Баляслаў Пачопка: розьніца паміж вэрсіямі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
дапаўненьне, выпраўленьне спасылак
дНяма апісаньня зьменаў
Радок 41: Радок 41:
Допісы ў газэты і публіцыстычныя творы падпісваў як уласным прозьвішчам, так і рознымі варыянтамі скарачэньняў уласнага імя і прозьвішча: ''B.P, P-ka Boluk, P-ka B., а. Баляслаў'' і інш.
Допісы ў газэты і публіцыстычныя творы падпісваў як уласным прозьвішчам, так і рознымі варыянтамі скарачэньняў уласнага імя і прозьвішча: ''B.P, P-ka Boluk, P-ka B., а. Баляслаў'' і інш.


Працаваў у Вільні ў [[Камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны|Камітэце дапамогі пацярпелым ад вайны]]. Браў удзел у арганізацыі беларускага школьніцтва. За кароткі час — зь лістапада 1915 па люты 1916 гг. — Баляслаў Пачопка разам з [[Алаіза Пашкевіч|Алаізай Пашкевіч (Цёткай)]], [[Іван Луцкевіч|Іванам]] і [[Антон Луцкевіч|Антонам]] Луцкевічамі адчынілі ў Вільні шэсьць беларускіх грамадзкіх школаў, да якіх нямецкія акупацыйныя ўлады ня мелі ніякага дачыненьня.<ref>{{Навіна|аўтар=[[Ян Максімюк]]|загаловак=Як немцы адлучалі Беларусь ад Расеі і Польшчы|спасылка=https://www.svaboda.org/a/25465079.html|выдавец=[[Свабода (радыё)|Радыё «Свабода»]]|дата публікацыі=21 ліпеня 2014|дата доступу=16 ліпеня 2019}}</ref>Гэта былі першыя ў гісторыі беларускія школы. А зь сьнежня 1915 Баляслаў Пачопка разам з Алаізай Пашкевіч і братамі Луцкевічамі заняўся арганізацыяй першых вечаровых настаўніцкіх курсаў для падрыхтоўкі беларускіх настаўнікаў і стаў адным з выкладчыкаў на гэтых курсах.
Працаваў у Вільні ў [[Камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны|Камітэце дапамогі пацярпелым ад вайны]]. Браў удзел у арганізацыі беларускага школьніцтва. За кароткі час — зь лістапада 1915 па люты 1916 гг. — Баляслаў Пачопка разам з [[Алаіза Пашкевіч|Алаізай Пашкевіч (Цёткай)]], [[Іван Луцкевіч|Іванам]] і [[Антон Луцкевіч|Антонам]] Луцкевічамі адчынілі ў Вільні шэсьць беларускіх грамадзкіх школаў, да якіх нямецкія акупацыйныя ўлады ня мелі ніякага дачыненьня.<ref>{{Навіна|аўтар=[[Ян Максімюк]]|загаловак=Як немцы адлучалі Беларусь ад Расеі і Польшчы|спасылка=https://www.svaboda.org/a/25465079.html|выдавец=[[Свабода (радыё)|Радыё «Свабода»]]|дата публікацыі=21 ліпеня 2014|дата доступу=16 ліпеня 2019}}</ref> Гэта былі першыя ў гісторыі беларускія школы. А зь сьнежня 1915 Баляслаў Пачопка разам з Алаізай Пашкевіч і братамі Луцкевічамі заняўся арганізацыяй першых вечаровых настаўніцкіх курсаў для падрыхтоўкі беларускіх настаўнікаў і стаў адным з выкладчыкаў на гэтых курсах.


