Летува: розьніца паміж вэрсіямі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Jim (гутаркі | унёсак)
д абнаўленьне зьвестак
Jim (гутаркі | унёсак)
д абнаўленьне зьвестак
Радок 23: Радок 23:
|ГодАцэнкіСУП = 2012
|ГодАцэнкіСУП = 2012
|МесцаЎСьвецеПаводлеСУП = 81-е
|МесцаЎСьвецеПаводлеСУП = 81-е
|СУП = $63,653 млрд<ref name="imf">[http://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2012/01/weodata/weorept.aspx?pr.x=23&pr.y=9&sy=2009&ey=2012&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&c=946&s=NGDPD%2CNGDPDPC%2CPPPGDP%2CPPPPC%2CLP&grp=0&a= "Lithuania".] International Monetary Fund. Атрымана 13 траўня 2012{{Ref-en}}</ref>
|СУП = $102 млрд<ref name="imf">[https://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2019/01/weodata/weorept.aspx?sy=2019&ey=2019&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&pr1.x=96&pr1.y=20&c=946&s=NGDPD%2CPPPGDP%2CNGDPDPC%2CPPPPC&grp=0&a=] International Monetary Fund. 2019{{Ref-en}}</ref>
|СУПНаДушуНасельніцтва = $19 600<ref name="imf"/>
|СУПНаДушуНасельніцтва = $36 997<ref name="imf"/>
|Валюта = [[Эўра]] (€)
|Валюта = [[Эўра]] (€)
|КодВалюты = EUR
|КодВалюты = EUR

Вэрсія ад 16:29, 13 верасьня 2019

Летува
Lietuvos Respublika
Сьцяг Летувы Герб Летувы
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: Vienybė težydi
Дзяржаўны гімн: «Tautiška giesmė»
Месцазнаходжаньне Летувы
Афіцыйная мова Летувіская
Сталіца Вільня
Найбуйнейшы горад Вільня
Форма кіраваньня Парлямэнцкая рэспубліка
Гітанас Наўседа
Саўлюс Сквэрняліс
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
120-е месца ў сьвеце
65 300 км²
1,35
Насельніцтва
 • агульнае (2016)
 • шчыльнасьць
138-е месца ў сьвеце
2 862 786[1]
45,3/км²
СУП
 • агульны (2012)
 • на душу насельніцтва
81-е месца ў сьвеце
$102 млрд[2]
$36 997[2]
Валюта Эўра (€) (EUR)
Часавы пас
 • улетку
EET (UTC+2)
EEST (UTC+3)
Незалежнасьць
 - Абвешчаная
 - Прызнаная
 - Згубленая
Незалежнасьць
 - Абвешчаная
 - Прызнаная
Ад Расейскай імпэрыі
16 лютага 1918
12 ліпеня 1920
1940
Ад СССР
11 сакавіка 1990
4 лютага 1991
Аўтамабільны знак LT
Дамэн верхняга ўзроўню .lt
Тэлефонны код +370
Мапа Летувы
Мапа Летувы

Летува́[3][4][5], Летуві́ская Рэспу́бліка (па-летувіску: Lietuvos Respublika) — адна з трох балтыйскіх краінаў у Паўночнай Эўропе. Зьяўляецца сябрам НАТО, Рады Эўропы і Эўрапейскага Зьвязу, з 21 сьнежня 2007 году — паўнапраўны сябар Шэнгенскага пагадненьня. Колькасьць насельніцтва краіны складае каля 2,9 млн.[6] Сталіца і найбуйнейшы горад — Вільня, з 1919 па 1939 гады часовай сталіцай была Коўна. У 2009 годзе Летува адзначала тысячагодзьдзе сваёй назвы. Дзяржаўны герб — Віціс (па-летувіску: Vytis). Сьцяг — жоўта-зялёна-чырвоны.

На поўначы Летува мяжуе з Латвіяй (працягласьць мяжы 610 км), на ўсходзе — зь Беларусьсю (724 км), на паўднёвым захадзе — з расейскай Калінінградзкай вобласьцю (303 км), на поўдні — з Польшчай (110 км). На захадзе Летуву абмывае Балтыйскае мора (даўжыня ўзьбярэжжа складае 99 км).

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае і сучасная Летува

У дзяржаўнай палітыцы

У Прэамбуле Канстытуцыі Летувы падкрэсьліваецца, што менавіта летувіскі народ «шмат вякоў таму стварыў Летувіскую дзяржаву» і што «яго (народу) праўны фундамэнт грунтуецца на (сярэднявечных) Літоўскіх Статутах», а ў арт. 17 напісана, што «сталіцай Летувіскай дзяржавы зьяўляецца горад Вільня — шматвекавая гістарычная сталіца Летувы».[7] Усе гэтыя палажэньні грунтуюцца на «гістарычных правах», а ў цэнтры ўсёй канцэпцыі знаходзіцца паняцьце народ (па-летувіску: tauta). Такім чынам, на падставе «гістарычных правоў летувіскага народу» сучасная Летувіская дзяржава прадстаўляе сябе ў якасьці адзінай праваспадкаемцы Вялікага Княства Літоўскага, а сучасных летувісаў народам, цалкам тоесным літвінам Вялікага Княства Літоўскага.[8] Больш за тое, аналіз гэтых палажэньняў Канстытуцыі дазваляе сказаць, што афіцыйнымі ўладамі Летувы Вялікае Княства Літоўскае разглядаецца як летувіская нацыянальная дзяржава.[9]

Зьвяртаючыся, аднак, да значэньня слова народ (tauta) у летувіскай мове і вылучыўшы такім чынам тры ключавыя словы дзеля аналізу адпаведнасьці паміж літоўскай нацыяй Вялікага Княства Літоўскага і летувіскай нацыяй Летувіскай Рэспублікі — тэрыторыя, мова і культура — можна прыйсьці да высновы, што тлумачэньне гістарычнай ролі летувіскага народу, якое прапануе Канстытуцыя Летувіскай Рэспублікі, зьяўляецца больш чым спрэчным, а летувіская нацыя ня ёсьць эквівалентнай літоўскай нацыі ў аніводным з гэтых трох кампанэнтаў. З гэтай прычыны нельга казаць пра дзяржавастваральную ролю і дамінуючае становішча балцкай летувіскай меншасьці ў Вялікім Княстве Літоўскім.[9]

У той жа час этнічная група, зь якой сфармавалася сучасная летувіская нацыя, была адной з складовых частак шматэтнічнага ВКЛ, таму летувісы маюць неад’емнае права на пэўную частку спадчыны гэтай дзяржавы.

У летувіскай гістарыяграфіі

На цяперашні момант у сусьветнай гістарыяграфіі дамінуе «летувісацэнтрычная» канцэпцыя разгляду гісторыі Вялікага Княства. Такая сытуацыя склалася на падставе шматлікіх публікацыяў летувіскіх гісторыкаў у замежных акадэмічных крыніцах яшчэ за савецкім часам. З прычыны адсутнасьці крытычнага гледзішча (беларуская гістарыяграфія была цалкам вынішчаная яшчэ ў 1930-я гг. і аднавілася толькі да пачатку 1990-х гг.) сусьветная навуковая супольнасьць паступова пачала ўспрымаць нічым не падмацаваныя гіпотэзы гэтых аўтараў як «неабвержныя факты».[10], тым часам некаторыя летувіскія гісторыкі ня грэбавалі нават наўмыснымі падтасоўкамі ды фальсыфікацыямі.[9][11] Увогуле, у межах інтэрнацыянальнага СССР толькі ў Летуве з дазволу Масквы побач з камуністычнай існавала нацыяналістычная ідэалёгія, заснаваная на гістарычных мітах (у савецкай гістарыяграфіі спадчына Вялікага Княства Літоўскага абвяшчалася выключна летувіскай, а Вільня — спрадвечна летувіскім местам[12]), — рэч парадаксальная і абсалютна немагчымая ў іншых рэспубліках.[13] За савецкім часам у Летуве выйшлі сотні навуковых і навукова-папулярных выданьняў, дзе такі падыход усяляк прапагандаваўся і абгрунтоўваўся. Да прыкладу, у кнігу «Lietuvos piles» (па-беларуску: Летувіскія замкі) былі ўлучаныя Наваградзкі, Мірскі, Лідзкі, Полацкі ды дзясяткі іншых беларускіх замкаў. Таксама рабіліся спробы залічыць у лік выдатных дзеячаў летувіскай культуры Ф. Скарыну.[12]

У наш час на старонках летувіскіх школьных падручнікаў працягваюць прапагандавацца сьцьвярджэньні, што Вялікае Княства Літоўскае было летувіскай дзяржавай, кіроўная дынастыя Гедзімінавічаў — летувісамі, што ядро земляў ВКЛ знаходзілася на летувіскіх землях, а сталіца ВКЛ Вільня стаіць у цэнтры тых земляў. Паводле аўтараў летувіскіх падручнікаў «заваяваныя славянскія землі» былі толькі анэксамі (дадаткам), якімі кіравалі прадстаўнікі летувіскай княжай дынастыі. У сваю чаргу беларусы разглядаюцца ў гэтых выданьнях як бясспрэчная нацыянальная меншасьць, чые здабыткі (у любой галіне чалавечай дзейнасьці) мала паўплывалі на разьвіцьцё летувіскай нацыі і дзяржавы. Беларускія населеныя пункты згадваюцца аўтарамі звычайна ў выпадку асьвятленьня падзеяў той ці іншай вайны.[14]

На думку шэрагу беларускіх гісторыкаў, у сучаснай Летуве «гістарычная навука — частка дзяржаўнай ідэалёгіі», таму пры падтрымцы Летувіскай дзяржавы тамтэйшыя гісторыкі маюць шырокія магчымасьці ў прасоўваньні сваіх канцэпцыяў навонкі.[9][10]

Гістарычны нарыс

Асноўны артыкул: Гісторыя Летувы

Старажытнасьць

Зьяўленьне на тэрыторыі Летувы першых людзей адбылося напачатку сучаснага пэрыяду галацэну кайназойскай эры (10—8 тыс. год да н. э.). Амаль да 8 тысячагодзьдзя да н. э. тут панавала культура эпіпалеаліту. У VII—VI тысячагодзьдзях да н. э. на большай частцы сучаснай Летувы сфармавалася культура мэзаліту. Нэаліт пачаўся тут пазьней за час свайго сканчэньня на тэрыторыі цывілізацыяў паўднёвай Мэсапатаміі (IV ст. да н. э.). Бронзавыя вырабы зьявіліся на тэрыторыі Летувы ў другой чвэрці II тысячагодзьдзя да н. э., аднак іх мясцовая вытворчасьць пачалася толькі каля 1500 году да н. э. Жалезны век на Летуве працягваўся да сярэдзіны I тысячагодзьдзя н. э.

