Беларуская маладзёжная (радыёстанцыя)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Беларуская маладзёжная
Горад Менск
Краіна Беларусь
Фармат беларускамоўны
Музычны фармат беларускамоўны, маладзёвы
Частасьць на (Беларускім радыё)
Пачатак працы 1963
Канец працы 1994
Замененая Радыё 101,2,
газэта «Беларуская маладзёжная»
Заснавальнік Беларускае радыё

Радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» (1963—1994) — галоўная беларуская рэдакцыя праграм для моладзі. Існавала ў межах дзяржаўнага беларускага радыё.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Была заснаваная ў 1963 годзе. Гэта была другая на тэрыторыі СССР спэцыялізаваная рэдакцыя са статусам радыёстанцыі пасьля маскоўскага радыё «Юность» (знакаміты «Маяк» зьявіцца годам пазьней). Афіцыйна яна называлася «галоўная рэдакцыя праграм для моладзі» ў сыстэме дзяржаўнага радыё БССР, а «Беларуская маладзёжная», натуральна, было дасьціпнай назвай, або папросту — брэндам радыёстанцыі.

З 1986 году кіраваць рэдакцыяй прызначылі 30-гадовую журналістку Жанну Літвіну, якая зьмяніла фарматы перадач. Вострыя тэмы, яркія выступоўцы (сярод якіх, дарэчы, ня раз фігураваў і Аляксандар Лукашэнка, на той момант — заўзяты апазыцыянэр), сьмелая і свабодная манера размоваў у этэры — вось тое, за што любілі і слухалі праграмы БМ.

Яшчэ напрыканцы 1980-х радыёстанцыя запісала круглы стол з удзельнікамі руху «Талака», якія ўпершыню загаварылі аб нацыянальнай валюце, нацыянальнай арміі, сувэрэнітэце і незалежнасьці Беларусі. (Стужкі з запісам у той жа дзень забрала КДБ, ускрыўшы мантажную, але пасьля скандалу на ўзроўні кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё запісы вярнулі).

Рэдакцыя адной зь першых пачала расказваць пра нацыянальнае адраджэньне і ўздымала ў этэры самыя вострыя тэмы, што абмяркоўваліся палітыкамі новай дэмакратычнай фармацыі — пошукі праўды пра Чарнобыль, стварэньне Свабоднага прафсаюзу, незалежнасьць краіны і г. д.

Студзеньскія падзеі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1991 году БМ дамаглася таго, што час, у які традыцыйна выходзілі вечаровыя навіны з Масквы, замацаваўся за ёй. Празь некалькі тыдняў пасьля гэтага адбыліся сумнавядомыя падзеі студзеньскага штурму Віленскай тэлестудыі і ўводу савецкіх войскаў у Вільню падчас вечаровага этэру адбылося прамое ўключэньне Сяргея Дубаўца з рэпартажам зь Летувы і ў праграме загучалі словы пра акупацыю Літвы савецкімі войскамі[1]. Празь некалькі хвілін Васіль Крупскі распавёў у прамым этэры, што ў Персыдзкай Затоцы раніцай пачнецца вайна.

Наступным днём паседжаньне Вярхоўнага Савета пачалося з праслухоўваньня стужкі, на якую запісваўся этэр, была створана камісія, якая мусіла разабрацца ў гэтай антысаветчыне ці яшчэ чымсьці на Беларускім радыё, а паралельна была створана і група дэпутатаў, якая накіравалася ў Вільнюс, каб на ўласныя вочы паглядзець, што ж там такое адбываецца. Санкцый з боку кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё ў дачыненьні да рэдакцыі пасьля гэтага не было, хаця на зьмену лаяльнаму Генадзю Бураўкіну на пасаду старшыні Дзяржтэлерадыёкампаніі ў той час ужо прыйшоў Аляксандар Сталяроў. Аднак празь нейкі час вечаровыя этэры БМ усё ж перасунулі з прайм-тайму а 19.00 на позьні вечар.

Хто працаваў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку 1990-х у складзе рэдакцыі працавалі Уладзімер Дзюба, Валянціна Стэльмах, Анатоль Груша, Алена Сьцяпанава, Іна Студзінская, Тацьцяна Мельнічук, Алена Радкевіч, Віталь Сямашка, Ігар Ганчарук, Уладзімер Давыдоўскі, Лявон Вольскі, Зьміцер Лукашук, Алесь Дайнэка.

Пасьля здабыцьця незалежнасьці, у 1992—1993 гг. прыйшла гэнэрацыя зусім маладых супрацоўнікаў: Алесь Хмяльніцкі, Іван Кобзік, Ганна Харужая, Генадзь Кесьнер, Ірына Курапаткіна, Вольга Бабак.

Сярэдні ўзрост журналістаў рэдакцыі складаў каля 30 гадоў. БМ актыўна асьвятляла падзеі ў моладзёвай культуры, рок-музыцы. Як ні складана гэта сёньня ўявіць, пераважная большасьць супрацоўнікаў размаўляла ў этэры тагачаснага дзяржаўнага радыё на «тарашкевіцы»…

Закрыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увесну 1994 году, напярэдадні першых прэзыдэнцкіх выбараў, кіраўніцтва Дзяржаўнага камітэту па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні расфармавала рэдакцыйны калектыў Галоўнай рэдакцыі вяшчаньня для моладзі («Беларускай маладзёжнай») у зьвязку з чарговай зьменай арганізацыйнага статусу Дзяржаўнага камітэту па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні. Жанна Літвіна кажа, што Кебіч прыняў гэта рашэньне збольшага таму, што БМ не падтрымала яго на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году[1].

Іншыя праекты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нягледзячы на тое, што фармальна ва ўсіх супрацоўнікаў БМ (за выключэньнем А. Радкевіч і В. Сямашкі) была магчымасьць працягнуць працу ў структуры дзяржаўнага радыё ў іншых рэдакцыях, большая частка калектыву напісала заявы аб звальненьні па ўласным жаданьні. Пасьля перамоваў з Жаннай Літвіной некалькі чалавекаў з рэдакцыі засталіся працаваць на дзяржрадыё — на новаўтвораным інфармацыйна-музычным канале «Радыё-2», які вяшчаў на Другім канале дзяржаўнага радыё. Аднак напярэдадні рэфэрэндуму 1996 году вяшчаньне гэтага каналу, які ўзначаліў былы супрацоўнік БМ Уладзімер Дзюба, таксама прыпынілі. Напрацягу двух гадоў усе журналісты, што працавалі раней у БМ, звольніліся з Радыё-2, а яшчэ праз год рэдакцыю трансфармавалі ў канал «Культура».

Шмат хто з журналістаў пачаў працаваць на Радыё 101,2, якое фактычна зьяўлялася спадкаемніцай радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная», якая была зарэгістраваная ў чэрвені 1994 году напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. У канцы жніўня 1994 году Рада Фонда Сораса задаволіла заяўку на выдаткаваньне сродкаў на перадатчык для радыёстанцыі. У этэр радыёстанцыя выйшла 21 ліпеня 1995 году пасьля мантажу радыёперадатчыка, рамонту памяшканьня радыё, і абсталяваньня студыі[2].

Яшчэ ў сакавіку 1994 году была зарэгістраваная газэта «Беларуская маладзёжная», у якой друкаваліся расшыфроўкі радыйных гутарак, анонсы этэраў і ўсё, што не зьмяшчалася ў радыёфармат. Калі радыёстанцыю зачынілі, газэта засталася.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]