Пагоня: розьніца паміж вэрсіямі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
→‎XIV—XV стагодзьдзі: Codex Bergshammar - GDL 1.png
→‎Галерэя: у гэтай Вікіпэдыі ў артыкулах прыводзяцца толькі jpg-фотакопім арыгінальных выяваў гербаў, svg-малюнкі дазваляюцца толькі пры афармленьні шаблёнаў
Метка: Ручное скасаваньне
Радок 240: Радок 240:
Vitaŭt Vialiki, Pahonia. Вітаўт Вялікі, Пагоня (1443).jpg|Пахаваньне Вітаўта Вялікага, 1443 г.
Vitaŭt Vialiki, Pahonia. Вітаўт Вялікі, Пагоня (1443).jpg|Пахаваньне Вітаўта Вялікага, 1443 г.
Žygimont Karybutavič, Pahonia. Жыгімонт Карыбутавіч, Пагоня.jpg|Уваход Жыгімонта Карыбутавіча ў Прагу, {{nowrap|1443 г.}}
Žygimont Karybutavič, Pahonia. Жыгімонт Карыбутавіч, Пагоня.jpg|Уваход Жыгімонта Карыбутавіча ў Прагу, {{nowrap|1443 г.}}
Codex Bergshammar - GDL 1.png|Codex Bergshammar, 1-я пал. XV ст.
Pahonia. Пагоня (1440).jpg|Codex Bergshammar, 1-я пал. XV ст.
LTherald1475.jpg|Wappen besonders von deutschen Geshlchtern, {{nowrap|1475 г.}}
LTherald1475.jpg|Wappen besonders von deutschen Geshlchtern, {{nowrap|1475 г.}}
</gallery>
</gallery>

Вэрсія ад 14:49, 5 жніўня 2020

Герб «Пагоня» ўзору 1991 году
Герб «Пагоня» ўзору 1991 году
Апісаньне
Першыя згадкі XIII ст.
Зацьверджаны XIV ст.
25 сакавіка 1918 г.
19 верасьня 1991 г.
Выкарыстаньне Вялікае Княства Літоўскае
Беларуская Народная Рэспубліка
Рэспубліка Беларусь

Пагоня — герб Вялікага Княства Літоўскага[1], які атрымаў статус дзяржаўнага ў час княжаньня Вітаўта Вялікага[2]. Традыцыйны нацыянальны герб беларусаў[3]. Дзяржаўны герб Беларускай Народнай Рэспублікі (1918—1919) і Рэспублікі Беларусь (1991—1995). Гэта выява ўзброенага вершніка на белым кані на чырвонай тарчы. Вершнік трымае ў паднятай правай руцэ меч, у левай — белую, чырвоную альбо сінюю тарчу з залатым шасьціканцовым крыжом. Зь левага боку ў вершніка ножны мяча, з-пад сядла зьвісае трохканцовая вупраж (у розныя часы яна мяняла свой колер зь сіняга да залаціста-жоўтага[4]). З колераў Пагоні ўтвараецца нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг беларусаў.

14 траўня 2007 году ўрад Беларусі надаў гербу Пагоні статус нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасьці[5]. З 10 красавіка 1990 году варыянт Пагоні («Віціс») зьяўляецца дзяржаўным гербам Летувы.

Вытокі

Пагоня XV ст. з надмагільля Ягайлы[a]

На ўзьнікненьне гербу Пагоні і замацаваньне яго на старажытных землях Вялікага Княства Літоўскага паўплывала некалькі чыньнікаў, кожны зь якіх паасобку ня быў вырашальным[7]:

  • Пэўныя ўплывы агульнаэўрапейскай геральдычнай традыцыі адлюстраваньня князя-правадыра на пячатках фэўдальных герархаў (Польшча, Чэхія[8], рыцарскі ордэн тампліераў, конныя пячаткі наўгародзкага князя Аляксандра Неўскага і інш.)
  • Атаясамленьне гербу Пагоні з постацьцю абаронцы Айчыны і адлюстраваньне жыцьця тагачасных насельнікаў краю, што знаходзіліся пад заўсёднай ваеннай пагрозай.
  • Уплыў грэцка-хрысьціянскіх культаў — сьвятых Дзімітрыя Салунскага і Юрыя Пераможцы, адаптацыя апошніх да мясцовай традыцыі і фармаваньне культу ўласных заступнікаў.
  • Спалучэньне і пэрсанафікацыя ў гербе постацяў сьвятых Барыса і Глеба з блізкага мінулага і паганскага Ярылы з больш глыбокіх пластоў.