У IX і X стагодзьдзях продкі летувісаў займаліся пераважна паляваньнем, рыбалоўствам, зрэдку земляробствам; ёсьць згадкі пра бортніцтва і жывёлагадоўлю, асабліва на гадоўлю коняў, якіх ужывалі ў ежу. Гандлёвыя зносіны ў летувісаў былі зь местамі славяна-балтыйскага памор’я і зь зямлёй крывічоў: яны зьмянялі шкуры, мяхі, воск на мэталічныя вырабы і зброю. Сярод летувісаў рана сустракаюцца зародкі станаў: існавалі роды, якія валодалі шматлікай нявольнай чэлядзьдзю; з гэтых родаў абіраліся мясцовыя князі (кунігасы). Рабынямі (нявольная чэлядзь) былі галоўным чынам ваеннапалонныя. Жрэцкі стан не складаў асобай касты, ён меў велічэзнае значэньне ў народзе і быў даволі шматлікім. Жрацы ў летувісаў зваліся вайдэлотамі (па-летувіску: Vaidila), былі і жрыцы вайдэлоткі. Багам сваім летувісы ахвяравалі жывёлаў, а ва ўрачыстых выпадках — і людзей. Пры пахаваньні знаць спальвалі разам з улюбёнымі прадметамі і рабынямі. Замагільнае жыцьцё летувісы ўяўлялі працягам сапраўднага[15].

Да XIII стагодзьдзя ў продкаў летувісаў не было аб’яднаўчай палітычнай улады, як не было і аб’яднаўчых цэнтраў-местаў. У другой палове XIII ст. у крыніцах згадваюцца асобныя правадыры, але ўлада іх распаўсюджвалася толькі на малаважную тэрыторыю, на сельскія акругі.[15]

Яшчэ ў XII ст. з заснаваньнем факторыі любецкіх купцоў у вусьці Дзьвіны пачалася нямецкая ваенная экспансія на тэрыторыю сучасных Латвіі й Летувы. 22 верасьня 1236 адбылася гістарычная перамога жамойцкіх войскаў над мечаносцамі пад Шаўлямі, у выніку чаго нямецкі ціск з поўначы быў спынены больш чым на дзесяцігодзьдзе.

Працэс уваходжаньня этнічных летувіскіх зямель у склад Вялікага Княства Літоўскага

Рост Вялікага Княства Літоўскага

Аб’яднаньне зямель продкаў сучасных летувісаў у складзе Вялікага Княства Літоўскага расьцягнулася на пэрыяд з другой чвэрці 13 і да першай чвэрці XV стагодзьдзя. Значную ролю ў гэтым працэсе сыграла неабходнасьць супрацьстаяць крыжацкай агрэсіі.

Утварэньне Вялікага Княства Літоўскага зьвязана зь імем Міндоўга, які 6 ліпеня 1253 году быў каранаваны ў беларускім Наваградку. Хаўрус Літвы зь Лівонскім ордэнам на падставе прыняцьця каталіцтва дазволіў ордэну патрабаваць у Міндоўга «мірнай» перадачы яшчэ не ахрышчаных зямель. Так, у 1255 годзе Міндоўг напісаў грамату дарэньня Лівонскаму ордэну Селы, а ў 1259 — Скалвы, Нардувы, Паўночнай Судувы і Жамойці (гэта было пацьвярджэньне, Жамойць перайшла да Лівоніі яшчэ пры каранацыі Міндоўга) — большай часткі тэрыторыі сучаснай Летувы.

Аднак жамойты паднялі паўстаньне, 13 ліпеня 1260 году адбылася бітва на Дурбэ, у якой загінула 130 рыцараў і магістар Лівонскага ордэна Бургхард Горнгузэн. У адказ папа Аляксандар IV арганізаваў падмогу Тэўтонскаму ордэну. На мяжы 1260—1261 гадоў лівонцы занялі два замкі ў Куроніі, але 3 лютага 1261 году жамойты разьбілі іх ля Лелвардэ. Напрыканцы лета гэтага ж году дэлегацыя жамойтаў прыбыла да Міндоўга з просьбай прыняць Жамойць пад уладу Літвы і пачаць вайну супраць Тэўтонскага ордэна. Пад націскам Траняты Міндоўг задаволіў гэтую просьбу.

На працягу стагодзьдзя большая частка Жамойці знаходзілася ў складзе Вялікага Княства, аднак па сьмерці вялікага князя літоўскага Кейстута, у 1382, ягоны наступнік Ягайла аддаў гэтыя землі лівонцам. Жамойты неўзабаве паўсталі й зрынулі гэтую залежнасьць. У 1398 вялікі князь Вітаўт зноў перадаў гэтыя тэрыторыі лівонцам, другасна жамойцкія землі перайшлі пад уладу немцаў пасьля паўстаньня 1400—1401. Вядома, што Вітаўт чатырохразова (у 1384, 1390, 1398 і 1404 гг.) аддаваў Жамойць Тэўтонскаму ордэну. Словы Вітаўта з Мэтрыкі ВКЛ: «Жамойты хаваюцца ў пушчах сваіх ад погляду княжых зборшчыкаў даніны й іншых службовых асоб дзяржавы ад якіх дзяржаве ні прыбытку ні славы ні пашаны». Гэтая тэрыторыя хоць і была важнай, аднак выкарыстоўвалася вялікімі князямі літоўскімі ў якасьці разьменнай манэты ў іхняй тагачаснай пазамежнай палітыцы.

Канчатковае далучэньне Жамойці да Вялікага Княства адбылося толькі пасьля Грунвальдзкай бітвы (1410), да якой большая частка цяперашняй Летувы знаходзілася пад акупацыяй крыжакоў і нават юрыдычна ўваходзіла ў склад крыжацкай дзяржавы.[16]

Жамойцкія староства й біскупства

Асноўны артыкул: Жамойць
Гістарычны герб Жамойці
Тэрыторыя Жамойці, мапа 1659 году

Пад Жамойцю гістарычнай звычайна разумеюць дзьве адзінкі — адміністрацыйную (Жамойцкае староства), якая зьяўлялася асобнай палітычнай адзінкай Вялікага Княства Літоўскага, і касьцёльную (Жамойцкае біскупства).

Канчаткова стаўшы часткай Вялікага Княства ў 1411 годзе, Жамойць у 1413 годзе на падставе прывілею вялікага князя Вітаўта атрымала статус аўтаноміі, што было пацьверджана ў 1441 годзе Казімерам Ягайлавічам. Такім чынам, Жамойць зрабілася самакіравальнай тэрыторыяй, пазьней вядомай як Жамойцкае староства, а ейны статус сёньня б значыў сувэрэнітэт у межах Вялікага Княства Літоўскага. Жамойцкае староства заставалася асобнай адміністрацыйнай адзінкай з дакладна акрэсьленымі межамі цягам усяго далейшага існаваньня Вялікага Княства да 1795 году.

Аднак Жамойць гістарычная ў рэлігійным, а г. зн. і ў культурным, кантэксьце выходзіла па-за межы Жамойцкага староства, у прыватнасьці ўсходняя мяжа Жамойцкай дыяцэзіі ня цалкам адпавядала палітычнай мяжы Літвы і Жамойці, ахопліваючы, сярод іншага, частку суседняга з Жамойцкім староствам Упіцкага павету Троцкага ваяводзтва.[9]

«Коўна — цяперашняя сталіца Жамойці» (аўтар — Антоні Аляшчынскі, 1850)

Сёньняшняя Жамойць зьяўляецца адным з этнаграфічных рэгіёнаў Летувы, які ня ёсьць ані палітычнай, ані адміністрацыйнай адзінкай. Аднак, нягледзячы на гэткі статус, межы Жамойці былі зацьверджаныя летувіскімі ўладамі на афіцыйным узроўні.[17] Пры гэтым летувіскі этнаграфічны рэгіён займае нашмат меншую тэрыторыю за Жамойць гістарычную.[9]

Летувіская мова ў Вялікім Княстве Літоўскім

Як падкрэсьлівае амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр: «летувіская мова цягам стагодзьдзяў не была мовай палітыкі».[18] Насамрэч, палітычная, эканамічная, сацыяльная і культурная сытуацыя ў ВКЛ не была прыхільнай да летувіскай мовы, якая паводле летувіскага гісторыка З. Зінкявічуса была загнаная «ў ніжэйшую клясу ва ўласнай айчыне».[19] Напрыклад, «вялікія князі літоўскія ніколі не друкавалі кнігаў на летувіскай мове».[20] Больш за тое, паводле З. Зінкявічуса, «для летувіскай мовы сытуацыя была катастрафічнай, ёй не давалі разьвівацца, выштурхоўвалі з агульнага ўжытку ды й друкаваць пісьмовыя тэксты па-летувіску было цяжка». Пэўна таму летувіскія навукоўцы стала падкрэсьліваюць «адзінства арэалу летувіскай мовы праз палітычную мяжу паміж ВКЛ і Прусіяй». Сапраўды, «летувіскія граматыкі і слоўнікі доўгі час (да канца XVIII ст.) друкаваліся выключна ў Прусіі» (выняткам быў слоўнік Канстанціна Шырвіда, які выйшаў каля 1620 г., некалькі разоў перавыдаваўся і быў адзіным слоўнікам летувіскай мовы, выдадзеным на тэрыторыі ВКЛ да канца XVIII ст.[21]). У сваю чаргу, «перасьледаваная стагодзьдзямі летувіская мова ўпершыню за сваю гісторыю атрымала статус дзяржаўнай» толькі ў першай Летувіскай Рэспубліцы (то бок у 1918 годзе).[22]

Такім чынам, выкарыстаньне летувіскай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім абмяжоўвалася максымум рэгіянальным узроўнем, у тым ліку асобнымі натарыяльна засьведчанымі перакладамі дзяржаўных актаў (як прыклад, летувіскі пераклад тэксту Канстытуцыі 3 траўня 1791).[9]

У складзе Расейскай імпэрыі і Прусіі

Губэрні Расейскай імпэрыі на тэрыторыі сучаснай Летувіскай Рэспублікі

У 1795 годзе ў выніку трэцяга падзелу Рэч Паспалітая была ліквідаваная, а рэшту яе тэрыторыі ўлучылі ў склад Расейскай імпэрыі, Аўстра-Вугоршчыны ды Прусіі. Большая частка тэрыторыі сучаснай Летувы апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ўвайшла ў Ковенскую і часткова ў Віленскую, Сувальскую і Гарадзенскую губэрні.

