Лідзкі замак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік абарончай архітэктуры
Лідзкі замак
Лідзкі замак
Лідзкі замак
Краіна Беларусь
Места Ліда
Каардынаты 53°53′13.83″ пн. ш. 25°18′10.08″ у. д. / 53.887175° пн. ш. 25.3028° у. д. / 53.887175; 25.3028Каардынаты: 53°53′13.83″ пн. ш. 25°18′10.08″ у. д. / 53.887175° пн. ш. 25.3028° у. д. / 53.887175; 25.3028
Дата заснаваньня 1330
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Лідзкі замак на мапе Беларусі
Лідзкі замак
Лідзкі замак
Лідзкі замак
Лідзкі замак на Вікісховішчы

Лі́дзкі за́мак — помнік архітэктуры XIV—XV стагодзьдзяў у Лідзе. Уваходзіў у лінію фартыфікацыяў Вялікага Княства Літоўскага Наваградак — Крэва — Меднікі — Трокі. Знаходзіцца ў цэнтры места, пад адрасам вуліца Замкавая, 1. Твор раманскай архітэктуры і раньняй готыкі. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мураваны замак у Лідзе пачалі будаваць у 1323 годзе на загад вялікага князя Гедзіміна. Пісьмовыя крыніцы сьведчаць, што будаваньне вялося 5—7 гадоў. Па сьмерці Гедзіміна Ліда стала сталіцай княства, якім паводле чаргі валодалі Альгерд, яго сын Ягайла і Вітаўт.

Замак адыграў значную ролю ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. У 1387 годзе кароль і вялікі князь Ягайла прымаў тут прысягу ад свайго брата Скіргайлы, полацкага князя. У 1422 годзе ў замку шырока адзначаўся шлюб Ягайлы з князёўнай Соф’яй Гальшанскай, пачынальніцай каралеўскай дынастыі Ягелонаў. А ў ліпенi 1506 году тут памiраў кароль і вялікі князь Аляксандар: пры сваіх падданых і жонцы Алене ён прычасьціўся і падпісаў тастамэнт.

У XIV ст. замак ня раз атакавалі крыжакі. Упершыню яны зьявіліся пад замкавымі мурамі ў 1384 годзе, калі па працяглай аблозе і штурме змаглі захапілі замак. Другую атаку на Ліду ўчынілі ўзімку 1392 году, калі спалілі навакольныя будынкі, абрабавалі места і аблажылі замак. Кіраўнік абароны, князь Карыбут, які меў замалую колькасьць ваяроў, мусіў уначы пакінуў фартэцыю. Рыцары захапілі шмат вайсковага рыштунку і зброі. Праз два гады крыжацкія аддзелы зноў напалі на Ліду, але на гэты раз замак выстаяў.

У канцы XIV — пачатку XV ст. вялікі князь Вітаўт перабудаваў замак і зрабіў яго адным з наймагутнейшых у Вялікім Княстве Літоўскім. У пачатку XV ст. каля яго муроў апынуліся войскі смаленскага князя Юрыя, які прыйшоў вызваляць сваю сям’ю, захопленую Вітаўтам у палон. Смаляне спалілі места, некалькі разоў штурмавалі замак, але ўзяць яго ня здолелі. Неўзабаве ў 1433 годзе замак аблажылі войскі Сьвідрыгайлы, прэтэндэнта на сталец ВКЛ. Места зноў ушчэнт згарэла, але абаронцы замка адбілі ўсе атакі.

У пачатку XVI ст. да замка падыходзілі крымскія татары, якіх разьбілі ў ваколіцах Ліды. У 1533 годзе Замкавую царкву перанесьлі ў само места. З 1568 году ў замку працавалі суд і архіў, у паўночна-ўсходняй вежы была вязьніца. У XVII ст. за каралем і вялікім князем Янам Казімерам каля замка выкапалі стаў.

За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1659 годзе замак аблажыла 30-тысячнае маскоўскае войска ваяводы Мікіты Хаванскага і па гарматным абстрэле і працяглай аблозе ўзяло яго. Захопнікі спалілі ўсе драўляныя будынкі, а калодзежы засыпалі. У Вялікую Паўночную вайну швэдзкія войскі ўзарвалі абедзьве вежы. У час паўстаньня 1794 году ў замку вялі бой з расейскім войскам паўстанцы Тадэвуша Касьцюшкі, узброеныя 18 гарматамі.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Ліда апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, паскорыўся заняпад замка. Па 1891 годзе расейскія ўлады пачалі разборку і распродаж замкавых муроў, з адхонаў замкавага пагорка сталі браць пясок. У гэты час амаль цалкам зьнішчылі рэшткі паўднёва-заходняй вежы і разабралі частку заходняй сьцяны.

У 1909 годзе дзеля частковай кансэрвацыі выдзялілі невялікія сродкі — 943 рублі. Будаўнікі раскідалі ненадзейныя месцы муроў, а паверхні сьценаў абмазалі цэмэнтавай рашчынай. У 1911 годзе беларускі археоляг Вандалін Шукевіч пісаў, што будаўнікі замуравалі байніцы на паўночнай сьцяне, а цэмэнтавая нашлёпка на сьценах стала прыцягваць вільгаць, што разбурала вонкавыя паверхні муроў.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У міжваеннай Польскай Рэспубліцы замак адрэстаўравалі: каменнай агароджай злучылі заходнюю і паўднёвую сьцены, часткова заклалі разбураны паўднёва-ўсходні кут і замуравалі бакавыя ўваходы. На месцы парушанага паўночна-заходняга кута зьявіліся драўляныя вароты на замкавы падворак. Улетку тут спыняўся вандроўны цырк альбо зьвярынец, а узімку пасярэдзіне двара ставілі яліну і залівалі коўзанку. Улетку 1929 году замак вывучаў мастак Язэп Драздовіч, які прысьвяціў яму альбом замалёвак.

