Грэцыя: розьніца паміж вэрсіямі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Радок 165: Радок 165:


== Дэмаграфія ==
== Дэмаграфія ==
Большасьць насельніцтва Грэцыі складаюць [[грэкі]] (80—90%), але гэтыя зьвесткі часта аспрэчваюцца, у выніку недаўліку нацыянальных меншасьцяў, асабліва моўным. Афіцыйная статыстыка Грэцыі не вядзе ўліку насельніцтва па нацыянальнасьцям. Па зьвесткам навукоўцаў-этнаграфаў, у Грэцыі існуюць наступныя нацыянальныя меншасьці: [[туркі]] (0,8%), [[памакі]] (баўгарамоўныя мусульмане — 0,3%), [[цыгане]]-мусульмане (0,1%), [[альбанцы]] (1-5%), [[арамуны]] (1,1%), праваслаўныя цыгане (1,8%), [[сэрбы]] (0,3%), [[арабы]] (0,3%), [[армяне]] (0,3%), [[габрэі]] (0,05%) і інш.
Большасьць насельніцтва Грэцыі складаюць [[грэкі]] (80—90%), але гэтыя зьвесткі часта аспрэчваюцца, у выніку недаўліку нацыянальных меншасьцяў, асабліва моўным. Афіцыйная статыстыка Грэцыі не вядзе ўліку насельніцтва па нацыянальнасьцям. Па зьвесткам навукоўцаў-этнаграфаў, у Грэцыі існуюць наступныя нацыянальныя меншасьці: [[туркі]] (0,8%), [[памакі]] (баўгарамоўныя мусульмане — 0,3%), [[цыгане]]-мусульмане (0,1%), [[альбанцы]] (1-5%), [[арамуны]] (1,1%), праваслаўныя цыганы (1,8%), [[сэрбы]] (0,3%), [[арабы]] (0,3%), [[армяне]] (0,3%), [[габрэі]] (0,05%) і інш.


Асноўнымі гарадамі Грэцыі зьяўляюцца:
Асноўнымі гарадамі Грэцыі зьяўляюцца:

Вэрсія ад 19:05, 14 сакавіка 2018

Грэцыя
Ελληνική Δημοκρατία
Сьцяг Грэцыі Герб Грэцыі
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: Ελευθερία ή θάνατος
(«Элефтэрыя і танатос»)
(«Свабода або сьмерць»)
Дзяржаўны гімн: «Hymn to Liberty»
Месцазнаходжаньне Грэцыі
Афіцыйная мова Грэцкая
Сталіца Атэны
Найбуйнейшы горад Атэны
Форма кіраваньня Парлямэнцкая рэспубліка
Пракопіс Паўлёпуляс
Алексіс Цыпрас
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
97-е месца ў сьвеце
131 957 км²
0,87%
Насельніцтва
 • агульнае (2012)
 • шчыльнасьць
80-е месца ў сьвеце
10 816 286[1]
82/км²
СУП
 • агульны (2014)
 • на душу насельніцтва
51-е месца ў сьвеце
$271 млрд
$24 574
Валюта Эўра (EUR)
Часавы пас
 • улетку
EET (UTC+2)
EEST (UTC+3)
Незалежнасьць
 -Абвешчаная
 -Прызнаная
Ад Атаманскай імпэрыі
25 сакавіка 1821
3 лютага 1830
Аўтамабільны знак GR
Дамэн верхняга ўзроўню .gr
Тэлефонны код +30
Мапа Грэцыі
Мапа Грэцыі

Грэ́цкая рэспу́бліка (па-грэцку: Ελληνική Δημοκρατία) альбо Грэ́цыя (грэц. Ελλάδα) — дзяржава ў Паўднёвай Эўропе, на Балканскім паўвостраве й шматлікіх астравах (найбуйнейшыя — Крыт, Эўбэя, Родас, Лесбас) у Эгейскім і Іянічным марах, ва ўсходняй частцы Міжземнага мора. Насельніцтва каля 11 мільёнаў, каля 95% зь іх — грэкі. Сталіца — Атэны.

