Лаўрэнці Зізані: розьніца паміж вэрсіямі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Glovacki (гутаркі | унёсак)
Няма апісаньня зьменаў
Glovacki (гутаркі | унёсак)
Няма апісаньня зьменаў
Радок 1: Радок 1:
{{Навуковец
{{Навуковец
|Арыгінал імя = Лаўрэнці Іванавіч Тустаноўскі
|Фота = Lavrentiy Zizaniy.jpg
|Фота = Lavrentiy Zizaniy.jpg
|Шырыня = 200пкс
|Шырыня = 200пкс

Вэрсія ад 11:33, 6 ліпеня 2017

Лаўрэнці Зізані
Дата нараджэньня 20 сакавіка 1550[1]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 1634
Месца сьмерці
Месца вучобы Астроская славяна-грэка-лацінская школа
Занятак філёляг
Навуковая сфэра Мовазнаўства
Месца працы Віленская брацкая школа
Гады дзейнасьці 1596[2]

Ляўрэнці (Ляўрын) Іванавіч[3] Зізані (сапр. Тустаноўскі; 20 сакавіка 1550[4] — 1634(?)) — пэдагог-гуманіст, царкоўны дзяяч, мовазнаўца, перакладчык; брат Стафана Зізанія.

Паводле адных зьвестак Зізані паходзіў з дробнай шляхты Троцкага ваяводзтва, паводле другіх — зь мястэчка Тустынь на Валыні. Адукацыю атрымаў у Астроскай школе на Валыні. Працаваў настаўнікам царкоўнаславянскай і грэцкай моваў у Львоўскай (да 1592), Берасьцейскай (1592—1595), Віленскай (1595—1597) брацкіх школах.

Калі быў у Берасьці, падрыхтаваў вучэбныя кнігі «Азбука зь Лексысам» і «Грамматіка словенска совершенного искусства осми частиі слова...» (Вільня, 1596).

Азбука і слоўнік беларускае мовы

Яго «Азбуку» можна ўмоўна падзяліць на 3 часткі: матэрыял, які вучыць чытаць і пісаць; дапаможны лексычны матэрыял; царкоўныя палемічныя тэксты і малітвы. Таму кніга магла выкарыстоўвацца і ў царкоўным, і ў сьвецкім навучаньні. Складальнікам першых дзьвюх частак быў Ляўрэнці Зізані, апошняй — Сьцяпан Зізані. Пры выданьні «Азбукі» выкарыстаны клішэ з выданьняў Ф. Скарыны.

У «Лексыс» — беларускі слоўнік (1061 слова) — уключаны словы з народнай гутарковай мовы, што спрыяла разьвіцьцю мовы, якая потым стала часткай літаратурнай, сьвецкай, прыведзеныя самыя разнастайныя зьвесткі па ваеннай гісторыі, прававым становішчы розных сацыяльных групаў насельніцтва ў дзяржаве, па філязофіі, геаграфіі, этнаграфіі, біялёгіі, мэдыцыне. Слоўнік Зізанія — сьведчаньне яго рацыяналістычнага падыходу да вывучэньня розных зьяваў рэчаіснасьці; адна з крыніц уяўленьня пра ўзровень тагачасных ведаў аб разьвіцьці рамёстваў, аб прафэсіях, вырабах і гандлі ў сярэднявечных гарадох. Яго гуманістычныя тэндэнцыі выявіліся ў раскрыцьці ўсяго навучальнага мэтаду для простых людзей. Тлумачэньні, якія Зізані робіць у сваім слоўніку, далёкія ад навуковага аналізу ўсіх зьяваў паняцьцяў, але ён імкнецца проста, без спасылак на звышнатуральныя сілы растлумачыць многія словы і паняцьці, што ў пэўнай ступені набліжае яго да матэрыялістычнага кірунку мысьленьня. Слоўнік Зізанія — значная культурна-асьветніцкая зьява ў гісторыі Беларусі.