У Сярэднявеччы вершнік лічыўся ўвасабленьнем вялікага князя літоўскага, а таксама азначаў «пагоню» — вайсковае рушэньне, калі па адбіцьці аблогі гораду, усе войскі і жыхарства зямлі гналася за адыходзячым ворагам. Адсюль герб атрымаў сваю назву. Вялікі князь літоўскі Ягайла ў сваёй (лацінскай) грамаце ад 20 лютага 1387 году пісаў: «…паводле старажытнага звычаю, перасьлед ворага ёсьць абавязкам кожнага мужчыны ў нашым краі; гэткае паспалітае рушэньне дзеля выгнаньня ворага з нашае Літоўскае зямлі па-народнаму завецца „погоня“ (pogonia)»[9].

Гісторыя

Пагоня з гербоўніка Эразма Комніна 1575 г.

Вялікае Княства Літоўскае

Першы пісьмовы ўпамін пра герб Пагоню сустракаецца ў літоўскіх (беларускіх) летапісах пад 1278 годам у зьвязку з князем Нарымонтам (якога можна атаясаміць з братам або сынам вялікага князя літоўскага Трайдзеня):

Пагоня зь Літоўскага Статуту выданьня 1614 г.[10]


« Той Наримунт мел герб, або клейнот, рицерства своего таковый, и тым печатовался, Великому князству Литовскому зоставил его, а то такий: в гербе муж збройный, на коню белом, в полю червоном, мечъ голый, яко бы кого гонячи держал над головою, и есть оттоля названый «погоня». »

—Хроніка Літоўская і Жамойцкая[b][c]

Густынскі летапіс кажа пра ўзьнікненьне гербу Пагоні за часамі вялікага князя літоўскага Віценя (1294—1316):


« А Витен нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему князству Литовскому печать: рыцар збройный на коне з мечем, еже ныне наричут Погоня. »

Густынскі летапіс[d]

Герб Вялікага Княства Літоўскага. Картуш, 1720 г.

Пагоня ўпершыню зьяўляецца[11] на пячатцы «караля Літвы і Русі» Гедыміна (1316—1341)[12]. Выява гербу крыху адрозьнівалася ад звычайнай: коньнік трымае ў руцэ дзіду, а ня меч. Гэтая пячатка захоўваецца цяпер у гістарычным музэі Вільні. Таксама выява Пагоні ёсьць на пячатцы полацкага князя Глеба (Нарымонта), датаванай 1330 годам[13][14]. Была Пагоня і на пячатцы вялікага князя літоўскага Альгерда, якой ён змацаваў дамову з польскім каралём Казімерам 1366 году (вакол Пагоні — рускі надпіс)[15]. На гэтым этапе гербавая пячаць вершніка ўвасабляла сабой сувэрэннага валадара — князя і магла мець пэўныя адрозныя элемэнты: апроч зазначанай вышэй дзіды замест мяча, цмока пад капытамі каня і адсутнасьць тарчы ў вершніка[16].

У XIV стагодзьдзі выява вершніка разьмясьцілася на тарчы і пачала выкарыстоўвацца як герб на пячатках Ягайлы (1386 і 1387) і Вітаўта (1401). Адылі Пагоня стала дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага. У канцы XIV ст. Пагоня таксама ўжывалася як сымбаль пінскіх і друцкіх князёў.

Герб ВКЛ з Маскоўскага тытулярніка 1672 г.

Выгляд гербу Пагоні ня быў аднолькавым: сьпярша вершнік глядзеў у левы (геральдычны) бок, але пачынаючы зь першае паловы XV стагодзьдзя, паводле правілаў эўрапейскай геральдыкі, ён павярнуўся ў правы бок. За часамі Вітаўта пашыралася выява на тарчы вершніка гербу Калюмнаў[16].

Першая выява Пагоні з шасьціканцовым крыжом, ідэнтычным крыжу Эўфрасіньні Полацкай — сьвятыні Полацкай зямлі — зьявілася на гербавай тарчы надмагільля вялікага князя літоўскага і караля польскага Ягайлы[14]. Хоць пра вытокі гэтага крыжа (так званага «патрыяршага») і выказваліся вельмі супярэчлівыя думкі[e][16], ён адназначна мае хрысьціянскае (бізантыйскае) паходжаньне. Тым часам тлумачэньне крыжа з «Пагоні» як сымбаля паганскага бога Ярылы трэба прызнаць ня толькі бяздовадным, але і сутнасна немагчымым[2].