Пасьля нацыянальна-вызвольнага паўстаньне 1863—1864 гадоў расейскія ўлады вырашылі падтрымаць летувіскі нацыянальны рух (які правільней называць «жамойцкім», гл. Княства ЛітоўскаеВялі́кае Кня́ства Літо́ўскае, Ру́скае й Жамо́йцкае, бо летувісы ў той чыс называліся жамойтамі) у супрацьвагу моцным пазыцыям палякаў.[12] Царскі ўрад пачаў заахвочваў летувіскія асьвету і друк[13], летувіскую мову зрабілі мовай навучаньня ў Мар’ямпальскай дзяржаўнай вышэйшай вучэльні, якая стала цэнтрам падрыхтоўкі летувіскай эліты. Тым часам беларуская мова як мова асьветы і друку апынулася пад забаронай.[12] Апроч гэтага, у час знаходжаньня пад расейскай уладай летувісы мелі нацыянальны касьцёл, тады як беларусы па зьнішчэньні ў 1839 годзе ўніяцкай царквы згубілі сваю канфэсійную нішу[13].

Невялікая частка этнічных летувіскіх зямель (г. зв. «Малая Летува») засталася ў складзе Прусіі, дзе ў спрыяльных для разьвіцьця ўласнай культуры ўмовах пражывала каля 100 000 балтаў. Менавіта нямецкі (прускі) фактар быў вырашальным у справе дасягненьня Летувой незалежнасьці ў 1918 годзе і вырваў краіну з сфэры расейскага ўплыву[13].

У другой палове XIX стагодзьдзя пачаў фармавацца летувіскі нацыянальны рух.

Садзейнічаньне да разьвіцьця жамойцкай культуры і мовы расейскімі ўладамі прывяло да таго, што жамойцкае адраджэньне пачалося значна раней за беларускае. Дзеячы жамойцкага нацыянальнага руху пачалі выкарыстоўваць не назву «Жамойць», а найменьне старадаўняй, пераважна славянскай дзяржавы з эпіцэнтрам у Беларусі — Вялікага Княства Літоўскага. Гэтыя адраджэнцы прысвоілі ня толькі найменьне «Літва», але і заявілі пра свае выключныя правы на гістарычную і культурную спадчыну Вялікага Княства Літоўскага, а таксама на сымболіку. Замест свайго гыстарычнага гербу «Мядзведзь» жамойцкія дзеячы пачалі выкарыстоўваць «Пагоню» славянскага паходжаньня. А паколькі ў жамойцкай мове не было слова для яе абазначэньня, жамойцкая эліта (а менавіта Сыманас Даўкантас) прыдумала яго, назваўшы «Пагоню» новым словам «Віціс»[23]. У выніку беларускае адраджэньне пачалося пазьней за жамойцкае, і беларускія дзеячы культуры, пачынаючы з Францішка Багушэвіча, прынялі найменьне, якое тады было шырока распаўсюджанае на Смаленшчыне, Віцебшчыне і Магілёўшчыне, а таксама выкарыстоўвалася расейскім друкам ― беларусы.

За канцэпцыю ўтварэньня ВКЛ жамойцкімі адраджэнцамі была ўзятая канцэпцыя балцка-славянскай канфрантацыі, якая ўзьнікла ў ходзе навуковай дыскусіі паміж польскімі і расейскімі дасьледчыкамі ў канцы XIX ― пачатку XX стагодзьдзя. Паводле яе, падмуркам утварэньня Вялікага Княства Літоўскага была перамога раньнефэадальнага балцкага ўтварэньня над славянамі, ў выніку чаго гэтая новая краіна трансфармавалася ў Вялікае Княства Літоўскае. У канцы XX стагодзьдзя гэтую канцэпцыю абверг Аляксандар Краўцэвіч, які сьцьвярджае, што ВКЛ з самага пачатку была біэтнічнай балта-славянскай дзяржавай з дамінаваньнем славянаў, а балта-славянскія адносіны ў часы ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага насілі толькі мірны характар[24]. З больш славянацэнтрычнымі канцэпцыямі зь сярэдзіны XX стагодзьдзя выступілі гісторыкі Павал Урбан, Мікола Ермаловіч і Мікалай Шкялёнак, тэзісы якіх у сукупнасьці абвяргалі балцкае паходжаньне першых князёў ВКЛ.

За часамі Першай сусьветнай вайны тэрыторыю сучаснай Летувы занялі нямецкія войскі (лета 1915).

Першая Летувіская Рэспубліка

Тэрыторыя Летувіскай Рэспублікі

16 лютага 1918 году Летувіская Рада або Летувіская Тарыба (па-летувіску: Letuvos Taryba) абвясьціла незалежнасьць Летувы[25]. 23 сакавіка яе незалежнасьць прызнаў нямецкі кайзэр[25]. 13 ліпеня 1918 году Тарыба абвясьціла каралём Летувы — Міндоўгасам (Міндоўгам) II — герцага віртэмбэрскага Вільгельма фон Ураха[25] згодна з чым дзяржава стала называцца Каралеўства Летува, але ўжо 2 лістапада таго ж году прыняла часовую канстытуцыю, згодна зь якой Летува зрабілася рэспублікай[25].

23 лістапада 1918 году прэм’ер-міністар Аўгустынас Вальдэмарас выдаў загад утварыць 1-ы летувіскі полк і такім чынам запачаткаваў летувіскае войска[25]. Існаваньню маладой дзяржавы пагражалі бальшавікі, якія 22 сьнежня 1918 году прызналі ўрад Капсукаса і савецкую дзяржаўнасьць Летувы[26]. 8 лютага загінуў за бацькаўшчыну першы летувіскі жаўнер — Павіляс Люкшыс[27]. 25 жніўня летувіскае войска выціснула савецкія атрады, якія ўтрымлівалі апошні пункт апоры на тэрыторыі Летувы — места Езяросы[27]. 20-21 лістапада 1919 году каля Радзівілішкаў летувіскае войска перамагло бэрмонтчыкаў — расейскіх і нямецкіх белагвардзейцаў, якія атакавалі з тэрыторыі Латвіі [27].

27 студзеня 1920 году адкрыліся вышэйшыя курсы ў Коўні, што было пачаткам летувіскай вышэйшай адукацыі[27]. 14-15 красавіка 1920 году адбыліся дэмакратычныя выбары ў Сойм (сабраўся празь месяц)[27].

Другой пасьля Нямеччыны істотнай сілай, што de jure прызнала незалежнасьць Летувы, быў бальшавіцкі ўрад Леніна, які 12 ліпеня 1920 падпісаў зь ёй Маскоўскую дамову. Гэтая дамова істотна падмацавала пазыцыю Летувы на міжнароднай арэне, што было асабліва важным ва ўмовах адсутнасьці прызнаньня з боку дзяржаваў-хаўрусьніцаў. Згодна з дамовай, Савецкая Расея пакідала за летувісамі ня толькі Вільню, але і Горадню, Шчучын, Ліду, Ашмяны, Смаргонь, Паставы і Браслаў, адначасова дэкляравалася адмова ад далейшых прэтэнзіяў на летувіскую тэрыторыю[27]. У сваю чаргу Летува мусіла прытрымлівацца нэўтралітэту ў ходзе савецка-польскай вайны, што гарантавала бясьпеку правага флангу войскаў Заходняга фронту ў яго наступленьні на Варшаву. Апроч таго, летувіскі бок абавязваўся спыніць на сваёй тэрыторыі дзейнасьць «антысавецкіх арганізацыяў і груп», у тым ліку органаў БНР.

Тэрыторыя Віленшчыны зрабілася прадметам спрэчак паміж Летувой і Польскай Рэспублікай, якая катэгарычна адвергла летувіска-бальшавіцкую дамову. Пад націскам краінаў Антанты 7 кастрычніка 1920 году польская дэлегацыя мусіла падпісаць зь летувісамі Сувальскую дамову[27], якая рэгулявала мяжу паміж дзьвюма дзяржавамі на Сувальшчыне, Гарадзеншыне й Лідчыне да Бастунаў; мяжа ў іншых месцах мела быць вызначанай наступнай дамовай або рашэньнем Вышэйшай Рады Антанты. Аднак у выніку «бунту» дывізіі Люцыяна Жалігоўскага, які адбыўся 8 кастрычніка 1920 году, Вільню занялі польскія войскі[27]. Места на пэўны час зрабілася цэнтрам Сярэдняй Літвы.

Мапа «Летувіскае тэрыторыі», на якой у склад ЛР улучаныя Горадня, Шчучын, Ліда, Ашмяны, Смаргонь, Паставы і Браслаў

22 верасьня 1921 году Летува зрабілася чальцом Лігі Нацыяў, не зьяўляючыся de jure прызнанай дзяржавамі-хаўрусьніцамі, такое прызнаньне краіна атрымала толькі 20 сьнежня 1922 году.

4 красавіка 1926 году Ватыкан адаптаваў межы летувіскіх біскупстваў да новых дзяржаўных межаў Летувы й утварыў летувіскую касьцельную правінцыю [28]. Віленшчына паводле ранейшага канкардату з Польшчаю (1925) падпарадкавалася польскім касьцельным уладам [29].

