрбску і на ідыш. Аўтарка пераклала з беларускай на ўкраінскую творы А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесьніка. Шмат перакладала паэзію: Я. Купалу, М. Багдановіча, а таксама шматлікіх іншых паваенных паэтаў і паэтак. Сяргей Панізьнік называў яе «сувязысткай творчых матэрыкоў»[7]. Напачатку 1960-х гадоў Мая зацікавілася вершамі сэрбскай паэткі Дэсанкі Максімавіч (1898—1993), народнай паэткі Югаславіі. Маладая перакладніца пераклала найболей упадабаныя ёй вершы і адправіла іх Д. Максімавіч для аўтарызацыі. У тыя гады паэзія клясыкіні югаслаўскай літаратуры Дэсанкі Максімавіч яшчэ не перакладалася на ўкраінскую мову. Д. Максімавіч дасланыя пераклады прыйшліся па душы. Завязалася перапіска. Падборкі вершаў выбітнай сербскай паэткі ў перакладзе М. Львовіч пачалі зьяўляцца на старонках украінскіх рэспубліканскіх часопісаў, пасля ўвайшлі ў зборнік вершаў Д. Максімавіч «Лірика» (Кіеў, 1985). Апрача перакладаў Мая Львовіч сама пісала вершы па-сэрбску[8]. Адначасова з паэтычнай творчасьцю і перакладніцкай дзейнасьцю Мая Львовіч актыўна вяла і грамадзкую. На ейнай кватэры часта зьбіраліся харкаўскія беларусы і беларусісты — на чале з дацэнткай унівэрсытэту Аляксандрай Кавалёвай. Пэтка таксама рыхтавала ўкраінска-беларускі сынанімічны слоўнік[9].

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зборнікі паэзіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • «Земле моя» (Харків, 1985)
  • «Цяпельца» («Вогник») (Харків, 1995)
  • «У Зязюльчыным у Барку» («У Зозульчинім у Борку») (Київ, 2002)
  • «Жывая» («Жива») (Харків, 2008)
  • «Балагола» (Харків, 2012)
  • «Мелодыя шчасьця» («Мелодія щастя») (Харків, 2014)
  • «Ластаўка, ляці. Ластівко, лети» (Харків, 2016).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ К. М. Лагоза. Львович Майя Давидівна // Енциклопедія Сучасної України: електронна версія [веб-сайт] / гол. редкол.: І. М. Дзюба, А. І. Жуковський, М. Г. Железняк та ін.; НАН України, НТШ. Київ: Інститут енциклопедичних досліджень НАН України, 2017. URL: http://esu.com.ua/search_articles.php?id=59706 (дата звернення: 11.03.2021).
  2. ^ Святлана Зайцава, Лёс вясёлкі(Памяці Маі Львовіч)
  3. ^ Олександра Ковальова, Крила ластівки, https://kharkiv-nspu.org.ua/archives/5863
  4. ^ Адам Мальдзіс, Пяцімоўная паэтэса, БЕЛАРУСЬ СЕГОДНЯ, 4.08.2015, https://web.archive.org/web/20210516123259/https://www.sb.by/articles/pyats-mo-naya-paetesa.html
  5. ^ Святлана Зайцава, Лёс вясёлкі(Памяці Майі Львовіч),http://pawet.net/ns/2015/30/%E2%84%96_30_(1233).html
  6. ^ Адам Мальдзіс, Пяцімоўная паэтэса, БЕЛАРУСЬ СЕГОДНЯ, 4.08.2015, https://web.archive.org/web/20210516123259/https://www.sb.by/articles/pyats-mo-naya-paetesa.html
  7. ^ Сувязістка творчых мацерыкоў — Сяргей Панізнік да юбілею Маі Львовіч,https://web.archive.org/web/20210303171721/https://lit-bel.org/news/Suvyazstka-tvorchih-matseriko--Syargey-Panznk-da-yubleyu-Ma-Lyvovch-3780/
  8. ^ Святлана Зайцава, Лёс вясёлкі(Памяці Майі Львовіч), http://pawet.net/ns/2015/30/%E2%84%96_30_(1233).html
  9. ^ Адам Мальдзіс, Пяцімоўная паэтэса, БЕЛАРУСЬ СЕГОДНЯ, 4.08.2015, https://web.archive.org/web/20210516123259/https://www.sb.by/articles/pyats-mo-naya-paetesa.html