На поўначы Грэцыя мяжуе з Баўгарыяй і Македоніяй, на паўночным захадзе з Альбаніяй, на паўночным усходзе з Турэччынай. Мае дзевяць гістарычных абласьцей: Македонію, Цэнтральную Грэцыю, Пэляпанэс, Тэсалію, Эпір, Эгейскія астравы, Тракію, Крыт і Іянічныя астравы. Знаходзіцца на 11-м месцы ў сьвеце паводле працягласьці берагавой лініі — 13 676 км — з 1400 астравамі, 227 зь якіх населеныя.

Шмат хто лічыць Грэцыю «калыскай» сучаснай заходняй цывілізацыі. Тут зарадзіліся дэмакратыя, заходняя філязофія, Алімпійскія гульні, заходняя літаратура, гістарыяграфія, паліталёгія, базавыя навуковыя й матэматычныя прынцыпы і драма (у тым ліку трагедыя й камэдыя). Культурніцкія й тэхналягічныя дасягненьні Грэцыі аказалі значны ўплыў на сьвет, распаўсюдзіліся на Ўсход праз заваёвы Аляксандра Вялікага, а на Захад праз інкарпарацыю ў Рымскую імпэрыю і наступную Бізантыю. Грэцкая праваслаўная царква таксама распаўсюдзіла грэцкія традыцыі на шырэйшы праваслаўны сьвет. Багатая спадчына Грэцыі захавалася ў ейных 17 аб’ектах Сусьветнае спадчыны. Незалежнасьць дзяржавы была абвешчаная ў 1830 року пасьля вайны з Асманскай імпэрыяй.

Цяпер Грэцыя — дэмакратычная разьвітая дзяржава з разьвітай эканомікай, высокімі якасьцю і стандартамі жыцьця. Краіна зьяўляецца адной з заснавальніцаў ААН, дзясятай далучылася да Эўрапейскіх супольнасьцяў (прадвесьнік Эўразьвязу), з 2001 року ўваходзіць у Эўразону. Зьяўляецца сябрам міжнародных арганізацыяў, такіх як Рада Эўропы, НАТО, АЭСР, АБСЭ і СГА.

Этымалёгія

Саманазва краіны — Эляс (Hellas) або Эляда (Ellada), аднак на іншых мовах краіна называецца інакш. Тэрмін Грэцыя паходзіць ад лацінскага Graecia, што літаральна азначае «зямля грэкаў» (ад грэц. Γραικός).

Гісторыя

Асноўны артыкул: Гісторыя Грэцыі

Грэцыя была заселеная зь незапамятных часоў. Рэшткі старажытных архантрапаў узростам ў 270 тыс. гадоў знойдзены ў пячоры Пэтралоне. Вядомыя таксама астанкі неандэртальцаў, якія жылі 40 тыс. гадоў таму на тэрыторыі Пэляпанэсу.

Дагрэцкая эгейская цывілізацыя датуецца 30-12 стагодзьдзямі да н. э.

Першая культура на тэрыторыі Грэцыі, дзе дамінуе ўласна грэцкае насельніцтва — гэта Мікенская культура, якая аб’яднала ў сабе дасягненьні ранейшых эгейскіх культураў.

«Цёмныя вякі» або «Гамэраўская Грэцыя» — пэрыяд у гісторыі Старажытнай Грэцыі, які ахоплівае каля 1200—800 да н. э., пачаўся пасьля заняпаду Мікенскай культуры і меркаванага дарыйскага ўварваньня, і скончыўся з пачаткам росквіту грэцкіх полісаў (пэрыяду архаікі).

Традыцыйна ўласна старажытнагрэцкі пэрыяд пачаўся зь першых Алімпійскіх гульняў у 776 да н. э. і працягваўся да сьмерці Аляксандра Македонскага ў 323 да н. э.

Эліністычны пэрыяд гісторыі Грэцыі працягваўся ад сьмерці Аляксандра Македонскага да далучэньня Пэляпанэскага паўвострава і грэцкіх астравоў да Рыма ў 146 да н. э.