У 1926 годзе ў Летуве адбыўся дзяржаўны пераварот, які ператварыў краіну ў аўтарытарную дыктатуру. 28 верасьня 1926 году паміж СССР і Летувой была заключаная дамова аб ненападзе і нэўтралітэце, у якой «СССР пацьвердзіў, што ўсе палажэньні Маскоўскай мірнай дамовы 1920 г. зь Летувой застаюцца дзейнымі».[30]

У 1928 годзе Летува прыняла чарговую Канстытуцыю, у якой абвясьціла пра свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Віленшчыну. Згодна з гэтым і наступнымі дзяржаўнымі актамі, Вільня абвяшчалася сталіцай Летувы, а да атрыманьня летувісамі кантролю над местам, ролю «часовай сталіцы» выконвала Коўна. Увогуле, у пытаньні Віленскага краю палітыкі тагачаснай Летувіскай Рэспублікі наўпростава зьвярталіся да гісторыі, сьцьвярджаючы, што «гістарычныя правы і гістарычная прыналежнасьць мусяць вызначаць цяперашнюю прыналежнасьць».[31] Яшчэ ў 1929 годзе гэта паказаў галяндзкі юрыст Райнэр Флаэс, адцеміўшы, што «летувіскі ўрад падкрэсьліваў, што калі горад Вільня быў сталіцай старога Вялікага Княства Літоўскага, ён мусіць стаць ядром новай (летувіскай) дзяржавы. Адзін ужо гэты факт мусіць быць вырашальным».[32] Такім чынам, летувіская гістарычная школа часоў першай Летувіскай Рэспублікі цалкам абслугоўвала інтарэсы недэмакратычнай дзяржавы зь ейнымі экспансіянісцкімі памкненьнямі датычна ўсталяваньня кантролю над Віленскім краем.[9]

17 сакавіка 1938 польскі ўрад запатрабаваў ўсталяваць дыпляматычныя адносіны пад пагрозай вайны, з чым летувісы пагадзіліся [33]. 22 сакавіка 1939 году ўлады Летувіскай Рэспублікі згадзіліся аддаць немцам вобласьць Клайпеды [28].

Дыскусіі пра дзяржаўны герб
Герб Летувы (1920)

У 1920 годзе летувісы ўзялі за герб уласнай незалежнай дзяржавы варыянт гербу Вялікага Княства Літоўскага «Пагоня». Такім чынам, прысваеньне літоўскага гербу мусіла падмацаваць прэтэнзіі маладой Летувіскай Рэспублікі на гістарычную пераемнасьць зь Вялікім Княствам Літоўскім.

Аднак у 1920—1930-я гг. шмат якія дзяржаўныя дзеячы Летувы паказвалі на неадпаведнасьць гербу менавіта летувіскай гістарычнай традыцыі. У 1935 г. прэм’ер-міністар Летувіскай Рэспублікі пан Тубаліс афіцыйна прызнаў не-летувіскае паходжаньне «Пагоні» і паведаміў пра тое, што ідзе праца па стварэньні новага дзяржаўнага гербу. Відавочна, гэтая праца была спыненая падзеямі 1939—1940 гг.[34][35]

У савецкай зоне ўзьдзеяньня

Пасьля задушэньня супраціву з боку войска Польскай Рэспублікі і адпраўленьня ў выгнаньне польскага ўраду, 28 верасьня 1939 году Трэці Райх ды СССР падпісалі дамову аб дружбе і супольнай мяжы. Частку Польшчы, якая знаходзілася паміж Віслай і Бугам і паводле пакту Молатава-Рыбэнтропа мусіла перайсьці пад савецкую ўладу, кіраўніцтва СССР саступіла немцам ўзамен на дазвол захопу Летувы [36].

Нягледзячы на тое, што галава савецкай адміністрацыі Заходняй Беларусі яшчэ на пачатку верасьня 1939 году атрымаў паўнамоцтвы абвясьціць Вільню сталіцай Заходнебеларускай ССР[37], а летувіскае насельніцтва места складала ўсяго каля 1,5%[38], 10 кастрычніка была заключаная летувіска-савецкая дамова, згодна зь якой места Вільня зь Віленскаю вобласьцю, якія саветы занялі за часам агрэсіі на Польшчу, былі перададзеныя Летуве. Апошняя павінная была, аднак, пагадзіцца на ўвядзеньне савецкіх войскаў і будаўніцтва іхных базаў[36], што de facto азначала пачатак канца летувіскай незалежнасьці.

27 кастрычніка летувіскія адборныя войскі ўрачыста ўвайшлі ў Вільню.[36] Польскаму ўраду ў выгнаньні летувіскія ўлады заявілі, што ўвесь міжваенны час Вільня з праўнага гледзішча належала Летуве. Паводле галавы новай віленскай адміністрацыі Антанаса Мяркіса мэтай летувіскіх уладаў было «прымусіць усіх думаць, як летувісы» і «вывесьці зь Віленскага краю ўсялякі чужынскі элемэнт». Так, нязгодных мясцовых беларусаў з тэрыторыі незалежнай Летувы дэпартаваў яшчэ савецкі НКВД, а многім беларусам[39], палякам і габрэям, нават тым, якія нарадзіліся ў Вільні, было адмоўлена ў летувіскім грамадзянстве.[37]

Увод савецкіх войскаў (чэрвень 1940)

21 лістапада Антанас Сьмятона зацьвердзіў апошні ў міжваенныя часы летувіскі ўрад з А. Мяркісам на чале. 30 траўня 1940 году саветы неапраўдана абвінавацілі летувіскі ўрад ў падрыхтоўцы замахаў на савецкіх вайскоўцаў і шпіёнстве[36]. 14 чэрвеня саветы ўручылі ўльтыматум, у якім яны запатрабавалі стварэньня новага летувіскага ўраду, асуджэньня высокіх летувіскіх урадоўцаў і дазволу ўвядзеньня большай колькасьці савецкіх войскаў. Летува мусіла прыняць гэтыя ўмовы[40].

15 чэрвеня савецкія войскі пачалі яўную акупацыю краю, прэзыдэнт Сьмятона ўцёк за граніцу. На наступны дзень у Летуву прыбыў намесьнік народнага камісара замежных справаў, пачалася саветызацыя. 17 чэрвеня быў створаны прамаскоўскі ўрад Юстаса Палецкіса, які 27 чэрвеня распусьціў Сойм 4-га скліканьня[41]. У ліпені прайшлі арышты найбольш вядомых летувіскіх палітычных дзеячаў[41]. 14-15 ліпеня адбыліся сфабрыкаваныя паводле ранейшых савецкіх схемаў «выбары» ў парлямэнт[41], да ўдзелу ў якіх быў дапушчаны толькі адзін партыйны сьпіс: прасавецкі «Блёк працоўнага народу». Паводле афіцыйных зьвестак у выбарах удзельнічала 1 386 569 чалавек, г.зн. 95,51% ад агульнай колькасьці выбарнікаў. За кандыдатаў «Блёку працоўнага народу» Летувы галасавала 1 375 349 выбарнікаў, г.зн. 99,19% ад тых, што бралі ўдзел у галасаваньні.[42]

Летувіская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка

Асноўны артыкул: Летувіская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка
Сьцяг Летувіскай ССР

21 ліпеня 1940 кантраляваны камуністамі парлямэнт Летувы абвясьціў утварэньне Летувіскай ССР і папрасіў Вярхоўны Савет СССР прыняць ЛССР у склад СССР. 3 жніўня 1940 году Вярхоўны Савет СССР задаволіў гэтую просьбу. 25 жніўня была зьмененая канстытуцыя[41]. 11 лістапада ў Бэрліне ўтварыўся Фронт Актыўных Летувісаў, які згуртаваў дзеячаў антысавецкага падпольля[41].

10 студзеня 1941 году Трэці Райх ды СССР падпісалі дамову аб перасяленьні насельніцтва. З Райху перасялілі ў Летуву ня толькі летувісаў, але й 9,3 тыс. расейцаў ды беларусаў[43]. 14 красавіка 1941 году на летувіскіх сялянаў наклалі высокія падаткі. 14 чэрвеня пачаліся масавыя дэпартацыі[43].

22 чэрвеня 1941 году пачалася нямецкая агрэсія. Адступаючыя саветы мардавалі палітычных вязьняў (у Правенішках — каля 400 асобаў). 23 чэрвеня ковенская радыёстанцыя абвясьціла дэклярацыю адраджэньня летувіскага народу [44].

За часамі нямецкай акупацыі нацысты дазволілі летувісам стварыць паліцэйскія атрады самааховы Saugumas, якія ўзаконілі ў Вільні напады летувісаў на палякаў (апалячаных беларусаў). Пад прыкрыцьцём нямецкае ўлады летувіскія нацыянал-экстрэмісты заклікалі нацыстаў ачысьціць Вільню ад спаланізаванага насельніцтва і былі расчараваныя, калі выявілася, што немцы маюць іншыя пляны. Змаганьне паміж летувісамі й палякамі за Вільню перайшло на ўзровень грамадзянскай вайны мясцовага маштабу. З восені 1943 году падпольная польская Армія Краёва ў месьце і прылеглых раёнах нападала на падразьдзяленьні летувіскіх паліцыянтаў-калябарантаў і раззбройвала іх. У адказ летувіскія паліцыянты каралі сьмерцю цывільнае польскае насельніцтва. Каб адпомсьціць, палякі нападалі на летувіскія вёскі[37].

Па заняцьці Віленшчыны савецкімі войскамі (1944) Лаўрэнці Берыя, які тады ачольваў НКУС, пісаў Ёсіфу Сталіну:

« Стаўленьне насельніцтва да вызваленьня Вільні з-пад нямецкай улады станоўчае. Насельніцтва выказвае задавальненьне, што імша ў касьцёлах будзе цяпер служыцца па-польску, а не па-летувіску. Насельніцтва таксама спадзяецца, што Вільня будзе далучаная да Заходняй Беларусі — абы не да Летувы. »
Жамайцізацыя Віленскага краю

Нягледзячы на меркаваньне віленчукоў, Сталін пакінуў места за Летувіскай СССР. 30 траўня 1945 году, палітбюро ЦК Кампартыі Летувы вырашыла скіраваць усе сілы рэспублікі на тое, каб выселіць зь Вільні большасьць тытульнага насельніцтва.[37] Летувіскі ўрад у асобе міністра асьветы Ю. Жугжды не дазволіў адчыніць у Вільні ніводнай беларускай школы, чаго дамагаліся А. Станкевіч ды іншыя беларускія дзеячы. Былі ліквідаваныя беларуская гімназія, настаўніцкая сэмінарыя, славуты музэй імя І. Луцкевіча. Усё гэта адбывалася адначасна з новай хваляй рэпрэсіяў супраць інтэлігенцыі. Практычна ўсе беларускія нацыянальныя дзеячы і іх сем’і падпалі пад арышты і дэпартацыю.[39] Тым часам у 1944—1948 гадох каля 100 000 віленчукоў прымусілі запісацца палякамі і дэпартавалі ў камуністычную Польшчу.[37] Замест дэпартаваных месьцічаў на працягу толькі 1944—1946 гадоў у Вільню прыбыло блізу 100 000 новых жыхароў з этнічна жамойцкіх тэрыторыяў.