Беларуская граматыка

«Грамматіка словенска», 1596

12 лютага 1596 у друкарні Віленскага Сьвятадухаўскага брацтва выдадзена «Грамматіка словенска...» Зізанія. Яна складаецца з уводзін, артаграфіі, этымалёгіі, прасодыі. Сынтаксыс даецца невялікімі часткамі ва ўсіх разьдзелах. У кнізе на кожнае правіла прыведзенае шмат прыкладаў і практыкаваньняў для замацаваньня навучальнага матэрыялу. На першых старонках вучням тлумачыцца неабходнасьць сьвецкіх ведаў. «Граматыку словенску совершенного искуства осми частій слова...» Зізані лічыў тым падмуркам, на якім можа трымацца далейшае вывучэньне розных навук. Імкнучыся па-філязофску асэнсаваць ролю граматыкі як навукі ў сярэднявечнай сыстэме ведаў, Зізані раскрываў арганічную сувязь граматыкі з рыторыкай, філязофіяй і багаслоўем, праяўляў цікавасьць да розных філязофскіх праблемаў, якія бралі свой пачатак ад антычных вучоных, зьвяртаўся да спадчыны Арыстоталя, Эпікура, Катона Старэйшага і інш. Вывучэньне антычнасьці ўзбагачала сьветацям вучонага-пэдагога, давала магчымасьць па-новаму падысьці да вырашэньня розных праблем.

Выданьне «Грамматіки…» замацавала агульнаграмадзкую думку пра неабходнасьць вывучэньня «сямі вольных мастацтваў», падкрэсьлівала іх вялікую ролю ў разьвіцьці адукацыі. Гэтым Зізані зьвярнуў на сябе ўвагу многіх князёў, якія імкнуліся даць добрую адукацыю сваім дзецям. У 1597—1600 Зізані быў хатнім настаўнікам ў крычаўскага старосты Б. Саламярэцкага ў маёнтку Баркулабава, потым 2 гады працаваў у князя А. К. Астроскага. Пасьля яго сьмерці Зізані нейкі час працаваў сьвятаром у Яраслаўскай царкве на Валыні. У 1612 ён запрошаны хатнім настаўнікам да дзяцей князя Я. Карэцкага ў маёнтак Карэц на Валыні. Каб забясьпечыць настаўніка матэрыяльна, князь запісаў на Зізанія вёску з фальваркам, млынам, царквой і некалькімі дзялянкамі зямлі. 18 траўня 1618 Зізані выступіў на пахаваньні княгіні Соф’і Чартарыйскай з казаньнем, якое мела характар павучаньня пра нормы паводзінаў. Выкарыстаўшы досьвед лацінскай гамілетыкі і антычнай філязофіі, ён выступіў і супраць этычных поглядаў Эпікура. У 1619 архімандрыт Елісей Пляцінецкі запрасіў Зізанія ў Кіева-Пячэрскую лаўру, дзе ён адразу заняў адпаведнае месца ў вучоным гуртку, працаваў настаўнікам у школе і рэдагаваў кнігі, якія рыхтаваліся да выданьня ў друкарні, займаўся перакладамі з грэцкай мовы. Там ён пераклаў і адрэдагаваў «Беседы св. Иоанна Златоуста на Посланіе св. апостола Павла» (Кіеў, 1623), «Толкованія на Апокаліпсісъ св. Андрея Кесарійскаго» (Кіеў, 1625). У прадмове да апошняй сучасьнікі і калегі далі высокую ацэнку дзейнасьці і ведам Зізанія, адзначалі яго аўтарытэт як моваведа і прапаведніка.

Катэхізыс вялікі. Сьветацям асьветніка

Верагодна, у 1620—1623 Зізані працаваў над «Катэхізысам Вялікім», у якім выкладзены ня толькі догматы праваслаўя ў пытаньнях і адказах, але і веды па гісторыі, прыродазнаўстве, астраноміі і інш. навуках. Рукапіс кнігі быў зроблены на беларускай мове. Аднак у Кіеве ён ня змог выдаць гэтую кнігу, бо на той час у Вялікім Княстве Літоўскім распачалася жорсткая барацьба паміж праваслаўем і каталіцтвам.