Рымская Грэцыя — пэрыяд грэцкай гісторыі пасьля перамогі Рыма над карынцянамі ў бітве пры Карынце ў 146 да н. э. да перайменаваньня гораду Бізантыя ў 330 у Новы Рым, пазьней Канстантынопаль, рымскім імпэратарам Канстантынам I і пераносу ў яго сталіцы Рымскай імпэрыі.

У складзе Бізантыі значэньне Грэцыі зноў павышаецца. У 14 стагодзьдзі гэты пэрыяд заканчваецца з далученьнем Грэцыі да імпэрыі турак-асманаў. Большая частка Грэцыі зьяўлялася часткай Асманскай імпэрыі да абвяшчэньня незалежнасьці ў 1821.

Першым кіраўніком незалежнай Грэцыі быў Яан Кападыстрыя.

Аднак на тэрыторыі незалежнай Грэцыі тады пражывала толькі каля 1/6 часткі грэкаў Міжземнамор’я (каля 0,8 млн з 5 мільёнаў). Таму да 1970-х гадоў галоўным вэктарам ўнутранай і зьнешняй палітыкі былі пляны па аднаўленьні грэцкага адзінства, якія атрымалі ў 19 стагодзьдзі назву Вялікай ідэі (па-грэцку: Μεγάλη Ιδέα), а на сумежных грэцкіх тэрыторыях узьнік тэрмін энозіс, або імкненьне да ўзьяднаньня з Грэцыяй.

Пасьля стварэньня Турэцкай Рэспублікі Грэцыя ўцягнулася ў 1919—1922 гадах у вайну супраць яе і прайграла. У 1941—1944 гадах акупаваная італьянска-нямецкімі войскамі. У 1944—1949 гадах у Грэцыі ідзе грамадзянская вайна паміж камуністамі і раялістамі, аднак манархія будзе скасаваная толькі ў 1973 сіламі ваенных.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Грэцыі ўключае ў сабе 13 адміністрацыйных акругаў (вобласьцей, або пэрыфэрыі (па-грэцку: περιφέρειες)), якія затым падзяляюцца на 54 нома, або прэфэктуры. Дадаткова да гэтых акруг існуе адзін аўтаномны рэгіён — Аян-Орас (па-грэцку: Άγιον Όρος — «Сьвятая Гара») у раёне гары Афон.

13 адміністрацыйных акругаў
  1. Атыка
  2. Цэнтральная Грэцыя
  3. Цэнтральная Македонія
  4. Крыт
  5. Усходняя Македонія і Фракія
  6. Эпір
  7. Іянічныя астравы
  8. Паўночныя Эгейскія астравы
  9. Пэляпанэс
  10. Паўднёвыя Эгейскія астравы
  11. Фэсалія
  12. Заходняя Грэцыя
  13. Заходняя Македонія

Палітыка

Грэцыя — парлямэнцкая рэспубліка. Кіраўніком дзяржавы зьяўляецца прэзыдэнт, які выбіраецца парлямэнтам на пяцігадовы тэрмін. Існуючая канстытуцыя была зацьверджаная парлямэнтам і ўведзена ў дзеяньне ў 1975 годзе, пасьля падзеньня вайсковай хунты, захапіўшай уладу з 1967 да 1974 году. З таго часу канстытуцыя двойчы зьмянялася ў 1986 і 2001 гадах. Канстытуцыя ўтрымлівае 120 параграфаў, якія падзяляюць дзяржаўную ўладу на заканадаўчую, выканаўчую і судовую і дае пашыраныя гарантыі грамадзкім свабодам і правам.

Згодна з канстытуцыяй, выканаўчая ўлада належыць прэзыдэнту рэспублікі і ўраду. Пасьля папраўкі 1986 году прэзыдэнцкія абавязкі былі значна паменшаныя і зараз прэзыдэнт зьяўляецца хутчэй пратакольнай асобай. Абавязкі прэм’ер-міністра выконвае лідэр партыі, якая мае, на бягучы момант, большасьць у парлямэнце. Прэзыдэнт фармальна пазначае прэм’ер-міністра і па яго рэкамэндацыям міністраў. Прэм’ер-міністар валовае большай часткай палітычнай улады, і згодна з папраўкай 1986 году яму была перададзена большая частка прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў.