Жамойцкія ўлады сьцьвярджалі, што беларусы — гэта «страчаныя летувісы». Пачалося масавае перапісваньне прозьвішчаў з дабаўленьнем канчаткаў «-ас», «-ус», «-іс» мужчынскім прозьвішчам (напрыклад, Міцкевіч ― Міцкявічус, Верабей ― Жвірбіліс), канчаткаў «-айтэ» і іншых ― жаночым (напрыклад, Астроўская ― Астраўскайтэ). Да таго ж сярод летувісаў адсутнічаюць наступныя ліцьвінскія прозьвішчы: Літвак, Ліцьвін, Літоўчанка, Літвінаў, Віленскі і г. д.; а таксама адсутнічаюць населеныя пункты з назвай «Літва», у той час, як на тэрыторыі Беларусі іх дзясяткі.[45] Беспрацоўе сярод беларусаў павялічвалася, яны дыскрымінаваліся пры ўладкаваньні на дзяржаўную службу. Тыя ж хто нарадзіўся па-за Віленшчынай, зусім не маглі атрымаць беларускае грамадзянства. Праводзілася пераймаваньне амаль усіх населеных пунктаў краю і гораду (Трокі — Тракай, Друскенікі — Друскенінкай, Сьвянцяны — Швянчоніс, Лаварышкі — Лаварышкес і г. д.). У выніку тут не засталося амаль ніводнай беларускай назвы.[39]

У чэрвені-верасьні 1945 году саветы дэпартавалі 6,3 тыс. чалавек[46]. 22—23 траўня 1948 году была праведзеная Апэрацыя Вясна, накіраваная на ліквідацыю антысавецкага падпольля, але ахвярамі дэпартацыі зрабіліся таксама заможныя гаспадары. Масавыя дэпартацыі прайшлі таксама 25—28 сакавіка 1949 году, калі былі вывезеныя 29 тыс. чалавек, 2—3 кастрычніка 1951 году (16 тыс. чалавек), у 1952 годзе (1,1 тыс. чалавек) ды ў 1953 годзе[47].

8 ліпеня 1948 году савецкія ўлады нацыяналізавалі храмы ўсіх веравызнаньняў. На працягу 1950 году зьнішчылі вядомыя сымбалі сучаснай Летувы — скульптуры на франтоне віленскае катэдры, помнік свабоды ў Коўні, зьмянілі дзяржаўны гімн [47]. У 1960 годзе Хрушчоў крытыкаваў рэканструкцыю замка ў Троках як ідэалізацыю фэадальнага ладу [48].

Аднак у адрозьненьне ад БССР і УССР, савецкае кіраўніцтва дазволіла Летуве, як і Латвіі з Эстоніяй, мець унівэрсытэт на мове тытульнай нацыі. Гэты летувіскамоўны Віленскі ўнівэрсытэт хутка стаў «раем для балцкіх дасьледаваньняў».[49] Тым часам у адменнасьць ад сталіцаў іншых рэспублік, Масква дазволіла Летуве летувізацыю Вільні (калі Талін ці Рыґу хутка апанавала расейскамоўная працоўная сіла, Вільню павольна засяляла жамойцкая вёска[13]), у выніку чаго места пачало набываць летувіскае аблічча[9].

Такім чынам, у савецкія часы Летува займала выключнае становішча сярод усіх эўрапейскіх саюзных рэспублікаў, маючы больш магчымасьцяў дзеля разьвіцьця нацыянальнага жыцьця, чым якая-кольвек зь іх. Амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр тлумачыць гэта кампрамісамі паміж з аднаго боку Масквой і летувіскімі камуністамі, а з другога боку — летувіскай інтэлігенцыяй.[50]

Летувіская Рэспубліка

Палітыка перабудовы ды галоснасьці дала магчымасьць легальна існаваць руху за незалежнасьць Летавы — Саюдзіс. Незалежніцкія настроі пашыраліся. У 1989 годзе прайшоў Балтыйскі шлях, у якім каля 2 мільёнаў чалавек сталі на шашы Вільня-Талін і ўзяліся за рукі. Напачатку 1990 году прайшлі першыя выбары ў Летувіскі сойм, на якіх удзельнічалі сябры Саюдзісу. Яны ж атрымалі большасьць месцаў. 11 сакавіка 1990 году Летувіскі сойм абвясьціў незалежнасьць Летувы ад СССР. 17 верасьня 1991 году Летува стала сябрам ААН.

29 сакавіка 2004 Летува ўвайшла ў НАТО, а 1 траўня 2004 — у Эўрапейскі Зьвяз.

Палітычная сыстэма

Асноўны артыкул: Палітыка ў Летуве

Галава дзяржавы ў Летуве — прэзыдэнт, што абіраецца простымі выбарамі на пяцігадовы тэрмін. Прэзыдэнт вызначае асноўныя кірункі зьнешняй палітыкі, зьяўляецца галоўнакамандуючым летувіскага войска. Прэзыдэнт вылучае парлямэнту для зацьверджаньня кандыдатуру прэм’ер-міністра, а потым паводле рэкамэндацыі апошняга — кандыдатуры сябраў Ураду, таксама як і шэраг іншых вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў і судзьдзяў Канстытуцыйнага Суду (па-летувіску: Konstitucinis Teismas).

Аднапалатны летувіскі парлямэнт, Сойм, мае 141 чальца, якія абіраюцца на чатырохгадовы тэрмін. Крыху больш за палову дэпутатаў абіраюцца па аднамандатных акругах (71), а іншая частка (70) — паводле партыйных сьпісаў. Бар’ер праходжаньня ў Сэйм для партыі роўны 5%.

Дачыненьні з Рэспублікай Беларусь

Асноўны артыкул: Беларуска-летувіскія дачыненьні

Пытаньне дзяржаўнай граніцы

Файл:Lithuanian SSR 1940.jpg
Мапа Летувіскай ССР (1940) безь Сьвянцянаў, Друскенікаў і Салечнікаў
Асноўны артыкул: Беларуска-летувіская граніца

Нягледзячы на тое, што Беларусь і Летува прызналі адно адную ўжо ў 1991 годзе, да 1994 году «двухбаковыя дачыненьні не адрозьніваліся вялікай інтэнсіўнасьцю і нейкімі адмысловымі дасягненьнямі».[51]

Летува была адзінай суседняй краінай, да якой незалежная Беларусь высоўвала афіцыйныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі. Так, 24 лютага 1992 году на сустрэчы з прадстаўнікамі Эўрапейскіх супольнасьцяў тагачасны міністар замежных справаў Пятро Краўчанка заявіў пра неабходнасьць на міжнародным узроўні ўзьняць пытаньне перагляду беларуска-летувіскай мяжы. Пра гэта апэратыўна напісалі вядучыя замежныя СМІ, такія як, напрыклад, The New York Times.[52]

Прэтэнзіі афіцыйнага Менску адбіліся на эканамічных дачыненьнях паміж дзьвюма краінамі. Так, праз тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Віленшчыну і Вільню Беларусь «магла вырашыць адмовіцца ад сьціслых эканамічных стасункаў» зь Летувой, што выявілася ў рашэньні выкарыстоўваць польскі порт Гдыню замест бліжэйшай летувіскай Клайпеды.[53]

Рэактывацыя двухбаковых дачыненьняў Беларусі і Летувы была нашмат зьвязанай з абраньнем Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам, што праявілася ўжо ва ўдзеле прадстаўнікоў летувіскіх уладаў у ягонай інаўгурацыі, а таксама ў візыце беларускага кіраўніка ў Летуву ў лютым 1995 году.[54] Акурат у часе таго візыту былі падпісаныя дзьве дамовы: «Аб супрацы і добрасуседстве» і «Аб дзяржаўнай мяжы паміж Летувой і Беларусьсю», — што дазволіла ўпершыню ў гісторыі ўсталяваць паміж дзьвюма дзяржавамі мяжу, якая б юрыдычна прызнавалася абодвума бакамі, і зьняць шмат цяжкіх тэрытарыяльных пытаньняў, якія тычыліся савецкіх часоў.[9]

Афіцыйная назва Беларусі

У 2010 годзе Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь зьвярнулася ў Дзяржаўную камісію па летувіскай мове з просьбай перагледзіць афіцыйную назву Беларусі (па-летувіску: Baltarusija, balta — белы колер, Rusija — Расея). Сярод прапанаваных да разгляду варыянтаў было традыцыйнае летувіскае найменьне — Baltoji Rusia (па-беларуску: Белая Русь).[55] Аднак чальцы Дзяржаўнай камісіі са спасылкай на меркаваньне летувіскіх гісторыкаў адзінагалосна вырашылі пакінуць прыняты ў часы кіраваньня Сталіна савецкі варыянт назвы Беларусі.[56]

Мова і насельніцтва

Колькасьць палякаў (апалячаных беларусаў[57]) у Летуве па раёнах

Расейцы ў асноўным зьявіліся ў Летуве пасьля Другой сусьветнай вайны, калі краіна трапіла ў склад Савецкага Саюзу, і жывуць пераважна ў рэгіёнах Вільні й Клайпеды. Сярод старэйшага пакаленьня летувісаў вялікая ступень валоданьня расейскаю мовай, у той час, як моладзь збольшага валодае ангельскаю. У раёне Клайпеды (былога прускага Мэмэлю) ёсьць доля нямецкамоўнага насельніцтва. Рэгіён вакол Вільні і ўздоўж беларускай мяжы гістарычна быў заселены беларусамі, дагэтуль там шырока распаўсюджаныя дыялекты беларускай (тутэйшай) мовы.

