Кацярына Жаркова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кацярына Жаркова
Дата нараджэньня 30 кастрычніка 1981 (42 гады)
Месца нараджэньня Менск (Беларусь)
Рост 178 см
Грудзі 105 см
Стан 84 см
Сьцёгны 115 см
Колер валасоў бялявыя
Вочы карыя
zharkova.com

Кацярына Мікалаеўна Жаркова (нарадзілася 30 кастрычніка 1981 году, Менск, Беларуская ССР, СССР) — тэлепрадусарка і фотамадэль родам зь Беларусі.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзілася ў сям’і вайсковага афіцэра Мікалая Жаркова і прафэсійнага фатографа Надзеі Жарковай. У верасьні 1982 г., ва ўзросьце 7 месяцаў пераехала з бацькамі ў Чукоцкую аўтаномную акругу (Расейская СФСР). Пазьней сям’я пераяжджала ў Маскву і Смаленск. Зь верасьня 1991-га па травень 1994 году навучалася ў школе на ўсходзе Нямеччыны, дзе скончыла 4—7 клясы. Затым вярнулася з бацькамі ў Смаленск (Расея), дзе з 14 гадоў пачала займацца ў мадэльным агенцтве «Подыюм» у якасьці поўнай манэкеньніцы[1]. У верасьні 1999 году паступіла ў Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры і мастацтваў (Хімкі, Маскоўская вобласьць), які скончыла ў чэрвені 2003 году.

У лістападзе 2006 г. стала першай поўнай фотамадэльлю, якая трапіла на старонкі расейскага выданьня амэрыканскага часопіса «Касмаполітан». Затым сыграла шэраг эпізадычных роляў у расейскіх сэрыялах, пасьля чаго ўладкавалася асыстэнткай прадусара на маскоўскім тэлеканале «Муз-ТБ». Пазьней атрымала павышэньне да тэлепрадусаркі. Сярод супрацоўнікаў тэлебачаньня сустрэла свайго мужа. 15 сьнежня 2009 г. выйграла расейскі конкурс поўных мадэляў «Салодкая жанчына». На пачатку 2010 г. стала вядоўцай 2-гадзіннай ранішняй перадачы на расейскім тэлеканале «ТНТ». У 2-й палове 2010 г. выехала па «Зялёнай карце» ў ЗША, дзе зьнялася ў рэкляме жаночага адзеньня для гандлёвых сетак «Мода для фігуры» (Нью-Ёрк), «Назаўжды 21» (Лос-Анджэлес, штат Каліфорнія) і «Срэбраныя джынсы» (Вініпэг, правінцыя Манітоба, Канада). У 2011 г. ажыцьцявіла ў Нью-Ёрку фотасэсію з фатографам Вікторыяй Джанашвілі. У студзені 2012 г. нью-ёрскі часопіс «Поўная мадэль» суправадзіў рэдактарскі артыкул «Поўныя целы, што ж зь імі ня так» здымкамі той фотасэсіі, якая праходзіла сумесна з хударлявай фотамадэльлю. На здымках Кацярына Жаркова выглядала здаравейшай за сваю хударлявую калегу. Кожны здымак суправаджаўся надпісамі датычна анарэксіі, у тым ліку: «Большасьць мадэляў-пачаткоўцаў маюць індэкс масы цела, характэрны для анарэксіі»[1]. Пазьней стала фотамадэльлю нью-ёрскага агенцтва «Вільгельміна».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Ніна Шчарбачэвіч. Жанчыны-«пышкі» сталі апэтытнымі // Чырвоная зьмена. — 26 красавіка 2012. — № 8 (15694). — С. 8.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Каця Жаркова (анг.) // Часопіс «Поўная мадэль» (Нью-Ёрк), 16 сьнежня 2014 г. Праверана 11 чэрвеня 2017 г.