Левэрку́зэн (па-нямецку: Leverkusen) — горад на захадзе Нямеччыны, у зямлі Паўночны Райн — Вэстфалія. Разьмешчаны на правым беразе Райну, на паўночны ўсход ад Кёльну (мяжуе зь ім). Насельніцтва 160 772 чалавек (2010). Левэркузэн узьнік у 1930 годзе ў выніку аб’яднаньня гораду Вісдорф з суседнімі камунамі Шлебуш, Штайнбюхэль і Райндорф, і быў названы ў гонар нямецкага аптэкара і прадпрымальніка Карла Левэркуза, які ў XIX стагодзьдзі заснаваў у Вісдорфе хімічную фабрыку. У нашыя дні Левэркузэн вядомы як месцазнаходжаньне хімічна-фармацэўтычнага канцэрну Bayer AG і футбольнага клюбу «Баер».