Этнічны склад насельніцтва (2015 г.)[59]:

Геаграфія

Асноўны артыкул: Геаграфія Летувы
Фізычная мапа Летувы

Летува падзяляецца на 4 гістарычныя рэгіёны, якія розьняцца сваімі традыцыямі, дыялектамі і ляндшафтам: Аўкштота (па-летувіску: Aukštaitija), Жамойць (па-летувіску: Žemaitija), Сувалкія (па-летувіску: Suvalkija) і Дзукія (па-летувіску: Dzukija). Пяты рэгіён — «Малая Летува» (па-летувіску: Mažoji Lietuva) да 1918 належаў да Ўсходняй Прусіі. Тут Летува пясковымі пляжамі і дзюнамі мяжуе з Балтыйскім морам. Далей на ўсход цягнецца ўзгорысты марэнны ляндшафт. Віленшчына багатая грудамі і азёрамі. Бліжэй да польскай мяжы знаходзіцца рэгіён Сувалкія. Разам з раўнінай між Панявежай і Коўнам гэты раён найбольш актыўна выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. На ўсход ад Сувалкіі, на беларускай мяжы знаходзіцца лясная Дзукія. Там, ля Друскенікаў пачынаецца летувіскі адцінак Нёману (па-летувіску: Nemunas). Нёман ёсьць найбольш працяглай ракой у Летуве — у межах краіны ягоная даўжыня складае 475 км, а апошнія 200 км ракі ўтвараюць натуральную мяжу з Калінінградзкай вобласьцю. Пры мястэчку Руснэ Нёман упадае ў Балтыйскае мора.

З паўднёвага захаду на паўночны ўсход у Паўднёвай і Ўсходняй Летуве распрасьціраецца Балтыйская града, якая ў межах краіны складаецца з Судуўскага, Дзуцкага да Аўкштайцкага ўзвышшаў (дасягаюць вышыні 250—280 м). З паўднёвага боку да Летувіскай дугі Балтыйскай грады далучаецца Паўднёва-Ўсходняя пясковая раўніна. З усходу тэрыторыю краіны займаюць часткі Сьвянцянска-Нарачанскага і Ашмянскага ўзвышшаў, на апошнім разьмешчаны адзін з самых высокіх пунктаў краіны — гара Язэпава (293,6 м) На захадзе разьмяшчаецца выспавае Жамойцкае ўзвышша з найвышэйшым пунктам гарой Мядвегаліс (234 м). Уздоўж Балтыйскага мора распрасьціраецца Прыморская раўніна — нізіна шырынёй 15—20 км. На поўдні гэтай нізіны — дэльта Нёмана. На астатняй тэрыторыі паміж Балтыйскай градой ды Жамойцкім узвышшам расьсьцілаюцца плоскія ці крыху хвалістыя нізіны — Сярэднелетувіская, Зэмгальская і інш. Галоўным чыньнікам ва ўтварэньні рэльефу краіны быў ледавік.

Летува разьмяшчаецца на Рускай пліце Ўсходне-Эўрапейскай плятформы. Крышталічны фундамэнт залягае глыбока (ад 300 да 2000 м ніжэй за ўзровень мора). З карысных выкапняў маюцца вапнякі, даляміты, гліны, крэйда. Таксама нетры Летувы маюць пласты мінэральных водаў.

Клімат

Клімат Летувы пераходны — ад марскога да кантынэнтальнага. Сярэдняя гадавая тэмпэратура складае +6,1 °C. Сярэдняя тэмпэратура студзеня −4,9 °C (ад −2,8 °C на ўзьбярэжжы да −6,5 °C на паўночным усходзе). Сярэдняя тэмпэратура ліпеня +17,2 °C (у межах краіны адрозьніваецца меней, чым на 2 °C).

Тэмпэратурныя рэкорды па месяцох (°C)[60]
Месяц
Найвышэйшая тэмп.
+12,6
+16,5
+21,8
+28,8
+34
+35
+37,5
+36
+32
+26
+18
+15,6
Найніжэйшая тэмп.
-40,5
-42,9
-37,5
-23,0
-6,8
-2,8
+0,9
-2,9
-6,3
-19,5
-23
-34

Гадавая колькасьць ападкаў складае 540 мм на Сярэднелетувіскай нізіне і 930 мм на паўднёва-заходніх схілах Жамойцкага ўзвышша. Найбольшая колькасьць ападкаў прыпадае на жнівень, найменшая — на кастрычнік. Да галоўных асаблівасьцяў клімату Летувы адносяць шмат атмасфэрных ападкаў і перавагу адносна цёплага надвор’я. Наяўнасьць вялікай колькасьці атмасфэрных ападкаў, а таксама наяўнасьць блізкіх да паверхні водных пластоў стварылі ўмовы для разьвіцьця густой сеткі рэк. У Летуве налічваюць 722 ракі даўжынёю больш за 10 км і агульнай працягласьцю 27 500 км, 71,5% рэк належаць да басэйну Нёмана. Рэкі Летувы сілкуюцца дажджавымі, талымі ды грунтовымі водамі. У сярэднім каля трох месяцаў рэкі пакрытыя льдом. На тэрыторыі Летувы больш за 2500 азёраў плошчай больш за 0,1 км² кожнае і 1000—1500 дробных азёраў. Самыя буйныя азёры — Друкшай, Дзіснай, найбольш глыбокае — Таўрангас (60,5 м). У Летуве налічваюць 40 тысячаў тарфяных балот, шмат дзе здабываецца торф.

Глебы

Амаль 45% тэрыторыі Летувы займаюць дзярнова-падзолістыя глебы, 17% — балотна-падзолістыя глебы, 4% — падзоліста-баравыя глебы, 8% — дзярнова-карбанатныя глебы, столькі ж карбанатныя дзярнова-глеева-падзолістыя, 5% — балотныя і 1,4% — алювіяльныя глебы ў дэльце Нёмана і абалёнах рэк.

Расьлінны сьвет

Летува разьмешчаная ў падзоне мяшаных лясоў лясной зоны. Выдзяляюць правінцыю з грабам і правінцыю безь яго, мяжа пралягае ў сярэдняй частцы тэрыторыі. Агулам лясы займаюць 27,6% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя (37,2%) і бярозавыя (23%) лясы. У Летуве сустракаюцца больш за 2000 відаў кветкавых расьлінаў і папаратнікаў, вядома каля 250 відаў мхоў, 400 відаў лішайнікаў і 2000 відаў грыбоў.

Жывёльны сьвет

У Летуве распаўсюджаныя жывёлы тайгі й шыракалістых лясоў. Пазваночных налічваецца 426 відаў, зь іх 61 від сысуноў, 290 — птушак, 7 — гадаў, 11 — земнаводных і 57 рыб. Дробныя сысуны — кажаны, яжы, краты, землярыйкі, мышы-палёўкі і іншыя. Большасьць птушак належаць да атраду вераб’іных. Сярод гадаў варта адзначыць трытонаў, жаб ды раптух.

У краіне разьмяшчаюцца Летувіскі нацыянальны парк (на паўночным усходзе, плошча каля 300 км²), 3 запаведнікі (Жувінтас, Чапкаляй, Каманос).[61]

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

Асноўны артыкул: Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Летувы

Летува складаецца зь 10 паветаў (па-летувіску: apskritys), якія называюцца адпаведна са сваёй сталіцай:

  1. Аліта
  2. Коўна
  3. Клайпеда
  4. Мар’ямпаль
  5. Панявеж
  6. Шаўлі
  7. Таўрогі
  8. Цельшы
  9. Уцяна
  10. Вільня

Паветы дзеляцца на акругі. Некаторыя буйныя гарады ўтвараюць самастойныя адміністрацыйныя адзінкі.

Эканоміка

Асноўны артыкул: Эканоміка Летувы

Летува — індустрыяльная краіна з разьвітай сельскай гаспадаркай. На 1 сакавіка 1998 году Летуве было дадзена 1,976 млрд $ пазык з-за мяжы, прычым каля траціны зь іх былі крэдытамі МВФ. Істотнае значэньне для разьвіцьця эканомікі Летувы мела ўступленьне ў Эўрапейскі Зьвяз. Сукупны ўнутраны прадукт краіны вырас за першы квартал 2004 году на 7,7%.

Найбуйнешым інвэстарам зьяўляюцца ЗША — 25% усіх зьнешніх інвэстыцыяў, потым ідуць Швэцыя (13%), Нямеччына (12%) і Вялікабрытанія (8%). Структура ВУП: (у % ад агульнага кошту) сельская і лясная гаспадарка — 9,3, здабывальная і перапрацоўчая прамысловасьць — 25,9, будаўніцтва — 6,7, камунальныя паслугі — 3,0, транспарт і сувязь — 7,6, гандаль — 23,9, фінансы — 3,2, іншае — 20,4.

Ад 1 студзеня 2015 году Летува перайшла на Эўра[62].

Рост рэальнага СУП краіны

Цеплавыя электрастанцыі працуюць на замежнай сыравіне, найбуйнейшыя — Летувіская і Віленскія. Маюцца гідраэлектрастанцыі — Кайшадорская, Ковенская. Самай магутнай зьяўляецца Ігналінская атамная электрастанцыя.

Найважнейшая галіна прамысловасьці — машынабудаўніцтва і мэталаперапрацоўка. Найбольшае разьвіцьцё атрымала станкабудаўніцтва з асноўнымі цэнтрамі ў Вільні, Коўне, Шаўлях; прыборабудаваньне, электратэхніка і радыётэхніка (Вільня, Коўна, Панявеж і інш.), суднабудаваньне і рамонт караблёў (Клайпеда), вытворчасьць абсталяваньня для харчовай прамысловасьці (Мар’ямпаль), вытворчасьць ровараў і рухавікоў для мапедаў (Шаўлі). Прамысловасьць па перапрацоўцы нафты дае мазут, бэнзін, дызэльнае паліва, асфальт, парафін і інш. прадукты (Мажэйкі). Разьвітая хімічная прамысловасьць: вытворчасьць сернай кіслаты, амафосу, супэрфасфату (Кейданы), азотных угнаеньняў (Янава), штучных валокнаў (Коўна), плястмасавых вырабаў (Вільня) штучнай скуры (Плунге), фармацэўтычнай прадукцыі (Вільня, Коўна і інш.), прадукцыі мікрабіялягічнай прамысловасьці (Вільня, Кейданы). Вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў ажыцьцяўляецца зь мясцовай сыравіны. Разьвіта вытворчасьць цэмэнту (Наўёі-Акмяны), сылікатных вырабаў, мяккага пакрыцьця даху і да т. п. (Вільня, Коўна, Гаргаждай), керамікі (Таўрогі), шкла (Вільня, Коўна і інш.). Здаўна ў Летуве існуе дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая прамысловасьць з разьвітай вытворчасьцю мэблі (Янава, Клайпеда, Коўна, Шаўлі), паперы і кардону (Коўна, Грыгішкі), цэлюлозы ды фанэры (Клайпеда), запалак (Коўна), двп (Клайпеда, Вільня, Грыгішкі, Казлова Руда).[63]

Транспарт

Асноўны артыкул: Транспарт у Летуве

Летува мае важкае значэньне як транзытная краіна між Цэнтральнай і Паўночнай Эўропай, між Скандынавіяй і Беларусьсю. Ключавую ролю Летува грае як транзыт між Расейскай Фэдэрацыяй і ейным эксклявам Калінінградзкай вобласьцю. Сталіца Летувы Вільня знаходзіцца вельмі блізка да закрытай беларускай мяжы, таму больш важным транспартным вузлом Летувы зьяўляецца гістарычная сталіца Коўна.

