Адам Тытус Пуслоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Пуслоўскі.
Герб «Шаліга»

Ада́м Ты́тус Пусло́ўскі гербу Шаліга (1803, в. Пескі Слонімскага павету — 1854) — беларускі шляхціч, удзельнік Лістападаўскага паўстаньня 1830—1831 рр. на Беларускім Палесьсі.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў вёскі Пескі Слонімскага павету Гарадзенскай губэрні (Расейская імпэрыя), ахрышчаны 24 сьнежня 1803 року. Сын Войцеха Пуслоўскага, маршалка шляхты Слонімскага павету, і княгіні Жазэфы Друцкай-Любецкай, сястры міністра фінансаў Каралеўства Польскага князя Ксавэрыя Друцкага-Любецкага. Брат Тытуса.

Служыў у Александрыйскім гусарскім палку(ru), выйшаў у адстаўку ў званьні карнэта. Жыў у маёнтку Плянта Пінскага павету, аддадзеным яму бацькам.

З выбухам Лістападаўскага паўстаньня чакаў падыходу польскіх войскаў, каб далучыцца да паўстанцаў. Аднак, не дачакаўшыся дасланага яму на дапамогу атрада Самуэля Ружыцкага, сфармаваў уласны атрад, зь якім перайшоў у лясы Палесься на мяжы зь Пінскім паветам. Пры падтрымцы бацькі, службоўцаў і рабочых ягоных фабрык здолеў набраць атрад колькасьцю да 1000 чалавек.

Падчас пераправы праз раку Піна атрад Пуслоўскага быў атакаваны расейскімі войскамі пад кіраўніцтвам палкоўніка Ілінскага. На нейкі час паўстанцы здолелі адарвацца, аднак пасьля чарговага бою пад Невелем (Няўмянамі) пацярпелі сакрушальную паразу, страціўшы 400 чалавек параненымі і забітымі. Тытус Пуслоўскі, паранены, здолеў уцячы і падаўся на Валынь. Паводле некаторых зьвестак, пасьля ён з рэшткамі атраду далучыўся да атраду Караля Ружыцкага.

Пасьля здушэньня паўстаньня пражываў ва Ўсходняй Прусіі. Пасьля беспасьпяховых спробаў вярнуцца на радзіму ўлетку 1832 року выехаў у Францыю. Памёр 5 сакавіка 1854 року ў Парыжы, пахаваны на могілках Пэр-Ляшэз.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]