Заканадаўчая ўлада належыць парлямэнту, які складаецца з 300 дэпутатаў. Законы прынятыя парлямэнтам павінны зацьвярджацца прэзыдэнтам. Парлямэнцкія выбары праходзяць кожныя чатыры гады, але прэзыдэнт мае права распусьціць парлямэнт па прапанове кабінэта міністраў. Прэзыдэнт, так сама, можа распусьціць парлямэнт пасьля таго як апазыцыя зможа арганізаваць вотум недаверу.

Судовая ўлада незалежная ад выканаўчай і заканадаўчай і складаецца з трох вярхоўных судоў: Касацыйны Суд (Άρειος Πάγος), Дзяржаўны Савет (Συμβούλιο της Επικρατείας) і Эканамічны Суд (Ελεγκτικό Συνέδριο). Судовая ўлада, так сама, уключае і грамадзянскія суды, якія разглядаюць адміністрацыйныя, грамадзянскія і крымінальныя справы.

Геаграфія

Агульныя зьвесткі

Грэцкі паўвостраў, разьмешчаны на паўднёвым усходзе Эўропы, займае плошчу 131 944 км². Грэцыя разьмешчаная ў паўднёвай частцы Балканскага паўвострава і на прылеглых да яго і да ўзьбярэжжа Малой Азіі астравах. Мяжуе з Альбаніяй, Македоніяй, Баўгарыяй і Турэччынай. Абмываецца: Міжземным морам, у тым ліку: Іанічным, Эгейскім морамі, а паўднёвае ўзьбярэжжа Крыта — Лівійскім морам. У склад Грэцыі ўваходзіць каля 2 тысячаў астравоў, на якія прыходзіцца амаль 20 % усёй краіны. Тэрыторыя Грэцыі падзеленая на тры часткі. У матэрыковую Грэцыю ўваходзяць: Македонія — паўночная вобласьць Грэцыі, межная з Альбаніяй (Яніна, Ігуменіца), Баўгарыяй (Радопі) і Македоніяй (Касторыя, Халкідыкі); Фракія — паўночна ўсходняя вобласьць, межная з Баўгарыяй і Турэччынай (Александропаль, Каматыні); Эпір — паўночна заходняя вобласьць, межная з Альбаніяй (абмываецца Іянічным морам); Фэсалія — найболей раўнінная вобласьць, з усходу абмываецца Эгейскім морам (Ларыса, Волас, Трыкала); Цэнтральная Грэцыя — цэнтральная частка Грэцыі (Халкіда, Лямія, Амфіса); Атыка — вобласьць вакол Афінаў; Пелапанес — самы вялікі паўвостраў Грэцыі (плошча — 21,4 тыс. кв. км), злучаны з матэрыковай часткай вузкім Карынтскім перашыйкам (шырыня 5 км), празь які ў канцы 19 стагодзьдзя быў прарыты канал (даўжынёй 6500 м, шырыня 23,5 м, глыбіня 40 м). Трэці раён утвараюць астравы Эгейскага мора: Эўбэя — другая па велічыні, пасьля Крыта, востраў Грэцыі (3,9 тыс.кв.км), злучаны з кантынэнтам мастом; Лесбас — адзін з буйных астравоў Грэцыі (1,6 тыс.кв.км); Паўночныя Спарады — астравы Скірас, Скапелас, Юра, Іліадрамія і інш. у паўночна-заходняй часткі Эгейскага мора; Кіклады — «кіклас» па-грэцку — утвараючы кольца, архіпэляг у цэнтральнай і паўднёвай частцы Эгейскага мора (астравы Аморгас, Андрас, Сыфнос, Сантарыні, Тымас, Кітнас і інш.); Паўднёвыя Спарады — Дадэканэс — архіпэляг з 12 астравоў у паўднёваўсходняй часткі Эгейскага мора, ва ўзьбярэжжа Турэччыны (астравы Родас, Самас, Астыпалея, Калімнас, Карпатос, Лерас і інш.).

