Летувіская чыгунка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 54°40′47″ пн. ш. 25°16′24″ у. д. / 54.67972° пн. ш. 25.27333° у. д. / 54.67972; 25.27333

«Летувіская чыгунка»
лет. Lietuvos geležinkeliai
Выява лягатыпу
Тып акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 4 ліпеня 1919 (104 гады таму)
Уласьнікі Летува
Краіна Летува
Разьмяшчэньне Вільня
Адрас вул. Міндоўга, д. 12
Ключавыя фігуры Мантас Бартушка[1], Караль Санькоўскі[2]
Галіна сфэра паслугаў
Прадукцыя чыгуначны транспарт[d]
Паслугі чыгуначныя перавозкі
Абарачэньне 445,931 млн эўра[3] (2017 г.)
Апэрацыйны прыбытак 34,919 млн эўра (2017 г.)
Чысты прыбытак 25,554 млн эўра (2017 г.)
Лік супрацоўнікаў 8804 (2018 г.)
Матчына кампанія Міністэрства шляхоў зносін Летувы(lt)[4]
Даччыныя кампаніі ЗАТ «Віленскае дэпо рамонту лякаматываў»
Аўдытар «КПМГ Балтыі»

«Летуві́ская чыгу́нка» — дзяржаўнае чыгуначнае прадпрыемства Летувы, заснаванае ў ліпені 1919 году.

На 2019 год «Летувіская чыгунка» валодала чыгункамі шырынёй каляіны 1435 мм і 1520 мм, 68 чыгуначнымі станцыямі. Чыгунка абслугоўвала цягнікі з саставамі даўжынёй да 1500 мэтраў і вагой да 6000 тонаў. У 2018 годзе на аднаго работніка «Летувіскай чыгункі» прыпала 46,58 тоны грузаў (каля аднаго вагона), што было 3-м паказьнікам у сьвеце. Каля паловы грузаў у Летуве перавезьлі чыгункай, бо пры чыгуначнай перавозцы на 100 км выкарыстоўвалася ў сярэднім 10-кратна менш паліва параўнальна з аўтамабільнай перавозкай. «Летувіская чыгунка» злучалася з Клайпедзкім портам, які быў незамярзальным і меў 12 марскіх тэрміналаў[5]. Замежныя прадстаўніцтвы «Летувіскай чыгункі» працавалі ў 2 краінах Азіі — Казахстане (Астана) і Кітаі (Пэкін) — і 3 краінах Эўропы — Беларусі (Менск, вул. Інтэрнацыянальная, д. 36/1), Польшчы (Варшава) і Расеі (Масква). Яшчэ адно прадстаўніцтва ў Варшаве дзейнічала пры Арганізацыі супрацы чыгунак(ru)[6]. На 2019 год «Летувіская чыгунка» выкарыстоўвала 1767 км чыгуначных шляхоў[7].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

4 ліпеня 1919 году ўрады Летувы і Нямеччыны падпісалі Дамову аб перадачы чыгуначнай сеткі Міністэрству шляхоў зносінаў Летувы. 10 верасьня 1919 году ў кіраўніцтве Летувіскай чыгункі стварылі службы рэйсу, шляхоў, гаспадаркі і аддзел здароўя ды скасавалі службу эксплюатацыі. Утварылі ўчасткі Ковенскага і Радзівіскага шляхоў замест Ковенскага і Шавельскага аддзелаў эксплюатацыі. У 1920 годзе служба шляхоў зацьвердзіла 1468 ставак Летувіскай чыгункі і мела 6 чыгуначных участкаў і майстэрні Ковенскага тэлеграфа. У 1923 годзе часткай чыгуначнай сеткі Летувы стаў Клайпедзкі порт. У 1924 годзе праклалі 58 км чыгуначнага ўчастку Шостакаў—Аліта. У 1932 годзе на паўночным захадзе Летувы скончылі будаўніцтва чыгуначнай лініі Кужы—ЦельшыКрэтынга, што скараціла шлях да Клайпедзкага порта на 60 км. У 1936 годзе праклалі 3-кілямэтровы аб’езд Ковенскага тунэлю. Большасьць грузаў правозілі празь Летуву між Нямеччынай і Савецкім Саюзам[8].