== Праца ў беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Сьвіслачы ==
== Праца ў беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Сьвіслачы ==

Вэрсія ад 21:50, 16 ліпеня 2019

Баляслаў Пачопка
Баляслаў Пачобка
Айцец Баляслаў Пачопка ў 1930-я гг.
Род дзейнасьці грэка-каталіцкі сьвятар, выдавец, настаўнік, мовазнаўца, публіцыст
Дата нараджэньня 13 кастрычніка 1884
Месца нараджэньня засьценак Уляны, Віленскі павет, Віленская губэрня
Дата сьмерці 26 сьнежня 1940
Месца сьмерці Целяханы, Івацэвіцкі раён
Месца пахаваньня
Грамадзянства Расея
Польшча
Месца вучобы
Занятак публіцыст, пісьменьнік, журналіст
Месца працы
Бацька Антон Пачобка
Маці Ганна з роду Гайдукевіч
Жонка Марцыяна з роду Пілецкіх

Баляслаў Пачопка (Пачобка) (13 кастрычніка 1884, засьценак Уляны Рукойненскай гміны Віленскага павету — 26 сьнежня 1940, мяст. Целяханы, цяпер Івацэвіцкі раён) — каталіцкі сьвятар усходняга (бізантыйскага) абраду, настаўнік і рэлігійны публіцыст. Актыўны беларускі дзяяч — сталы аўтар газэты «Наша Ніва», рэдактар-выдавец першай беларускай каталіцкай газэты «Biełarus» (1913—1915).

Дзіцячыя гады і адукацыя

Нарадзіўся ў незаможнай сялянскай каталіцкай сям’і Антона Пачопкі і Ганны з роду Гайдукевічаў, у якіх было пяць дзяцей. Ахрышчаны 21.10.1884 у рыма-каталіцкім касьцёле ў Лаварышках Віленскай дыяцэзіі. З малых гадоў любіў прыслугоўваць міністрантам у касьцёле і марыў стаць сьвятаром. Скончыў 4 клясы расейскай народнай вучэльні ў Рукойнях. З дапамогаю ксяндза з Лаварышак працягнуў навучаньне ў гімназіі ў Вільне. Пасьля шасьці клясаў гімназіі паступіў у 1905 у Віленскую духоўную сэмінарыю.

У 1905—1907 навучаўся ў Віленскай духоўнай сэмінарыі, для вучобы матэрыяльную падтрымку яму аказала княжна Магдалена Радзівіл, якая падтрымлівала беларускі рух. У 1907 вымушаны быў перарваць навучаньне ў сэмінарыі. Афіцыйна — па прычыне пагаршэньня стану здароўя, аднак, ня выключана, што сапраўднымі прычынамі былі грамадзка-палітычныя фактары.

З 1907 Баляслаў Пачопка ў Пецярбургу, дзе ўладкаваўся на працу дробным чыноўнікам, адначасова па-за працай самастойна працягваў навучаньне. На працягу 2 гадоў браў удзел у беларускіх і польскіх культурна-асьветніцкіх гурках у Пецярбургу, куды прыносіў свае вершы і песьні, дасылаў невялікія артыкулы ў польскія і беларускія выданьні. Царскія ўлады западозрылі палітычную дзейнасьць у гэтых гуртках і дзейнасьць іх была спынена. Сьледзтва па гэтай справе пацягнула для Б. Пачопкі звальненьне з працы і пазбавіла магчымасьці знайсьці іншую дзяржаўную службу ў сталіцы. Вымушаны вярнуцца на радзіму, дзе працаваў прыватным настаўнікам у маёнтку Швядовічаў Крывейкішкі непадалёку ад старажытнага мястэчка Кернава на Віленшчыне. У 1911 у дзяржаўнай гімназіі ў Шаўлях здаў экстэрнам экзамэн за курс 8 клясаў гімназіі і атрымаў атэстат.

Ад далейшых студыяў у Віленскай сэмінарыі адмовіўся і 31 студзеня 1912 ажаніўся на 19-гадовай Марцыяне Пілецкай, зь якой меў сем дзяцей.

