Беларускі кнігазбор

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Беларускі кнігазбор
КраінаБеларусь
Мова арыгіналубеларуская
Выдавецтва«Кнігазбор»
Выданьне1995 — дасюль

«Беларускі кнігазбор» — кніжны праект клясыкі беларускае літаратуры й літаратуры пра Беларусь ад старажытнасьці да нашых дзён. Заснаваны Міжнародным Фондам «Беларускі кнігазбор» ў 1995 року. Асноўная дзейнасьць — падрыхтоўка кніг праекту. Галоўны рэдактар праекту — беларускі пісьменьнік і літаратуразнаўца Кастусь Цьвірка.

У праекце «Беларускім кнігазборы» прадстаўленыя найлепшыя творы мастацкае літаратуры, беларускага літаратуразнаўства й гістарыяграфіі. Праект складаецца з трох сэрыяў: мастацкая літаратура, гісторыка-літаратурныя помнікі й пераклады замежнае літаратуры. Найбольшай сярод іх зьяўляецца мастацкая літаратура.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

17 сакавіка 1995 року выбітнымі беларускімі навукоўцамі й пісьменьнікамі як зь Беларусі, так і замежжа быў створаны й зарэгістраваны Міжнародны Фонд «Беларускі кнігазбор», галоўнай мэтай якога было — збор матэрыялаў і падрыхтоўка да друку аднайменнага 200-томнага кніжнага праекту. Ідэя была распрацаваная беларускім пісьменьнікам і літаратуразнаўцам Кастусём Цьвіркам. Сярод заснавальнікаў Фонду былі: Н. Гілевіч, Р. Барадулін, С. Шушкевіч, Р. Гарэцкі, В. Зуёнак, А. Вярцінскі, Г. Бураўкін, А. Клышка, Г. Вінярскі, В. Кіпель, Я. Запруднік, А. Баршчэўскі, А. Каўка, В. Сёмуха і інш. Нязьменнымі кіраўнікамі зьяўляюцца К. Цьвірка (прэзыдэнт, надалей кіраўнік і галоўны рэдактар) і Г. Вінярскі (выканаўчы дырэктар). «Беларускі кнігазбор» меў дзьве філіі — у Вільні (кір. Лілея Плыгаўка) і ў СПБ(кір. Мікалай Нікалаеў). Распачыналі дзейнасьць тры чалавекі — К. Цьвірка (прэзыдэнт), Г. Вінярскі (выканаўчы дырэктар) і Марына Адамовіч (гал. рахункаводка й юркансультантка).

У 1995 року была выдадзеная брашура плян-каталёг сэрыі. Першай надрукаванай кнігай стала «Ян Чачот. Выбраныя творы» (1996 год). Першыя тамы Фонд выдаваў пры частковай дзяржаўнай субсыдыі, пазьней — за ўласныя сродкі й пры дапамозе спонсараў. Наклады першых тамоў былі ад 4000 да 10000 («Філяматы і Філарэты»).

У сувязі са зьмяненьнямі ў заканаўстве ў 2006 годзе зьмяняліся назвы з МФ «Беларускі кнігазбор» на МГА «Беларускі кнігазбор» і на МГА «Белкнігазбор». Напрыканцы 2018 року Аб’яднаньне спыніла сваю дзейнасьць, але каардынаваньне працы па збору й апрацаваньні матэрыялаў, па падрыхтоўцы да друку кніг праекту «Беларускі кнігазбор» працягвае ПУП «Кнігазбор». З заплянаваных 200 на стан 2019 року было выдадзена каля 100 кніг; шэраг аўтараў выдадзеныя ўпершыню пасьля замоўчваньня ў савецкія часы.

Выдавецкая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праект «Беларускі кнігазбор» складаецца зь трох асноўных сэрыяў:

  • «Мастацкая літаратура»;
  • «Гістарычна-літаратурныя помнікі»;
  • «Пераклады замежнай клясыкі».

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]