Дзьмітры Паўлічэнка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дзьмітры Паўлічэнка
Дата нараджэньня 1966
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак вайсковец
Узнагароды
За асабістую мужнасьць

Дзьмі́тры Валер’евіч Паўлічэ́нка (нар. 1966, Віцебск) — беларускі вайсковы дзяяч рэжыму Лукашэнкі, палкоўнік, камандзір 3-й асобнай Чырвонасьцяжнай брыгадзе спэцыяльнага прызначэньня(en) (часцы 3214) унутраных войскаў (да 6 кастрычніка 2008). Уваходзіць у «Чорны сьпіс ЭЗ», сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля 8 клясаў сярэдняе школы паступіў у Менскую сувораўскую вучэльню. У 1983 годзе стаў курсантам Менскае вышэйшае ваенна-палітычнае агульнавайсковае вучэльні. Служыў на розных афіцэрскіх пасадах ва Ўзброеных Сілах СССР.

У 1991 годзе ў сувязі з распадам Савецкага Саюзу быў звольнены з войска па скарачэньні. Уладкаваўся працоўным на дрэваапрацоўчае прадпрыемства. Працаваў трэнэрам па рукапашным боі і атлетычнай гімнастыцы ў дзіцяча-юнацкім спартовым клюбе. У 1994 годзе паступіў на службу ў Асобны батальён адмысловага прызначэньня Ўнутраных войскаў МУС Беларусі на пасаду камандзіра ўзвода спэцпрызначэньня. Неўзабаве быў прызначаны камандзірам роты. 30 чэрвеня 1995 году адбыў кваліфікацыйныя выпрабаваньні на права нашэньня крапавага бэрэту. Быў абраны старшынём Рады крапавых бэрэтаў Унутраных войскаў. Служыў у Галоўным кіраваньні камандавалага Ўнутранымі войскамі МУС Беларусі на пасадзе начальніка Службы падрыхтоўкі падпадзяленьняў адмысловага прызначэньня. У 2000 годзе прызначаны на пасаду камандзіра 3-й асобнай Чырвонасьцяжнай брыгадзе спэцыяльнага прызначэньня(en) (часцы 3214) унутраных войскаў (в/ч 3214, Уручча, Менск).

Падазраецца ў прыналежнасьці й кіраўніцтве так званым «Швадронам сьмерці», створаным у 1997 на загад Віктара Шэймана. Апроч таго, яго падазраюць у арганізацыі забойстваў «злодзеяў у законе» Шчаўліка (сапраўднае імя — Уладзімер Клешч; зьнік 10 сьнежня 1997 году) і Маманцяня, экс-міністра ўнутраных справаў Беларусі Юр’я Захаранкі (зьнік 7 траўня 1999 году), віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара й бізнэсоўца Анатоля Красоўскага (зьніклі 16 верасьня 1999 году), журналіста Дзьмітрыя Завадзкага (зьнік 7 ліпеня 2000 году), кіраўніка беларускага аддзяленьня РНЕ Глеба Самойлава (забіты 5 жніўня 2000 году).

23 лістапада 2000 быў арыштаваны на загад кіраўніка КДБ Уладзімера Мацкевіча па падазрэньні ў арганізацыі шэрагу забойстваў, але быў вызвалены на загад Аляксандра Лукашэнкі, а 27 лістапада 2000 былі пазбаўленыя сваіх пасадаў Уладзімер Мацкевіч і генэральны пракурор Алег Бажэлка. Выйшаўшы са сьледчага ізалятару, Паўлічэнка заявіў перад тэлекамэрамі, што «гатовы выканаць любы загад прэзыдэнта».

Удзельнічаў у разгоне мітынгаў і акцыяў апазыцыі. У 2004 унесены ў «Чорны сьпіс ЭЗ», у 2006 – у сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША[1].

6 кастрычніка 2008 адхілены ад пасады камандзіра 3-й асобнай Чырвонасьцяжнай брыгадзе спэцыяльнага прызначэньня(en) й пераведзены ў распараджэньне камандуючага ўнутраных войскаў. Новым камандзірам в/ч 3214 прызначаны палкоўнік міліцыі Юры Караеў, які з канца ліпеня 2008 году камандаваў палком міліцыі адмысловага прызначэньня (былы АМАП) ГУЎС Менгарвыканкаму. Матывы адстаўкі Паўлічэнкі не называюліся.

13 кастрычніка 2008 міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу на пасяджэнні ў Люксэмбургу прыпынілі на паўгода дзеяньне забароны на ўезд у краіны зьвяза прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і «некаторых яго набліжаных». Санкцыі супраць былога камандзіра 3-й асобнай Чырвонасьцяжнай брыгадзе спэцыяльнага прызначэньня(en) Паўлічэнкі засталіся ў сіле.

У канцы кастрычніка 2008 году прызначаны намесьнікам камандзіра корпуса аховы грамадзкага парадку ўнутраных войскаў МУС па баявой падрыхтоўцы. Загад аб прызначэньні Паўлічэнкі на новую пасаду падпісаў міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў. Новая пасада фармальна зьяўляецца больш высокай, чым камандзір брыгады. У новыя абавязкі Дзьмітрыя Паўлічэнкі ўваходзіць арганізацыя падрыхтоўкі міліцэйскіх частак па пытаньнях баявой службы і выхаваўчая праца з асабістым складам. Ён падпарадкоўваецца начальніку — камандзіру корпуса палкоўніку Васілю Аляксеянку.

У сакавіку 2009 году Паўлічэнка быў звольнены з вайсковай службы па хваробе.

У сьнежні 2019 году «Нямецкая хваля» апублікавала дакумэнтальны фільм, у якім былы супрацоўнік спэцпадраздзяленьня МУС Беларусі Юры Гараўскі пацвердзіў, што менавіта ягонае падразьдзяленьне затрымала, зьвезла Юр’я Захаранку, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага й што гэта Паўлічэнка ўласнаручна застрэліў іх[2].

У жніўні 2020 году быў заўважаны камандуючым атрадам АМАПу на акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыяў выбараў[3][4][5].

У чэрвені 2022 году Паўлічэнка трапіў паж санкцыі Канады[6]. Таксама ён знаходзіцца ў санкцыйных сьпісах Вялікабрытаніі[7] ды Швайцарыі[8].

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узнагароджаны баявым ордэнам «За асабістую мужнасьць». Мае некалькі мэдалёў.

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жанаты тройчы. Першая жонка шмат гадоў таму зьехала за мяжу, цяпер яна жыве ці то ў Канадзе, ці то ў ЗША. Ад першага шлюбу ў Паўлічэнкі мае дарослую дачку. Аднак з бацькам яна практычна ня мае зносінаў. Другая жонка працавала ў частцы 3214 на пасадзе фэльчара мэдычнае службы. Ад гэтага шлюбу Паўлічэнка мае сына Арцёма. Яму прыкладна 17—18 гадоў[Калі?]. Часам Паўлічэнка браў яго з сабой на розныя акцыі, якія ўладкоўвала апазыцыя. Трэцяй жонкай Паўлічэнкі ёсьць выпускніца БДЭУ Ірына, якая працавала ў Беларускай асацыяцыі вэтэранаў спэцпрызна МУС «Гонар». Ад яе Паўлічэнка мае яшчэ адну дачку.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]