Карэл Паўлік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Карэл Паўлік
па-чэску: Karel Pavlík
19 кастрычніка 190026 студзеня 1943
Месца нараджэньня Градавы-Стржымэліцы, Багемія, Аўстра-Вугоршчына
Месца сьмерці Маўтгаўзэн, Трэці райх
Прыналежнасьць Чэхаславаччына
Род войскаў пяхота
Гады службы 1920—1943
Званьне капітан
Частка 8-ы Сылескі пяхотны полк
Камандаваў 12-я кулямётная рота
Бітвы/войны Другая сусьветная вайна
Рух супраціву
Узнагароды
Мэдаль «За сьмеласьць» (Чэхія)

Карэл Паўлік (па-чэску: Karel Pavlík; 19 кастрычніка 1900, Градавы-Стржымэліцы(cs), Багемія — 26 студзеня 1943, канцлягер Маўтгаўзэн) — чэхаславацкі афіцэр, удзельнік антынацысцкага супраціву. 14 сакавіка 1939 року з жаўнерамі сваёй роты насуперак загаду даводзтва ўступіў у бой зь нямецкімі акупацыйнымі войскамі, якія ўвайшлі ў места Містэк. Гэты адзіны эпізод арганізаванага супраціву нямецкай акупацыі Чэхаславаччыны ў 1939 року вядомы як бой за Чаянкавы кашары.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карэл Паўлік нарадзіўся ў сям’і настаўніка ў ваколіцах мястэчка Чэрні Косьцелец(cs), каля 20 км на поўдзень ад Чэскага Броду(cs). У 1920 прызваны ў войска, паступіў у вайсковую акадэмію і ў 1923 атрымаў чын падпаручніка. Служыў у пагранічных і пяхотных частках. У 1932 быў узьведзены ў капітаны.

У 1935 распаўся шлюб Карэла Паўліка, пасьля чаго ён больш аддана заняўся службай. У 1936 прызначаны камандзірам роты.

Увечары 14 сакавіка 1939 року ў Містэк увайшоў 2-і батальён 84-га пяхотнага палку[1] 8-й пяхотнай дывізіі[2] вэрмахту. Жаўнеры Чаянкавых кашараў атрымалі прапанову здаць зброю, аднак Паўлік не падпарадкаваўся і са сваёй 12-й кулямётнай ротай трымаў абарону. Астатнія афіцэры ў абароне ня ўдзельнічалі, спасылаючыся на адсутнасьць загаду ад камандаваньня. Чэхі адбілі дзьве нямецкія атакі; пасьля тэлефоннага загаду камандзіра 8-га палку палкоўніка Эліяша і вычарпаньня боепрыпасаў Паўлік падпарадкаваўся загаду пра спыненьне вагню. Бой цягнуўся 30-40 хвілінаў, страты чэхаў склалі 2-6 чалавек параненымі, немцаў — да 24 чалавек забітымі і параненымі і 1 зьнішчаны бронеаўтамабіль. Карэл Паўлік трапіў пад хатні арышт.

Пад час акупацыі Карэл Паўлік супрацоўнічаў з падпольнай арганізацыяй «За бацькаўшчыну» (чэск. Za vlast), якая перанакіроўвала чэскіх кадравых вайскоўцаў на Захад. Пераехаў у Прагу і далучыўся да арганізацыі «Абарона народу» (чэск. Obrana národa), якая рыхтавала паўстаньне.

Арыштаваны ў 1942 року ў сувязі з замахам на Райнгарда Гейдрыха. Быў прыгавораны да сьмерці, пазьней пакараньне замененае на пазбаўленьне волі ў канцлягеры Маўтгаўзэн. 26 студзеня 1943 ахоўнік лягеру застрэліў Паўліка за непадпарадкаваньне. Месца пахаваньня невядомае.

Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьмяротна атрымаў званьне палкоўніка, у 1999 — мэдаль «За сьмеласьць».

У месьце Косьцелец над Чэрнімі лесы знаходзіцца сымбалічная магіла Карэла Паўліка.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]