Абраз Маці Божай Жыровіцкай

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Жыровіцкі абраз Маці Божай
Год 1470
Тып абраз
Памеры 56 × 44 мм[1]
Месцазнаходжаньне Жыровічы
Уладальнік Жыровіцкі манастыр

Жыро́віцкі абра́з Ма́ці Бо́жай — хрысьціянская сьвятыня, ушаноўваецца праваслаўнай і грэка-каталіцкай цэрквамі як цудатворны. Знаходзіцца ў Жыровіцкім Сьвята-Ўсьпенскім мужчынскім манастыры.

Падзею знаходжаньня абраза ў 1470 годзе сьвяткуюць 20 траўня. Найменшы паводле памеру з абразоў Багародзіцы ў Беларусі. Уяўляе сабой рэльефную выяву Багародзіцы зь дзіцяткам Ісусам на руках. Выразаны на яшме і зьмяшчаецца ў акладзе. Адносіцца да віду абразоў «Замілаваньне», калі шчака Багародзіцы прыхінаецца да шчакі дзіцяці[1].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

3ьяўленьне Жыровіцкага абраза Маці Божай на жыровіцкай зямлі папярэдзіў цуд. У 1470 г. пастушкі, якія пасьвілі ў лесе жывёлу ўбачылі аднойчы на дзікай грушцы нейкі прадмет, ад якога ва ўсе бакі разыходзіліся ясныя прамяні. Гэта быў маленькі абразок Маці Божай, які зьзяў незвычайным бляскам. Хлопчыкі забралі яго і занесьлі да свайго пана — літоўскага падскарбія Аляксандра Солтана, які загадаў пабудаваць на тым месцы драўляную сьвятыню. Слава цудоўнага абраза пачала прыцягваць да Жыровічаў вялікую колькасьць набожнага люду.

Празь некалькі дзясяткаў гадоў маленькая драўляная каплічка раптам згарэла — на вачах уражаных жыхароў над алтаром абвалілася столь і абраз зьнік у агні. Пазьней, каля папялішча дзеці заўважылі Панну незвычайнай прыгажосьці, акружаную яснымі праменьнямі. Калі на гэтае месца прыйшлі сьвятары, яны знайшлі на камяні некрануты цудоўны абраз, перад якім палілася сьвечка.

У часы Рэфармацыі, якая ігнаравала Багародзіцу, культ жыровіцкага абраза амаль не пашыраўся. У 1613 г. тагачасны ўладальнік Жыровічаў, Ян Мялешка пабудаваў тут мураваную сьвятыню і кляштар і запрасіў да працы базыліянаў. Першым прыорам кляштару быў Язафат Кунцэвіч. Разьмешчаныя на мяжы Літвы, Русі і Кароны, Жыровічы маглі аб’ядноўваць вернікаў, што ўслаўлялі Маці Божую, і стваралі адну хрысьціянскую сям’ю. Шматлікія цудоўныя аздараўленьні невылечна хворых і іншыя незвычайныя цуды, якія адбываліся тут, прыцягвалі да сьвятога месца тысячныя натоўпы, таму слава мястэчка пашыралася далёка за межы краіны. Жыровічы ня ведалі непаразуменьняў і нянавісьці: панавала адзіная вера, якая яднала розныя канфэсіі.

19 верасьня 1730 году адбылася каранацыя Жыровіцкай Іконы Багародзіцы папскімі каронамі. Гэта было сьвята Раства Багародзіцы па юліянскім календары, а розьніца паміж календарамі юліянскім і грыгарыянскім складала ў XVIII стагодзьдзі 11 дзён. Папам Рымскім быў тады Клімэнт XII, але рашэньне «ўзлажыць на галаву Богадзіцяці Ісуса і багародзіцы Дзевы ў Жыровіцах у царкве айцоў ордэна Сьв. Васіля, Кіеўскага дыяцэза, залатыя кароны» было прынята яшчэ ў 1726 годзе, у час пантыфікату Папы Бэнэдыкта XIII. Княгіня Ганна Сангушка ахвяравала Маці Божай дзьве залатыя кароны, аздобленыя каштоўнымі камянямі.

У 1839 г. царскім указам сьвятыня з абразам Маці Божай Жыровіцкай былі перададзена праваслаўнай Царкве.

Падчас Першай сусьветнай вайны Жыровіцкі абраз Багародзіцы вывезьлі ў маскоўскі сабор Васіля Шчаснага. У 1918 годзе яго перавезьлі ў падмаскоўны Кацярынінскі манастыр ў Растаргуева. У 1922 годзе жыровіцкі архімандрыт Ціхан (Шарапаў) вярнуў яго ў Жыровіцкі манастыр. У жніўні 1941 году архімандрыт Серафім Жыровіцкі (Шахмуць) выехаў у Менск для місіянэрства, куды вывозіў абраз з сабой[1].

Сьвята Жыровіцкай Божай Маці сьвяткуецца штогод 7 траўня.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Ларыса Цімошык. Прыцягненьне // Зьвязда : газэта. — 14 траўня 2014. — № 87 (27607). — С. 6. — ISSN 1990-763x.