22 студзеня 1940 году савецкія ўлады фармальна надалі замку статус помніка архітэктуры. За часамі нямецка-савецкай вайны ў замку знаходзіўся шпіталь, пазьней замкавы двор выкарыстоўваўся як пляц для супрацьпаветранай абароны.

У 1970 годзе пад кіраўніцтвам Міхася Ткачова на замкавым падворку прайшлі першыя археалягічныя дасьледаваньні. У 1977—1978, 1980 і 1985 гадох раскопкі ў замку праводзіў Алег Трусаў. У 1986—1987 гадох замак дасьледаваў Аляксандар Краўцэвіч.

У 1982 годзе ў замку зрабілі поўную кансэрвацыю[1]. Пазьней вяліся аднаўленчыя працы дзеля наданьня замку пачатковага выгляду. Сьпярша аднавілі вежу і драўляную абаронную галерэю, што цягнецца ўздоўж кароны муроў з стрэльніцамі. У выніку маштабнай рэканструкцыі замка ў 2010 годзе адбудавалі другую вежу і астатнія дзялянкі муроў.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Займае насыпны пясковы ўзгорак (вышыня 5—6 м), аточаны балоцістымі берагамі рэк Лідзеі і Каменкі, з поўначы — ровам шырынёй каля 20 м, які злучаў гэтыя рэкі і аддзяляў замак ад места. У аснове замка тып фартыфікацыі, вядомай пад назвай кастэль[2]. Мае форму чатырохкутніка памерамі 93,5 × 83,45 × 80 × 84 м, аточанага мурам вышынёю да 15 м і шырынёю 2 — 1,5 м зь дзьвюма вонкавымі чатырохкутнымі вежамі.

Асноўнае абарончае значэньне мелі пастаўленыя на невысокім падмурку (70—80 см) сьцены вышынёй 12 м, таўшчынёй 1,5—2 м. Уверсе яны пераходзяць у баявую галерэю, сьценка складаецца з цэглы (таўшчыня 7 см), мае адзін рад байніц, разьмешчаных на адлегласьці 2,4 м адна на адной. Памост галерэі абапіраецца на драўляныя бэлькі. На паўднёвых і ўсходніх сьценах замка на каменных фігурных кансолях стаяць 2 цагляныя прыбіральні.

Паўднёва-заходняя вежа (да рэканструкцыі захаваліся фрагмэнты падмуркаў, зробленыя без перавязкі з замкавымі мурамі, але на адным узроўні з падмуркамі апошніх) у пляне квадратная і мае памеры 11,3 × 11,3 м, падмуркі (шырыня каля 3 м, глыбіня да 70 см) складаюцца зь вялікіх і сярэдніх камянёў. Паўночна-ўсходняя вежа мае выгляд крыху перакошанага рознабаковага чатырохкутніка (12 × 12, 5 × 12, 3 × 12,15 м) і далучаецца да замкавых муроў безь перавязкі. Таўшчыня яе сьценаў з боку двара дасягала 3 м, дакладка да сьценаў замка — 83 см. Мае аздоблены фігурнай цэглай аркавы ўваход з боку двара і ўсходы ў тоўшчы заходняй сьцяны шырынёй 1 м з драўлянымі прыступкамі на цаглянай аснове. У паўночнай, усходняй і паўднёвай сьценах захаваліся пячныя нішы. Першы паверх перакрываецца крыжовым скляпеньнем. Абедзьве вежы накрваюцца шатровымі дахамі і не выступаюць за пэрымэтар сьценаў.

У замак вядуць 3 уваходы, 2 зь іх — ва ўсходняй сьцяне. Меншая брама, якая служыла для штодзённага карыстаньня, мае шырыню 2,5 м і вышыню 3 м, завяршаецца стрэльчатай аркай. Большая брама, якая выконвала ролю параднай брамы, мае шырыню каля 4,5 м і вышыню да 6 м. Над яе паўцыркульнай аркай разьмяшчаўся ляпны картуш з выявай дзяржаўнага гербу Вялікага Княства Літоўскага Пагоні. Большы ўваход мае сьпічастую нішу, прарэзаную ўваходным праёмам меншых памераў. Магчыма, тут быў пад’ёмны мост. Паўднёвая сьцяна замка праразаецца на вышыні каля 2 м ад зямлі скразным праёмам з паўцыркульнай аркай — запасным ходам дзеля раптоўных вылазак залогі альбо скрытага выхаду ў крытычныя моманты абароны.

На замкавым двары разьмяшчаліся жылыя і гаспадарчыя пабудовы, у тым ліку дом кашталян, кашары, склады, калодзежы. Жылыя памяшканні былі на верхніх паверхах вежаў[3].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 198.
  2. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 197.
  3. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 263.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  411Г000328