Зізані вырашыў паспрабаваць надрукаваць кнігу ў Маскве. Разам са сваімі сынамі Іванам і Аляксандрам у красавіку 1626 ён прыехаў у Пуціўль і заявіў, быццам ў Рэчы Паспалітай яго прыгняталі, таму ён едзе зь лістамі да цара і патрыярха. Пра рукапіс «Катэхізыса» нічога ня сказаў, бо ведаў, зь якім недаверам ставілася маскоўскае духавенства да рукапісаў і кніг з Украіны і Беларусі (Вялікалітвы). Празь месяц Зізанію з сынамі дазволілі ехаць ў Маскву. Цар і патрыярх узялі іх на ўтрыманьне. Зізані часта сустракаўся з царом Міхаілам Фёдаравічам і патрыярхам Філарэтам, што сьведчыць пра добрае стаўленьне да яго і вялікую пашану з боку высокіх асобаў Расеі. Для друкарскай справы Зізані атрымаў 150 рублёў. У студзені 1627 разам з Ц.Аладзіным і перакладчыкам Б.Багамольцавым наведаў друкарскі двор. Пра тое, што «Катэхізыс» быў надрукаваны ў Маскве, сьведчыць апісаньне бібліятэкі патрыярха Філарэта і «Запісная кніга маскоўскага друкарскага архіва», у якой ёсьць зьвесткі, што друкаваньне кнігі закончана каля 27 студзеня 1627. Але яна, відаць, не была прызнаная афіцыйнаю царквой, таму, верагодна, Філарэт загадаў спаліць усе надрукаваныя кнігі. Цудам захавалася толькі 5 дэфэктных экзэмпляраў, а новыя выданьні (1783, 1787 і 1788, Гародня; 1784, Пскоў) зазналі значную рэдакцыйную праўку і недакладна перадаюць погляды Зізанія.

Для вывучэньня сьветацяму найбольш цікавае абмеркаваньне «Катэхізыса» ў Маскве 18-19 лютага 1627. У абмеркаваньні ад імя і па даручэньні патрыярха Філарэта ўдзельнічалі ігумен маскоўскага Богаяўленскага кляштара Ільля, кніжны спраўшчык Р.Анісімаў, князь І. Б. Чарскі і думны дзяк Ф.Ліхачоў. Маскоўскае духавенства, як гэта відаць з пратакола пасяджэньня, добра падрыхтавалася да дыспуту, таму вытрымаць дыскусію было цяжка. Зізані ня быў гарантаваны і ад таго, што зь ім не расправяцца, як з гератыком. Дасьведчаны і ўпэўнены ў ведах, Ляўрэнці Зізані на першым пасяджэньні трымаўся свабодна і нават гарачыўся. На пасяджэньні ў ніжняй палаце аўтар усе хібы ў кнізе звальваў на перакладчыка. Пры абмеркаваньні «Катэхізыса» Зізані спрабаваў абагаўляць самога чалавека, узяўшы для гэтага ідэю аб самаўладзьдзі з Другазаконьня. Але прадстаўнікі патрыярха Філарэта адхілілі яго прапанову. У поўнай згодзе з Другазаконьнем і царкоўнай традыцыяй Зізані заявіў маскоўскім апанэнтам, што «самовластиемъ человекъ обращается къ добродетелемъ, яко же и злобамъ. Им же самовластиемъ почтенъ бысть Адамъ отъ бога». Зізані быў упэўнены ў сіле розуму і душы чалавека, лічыў, што чалавек створаны Богам і зьяўляецца гаспадаром самога сябе. Гэта ідэя пераклікаецца з ідэямі гуманістаў Італіі.

Праваслаўныя царкоўнікі, якія строга сачылі за дагматамі трыадзінства Божае сутнасьці, абвінавацілі Зізанія ў замаху на адзінства Тройцы, падзяліўшы яе на тры часткі і паставіўшы Бога-бацьку вышэй за ўсіх. Зізані прама заяўляў: «Тако азъ исповедую Отецъ есть начало всему божеству сиречъ сыну і духу святому». Але ў далейшым пад націскам маскоўскіх апанэнтаў, якія абвінавацілі Зізанія ў герасі, яму давялося адступаць. Зразумеўшы свае небясьпечнае становішча, ён стаў паводзіць сябе больш стрымана, спрабаваў апраўдвацца ў памылках і заявіў, што прыехаў у Маскву вучыцца, дзякаваў за выпраўленьне яго кнігі. З пратакола дыспуту відаць, што абодва бакі добра ведалі грэцкую філязофію.