Выдавецкая і настаўніцкая дзейнасьць у Вільні

З 1911 жыў у Вільні, супрацоўнічаў з рэдакцыямі беларускіх выданьняў «Наша ніва» і «Biełarus», а таксама працаваў як хатні настаўнік. Спрычыніўся да стварэньня першай беларускай каталіцкай газэты «Biełarus» (выходзіла раз на тыдзень, друкавалася беларускай лацініцай), пачынаючы зь пятага нумару (№ 1, 1914) быў яе рэдактарам і выдаўцом.

Баляслаў Пачопка — укладальнік і выдавец першага ў XX стагодзьдзі беларускага малітоўніка «Boh z nami» (1915), аўтар першай беларускай граматыкі («Hramatyka biełaruskaj mowy. Apracawaŭ B.Pačobka», распрацавана ў 1915; надрукавана ў Вільні, у друкарні «Homan» у сакавіку 1918). Падрыхтаваў і выдаў шэраг беларускіх рэлігійных кніжак. Пісаў вершы па-беларуску і па-польску, зьбіраў беларускі фальклёр, дасьледаваў гісторыю батлейкі ў Беларусі.

Допісы ў газэты і публіцыстычныя творы падпісваў як уласным прозьвішчам, так і рознымі варыянтамі скарачэньняў уласнага імя і прозьвішча: B.P, P-ka Boluk, P-ka B., а. Баляслаў і інш.

Працаваў у Вільні ў Камітэце дапамогі пацярпелым ад вайны. Браў удзел у арганізацыі беларускага школьніцтва. За кароткі час — зь лістапада 1915 па люты 1916 гг. — Баляслаў Пачопка разам з Алаізай Пашкевіч (Цёткай), Іванам і Антонам Луцкевічамі адчынілі ў Вільні шэсьць беларускіх грамадзкіх школаў, да якіх нямецкія акупацыйныя ўлады ня мелі ніякага дачыненьня.[1] Гэта былі першыя ў гісторыі беларускія школы. А зь сьнежня 1915 Баляслаў Пачопка разам з Алаізай Пашкевіч і братамі Луцкевічамі заняўся арганізацыяй першых вечаровых настаўніцкіх курсаў для падрыхтоўкі беларускіх настаўнікаў і стаў адным з выкладчыкаў на гэтых курсах.

Праца ў беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Сьвіслачы

У кастрычніку 1915 зь Вільні разам зь сям’ёй пераехаў у Сьвіслач, каб з дазволу нямецкіх акупацыйных уладаў разам зь іншымі дзеячамі стварыць там першую беларускую настаўніцкую сэмінарыю. Зьяўляўся яе дырэктарам, хоць фармальна яе кіраўніком быў немец Бэндзеха.

У беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Сьвіслачы, якая дзейнічала ў пэрыяд з 15.10.1916 па 15.11.1918 і за гэты пэрыяд падрыхтавала 144 беларускія настаўнікі, Баляслаў Пачопка выкладаў беларускую мову, лаціну, а таксама вёў заняткі па рэлігіі. Падчас працы ў Сьвіслачы пачаў зьбіраць беларускія народныя песьні, якія плянаваў выдаць у зборніку «Беларуская ліра», аднак гэтая праца не была завершаная і сёньня лёс яе невядомы.

Летам 1920, падчас кароткага панаваньня бальшавікоў, вымушаны быў хавацца ад магчымых рэпрэсіяў і жыў на нелегальным становішчы пад страхой аднаго з гаспадарчых будынкаў.

Настаўніцтва ў польскіх школах

Пасьля ліквідацыі польскімі ўладамі беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Сьвіслачы і беларускага школьніцтва ў Заходняй Беларусі працаваў дырэктарам і настаўнікам у школах Ваўкавыскага павету: у в. Вільчукі (1920—1922), в. Масюкі (1922—1926). Выкладаў у старэйшых клясах прадметы гуманістычнага цыклю: гісторыю, рэлігію і польскую мову. У 1923 г. для пацьвярджэньня кваліфікацыі настаўніка скончыў пэдагагічныя курсы ў Лідзе. Займаўся рэлігійна-выхаваўчай працай зь дзецьмі, рыхтаваў зь імі розныя імпрэзы зь вершамі і песьнямі, у тым ліку і яго ўласнымі. Некаторыя зь іх былі надрукаваны невялікім зборнічкам, аднак большасьць загінула.