Герб Магілёва, 1661 г.

Згодна з Статутамі Вялікага Княства Літоўскага, усе месты і мястэчкі Літвы мусілі мець пячатку з Пагоняй, якой змацоўваліся гаспадарскія (вялікакняжацкія) позвы да абывацеляў (на Жамойць гэта правіла не пашыралася). Ніякія іншыя дакумэнты, апрача вялікакняскіх позваў, не маглі змацоўвацца пячаткай з Пагоняй:


« Тежъ мы, господаръ, даемъ подъ геръбомъ того паньства нашого, великого князства литовъского, «Погонею» печать до кожъдого повету, на которой естъ написани около геръбу имя того повету. А тую печать писаръ земъский присяжный у себе самъ, а не хъто инъшый, ховати маеть, которою печатью и под тытуломъ нашымъ позвы мають быти печатованы и выдаваны. А иные никоторые листы, выписы и сознанья, кроме только самыхъ позвовъ, тою печатю не маеть быть печатованы. »

—АРТЫКУЛ 12 // Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году

У XV—XVIII стагодзьдзях Пагоню зьмяшчалі на брамах беларускіх местаў і замкаў[14]. Гэта знайшло адлюстраваньне ў мескай геральдыцы — напрыклад, на гербе Магілёва. Таксама Пагоня ўваходзіла ў склад гербаў Беластоку, Дрысы, Лепелю, Магілёва, Пулаў, Рэчыцы, Седльцаў і Суражу.

Розныя вэрсіі Пагоні сталіся гербамі ваяводзтваў Вялікага Княства Літоўскага — Віленскага, Менскага, Берасьцейскага, Новагародзкага, Амсьціслаўскага, Полацкага і іншых (акрамя Жамойці). Пры гэтым выявы Пагоні прыпадаюць толькі на этнічную тэрыторыю беларусаў, усе суседнія землі маюць іншыя гербы[17].

Увогуле, існавалі пяць варыянтаў[18] сярэднявечнай Пагоні:

  1. Клясычная — у чырвоным полі збройны рыцар на белым кані, дзясьніцаю ўздымае голы меч над галавой, на левым плячы тарчу з падвойным залатым крыжам. Конь накрыты трохканцовай гунькаю. На найбольш старажытных каляровых малюнках конская зброя і тарча рыцара — блакітныя.
  2. Такі ж яздок, але ва ўзьдзетай руцэ дзіда, якую ён рыхтуецца кінуць у ворага.
  3. Голы (без засьцерагальнага ўзбраеньня) яздок на кані безь сядла, уздымае над галавою меч. Іканаграфія такога варыянту не сустракаецца, але вядомая падобная вэрсія XVII ст. Маскоўскага гербу.
  4. Малая Пагоня: на тарчы толькі асноўная дэталь гербу — збройная рука з голым мячом. Колер поля чырвоны або залаты. Існуе дзьве адметныя вэрсіі Малой Пагоні.
  5. Татарская Пагоня: у зялёным полі яздок, які адстрэльваецца з лука ў сваіх сьцігачоў.

Зь мінімальнымі стылістычнымі зьменамі Пагоня была дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага і часткай гербу Рэчы Паспалітае да 1795 году, калі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыя Беларусі апынулася ў складзе Расейскае імпэрыі.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

Ротны сьцяг Беларускай гусарскай харугвы

Яшчэ па захопе ўсходняй часткі Вялікага Княства Літоўскага Расейскай імпэрыяй (1772 год) царскі ўрад пастанавіў стварыць Палявы гусарскі беларускі полк. У 1775 годзе ён быў укамплектаваны выхадцамі зь Беларускай губэрні. Гэты полк атрымаў у наступным годзе ўласны штандар з гербам, дзе тарча падзялялася на два полі: у горным, залатым, выява чорнага двухгаловага арла, а ў «дольнай чырвонай частцы выява Літоўскага ўзброенага ездака на белым кані з узьдзетай шабляй». Прыкладна ў той жа час (1870-я гады) утварыўся і Полацкі Мушкецёрскі полк. Ён атрымаў у якасьці гербу на баявы сьцяг расьсечаную тарчу: у правым залатым полі выява паловы чорнага расейскага арла, у левай, чырвонай, — Пагоня. Згодна з указам ад 19 верасьня 1827 году Пагоняй упрыгожваліся сьцягі лейб-гвардыі Гарадзенскага гусарскага палку.