Рэльеф

Грэцкі ляндшафт — гэта чаргаваньне скалістых, звычайна бязьлесных гор, густанаселеных далінаў, шматлікіх астравоў, праліваў і бухтаў. Маляўнічыя скалы, пляжы, экзатычныя гроты падаюць велізарныя магчымасьці для адпачынку на моры і горнага турызму. Шырокае распаўсюджваньне вапнякоў, асабліва ў заходняй частцы краіны, прывяло да фармаваньня карставых варонак, пячораў, якія надаюць ляндшафту своеасаблівае дзікае аблічча і што прываблівае аматараў выпрабаваць свае сілы ў спэлеалёгіі. Горныя масівы займаюць амаль чвэрць паверхні тэрыторыі краіны. Гэта пераважна сярэдняй вышыні горы (да 1200—1800 м). Вышэйшая кропка Грэцыі — гара Алімп (2917 м). Вышэй 2000 мэтраў паднімаюцца таксама Пінд, Парнас, горны ланцуг на поўначы Пэляпанэса і Тайгет. Раўнін мала, засяроджаныя яны ва ўсходняй палове краіны, за выключэньнем Пэляпанэса, дзе раўніны пераважаюць на заходнім узьбярэжжы. Пад лесам і хмызьняком каля 44 % тэрыторыі. Нацыянальныя паркі: Вікас-Аос, Мікра-Прэспа, Эта і інш.

Рэкі

На вузкім і гарыстай Грэцкай паўвысьпе не маглі ўтварыцца вялікія рачныя сыстэмы. Пераважаюць горныя рэкі, кароткія, бурныя, з маляўнічымі парогамі і вадаспадамі, часта бягучыя да мора ў вузкіх каньёнах. Самая доўгая рака Грэцыі — Альякмон (амаль 300 км). Іншыя буйныя рэкі — Эбрас, Нэстас, Стрымон, Вардар, Ахелас. Рэкі не прыдатныя для суднаходзтва, але гуляюць даволі вялікую ролю як крыніцы энэргіі.

Азёры

У Грэцыі налічаецца звыш за 20 азёраў плошчай 10—100 км². Самыя буйныя і глыбокія зь іх тэктанічнага паходжаньня. Да іх прыналежаць азёры Трыхоніс (95,5 км²), Волві (75,6 км²), Вэгарытыс (72,5 км²). Шмат карставых азёраў. Яны, як правіла, невялікія, сілкуюцца ў асноўным падземнымі водамі. Найбуйнае з іх — Яніна (22 км²).

Астравы

У склад Грэцыі ўваходзіць больш за 2 000 астравоў, ад буйных (Крыт, Эўбея) да дробных (Патмас, Хрысі, Кастэлярыза). На іх долю прыпадае каля 20 % усёй грэцкай тэрыторыі.

Усе астравы падзяляюцца на некалькі груп:

  • Іянічныя астравы — разьмешчаныя ў Іянічным моры, у заходніх берагоў Грэцыі. Найбуйнейшы востраў — Кефалінія.
  • Паўночныя Эгейскія астравы — разьмешчаныя на поўначы Эгейскага мора, у берагоў Турэччыны. Найбуйнейшы востраў — Лесбас.
  • Паўночныя Спарады і востраў Эўбея — разьмешчаны ля ўсходніх берагоў Грэцыі.
  • Кіклады — знаходзяцца ў цэнтры Эгейскага мора. Цэнтар старажытнай разьвітой Кікладзкай культуры. Тут разьмешчаны ў асноўным невялікія астравы: Андрас, Наксас, Міканас, Сантарыні.
  • Дадэканэс — група астравоў, разьмешчаных на поўдні Эгейскага мора, у берагоў Турцыі, часам таксама іх называюць Паўднёвымі Спарадамі. Гэта важны цэнтар турызму ў Грэцыі. Найбуйнейшы востраў — Родас.
  • Крыт — найбуйнейшы востраў Грэцыі. Цэнтар старажытнай Крыцкай цывілізацыі. Побач з востравам разьмешчана мноства невялікіх астравоў-спадарожнікаў (Хрысі і г. д.). З поўдня востраў амываецца Лівійскім морам.