3 жніўня 1940 году народны камісар шляхоў зносінаў СССР падпісаў Загад «Аб арганізацыі летувіскай чыгункі», якім далучыў яе да чыгункі СССР. З пачаткам савецкай акупацыі пачалася замена рэек з шырыні каляіны 1435 мм на 1524 мм. 22 чэрвеня 1941 году пры пачатку Нямецка-савецкай вайны частку цягнікоў вывезьлі на ўсход. Кіраваньне чыгункай перадалі вайсковаму кіраўніцтву райхскамісарыяту Остлянд, што месьцілася ў Рызе. У 1944 годзе Кіраўніцтва чыгункай СССР аднавіла чыгуначныя ўчасткі з каляінай 1524 мм між Вільняй, Коўнам, Кейданамі, Радзівілішкамі, Шаўлямі і Панявежай. У траўні 1945 году аднавілі Клайпедзкі ўчастак. У 1946 годзе чыгунка ў Летувіскай ССР мела працягласьць 2091,8 км, зь іх 528,6 км (25 %) складала дзьвюхкалейная. Стварылі акругі шырокакалейнай чыгункі ў Вільні, Коўне, Шаўлях і Клайпедзе ды вузкакалейнай у Панявежы. У 1954 годзе скасавалі Пагескі ўчастак, чыгунку якога падзялілі між Цільжаўскаму, Клайпедзкаму і Шавельскаму ўчасткам. Вярзбалаўскі ўчастак перадалі ў склад Ковенскага. У 1955 годзе Кейданскі ўчастак пераўтварылі ў Кашадарскі. Ляндвароўскі ўчастак падзялілі між Віленскім і Кашадарскім. У 1959 годзе Кашадарскі ўчастак падзялілі між Віленскім і Ковенскім. У 1961 годзе Радзівіліскі ўчастак падзялілі між Шавельскім і Панявескім. У 1960—1962 гадах скасавалі 390 км вузкакалейнай чыгункі шырынёй 600 мм. У 1963 годзе кіраўніцтвы чыгунак Латвіі, Летувы і Эстоніі злучаюць у Прыбалтыйскую чыгунку. У 1975 годзе Ўцяна-Новасьвянцянскі ўчастак пераўтварылі ў шырокакалейны з вузкакалейнага (750 мм). 29 сьнежня 1975 году пусьцілі 1-ы электрацягнік зь Вільні ў Коўну. У 1979 годзе скончылі элекрыфікаваньне чыгункі Новая Вільня—Коўна і Ляндварова—Трокі. У 1981 годзе ў Віленскай акрузе стварылі Янаўскі ўчастак, якому перадалі частку Віленскага і Ковенскага ўчастаў. У 1986 годзе пусьцілі чыгуначны паром Клайпеда—Мукран (НДР)[8].

28 сьнежня 1991 году Міністэрства шляхоў зносінаў СССР зацьвердзіла Загад аб скасаваньні Прыбалтыйскай чыгункі з 1992 году. У выніку Летувіская чыгунка стала самастойным прадпрыемствам. 7 студзеня 1992 году стварылі Службу будынкаў і інжынэрных збудаваньняў. 7 ліпеня 1992 году з Шостакава ў Сувалкі (Польшча) адправілі 1-ы міжнародны цягнік. 18 ліпеня 1995 году дзяржаўнае прадпрыемства «Летувіская чыгунка» пераўтварылі ў акцыянэрнае таварыства. У 1997 годзе стварылі Кіраўніцтва інфраструктурай «Летувіскай чыгункі»[8].

У 2012 годзе каля 80 % сваіх грузаперавозак «Летувіская чыгунка» ажыцьцявіла празь Беларусь, што зрабіла «Беларускую чыгунку» найбольшым яе партнэрам[9].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Галоўны кіраўнік (рас.) // АТ «Летувіская чыгунка», 13 сакавіка 2018 г. Праверана 6 лютага 2019 г.
  2. ^ Кіраўнічы пэрсанал (рас.) // АТ «Летувіская чыгунка», 2019 г. Праверана 6 лютага 2019 г.
  3. ^ Справаздача АТ «Летувіская чыгунка» за 2017 год (анг.) // АТ «Летувіская чыгунка», 30 чэрвеня 2018 г. Праверана 6 лютага 2019 г.
  4. ^ Будова кіраўніцтва (анг.) // АТ «Летувіская чыгунка», 8 лістапада 2018 г. Праверана 6 лютага 2019 г.
  5. ^ Прадмет, мэта і задачы дзейнасьці (рас.) // АТ «Летувіская чыгунка», 10 кастрычніка 2018 г. Праверана 6 лютага 2019 г.
  6. ^ Прадстаўнікі за мяжой (рас.) // АТ «Летувіская чыгунка», 9 красавіка 2018 г. Праверана 6 лютага 2019 г.
  7. ^ Кіраўніцтва чыгуначнай інфраструктуры (рас.) // АТ «Летувіская чыгунка», 23 лютага 2015 г. Праверана 6 лютага 2019 г.
  8. ^ а б в Гісторыя чыгуначнай інфраструктуры (рас.) // АТ «Летувіская чыгунка», 28 сакавіка 2014 г. Праверана 6 лютага 2019 г.
  9. ^ Вітаўт Жэймант. Існуюць старыя і вельмі цесныя сувязі // Зьвязда : газэта. — 3 кастрычніка 2013. — № 186 (27551). — С. 5. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]