«Беларуская» частка (Полацак, Віцебск, Амсьціслаў) вялікага гербу Расейскай імпэрыі, 1857 г.

Герб Пагоня знайшоў сваё адлюстраваньне ня толькі на штандарах вайсковых частак, што фармаваліся з ураджэнцаў Беларусі, але і на гербах «беларускіх» (Полацкае намесьніцтва, Магілёўскае намесьніцтва, Віцебская губэрня) і «літоўскіх» (Гарадзенская губэрня і Віленская губэрня) адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Расейскай імпэрыі.

Апроч таго, колішні агульнадзяржаўны сымбаль увайшоў у склад гербаў усходніх беларускіх местаў (Віцебск, Вяліж, Гарадок, Дзьвінск, Дрыса, Лепель, Магілёў, Невель, Полацак, Себеж, Сураж, Чэрыкаў). У кожным з нададзеных расейскімі ўладамі гербаў тарча падзялялася на дзьве часткі: у горнай, паводле геральдычных паняцьцях «панаванай», разьмяшчаўся двухгаловы арол, а ў дольнай, «падпарадкаванай» — Пагоня.

У канцы 1850-х гадоў Пагоню зьмясьцілі на дзяржаўным гербе Расейскай імпэрыі як сымбаль колішніх зямель Вялікага Княства Літоўскага.

У час паўстаньня 1863—1864 гадоў герб Пагоня ў спалучэньні з польскім «Арлом Белым» стаў сымбалем нацыянальна-вызвольнага змаганьня за дэмакратычную перабудову грамадзтва. Кіраўнік здушэньнем паўстаньня Мураўёў-вешальнік аддаў распараджэньне аб забароне нашэньня жалобных і рэвалюцыйных знакаў — чорных шапак зь белымі султанамі, спражак з аб’яднаным гербам Польшчы і Літвы.

Такім чынам, герб Пагоня ў XIX ст. з аднаго боку зьяўляўся афіцыйным сымбалем, а зь іншага — неафіцыйным, рэвалюцыйна-дэмакратычным. Але ва ўсіх выпадках ён атаясамліваўся з канкрэтнай тэрыторыяй — тэрыторыяй сучаснай Беларусі[19].

Найноўшы час

Дзяржаўны герб БНР і гербы беларускіх ваяводзтваў, 1919 г.

У пачатку XX ст. герб Пагоня актыўна выкарыстоўваўся беларускім нацыянальным рухам. Ідэю вяртаньня да гістарычна дзяржаўнага сымбалю ў паэтычнай форме выказаў Максім Багдановіч, які ўвосень 1916 году напісаў верш «Пагоня».

У 1918 годзе Пагоню абвясьцілі дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі, яе выява разьмяшчалася на пячатках беларускіх дзяржаўных установаў. Заснавальнікі БНР лічылі Вялікае Княства Літоўскае адной з гістарычных формаў Беларускай дзяржаўнасьці і такім чынам працягвалі яго геральдычныя традыцыі ў XX стагодзьдзі[20]. Нацыянальны беларускі герб ужываўся ў сымболіцы ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну (1920 год).

У 1920 годзе летувісы ўзялі за герб уласнай незалежнай дзяржавы варыянт гербу Вялікага Княства Літоўскага замест свайго гістарычнага гербу «Мядзведзя». Каб не выкарыстоўваць гістарычную назву Пагоня, яшчэ ў 1845 годзе летувіская эліта (а менавіта Сыманас Даўкантас) прыдумала новае слова — «Віціс», якім з 1884 году пачала называць герб Вялікага Княства Літоўскага[21]. Такім чынам, прысваеньне літоўскага гербу мусіла падмацаваць прэтэнзіі маладой Летувіскай Рэспублікі на гістарычную пераемнасьць зь Вялікім Княствам Літоўскім. Аднак у 1920—1930-я гады шмат якія дзяржаўныя дзеячы Летувы паказвалі на неадпаведнасьць гэтага гербу менавіта летувіскай гістарычнай традыцыі. У 1935 годзе прэм’ер-міністар Летувіскай рэспублікі пан Тубаліс афіцыйна прызнаў не-летувіскае паходжаньне Пагоні і паведаміў пра тое, што ідзе праца па стварэньні новага дзяржаўнага гербу. Відавочна, гэтую працу спынілі падзеі 1939—1940 гадоў[22][23].

Сьцяг Першага Слуцкага палку стральцоў БНР, 1920 г.