Карысныя выкапні

Грэцыя не валодае значнымі запасамі якіх-небудзь карысных выкапняў. Найбольш распаўсюджаным і здабываемым зьяўляецца лігніт, або слабавуглефікаваны буры вугаль. Ён зьяўляецца галоўным паліўным рэсурсам Грэцыі. У канцы XX стагодзьдзя ў Эгейскім моры былі знойдзеныя нязначныя запасы нафты і газу. Вядзецца іх распрацоўка.

Адносна багатая Грэцыя руднымі карыснымі выкапнямі. Сярод іх жалезныя, марганцавыя, нікелевыя, хромавыя, медныя і полімэталічныя руды. Значныя запасы баксытаў, або алюмінавых руд. Паводле ацэнак геолягаў у нетрах Грэцыі залягаюць каля 650 млн.т. гэтай каштоўнай руды, што робіць Грэцыю адным з найбуйнейшых яе здабытчыкаў ў Эўропе.

Флёра і фаўна

На тэрыторыі Грэцыі захавалася няшмат відаў дзікіх жывёлаў і папуляцыі іх невялікія. Гэта зьвязана са шматтысячагадовай гісторыяй гэтай краіны — больш за 8000 гадоў людзі актыўна палявалі на жывёлаў і вынішчалі расьліны на тэрыторыі Грэцыі. Найбольш распаўсюджаныя тут невялікія жывёлы: зайцы, барсукі і розныя віды мышэй.

З прыкладна 5 000 відаў расьлінаў Грэцыі найбольш распаўсюджаныя невялікія расьліны і кусты. На паўвысьпе Халкідыкі часта сустракаюцца хваёвыя лясы. Распаўсюджаныя кіпарысы і плятаны. Узрост некаторых дасягае некалькіх тысячаў гадоў. Вельмі распаўсюджаная аліва — адно з каштоўных дрэваў Грэцыі і ўсяго Міжземнамор’я.

У цэлым бедная расьліннасьць Грэцыі тлумачыцца шырокім распаўсюджваньнем коз у Старажытнай Грэцыі, якія абгрызалі кару дрэваў, з прычыны чаго тыя гінулі, а дробныя расьліны проста вытоптваліся. Існуе нават прымаўка — «Грэцыю зьелі козы».

Гарады Грэцыі

Для Грэцыі характэрная дыспрапорцыя гарадзкога расьсяленьня: пераразьвітая аглямэрацыя Афінаў (з агульным насельніцтвам звыш 4 млн чалавек — 7-я па памерах аглямэрацыя ў ЕС) і невялікія іншыя гарады (толькі 4 зь іх, што не ўваходзяць у афінскую аглямэрацыю, маюць насельніцтва звыш 100 тыс. чалавек).

Паводле перапісу 2007 году буйнейшымі гарадамі Грэцыі зьяўляюцца:

  1. Афіны (720 тыс. жыхароў у рысе гораду)
  2. Фесэлёнікі (350 тыс. жыхароў)
  3. Пірэй (170 тыс. жыхароў, частка афінскай аглямэрацыі)
  4. Патры (165 тыс. жыхароў)
  5. Іракліён (140 тыс. жыхароў)
  6. Пэрыстэры (137 тыс. жыхароў, частка афінскай аглямэрацыі)
  7. Лярыса (130 тыс. жыхароў)
  8. Каліфея (107 тыс. жыхароў, частка афінскай аглямэрацыі)
  9. Нікея (95 тыс. жыхароў, частка афінскай аглямэрацыі)
  10. Калямарыя (94 тыс. жыхароў, частка фэсаляніцкай аглямэрацыі)

