Браніслаў Туронак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Браніслаў Туронак
Род дзейнасьці лекар, публіцыст, грамадзкі дзяяч
Дата нараджэньня 22 чэрвеня 1896
Месца нараджэньня Пестуны, Дзісенскі павет, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 19 верасьня 1938 (42 гады)
Месца сьмерці Дукшты, Польшча
Месца вучобы
Занятак лекар
Жонка Марыя Рэшаць
Дзеці Юры Туронак
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Туронак.

Бранісла́ў Туро́нак (22 чэрвеня 1896, фальварак Пестуны, Дзісенскі павет — 19 верасьня 1938, Дукшты, Польшча) — лекар, публіцыст, беларускі грамадзкі дзеяч. Бацька гісторыка Юрыя Туронка.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Браніслаў Туронак нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Навучаўся ў народнай вучэльні ў Новым Пагосьце. У 1912 годзе паступіў у віленскую гімназію, дзе вучыўся, пакуль Вільню не занялі немцы. У 1915—1916 гадах навучаўся ў Віцебскай гімназіі, затым паступіў у гімназію ў Яраслаўлі, якую скончыў у 1917 годзе.

Пасьля завяршэньня гімназічнай адукацыі вярнуўся на Дзісьненшчыну. Тут завязаў кантакты з ксяндзом Адамам Станкевічам, праўдападобна пад яго ўплывам заняўся арганізацыяй беларускіх школаў. У 1917—1919 настаўнічаў на Дзісьненшчыне ў беларускіх пачатковых школах у Більдзюгах і Новым Пагосьце. У ліпені 1919 перабраўся ў Вільню.

Скончыў Віленскія беларускія настаўніцкія курсы (1919). У той жа год паступіў у Віленскі ўнівэрсытэт на мэдыцынскі факультэт. Падчас вучобы ва ўнівэрсытэце Браніслаў Туронак далучыўся да беларускага студэнцкага руху. Увайшоў у склад першай управы Беларускага студэнцкага саюзу (БСС, 1921), быў адказным сакратаром месячніка «Нашага шляху» (1922—1923) і «Крыніцы» (1923—1925). У 1923 у складзе новай управы БСС, таксама абраны сакратаром Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту (1924) і двухгадовай практыкі Б. Туронак атрымаў дыплём доктара лекарскіх навук (1926). У жніўні 1925 году арыштаваны польскай паліцыяй як рэдактар «Крыніцы», дзе разьмяшчаліся матэрыялы ў абарону выкарыстаньня беларускай мовы ў каталіцкім касьцёле. Два тыдні пра яго не было ніякіх вестак. Туронак мог быць вызвалены пад заклад 500 злотых. Ксёндз Адам Станкевіч прасіў суд зьменшыць заклад, але суд павялічыў яго да 1000 злотых. Дзякуючы салідарнасьці грошы былі сабраныя, і да суду Туронак знаходзіўся на свабодзе. Б. Туронак быў пасаджаны асуджаны да 3-месячнага турэмнага зьняволеньня. У 1927—1928 гадах працаваў у віленскай клініцы. Адзін са стваральнікаў і дзеячаў Беларускага сялянскага саюзу і Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры (з 1926 году). Кіраваў Віленскім аддзелам БІГіК да свайго выезду ў 1928 годзе. У сьнежні 1928 году вылучаны кандыдатам ад Блёку нацыянальных меншасьцяў на выбарах у польскі сейм, але пасольскага мандату не атрымаў. Займаўся папулярызацыяй аховы здароўя. Выступаў з артыкуламі па гэтай тэме ў газэце «Беларуская крыніца». У 1928 ягоная праца «Гігіена ўзгадаваньня дзіцяці» выйшла асобнай брашурай.

У студзені 1928 году ажаніўся з Марыяй Рэшаць — сястрой беларускага ксяндза і прафэсара Язэпа Рэшаця. Пасьля жаніцьбы пакінуў Вільню й пасяліўся ў мястэчку Дукшты, працаваў лекарам. Меў трох сыноў. Памёр 19 верасьня 1938 году ў Дукштах. Сабраная ім калекцыя кніг і часопісаў згарэла ў 1944 годзе.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Туронак Ю. Памяці Браніслава Туронка. Варшава — Нью-Ёрк, БІНіМ. 1990.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Туронак Браніслаў(недаступная спасылка) // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.