У міжваенны час Пагоня ўжывалася ў Заходняй Беларусі на гербах Віленскага, Палескага, Падляскага і Наваградзкага ваяводзтваў Польскай Рэспублікі. Тым часам у БССР герб Пагоня ніяк не выкарыстоўваўся.

У Другую сусьветную вайну герб Пагоня разам зь іншымі нацыянальнымі сымбалямі вярнуў да ўжытку калябарацыйны беларускі ўрад (Беларуская Цэнтральная Рада). Але, як сьведчыць распараджэньне Рэйхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях (14.6.1944)[24], гэтае выкарыстаньне было неафіцыйным да апошніх дзён нямецкае акупацыі. Шырока вядомае распараджэньне, быццам падпісанае гаўляйтэрам Беларусі В. Кубэ і надрукаванае ў газэце «Раніца» (27 чэрвеня 1942), аб дазволе карыстацца Пагоняй побач зь нямецкай сымболікай «пры сьвяткаваньнях або для абазначэньня беларускай нацыянальнасьці», выявіўся, паводле вынікаў пазьнейшых дасьледаваньняў, тагачаснай дэзінфармацыяй, вінаватых у якой нямецкія акупацыйныя ўлады так і не знайшлі[22].

Пашпарт грамадзяніна Беларусі ўзору 1993—1996 гг.

25 сакавіка 1946 году для цырымоніі прыняцьця прысягі сяброў Саюзу беларускіх патрыётаў на вернасьць Беларусі дзяячка нацыянальна-вызвольнага руху Алеся Фурс намалявала Пагоню, за што была асуджаная да 25 гадоў савецкіх канцэнтрацыйных лягераў.

У паваенны час беларускую нацыянальную сымболіку, у тым ліку і Пагоню, выкарыстоўвала беларуская эміграцыя. А ў 1980-я гады напярэдадні распаду СССР герб Пагоня разам зь бел-чырвона-белым сьцягам сталі сымбалямі нацыянальнага адраджэньня Беларусі. Вяртаньню беларускай нацыянальнай сымболікі спрыялі гістарычна-культурныя аб’яднаньні і клюбы («Талака», «Паходня», «Узгор’е» і інш.) і Беларускі Народны Фронт, а таксама партыі дэмакратычнага кірунку (БСДГ, НДПБ, Сялянская партыя, АДПБ і інш.)[25].

Афіцыйнае прызнаньне Пагоні і бел-чырвона-белага сьцяга як нацыянальных сымбаляў беларусаў адбылося разам з прыняцьцем Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі (1990 год). Пад гэтай сымболікай прайшлі красавіцкія і травенскія страйкі працоўных Беларусі 1991 году, якія адыгралі сваю ролю ў крушэньні таталітарызму ў краіне[25]. А 19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў законы «Аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь». Дзяржаўным гербам Беларусі стаў старажытны беларускі герб Пагоня, Дзяржаўным сьцягам Беларусі — Бела-чырвона-белы сьцяг[25]. У заканадаўчым актах аб Дзяржаўнай сымболіцы Беларусі зазначалася, што герб Пагоня адлюстроўвае гістарычны шлях беларускага народа, шматвекавое існаваньне і разьвіцьцё яго дзяржаўнасьці[20].

Аднак у 1995 годзе прэзыдэнт А. Лукашэнка ініцыяваў рэфэрэндум, у выніку якога Пагоню пазбавілі статусу дзяржаўнага гербу і яна трапіла пад негалосную забарону.

У 2000-я гады герб Пагоня быў улучаны ў дзяржаўны сьпіс нематэрыяльных гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі, а ў 2009 годзе Пагоня стала афіцыйным гербам Віцебскай вобласьці.

Сучаснасьць

Пікет у Менску з плякатам лацінкай: «Вярнуць народу яго спрадвечныя сымбалі: герб Пагоня й бел-чырвона-белы сьцяг, — а таксама назоў краіны Літва, сталіцы — Менск!» (19.09.1991 г.)

У наш час Пагоняй як нацыянальным гербам працягваюць карыстацца некаторыя апазыцыйныя беларускія арганізацыі. Апроч таго, герб Пагоня актыўна выкарыстоўваецца ў спартовых і культурных мерапрыемствах па-за межамі краіны.