Эканоміка

У 1981—1990 гадах у Грэцыі адбыліся значныя эканамічныя пераўтварэньні і пачаўся хуткі эканамічны рост краіны. Зь сельскагаспадарчай краіны Грэцыя перанакіравала сваю эканоміку на сфэру паслугаў (у асноўным транспарт), турызм, гандаль і фінансы. Важную ролю адыграў і ўдзел з 1981 году ў Эўрапейскім Зьвязе, а так сама дапамога зь яго боку. З 1985 да 1991 году Грэцыя атрымлівала штогод 2,5 млрд даляраў у рамках так званага інтэграцыйнага пляну, сярэднегадавы прырост СУП у 1987—1990 гадах складаў 1,6%. У 1990 годзе 57% нацыянальнага прыбытку ствараюць паслугі, 18% — прамысловасьць, 14% — сельская гаспадарка.

У прамысловасьці асноўнае разьвіцьцё атрымала лёгкая і харчовая галіны. Агулам у прамысловасьці занятыя 21% працаздольнага насельніцтва. Вядзецца здабыча баксытаў, пірытаў, нікелю, магнэзытаў. Разьвітая і мэталюргічная прамысловасьць, яле ў адпаведнасьці з рашэньнем ЭЗ, вытворчасьць сталі скарочаная на 30%. Існуюць прадпрыемствы машынабудаўнічай, нафтахімічнай і дрэваапрацоўчай галінаў эканомікі. У горадзе Волас разьмешчана самая буйная ў сьвеце фабрыка цэмэнту. Пад грэцкім флягам рэгіструецца шмат караблёў, у выніку чаго, фармальна Грэцыя валодае самым буйным у сьвеце грамадзянскім флётам. Значную ролю, традыцыйна, мае рыбная лоўля.

У сельскай гаспадарцы разьвіцьцё атрымала вытворчасьць садавіны і гародніны. Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі зьяўляюцца масьліны, вінаград, дыні, пэрсікі, апэльсіны і памідоры.

Штогод Грэцыя прымае каля 10 млн турыстаў, што дае значную долю грашовага прыбытку краіны.

Дэмаграфія

Большасьць насельніцтва Грэцыі складаюць грэкі (80—90%), але гэтыя зьвесткі часта аспрэчваюцца, у выніку недаўліку нацыянальных меншасьцяў, асабліва моўным. Афіцыйная статыстыка Грэцыі не вядзе ўліку насельніцтва па нацыянальнасьцям. Па зьвесткам навукоўцаў-этнаграфаў, у Грэцыі існуюць наступныя нацыянальныя меншасьці: туркі (0,8%), памакі (баўгарамоўныя мусульмане — 0,3%), цыгане-мусульмане (0,1%), альбанцы (1-5%), арамуны (1,1%), праваслаўныя цыганы (1,8%), сэрбы (0,3%), арабы (0,3%), армяне (0,3%), габрэі (0,05%) і інш.

Асноўнымі гарадамі Грэцыі зьяўляюцца:

Нр Горад Колькасьць
насельніцтва
1. Атэны 745 514
2. Салёнікі 363 987
3. Піры 175 697
4. Патра 171 616
5. Геракліён 137 711

Рэлігія

Паводле ацэнак Дзярждэпартамэнту ЗША, каля 97% грэкаў зьяўляюцца чальцамі грэцкай праваслаўнай царквы[2].

У праведзеным Эўрастатам у 2010 року апытаньні 79% грамадзянаў Грэцыі адзначылі, што «вераць у існаваньне Бога»[3].

Рэлігія ў Грэцыі (2001)[4][a]
Праваслаўе
  
98%
Іслам
  
1.3%
Іншыя
  
0.7%

Культура

Кухня

Грэцкая кухня прадстаўляе сабой прыклад тыповай міжземнаморскай або балканскай кухні. Але шмат у чым кухня грэкаў адрозная ад кухняў яе бліжэйшых суседзяў — Баўгарыі, Альбаніі і Італіі. Перш за ўсё спэцыі: іх грэкі дадаюць у сваю ежу часьцей за іншых у Эўропе. Разам з тым грэцкая кухня не зьяўляецца вострай.