У «Катэхізысе» Зізанія знайшлі месца і тагачасныя прыродазнаўчыя веды. Сьветацям Зізанія характарызуе рацыяналістычны падыход да тлумачэньня розных зьяваў прыроды. На заўвагу, што некаторыя зьвесткі ў «Катэхізысе» запазычаны з астралёгіі, якая ўзятая ад вешчуноў елінскіх і ідаласлужыцеляў, Зізані адказаў: «Ни по звездамъ правленія житію нашему, толко азъ написалъ вѣдомости ради, чтобы человѣкъ ведалъ яко есть тварь божія, а то и мы о том немудрствуемъ, чтобы звездамъ правитися житію нашему». Вядома, прыродазнаўчыя зьвесткі Зізанія далёкія ад навуковых, але ў іх выявіліся рацыяналістычны падыход да тлумачэньня гэтых зьяваў, імкненьне пашырыць кола чалавечых ведаў. Дзейнасьць Ляўрэнція Зізанія ішла ў рэчышчы рэфармацыйнага руху. Гэтым і багатай эрудыцыяй тлумачацца яго рацыяналістычныя адносіны да пэўных зьяваў прыроды і грамадзкага жыцьця. Сьветацям Зізанія быў дуалістычны. З аднаго боку, вучоны схіляўся да тэалёгіі, з другога — выказваў рацыяналістычныя думкі, якія былі вынікам высокай эрудыцыі. Маскоўскае духавенства не магло пагадзіцца з такімі думкамі, бо гэта пярэчыла тэалягічным поглядам аб будове сусьвету й Бібліі.

19 лютага 1627 Зізані вярнуўся ў Кіеў, дзе разам са слуцкімім пратапопам А.Мужылоўскім павінен быў разгледзець кнігу Мялета Сматрыцкага «Апалёгія», выдадзеную на польскай мове ў Львове. На Кіеўскім саборы 13 жніўня 1628 Зізані выклаў супраць аўтара кнігі 105 пунктаў абвінавачаньня, і М. Сматрыцкаму давялося прызнаць крытыку і пакаяцца.

Канец жыцьця

Апошняе ўпамінаньне пра Зізанія адносіцца да 8 лютага 1634 у Луцкай гарадзкой кнізе, дзе пазначанае, што ён праз свайго сябра М. Федаровіча зьвярнуўся да намесьніка Луцкага староства М. Крынскага з нагоды юрыдычнага абгрунтаваньня ягонага права на маёмасьць, адпісаную яму князем Я. Карэцкім. Сам Зізані на той час быў хворы і слабы. Гэты дакумэнт сьведчыць, што асьветнік быў небагаты чалавек, усе жыцьцё працаваў і жыў за кошт сваіх мэцэнатаў.

Заслуга Зізанія ў стварэньні навукова-пэдагагічнай літаратуры, што адкрывала шлях да сьвецкай адукацыі. Асаблівае значэньне мела яго творчасьць, у якой пашыраліся гуманістычныя погляды на шэраг зьяваў у прыродзе і быў новы падыход да вывучэньня праблем мовы ў брацкіх школах Беларусі і Украіны.

Крыніцы

  1. ^ http://old.zviazda.by/ru/archive/article.php?id=55517
  2. ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  3. ^ Педагогический энциклопедический словарь / Гл. ред. Б. М. Бим-Бад. — М.: Большая Российская энциклопедия, 2002. — 528 с. — С. 359. — 6000 экз. — ISBN 5-85270-230-7, ББК 74я2, ГРНТИ 14.01.33
  4. ^ Дзьве даты: 20 сакавіка // Зьвязда : газэта. — 20 сакавіка 2010. — № 51 (26659). — С. 8. — ISSN 1990-763x.

Літаратура

Гэты тэкст напісаны пры дапамозе матэрыялаў старонкі Гісторыя Беларусі. Асобы.

Вонкавыя спасылкі

Лаўрэнці Зізанісховішча мультымэдыйных матэрыялаў