Сёньня Пагоня ёсьць на эмблемах некалькіх беларускіх грамадзкіх аб’яднаньняў:

Выява Пагоні часоў ВКЛ на пано «Шэсьце князёў» у Дрэздэне

Пагоню маюць у сваім складзе гербы наступных населеных пунктаў:

Наступныя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі маюць Пагоню ў складзе сваіх гербаў:

Таксама вэрсія Пагоні ёсьць гербам Летувы.

Апроч гэтага, стылізаваная выява Пагоні як гербу Вялікага Княства Літоўскага прысутнічае на найбольшым у сьвеце парцалянавым пано «Шэсьце князёў» у Дрэздэне.

Галерэя

XIV—XV стагодзьдзі

XVI стагодзьдзе

XVII стагодзьдзе

XVIII стагодзьдзе

XIX стагодзьдзе

Глядзіце таксама

Заўвагі

  1. ^ адна з найстаражытнейшых выяваў, найбольш выразны і каштоўны выяўленчы аўтэнтык эпохі[6]
  2. ^ Хроника Литовская и Жемайтская // ПСРЛ. Т. 32 — М.: Наука, 1973.
  3. ^ Хроника Быховца // ПСРЛ. Т. 32 — М.: Наука, 1973.
  4. ^ Густынская летопись // ПСРЛ. Т. 40. — СПб., 2003.
  5. ^ Напрыклад, беларускі геральдыст Аляксей Шаланда лічыць яго асабістым гербам Ягайлы пад назвай «Бойча»

Крыніцы

  1. ^ Шаланда А. Пагоня // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 382.
  2. ^ а б Насевіч В. Сімвал Вялікага княства // Чырвоная Змена. № 33 (13891), 28 сакавіка 1995 г.
  3. ^ Ткачоў М. Беларускія нацыянальныя сімвалы // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 391.
  4. ^ Разаўскас Д. Белы Вершнік з узнятым мячом на чырвоным фоне. Сімволіка герба Вялікага княства Літоўскага // DRUVIS №2. Almanach Centru etnakasmalohiji «Kryuja» / Пад. рэд. Тодара Кашкурэвіча. — Менск: 2008. — С. 137. — 242 с. — 299 ас.
  5. ^ Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей»
  6. ^ Трыгубовіч В. Сьцяг і герб // Мастацтва. №8, 1992.
  7. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 98.
  8. ^ Хорошкевич А. Л. «Конные печати» Александра Невского и традиции средневековой сфрагистики // Князь Александр Невский и его эпоха. — С-Пб., 1995.
  9. ^ Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах (IX—XVIII ст.) / Склад.: В. К. Шчарбакоў, К. І. Кернажыцкі, Д. І. Даўгяла. Т. 1. — Менск: Выдавецтва АН БССР, 1936.
  10. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 106.
  11. ^ Юргенсон У. А. Эвалюцыя дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага па дадзеных сфрагістыкі і нумізматыкі // Беларускі гістарычны часопіс. №8, 2003.
  12. ^ Шаланда А. Генезіс «Пагоні» — дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne. №16.
  13. ^ а б Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 99.
  14. ^ а б в Ткачоў М. Беларускія нацыянальныя сімвалы // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 392.
  15. ^ Gumowski M. Pieczecie Ksiazat Litewskich // Ateneum Wilenskie. R. VII, Z. 3—4, 1930. S. 709—710.
  16. ^ а б в Шаланда А. Кароткі нарыс гісторыі беларускай нацыянальнай і дзяржаўнай сімволікі // Герольд Litherland. № 21, 2019. С. 4.
  17. ^ Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. — Менск: Полымя, 1993. С. 25—26.
  18. ^ Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Менск: РІВШ БДУ, 1999. С. 144.
  19. ^ Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. — Менск: Полымя, 1993. С. 36.
  20. ^ а б Шаланда А. Кароткі нарыс гісторыі беларускай нацыянальнай і дзяржаўнай сімволікі // Герольд Litherland. № 21, 2019. С. 6.
  21. ^ Як здарылася, што Жамойць пачала называцца Літвою? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Сверчанка, Зм. Занько. ― Менск: рэдакцыя газета «Звязда», 1993. С. 54.
  22. ^ а б Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Менск: РІВШ БДУ, 1999. С. 155.
  23. ^ Скобла М. Анатоль Цітоў: «Гербу „Пагоня“ — 730 гадоў», Радыё Свабода, 31 студзеня 2008 г.
  24. ^ Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Менск: РІВШ БДУ, 1999. С. 156.
  25. ^ а б в Ткачоў М. Беларускія нацыянальныя сімвалы // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 393.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  73БЛ000004

Пагонясховішча мультымэдыйных матэрыялаў