Сьвятарская дзейнасьць у Бабровічах

У міжваенны час вырашыў прысьвяціць сябе справе адраджэньня Уніі ў Беларусі і прыняў усходні абрад на прапанову ўкраінскага манаха-рэдэмптарыста Мікалая Чарнецкага (пазьней — біскупа, Апостальскага візытатара каталіцкіх парафіяў славяна-бізантыйскага абраду ў Польшчы, сёньня вызнанага Царквой блаславёным). Дзеля гэтага падаў пісьмовую просьбу ў Рым і вясною 1921 атрымаў асабісты дазвол ад папы Бэнэдыкта XV. З 1921 аднавіў свае тэалягічныя студыі — у грэка-каталіцкай сэмінарыі ў Львове, дзе 5 гадоў вучыўся завочна. 18 ліпеня 1926 быў высьвячаны на дыякана, а 25 ліпеня — на сьвятара ў катэдры сьв. Юра ў Львове. Сьвятарскія сьвячаньні паводле бізантыйскага абраду яму ўдзяліў Галіцкі мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі.

23.08.1926 рыма-каталіцкі біскуп Пінскі Зыгмунт Лазінскі прызначыў яго «выконваючым абавязкі вікарыя Целяханскай парафіі для абслугоўваньня вернікаў усходняга абраду, з рэзыдэнцыяй у Бабровічах». Бабровіцкая ўніяцкая парафія сьв. Яна Багаслова і сьв. мучаніцы Параскевы, вернікамі якой у 1926—1940 гг. апекаваўся а. Баляслаў Пачопка, складалася зь вёсак вакол Бабровіцкага возера: Бабровічы, Вяда, Тупічыцы, Красьніца і прылеглых хутароў. Колькасьць яго парафіянаў на 1939 год складала 1067 вернікаў.[2]

Падчас працы ўніяцкім парахам у Бабровічах а. Баляслаў Пачопка, акрамя сьвятарскага служэньня, выкладаў рэлігію дзецям у школе, актыўна займаўся дабрачыннай дзейнасьцю для бедных, браў удзел у Пінскіх унійных канфэрэнцыях, на якіх выступаў з дакладамі, дасылаў артыкулы ў беларускую і польскую прэсу («Da Złučeńnia», «Przegląd Wileński»). Стаў першым біёграфам біскупа Пінскага Зыгмунта Лазінскага (цяпер вядзецца бэатыфікацыйны працэс). У 1938 уласнымі рукамі збудаваў і аздобіў новую драўляную ўніяцкую царкву ў Бабровічах (значную частку грошаў на яе ахвяравала Магдалена Радзівіл). У душпастырскай дзейнасьці карыстаўся пераважна беларускай мовай.

Баляслаў Пачопка меў шырокую перапіску з рознымі асобамі далёка па-за межамі краіны, падтрымліваў шматгадовую лістоўную сувязь з мэцэнаткай беларускага руху княгіняй Магдаленай Радзівіл, сябраваў зь вядомым славістам прафэсарам Брэслава (Уроцлава) Рудольфам Абіхтам, зь якім працаваў у Сьвіслацкай беларускай настаўніцкай сэмінарыі.

Перасьлед за Саветамі і сьмерць

З прыходам Саветаў у 1939 пачаўся маральны і матэрыяльны ціск на сьвятара і яго сям’ю, а ў лютым 1940, калі ў Заходняй Беларусі адбылася першая масавая апэрацыя НКВД па дэпартацыі ў Сыбір, у ягонай царкве быў учынены пагром. Празь некалькі тыдняў яго спрабавалі абвінаваціць у крадзяжы збожжа. Гэтыя перажываньні моцна адбіліся на стане здароўя сьвятара, якое ўвесну 1940 моцна пагоршылася, узьніклі паважныя праблемы з сэрцам. Некалькі тыдняў ён правёў у шпіталі ў Целяханах. Увосень сьвятаром заняліся сьледчыя НКВД. У сьнежні 1940 сьвятар другі раз трапіў у шпіталь у Целяханах, а на другі дзень сьвятаў Божага Нараджэньня (26 сьнежня 1940) там памёр.

