Ёган Эрнст Глюк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ёган Эрнст Глюк
Johann Ernst Glück
Мэмарыяльная дошка ў Вэтыне
Мэмарыяльная дошка ў Вэтыне
Дата нараджэньня 10 лістапада 1652
Месца нараджэньня Сьцяг краіны або тэрыторыі Вэтын
Дата сьмерці 5 траўня 1705 (52 гады)
Месца сьмерці Сьцяг Расейскай імпэрыі Масква
Канфэсія лютэранства
Званьне пастар
Альма-матэр
Пасада багаслоў
перакладнік
Сужэнец Хрыстына Райтэрн
Дзеці 2 сыны і 4 дачкі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Глюк (неадназначнасьць).

Ё́ган Эрнст Глюк (па-нямецку: Johann Ernst Glück, па-латыску: Johans Ernests Gliks; 10 лістапада 1652, Вэтын, Саксонія-Ангальт, Сьвятая Рымская імпэрыя — 5 траўня 1705, Масква, Расейская імпэрыя)[1]нямецкі лютэранскі пастар і багаслоў, перакладнік Бібліі на латыскую мову.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глюк нарадзіўся ў Вэтыне ў сям’і пастара. Навучаўся ў гімназіі ў Альтэнбургу, пасьля вывучаў багаслоўе, рыторыку, філязофію, геамэтрыю, гісторыю, геаграфію і лаціну ў Вітэнбэргу і Ляйпцыгу.

У 1673 року пераехаў у Відзэмэ (Лівонія, цяпер Латвія) дзеля прававедніцкай дзейнасьці. Каб мець магчымасьць перакладаць Біблію, вывучаў старажытнагабрэйскую і грэцкую мовы ў Гамбургу. У 1680 року вярнуўся ў Лівонію і пастаўлены пастарам гарнізону ў Дынамюндэ; з 1683 — пастар парафіі ў Марыенбургу (цяпер Алукснэ).

У Марыенбургу ў ягонай хаце працавала служанкай Марта Скаўронская, пазьней каханка і жонка расейскага імпэратара Пятра I.

У 1685 року Ёган Эрнст Глюк скончыў пераклад на латыскую мову Новага Запавету, да 1689 завяршыў пераклад усяе Бібліі(lv). Пры недахопе латыскіх адпаведнікаў у перакладзе карыстаўся нямецкімі тэрмінамі; некаторыя зь ягоных нэалягізмаў захаваліся ў латыскай мове. Вядомы таксама як заснавальнік латыскіх школаў у Лівоніі.

У 1687 прызначаны пробстам у Какенгаўзэне. У 1702 року пасьля заваёвы Марыенбургу расейскімі войскамі Ёган Глюк вывезены ў Расею. Пасаджаны ў палон у Кітай-горадзе (Масква), пазьней вызвалены пад нагляд. Заняўся навучаньнем дзяцей нямецкай, лацінскай ды іншым мовам, адкрыў школу і дабіўся прысваеньня ёй статусу гімназіі, аднак нечакана сканаў 5 траўня 1705 року.

Пахаваны на старых нямецкіх могілках Масквы (не захаваліся).

Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У ягоным доме ў Алукснэ адкрыты музэй ягонай памяці. Тут захоўваецца арыгінал першага выданьня Бібліі Глюка. На гербе Алукснэ(lv) выяўленая Біблія з годам выданьня «1689», то бок дата сканчэньня працы Ёгана Эрнста Глюка над сваім перакладам.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^  Rožkalne, Anita Latviešu rakstniecība biogrāfijās / LU literatūras, folkloras un mākslas institūts. — Riga: Zinātne, 2003. — ISBN 9984-698-48-3

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Mach dich auf und werde licht — Celies nu, topi gaiss» — Zu Leben und Werk von Ernst Glück (1654-1705) / Herausgegeben von Schiller, Christiane / Grudule, Mara // Akten der Tagung anlässlich seines 300. Todestages vom 10. bis 13. Mai 2005 in Halle (Saale). — Wiesbaden: Harrasowitz, 2010.