Выказьнік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Асноўны артыкул: Сказ

Выка́знік — галоўная часціна сказу, якая граматычна залежыць ад дзейніка й абазначае дзеянне, стан або прымету, уласцівую дзейніку.

Выказьнік выражаецца дзеясловамі, іменнымі часцінамі мовы, спалучэньнем некалькіх словаў. У залежнасьці ад гэтага выказнікі бываюць:

  • просты дзеяслоўны выказнік
  • састаўны іменны выказнік
  • складаны выказнік

Просты дзяслоўны выказьнік[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Просты дзеяслоўны выказьнік выражаецца ўсімі дзеясловамі абвеснага, загаднага і ўмоўнага ладоў: Будуць сьвежым лісьцем шалясьцець бярозы. (М. Васілёк). Радзіма, мая дарагая, красуйся і ў шчасьці жыві. (А. Бачыла). Уздыхнуў бы ветру палявога, несьпякотнай сьвежасьці дуброў. (А. Пысін).

Просты дзеяслоўны выказьнік можа выражацца неазначальным дзясловам: Садок садзіць — жыцьцё харашыць. (Прыказка). Сёньня нам адступіць — гэта легчы ў магілу. (М. Танк).

Простым дзеяслоўным выказьнікам могуць быць дзеясловы-паўторы ці дзеясловы-сынонімы: А я падумаў-падумаў і таксама захацеў ехаць. (М. Гарэцкі). Пацяклі-паплылі за гадамі гады. (Я. Купала). Чакаць то я чакаў, ды толькі несягоньня. (Я. Колас).

Да простага выказьніка адносіцца і выказьнік, выражанны ўстойлівым дзеяслоўным спалучэньнем: У прасторную хату бітком набіліся людзі. (В. Адамчык). А я таксама ня буду спаць у шапку. (К. Чорны).

Састаўны дзеяслоўны выказьнік[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Састаўны дзеяслоўны выказьнік выражаецца неазначальным дзеясловам і дапаможным дзеясловам якога-небудзь спражэньня.
Дапаможны дзеяслоў паказвае на лад, час, асобу, лік і выражае сувязь[a] выказьніка зь дзейнікам. Неазначальны дзеяслоў выражае значэньне выказьніка: Андрэй ня ўмеў суцяшаць словамі. (А. Чарнышэвіч). Усё, здаецца, мог бы здужаць. (К. Кірэенка).
Дапаможны дзеяслоў можа паказваць на пачатак, працяг або заканчэньне дзеяньня, названага неазначальным дзеясловам: Дзяўчаткі пачалі танцаваць. (К. Чорны). Яраш скончыў распытваць пра здароўе... (І. Шамякін).
Іншы раз дапаможныя дзеясловы выражаюць розныя значэньні: магчымасьць ці немагчымасьць, пажаданасьць ці непажаданасьць дзеяньня: Пазнаць родны горад пад сонцам вясны не магу я. (П. Панчанка). Я б хацеў майскай ноччу пачаць гэтае доўгае апавяданьне. (А. Астрэйка).

Састаўны іменны выказьнік[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Састаўны іменны выказьнік скаладаецца зь іменнай часткі (назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеньнік, дзеепрыметнік) дзеяслова-зьвязкі. Ён ужываецца для сувязі выказьніка зь дзейнікам і паказвае значэньні ладу, часу, асобы, ліку, роду. Іменная частка выражае значэньне ўсяго выказьніка: Твой бацька быў герой… (Я.Брыль). Ён адразу стаў больш уважлівым і лагодным. (Я. Маўр). Белы пясок паблізу вады быў затканы зялёнымі верасамі. (П. Броўка).
Зьвязкаю ў састаўным іменным выказьніку ўжываюцца словы быць, стаць, зьяўляцца, рабіцца, здавацца, станавіцца, называцца, лічыцца, працягваць, старацца, працаваць і інш. Зьвязкам можа быць дзеяслоў ёсьць (цяперашні час): Што ні кажы, а жыцьцё, ўжо само па сябе, ёсьць радасьць… (Я. Колас). Але, як правіла, слова 'ёсьць у сказе не ўжываецца (апускаецца)[b]: Дзедаўшчына — наша сумленьне, наша гордасьць і наша любоў. У позьнюю восень вада пад мастком чыстая і халодная. (К. Чорны).
Іменная частка састаўнога выказьнікка выражаецца:

  • назоўнікам, прыметнікам і іншымі скланяльнымі словамі ў назоўным склоне: Беларусь — мая маці і мова, паветра і хлеб. (А. Вялюгін). голас аднаго з хлопцаў быў вясёлы й жартаўлівы. (К. Чорны).
  • ускоснымі склонамі: Я быў госьцем у адной палескай школе. (І. Шамякін). Сэрца ж дзявочае не з каменю… (Р. Сабаленка). Гэтая справа не для нас. (А. Чарнышэвіч). Ты, ранак, будзь за сьведку… (А. Куляшоў). Задача быля ня зь лёгкіх. (Ц. Гартны).
  • нязьменнымі словамі: Усе вокны ў райкоме — насьцеж. (М. Пасьлядовіч). Прыгожа ўлетку ў вёсцы! (М. Зарэцкі).
  • непадзельным спалучэньнем словаў або ўстойлівым выразам: Бацька ў Міколы быў добры чалавек. (І .Новікаў). Сам я па прафэсіі настаўнік. (П. Панчанка).