Аўтатранспарт

Асноўныя аўтастрады Летувы

Летува мае разьвітую сець аўташашаў, у тым ліку аўтастраду, што злучае Коўна і Клайпеду і аўтабан E67 «Via Baltica» з Варшавы праз Коўну, Рыгу, Талін да Хэльсынкі. Акрамя таго, Летува мае вялікае значэньне для транзыту нафты з Расеі.

Карабельны транспарт

У Клайпедзе знаходзіцца буйны марскі порт, злучаны паромнымі маршрутамі з важнымі гарадамі ўзьбярэжжа Балтыйскага мора.

Чыгунка

Пры Шастоках і Сувалках (Польшча) знаходзіцца важны чагуначны перавал у Польшчу, які ў апошнія гады, з-за зьнешнепалітычнай самаізаляцыі Беларусі, атрымаў ключавую важнасьць, бо альтэрнатыўны маршрут ідзе празь Беларусь. Важнасьць гэтага шляху пасьля адкрыцьця летувіска-польскай мяжы ў ходзе пашырэньня Эўразьвязу на ўсход будзе толькі расьці. Летувіская чыгунка, таксама як чыгунка ў іншых краінах былога Савецкага Саюзу, мае шырокую каляіну (1520 мм замест 1435 мм у Заходняй Эўропе).

Турызм

Асноўны артыкул: Турызм у Летуве

У Летуве расьце роля турызму на Балтыйскім моры, напрыклад, гарады Ніда і Паланга. Менш важны, але таксама расьце прыцягальнасьць для турыстаў гарадоў Вільні і Коўні.

Культура

Асноўны артыкул: Культура Летувы

Летувіская літаратура

Катэхізіс Мажвідаса

Пісьмо на летувіскай мове пачалося з кнігаў рэлігійнага зьместу. Першай летувіскай кнігай быў «Катэхізіс» Марцінаса Мажвідаса, выдадзены ў 1547 годзе. Мажвідас быў пастарам з Рагніту (цяпер Нёман у Калінінградзкай вобласьці Расеі). Кніга была выдадзеная ў Кёнігсбэргу (цяпер — Калінінград) і, апроч катэхізісу, утрымлівала вершаваную прадмову на летувіскай мове, адзінаццаць царкоўных сьпеваў з нотамі і першы летувіскі буквар. Таксама Мажвідас падрыхтаваў першы летувіскі зборнік царкоўных сьпеваў «Песьні Хрысьціянскія» (1 частка — 1566 г., 2 частка — 1570 г.), які пасьля ягонай сьмерці выдаў кёнігсбэрскі пастар Балтрамеюс Вілентас. Першы поўны пераклад Бібліі на летувіскую мову быў зроблены Ёнасам Брэткунасам (1536—1602) паміж 1579 і 1590 гадамі. Крыху пазьней у адказ на пратэстанцкія рэлігійныя кнігі зьявілася каталіцкая рэлігійная літаратура на летувіскай мове.

Напачатку XIX стагодзьдзя аблічча летувіскай літаратуры складалі каталіцкія сьвятары. Юзэф Арнульф Гедройц, які гуртаваў вакол сябе летувіскіх пісьменьнікаў, і Мацей Казімер Валанчэўскі займаліся зьбіраньнем народнага летувіскага фальклёру і перакладамі на летувіскую мову. Ёнас Мачуліс-Майроніс пісаў вершы ў стылі рамантызму і ў 1895 годзе выдаў зборнік «Вясеньнія галасы», які абудзіў грамадзкія пачуцьці. Пісьменьнік, паэт ды перакладчык Вінцас Крэве-Міцкевіч распачаў традыцыю фальклярызму ў летувіскай літаратуры напачатку XX стагодзьдзя. Сярод фігур пачатку XX стагодзьдзя празаікі Ёзас Тумас-Вайжгантас (1869—1933), Ёнас Білюнас (1879—1907), Юлія Жэмайтэ (1845—1921). У пэрыяд незалежнай Летувы плённа працаваў паэт Людас Гіра. Паэт і перакладчык Яўген Шкляр зрабіў вялікі ўнёсак у знаёмства замежнікаў зь летувіскай паэзіяй. Казіс Бінкіс стаў на чале футурыстычнай групоўкі паэтаў «Чатыры вятры» ў 1920-я (Юозас Жлабіс-Жанге, Пятрас Таруліс). Пранас Будвітыс, Пятрас Вайчунас перакладалі творы замежных аўтараў для ўзбагачэньня летувіскай літаратурнай мовы. У постсавецкай летувіскай літаратуры адбіваецца пошук свайго нацыянальнага «я» летувісаў. Гэтая тэндэнцыя пачалася яшчэ ў часы хрушчоўскай адлігі. Старажытныя паэтычныя міты — асноўная крыніца, дзе можна знайсьці аблічча летувіскага народу. Дахрысьціянскі пэрыяд найбольш яскрава паказвае летувіскі сьвет «у чыстым выглядзе», бо пасьля прыходу хрысьціянства і зьяўленьня пісьменнасьці летувіская нацыя істотна падвяргалася ўплыву суседніх нацыяў — польскай, нямецкай і расейскай, савецкаму ўплыву.

Матыў сельскай, дахрысьціянскай сьвядомасьці пануе ў паэзіі Марцэліюса Марцінайціса (нар. 1936), асабліва ў ягоных знакамітых балядах Кукуціса (1977). Юдзіта Вайчунайце (нар. 1937) спалучыла вобразы старажытнага паганскага сьвету з гарадзкімі пэйзажамі. Сігітас Геда (нар. 1943) адухаўляе краявіды, надае ім памяць. Сярод іншых можна выдзеліць Ёзаса Грушаса (1901—1989), Ёнаса Авіжуса (нар. 1922), Юсьцінаса Марцінкевічуса (нар. 1930), Рамуальдаса Гранаўскаса ды Леанардаса Густаўскаса (абодва нар. 1939). Сучасную літаратуру разьвіваюць Рычардас Гавеліс ды Ніёле Міляўскайтэ (абодва нар. 1950), Дональдас Каёкас (нар. 1953), Юрга Іванаўстайтэ (н. 1961), Сігітас Парульскіс (нар. 1963), Антанас Ёнінас (нар. 1965).[64] Аўтар нацыянальнага гімна Летувы — Вінцас Кудырка.

Пераходная зона

З пункту гледжаньня культуры Летува знаходзіцца ў зоне пераходу. На захадзе краіны, пры Балтыйскім моры, ёсьць відавочны ўплыў ганзейска-паўночна-эўрапейскіх архітэктурных і фальклёрных традыцыяў — нямецкай, дацкай і швэдзкай культураў. З часоў уваходжаньня ў Вялікае Княства Літоўскае праз прыняцьце каталіцтва ў першую чаргу ў архітэктуры зьявіліся італійскія элемэнты (Сабор часоў Рэнэсансу ў Вільні).

Усход і поўдзень Летувы традыцыйна быў пад моцным беларускім, пазьней таксама польскім уплывам. У гарадох да Другой сусьветнай Вайны была шматлікая габрэйская дыяспара.

Сусьветная культурная спадчына ЮНЭСКО

Старажытныя насыпы ў Кернаве на месцы былых умацаваньняў

Старое места Вільні ўваходзіць у Сусьветную культурную спадчыну паводле ЮНЭСКО, гэтаксама як і дзюны на Курскай пярэсьпе і старажытныя гарадзішчы ў Кернаве.

Помнікі

Нацыянальным сымбалям Летувы зьяўляецца Крыжовая гара (па-летувіску: Kryžių Kalnas) ля Шаўляў.

Паганскія помнікі

Культура Летувы, як апошняга хрысьціянізаванага рэгіёну Эўропы, багатая на паганскія элемэнты. Распаўсюджаныя рэшткі культаў розных бажкоў, у першую чаргу побытавых (дамавік, лазьнік, лесавік і іншыя). Край багаты старажытнымі паганскімі помнікамі, капішчамі. У Коўні ёсьць музэй паганства, а ў Юодкрантэ — «Вядзьмарская гара».