Другая адметная асаблівасьць грэцкай кухні гэта мноства аліўкавага алею. Ён дадаецца практычна ва ўсе стравы і выкарыстоўваецца ня толькі як духмяная прыправа, але і падчас тэрмічнай апрацоўкі ежы. Яшчэ адным незаменным кампанэнтам зьяўляецца лімон.

Асаблівы гонар грэкаў — сыр. У Грэцыі яго вырабляецца ня менш за 50 гатункаў (у кожным рэгіёне свой асаблівы рэцэпт). Грэкі спажываюць сыру больш за ўсіх у сьвеце — больш за 25 кг у год на чалавека. Самы папулярны гатунак носіць назву «фэта»: менавіта ён выкарыстоўваецца ў прыгатаваньні знакамітага «грэцкага салату», які ў самой Грэцыі называецца «харыятыкі» (вясковы).

Ня менш папулярнае ў Грэцыі мяса. Перавага аддаецца сьвініне, бараніне і казьляціне. Мусака — адна з самых вядомых страваў, прыгатаваная з дадаваньнем як мяса, так і традыцыйнай для Грэцыі агародніны. Вельмі папулярныя рыба, малюскі і іншыя морапрадукты.

Сьвяты

Дата Беларуская назва Мясцовая назва Заўвагі
1 студзеня Новы год ΠΡΩΤΟΧΡΟΝΙΑ
Багаяўленьне ΑΓΙΑ ΘΕΟΦΑΝΕΙΑ
ΚΑΘΑΡΗ ΔΕΥΤΕΡΑ
Дабравешчаньне ΕΥΑΓΓΕΛΙΣΜΟΥ ΘΕΟΤΟΚΟΥ

Папулярная культура

У 2006 годзе Афіны прымалі ў сябе конкурс песьні Эўрабачаньне пасьля перамогі на папярэднім конкурсе сьпявачкі Хэлены Папарызу.

Спорт

Грэцыя — радзіма Алімпійскіх гульняў. Спорт папулярны тут з часоў гарадоў-дзяржаваў. Пра значнасьць спорту ў Грэцыі кажа той факт, што на час правядзеньня алімпійскіх гульняў перапыняліся ўсе войны паміж грэкамі.

У сучаснай Грэцыі спорт таксама не згубіў актуальнасьці. У 1896 годзе ў Атэнах былі праведзеныя першыя Алімпійскія гульні сучаснасьці, дзе ўдзельнічалі 13 краінаў.

У 2004 годзе Грэцыя ізноў прыняла ў сябе Алімпійскія гульні. У іх удзельнічала ўжо 211 дзяржаваў. Былі пабудаваныя новыя спартовыя збудаваньні з прымяненьнем найноўшых тэхналёгіяў.

Сёньня найбольш папулярнымі відамі спорту зьяўляюцца футбол, баскетбол і плаваньне. У 2004 годзе Грэцыя стала чэмпіёнам Эўропы па футболе, саступіўшы толькі ў адным матчы сборнай Расеі.

Глядзіце таксама

Крыніцы

  1. ^ Перапіс насельніцтва 2011
  2. ^ Greece (анг.) International Religious Freedom Report 2007. United States Department of State, Bureau of Democracy, Human Rights, and Labor (15 верасьня 2006). Праверана 14 April 2007 г.
  3. ^ Special Eurobarometer, biotechnology; Fieldwork: January–February 2010 (анг.) (PDF) Праверана 23 красавіка 2015 г.
  4. ^ The World Factbook (анг.). CIAПраверана 26 сакавіка 2013 г.

Заўвагі

  1. ^ Новыя апытаньні паказваюць, што каля 20% грэкаў нерэлігійныя, то бок далёка не 1%. У рэшце рэшт, гэтыя статыстычныя зьвесткі таксама аспрэчваюцца вынікамі перапісу 2011 року.

Вонкавыя спасылкі

Грэцыясховішча мультымэдыйных матэрыялаў