Працяжнік паміж дзейнікам і выказьнікам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры адсутнасьці дзеяслова-зьвязкі ў састаўным іменным выказьніку паміж дзейнікам і выказьнікам ставіцца працяжнік:

  • калі абодва галоўны членгалоўныя члены выражаныя назоўнікамі ў назоўным склоне: У складзе выказьніка могуць быць часьціцы гэта, вось, значыць: Ліхая забава — вялікая няслава. (Прыказка). Кожны чалавек — гэта цэлы сьвет. (К. Чорны).
  • калі галоўныя члены сказа (або адзін зь іх) выражаны неазначальным дзеясловам: Любіць — значыць змагацца за лепшае заўтра. (П. Пестрак). Вучыцца ў народа — задача кожнага пісьменьніка. (К. Чорны).

Пасьля дзейніка, выражанага асабовым займеньнікам, працяжнік ставіцца тады, калі на займеньнік прыпадае галоўны зьмест: Я — пасланец народу. Мы — людзі мірнай працы.
Працяжнік не ставіцца, калі ў склад уваходзяць параўнальныя злучнікі як, нібы, быццам, а таксама часьціца не: Сінія вочкі што васілёчкі. (П. Броўка). Экзамены ня сьвята, гэта ўпартая й адказная праца. (А. Чарнышэвіч).

Складаны выказьнік[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Складаны выказьнік спалучае ў сабе часткі састаўнога дзеяслоўнага й састаўнога іменнага выказьніка. Існуе некалькі разнавіднасьцей складанага выказьніка:

  • выказьнік зь іменнаю часткаю, выражанай прыметнікамі рады (рад), гатовы (гатоў), павінен, абавязан і неазначальным дзеясловам: Чалавек павінен чалавеку радасьці прыносіць кожны дзень. (С. Грахоўскі). Кожны з нас адзін другому рад заўсёды памагаць. (А. Вольскі)
  • выказьнік, у якім асабовы дапаможны дзеяслоў спалучаецца зь неазначальнымі дзеясловамі быць, стаць, здавацца і іменнаю часткаю: Дзень меўся быць найлепшым. (Я. Скрыган). Хачу быць я, мой ты бацька, лётчыкам-героем. (Янка КупалаЯ. Купала)
  • выказьнік, у склад якога ўваходзіць неазначальны дзеяслоў у спалучэньні з прыслоўямі трэба, неабходна, можна, варта: Трэба рана ўстаць, у холад рэчкі бухнуцца... (П. Панчанка). Пытаньне ўжо можна лічыць высьветленым. (П. Пестрак)
  • выказьнік, у якім дзеяслоў спалучаецца з прыслоўем: Гонкія сосны стаялі ўперамешку з лапістымі елкамі. (Я. Колас). Хадосьцы стала боязна. (І. Мележ)
  • выказьнік, у склад якога ўваходзяць тры віды дзеясловаў: Лабановіч вырашыў неадкладна пастарацца пабачыць Ядвісю... (Я. Колас)

Дапасаваньне выказьніка да дзейніка[c][рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзеяслоўны выказьнік дапасуецца да дзейніка ў асобе й у ліку (у прошлым часе — ў ліку й у родзе або толькі ў ліку).
Пры дзейніку, выражаным непадзельным спалучэньнем, выказьнік можа стаяць у адзіночным або ў множным ліку.
Выказьнік у адзіночным ліку ўжываецца ў наступных выпадках:

  • калі залежны назоўнік у колькасна-іменным спалучэньні зьяўляецца неадушаўлёным
  • калі спалучэньне лічэбніка з назоўнікам абазначае прыблізную колькасьць
  • калі ў склад дзейніка ўваходзяць словы дзесятак, сотня, грамада, чарада, шэраг
  • калі выказьнік папярэднічае дзейніку

Выказьнік ужываецца ў множным ліку ў тым парадку, калі ў колькасна-іменнае спалучэньне ўваходзіць назоўнік са значэньнем асобы.
Калі ў склад дзейніка ўваходзіць колькасны лічэбнік (дзейнік пры гэтым стаіць перад выказьнікам), то выказьнік таксама ўжываецца ў множным ліку.
У множным ліку ўжываецца й выказьнік пры дзейніку, які выражаны спалучэньнем назоўніка (займеньніка) з назоўнікам у творным склоне.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Або граматычную сувязь
  2. ^ У такім выпадку зьвязка становіцца нулявой
  3. ^ У гутарковай мове й мове мастацкіх твораў бываюць адхіленьні ад ніжэйнапісаных правілаў ужываньня адзіночнага й множнага лікаў дзеясловаў-выказьнікаў