Глядзіце таксама

Крыніцы

  1. ^ Official Statistics Portal
  2. ^ а б [1] International Monetary Fund. 2019 (анг.)
  3. ^ 97. Як здарылася, што Жамойць пачала называцца Літвою? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  4. ^ Эдвард Зайкоўскі. Літва гістарычная // «Наша Слова», № 26 (917) 1 ліпеня 2009 г., № 27 (918) 8 ліпеня 2009 г.
  5. ^ Ніна Баршчэўская. Уплыў суседніх народаў на зьмену дзяржаўнага назову Беларусі ў ацэнцы беларускіх вучоных у дыяспары 1—4, 5—8 // Droga ku wzajemności. 50 lat białorutenistyki na Uniwersytecie Warszawskim. Redakcja naukowa Mikołaj Timoszuk i Mikołaj Chaustowicz. (Acta Albaruthenica 6). — Warszawa, 2007. S. 50—66.
  6. ^ Насельніцтва краіны на 01.01.2012 паводле Eurostat
  7. ^ Ангельскі пераклад Канстытуцыі Летувіскай Рэспублікі, даступны на афіцыйным сайце Сойму ЛР
  8. ^ Kaścian, Kiryl. Die Litauische Verfassung und die Auslegung des Begriffs «Volk» in historischer Perspektive // Osteuropa-Recht 5/2008, S. 290—297 (291—292).
  9. ^ а б в г д е ё ж з і Кірыл Касьцян, Ганна Васілевіч. Спадчына ВКЛ вачыма беларускіх і летувіскіх гісторыкаў: поле для роўных магчымасьцяў? // «ARCHE Пачатак» № 11—12 (86—87), 2009. С. 292—303.
  10. ^ а б Аляксандар Краўцэвіч. Кніга Гудавічуса — праява летувіскай гістарычнай экспансіі ў Беларусь // Беларуская служба «Радыё Свабода», праграма «Вольная студыя» ад 8 кастрычніка 2006 г.
  11. ^ Уладзімер Арлоў, Захар Шыбека. Спрэчкі за літоўска-беларускую Айчыну // Дзеяслоў №11, 2004-07
  12. ^ а б в г Сяргей Навумчык, Уладзімер Каткоўскі. Вільня, Вялікае Княства і Беларусь — поўны тэкст онлайнавай канфэрэнцыі з Уладзімерам Арловым // Радыё Свабода, 8.02.2005
  13. ^ а б в г д Андрэй Катлярчук. Чаму беларусы не апанавалі літоўскай спадчыны // «ARCHE Пачатак» № 2 (25), 2003.
  14. ^ Андрэй Антонаў. Беларусь і беларусы ў літоўскіх школьных падручніках па гісторыі (1993—2000) // Беларускі гістарычны агляд. Том 8, Сшытак 1—2 (14—15). Снежань 2001
  15. ^ а б Литовско-русское государство // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  16. ^ Улады не заўважаюць перамогі пад Грунвальдам, Анатоль Грыцкевіч // Радыё Свабода, 14 ліпеня 2009
  17. ^ Рэкамэндацыі Рады аховы этнічнае культуры Летувы № 1 аб усталяваньні межаў этнаграфічных рэгіёнаў ад 17 верасьня 2003 году.
  18. ^ Snyder, T. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569—1999. — New Haven: Yale Univ. Press, 2003
  19. ^ Zinkevičius, Z. History of the Lithuanian Language. — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 1998. P. 244
  20. ^ Snyder, T. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569—1999. — New Haven: Yale Univ. Press, 2003
  21. ^ Schmalstieg, W. R. Early Lithuanian Grammars // Lituanus, Vol. 28, No.1/1982
  22. ^ Zinkevičius, Z. History of the Lithuanian Language. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 1998. P. 297.
  23. ^ Як здарылася, што Жамойць пачала называцца Літвою? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Сверчанка, Зм. Занько. ― Мн.: рэдакцыя газета «Звязда», 1993. ― с. 54
  24. ^ Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага / А. К. Краўцэвіч. ― Мн. : Бел. навука, 1998. ― 206, [2] с.
  25. ^ а б в г д (red.) Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene, Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo, Kraštotvarka, Kaunas, 1999, ISBN 9986-892-34-1, s. 80.
  26. ^ (red.) Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene, Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo, Kraštotvarka, Kaunas, 1999, ISBN 9986-892-34-1, s. 81.
  27. ^ а б в г д е ё ж (red.) Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene, Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo, Kraštotvarka, Kaunas, 1999, ISBN 9986-892-34-1, s. 82.
  28. ^ а б (red.) Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene, Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo, Kraštotvarka, Kaunas, 1999, ISBN 9986-892-34-1, s. 84.
  29. ^ Konkordat pomiędzy Stolicą Apostolską a Rzecząpospolitą Polską, podpisany w Rzymie dnia 10 lutego 1925 r. (ratyfikowany zgodnie z ustawą z dnia 23 kwietnia 1925 r.), Dz. U. Nr 72, poz. 501 (пол.)
  30. ^ Alfonsas Eidintas and Vytautas Žalys. Lithuania in European Politics: The Years of the First Republic, 1918—1940. Edited by E. Tuskenis with an introduction and afterword by A. E. Senn. — New York: St. Martin’s Press, 1998. P. 109
  31. ^ Flaes, R. Das Problem der Territorialkonflikte. Eine Untersuchung ueber ihre Grundlagen und Eigenschaften am Beispiele der Territorialgeschichte Polens. — Utrecht: Univ., jur. Fak., Diss., 1929. S. 269
  32. ^ Flaes, R. Das Problem der Territorialkonflikte. Eine Untersuchung ueber ihre Grundlagen und Eigenschaften am Beispiele der Territorialgeschichte Polens. — Utrecht: Univ., jur. Fak., Diss., 1929. S. 268—269
  33. ^ (red.) Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene, Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo, Kraštotvarka, Kaunas, 1999, ISBN 9986-892-34-1, s. 86.
  34. ^ Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. С. 155
  35. ^ Міхась Скобла. Анатоль Цітоў: «Гербу „Пагоня“ — 730 гадоў» // Радыё Свабода, 31 студзеня 2008
  36. ^ а б в г (red.) Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene, Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo, Kraštotvarka, Kaunas, 1999, ISBN 9986-892-34-1, s. 87.
  37. ^ а б в г д Тымаці Снайдэр. Частка 1 з кнігі «Рэканструяваньне нацыяў: Польшча, Украіна, Летува, Беларусь (1569—1999 гг.)» // Дзеяслоў №13, 2004-11
  38. ^ Сяргей Навумчык і Ўладзімер Каткоўскі. Вільня, Вялікае Княства і Беларусь — поўны тэкст онлайнавай канфэрэнцыі з Уладзімерам Арловым // Радыё Свабода, 8 лютага 2005
  39. ^ а б в 131. Як Вільня сталася жамойцкім горадам? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  40. ^ (red.) Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene, Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo, Kraštotvarka, Kaunas, 1999, ISBN 9986-892-34-1, ss. 87—88.
  41. ^ а б в г д (red.) Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene, Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo, Kraštotvarka, Kaunas, 1999, ISBN 9986-892-34-1, s. 88.
  42. ^ Сообщение главной избирательной комиссии Литвы о результатах выборов в Народный Сейм, 17.07.1940. // Полпреды сообщают… — М., Международные отношения, 1990. С. 473
  43. ^ а б (red.) Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene, Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo, Kraštotvarka, Kaunas, 1999, ISBN 9986-892-34-1, s. 89.
  44. ^ (red.) Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene, Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo, Kraštotvarka, Kaunas, 1999, ISBN 9986-892-34-1, s. 90.
  45. ^ 8. Литва и Русь. — Затерянный мир — Litvin.by
  46. ^ (red.) Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene, Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo, Kraštotvarka, Kaunas, 1999, ISBN 9986-892-34-1, s. 93.
  47. ^ а б (red.) Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene, Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo, Kraštotvarka, Kaunas, 1999, ISBN 9986-892-34-1, ss. 95-96.
  48. ^ (red.) Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene, Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo, Kraštotvarka, Kaunas, 1999, ISBN 9986-892-34-1, s. 97.
  49. ^ Snyder, T. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569—1999. — New Haven: Yale Univ. Press, 2003. P. 93.
  50. ^ Snyder, T. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569—1999. — New Haven: Yale Univ. Press, 2003. P. 93, 95
  51. ^ Грицюс А. Влияние «белорусского фактора» на внешнюю политику Литвы и стабильность в Балтийском регионе. С. 139—162 // Белоруссия на перепутье. — Москва: Московский центр Карнеги, 1998. С. 153.
  52. ^ Belarus Official Lays Claim To Lithuanian Border Lands // The New York Times, 25/2/1992
  53. ^ Burant, S. R. International Relations in a Regional Context: Poland and its Eastern Neighbours Lithuania, Belarus, Ukraine // Europe-Asia Studies 45 (993), No. 3. P. 407, 417.
  54. ^ Грицюс А. Влияние «белорусского фактора» на внешнюю политику Литвы и стабильность в Балтийском регионе. С. 139—162 // Белоруссия на перепутье. — Москва: Московский центр Карнеги, 1998. С. 154.
  55. ^ Літва адмовілася Беларусь называць Belarus // Наша Ніва, 16 красавіка 2010
  56. ^ В Литве Беларусь останется Baltarusija // TUT.BY, 16 красавіка 2010
  57. ^ Адкуль у Беларусі ўзяліся палякі? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  58. ^ Ethnicity, mother tongue and religion (анг.) — зьвесткі перапісу 2011 году.
  59. ^ Alkas (2015). A. Butkus: Lietuvos gyventojai tautybės požiūriu;Retrieved 7 January 2017
  60. ^ meteo.lt
  61. ^ Кунчина И. П. и др. Литва // Страны и народы; Науч.-попул. геогр.-этнограф. изд. в 20-ти т. Советский союз. Республики прибалтики. Белоруссия. Украина. Молдавия. — М.: Мысль, 1984. — 349 с.
  62. ^ 1 студзеня Летува пераходзіць на эўра. Polskie Radio S.A. 30.12.2014
  63. ^ Большая энциклопедия: в 62 томах. Т. 26. — М: ТЕРРА, 2006. — 592 с. ISBN 5-373-00432-2.
  64. ^ Twayne companion to contemporary world literature: from the editors of World Literature Today. ISBN 0-8057-1700-5 (hardset)

Літаратура

  • Эдвардас Гудавичюс. История Литвы с древнейших времён до 1569 года. — Москва: Фонд имени И. Д. Сытина: Baltrus, 2005.
  • Кацель И. А. История Литвы. — Ковно, 1922. — 140 с.
  • Zigmantas Kiaupa. Lietuvos valstybĕs istroija. — Vilnius: Baltos lankos, 2006. — 312 s. ISBN 9955-584-63-7.
  • Літоўская паэзія = Lietuviu poezija / Літоўс. цэнтр культуры, адукацыі і інфарм. [Уклад. В. Тараўскайтэ і інш.; Пер.: Э. Акулін і інш.; Іл. І. Станкевічутэ]. — Маладзечна: Друк. «Перамога», 2003. — 1568 с. ISBN 985-6541-26-3.
  • Snyder, T. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569—1999. — New Haven: Yale Univ. Press, 2003 [2] (бел.)
  • 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.

Вонкавыя спасылкі

Летувасховішча мультымэдыйных матэрыялаў