Пахаваны ён быў на каталіцкіх могілках у Целяханах. Сям’я сьвятара адразу пасьля яго пахаваньня, хаваючыся ад рэпрэсіяў НКВД, зьехала на Віленшчыну, пазьней выехала ў Польшчу, дзе дагэтуль жывуць нашчадкі.

За савецкім часам каталіцкія могілкі ў Целяханах, дзе быў пахаваны а. Баляслаў Пачопка, былі моцна занядбаныя. Месца пахаваньня на амаль цалкам зьнішчаных могілках цудам удалося адшукаць у 2002 годзе, дзякуючы крымскаму беларусу, які паходзіў з гэтых мясьцінаў. У 120-ыя ўгодкі з дня нараджэньня Баляслава Пачопкі, на Дзяды 2004 году, на яго магіле быў урачыста адкрыты і асьвячаны помнік з дрэва з выяваю ўваскрослага Хрыста (аўтар помніка мастак Мікалай Колас з Баранавічаў).

Творы і працы

  • Miatawyja listoczki (Apawiadańni). Wilnia, 1914. 31 s.
  • Žyćcio papieža Piusa X. Wilnia, 1914. 16 s.
  • Pačopka B. Czaławiek na wyszynie swajej hodnaści. Wilnia, 1915. 87 s.
  • P-ka B. Boh z nami. Biełaruski modliteŭnik. Wilnia, 1915. 264 s.
  • B.P. Światy Jozafat Kuncewicz. Wilnia, 1916. 16 s.
  • Pačobka B. Hramatyka biełaruskaj mowy. Wilnia, 1918. 37 s.
  • B.P. Wiazanka nowych piosenek religijno-patriotycznych. Wołkowysk, 1923. 8 s.
  • Paczopka B. Jak wučyć nas wieryć i žyć świataja Chrystowaja Paŭsiudnaja Cerkwa? Wilnia, 1932. 16 s.
  • Nowenna ku czci św. Józefata i litania do św. Józefata. Wilno, 1936.
  • Modlitwa o wsławienie świętobliwego Zygmunta I-go Biskupa Pińskiego i życiorys biskupa Zygmunta Łozińskiego. Wilno, 1938.
  • Krótkie nabożeństwo do Chrystusa Króla i Litania do Chrystusa Króla. Wilno, 1939.

Крыніцы

  1. ^ Ян Максімюк. Як немцы адлучалі Беларусь ад Расеі і Польшчы // Радыё «Свабода», 21 ліпеня 2014 г. Праверана 16 ліпеня 2019 г.
  2. ^ Spis kościołów i duchowieństwa diecezji Pińskiej w r. P. 1939. — Pińsk, 1939. Wydawnictwo drukarni diecezjalnej. S. 101—102.

Літаратура

  • Ігар Бараноўскі. Помнік сьвятару-беларусу (120-ыя ўгодкі з дня нараджэньня а. Баляслава Пачопкі) // Царква. Грэка-каталіцкая газета. № 4 (43), 2004. С. 14—15.
  • Piotr Poczopko. Kapłan unicki rodem z Wileńszczyzny. — Jabłonna, 1999. 56 (+12) S.
  • Пётр Пачопка. Страчанае Палесьсе (Уніяцкая царква ў Бабровічах) // Царква. Грэка-каталіцкая газета. № 3 (30), 2001, с. 14.
  • Сяргей Чыгрын. Пра аўтара першай беларускай граматыкі // pahonia.org