Пэрсыдзкая мова: розьніца паміж вэрсіямі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Радок 28: Радок 28:


== Неіранскія варыянты пэрсыдзкай мовы ==
== Неіранскія варыянты пэрсыдзкай мовы ==
Два іншыя варыянты мовы цяпер займаюць горшае становішча, што зьвязана з доўгатэрміновым заняпадам навукі ў [[Аўганістан]]е і інтэнсыўнай [[русыфікацыя]]й у [[Таджыкістан]]е. Але ўсе тры варыянты застаюцца цалкам узаемна зразумелымі. Прынамсі, у вуснай форме, бо таджыцкая была за савецкім часам пераведзеная на кірыліцу. Таму сёньня пэрсыдзкая мова, перажыўшы тры гістарычныя рэінкарнацыі, мае тры рэгіянальныя абліччы ды дзьве пісьмовасьці (арабска-пэрсыдзкі алефба і кірыліцу). Пры ўсім пры тым яна захоўвае трывалае адзінства, выяўленае ва ўзаемаразуменьні паміж яе носьбітамі — ад [[Памір]]у да [[Каўказ]]у.
Два іншыя варыянты мовы цяпер займаюць горшае становішча, што зьвязана з доўгатэрміновым заняпадам навукі ў [[Аўганістан]]е і інтэнсыўнай [[русыфікацыя]]й у [[Таджыкістан]]е. Але ўсе тры варыянты застаюцца цалкам узаемна зразумелымі. Прынамсі, у вуснай форме, бо таджыцкая была за савецкім часам пераведзеная на кірыліцу. Таму сёньня пэрсыдзкая мова, перажыўшы тры гістарычныя рэінкарнацыі, мае тры рэгіянальныя абліччы ды дзьве пісьмовасьці (арабска-пэрсыдзкі альфабэт і кірыліцу). Пры ўсім пры тым яна захоўвае трывалае адзінства, выяўленае ва ўзаемаразуменьні паміж яе носьбітамі — ад [[Памір]]у да [[Каўказ]]у.


== Вонкавыя спасылкі ==
== Вонкавыя спасылкі ==

Вэрсія ад 18:21, 2 лістапада 2013

Пэрсыдзкая мова належыць да індаэўрапейскай сям’і моваў. Сёньняшняя пэрсыдзкая мова — самая пашыраная мова з іранскай галіны. Пэрсыдзкая мова, саманазва якой «фарсі» (fârsi), а ў больш пурыстычнай форме «парсі» — афіцыйная мова Ісламскай Рэспублікі Іран. Мясцовыя адмены пэрсыдзкае мовы зьяўляюцца дзяржаўнымі мовамі ў Аўганістане (дары́ ці фарсі́-кабулі́) і ў Таджыкістане (тоджыкі, таджыцкая мова). Агулам па-пэрсыдзку размаўляюць каля 50 мільёнаў чалавек у Іране (каля 80 адсоткаў насельніцтва), 7 мільёнаў у Аўганістане (да 40% насельніцтва), 4 мільёны ў Таджыкістане.

Гісторыя

Старонка зь сярэдневечнага манускрыпта паэмы Шагнамэ Фірдаўсі, што лічыцца пэрсыдзкім нацыянальным эпасам

У гісторыі пэрсыдзкае мовы вылучаюць 3 пэрыяды: старажытны, сярэдні ды новы. Мовы гэтых эпохаў адпаведна названыя: старажытнапэрсыдзкай, сярэднепэрсыдзкай (пагляві) і новапэрсыдзкай (ці сучасны фарсі).

Старажытнапэрсыдзкая мова паўстала на паўднёвым-захадзе Ірана і функцыянавала, на думку навукоўцаў, да ІІІ ці IV ст. да н. э.; была роднай мовай уладароў старажытнапэрсыдзкай Ахемэнідзкай дзяржавы (farsi-ye hakhameneshyan). У пісьме выкарыстоўваўся клінапіс (які ня быў прымітыўнай сыстэмай пісьменнасьці, бо ім пасьпяхова карысталіся самыя розныя мовы аж тры з паловай тысячагоддзі). Напачатку І тыс. да н. э. сфармавалася і роднасная старажытнапэрсыдзкай — авэстыйская мова, сакральная мова-загадка, якая засталася ўвасобленай у рэлігійных тэкстох Авэсты.

Мяркуецца, што старажытнапэрсыдзкі клінапіс, які ўяўляе сабой спрошчаную адмену асыра-бабілёнскага, выкарыстоўваўся Ахемэнідамі толькі ў асабліва ўрачыстых момантох, а мовай дзяржаўнай канцылярыі была міжнародная мова таго часу – арамэйская. Пазьней арамэйская абэцэда стала выкарыстоўвацца ў пэрсыдзкай мове і на яе аснове былі створаныя абэцэды, якія выкарыстоўваліся ў Іране да канчатковай ісламізацыі (сярэднеіранскія абэцэды).

Толькі надпісы легендарных уладароў Дарыя (Дар’юш) і Ксэркса (Хшаярша) захавалі для нас старажытнапэрсыдзкую мову ў яе клясычнай форме, якая адрозьнівалася багатай марфалёгіяй, блізкай да сыстэмы іншае старажытнаіранскае мовы – авэстыйскай – і да сыстэмы санскрыту. Пазьнейшыя надпісы – Артаксэркса I і II – сьведчаць пра значнае спрашчэньне марфалёгіі, а надпісы Артаксэркса III паказваюць, што ў яго часы (IV ст. да н. э.) пачынаўся сярэднепэрсыдзкі пэрыяд разьвіцьця мовы. Сярэднепэрсыдзкая мова адрозьніваецца ад старажытнапэрсыдзкай у асноўным марфалягічнай сыстэмай. Спрашчэньне і распад старажытнапэрсыдзкага скланеньня і спражэньня, зьвядзеньне розных катэгорыяў, клясаў ды склонаў да аднаго-двох, паступовае падзеньне канчаткаў пад уплывам новага, эксьпіраторнага націску – увесь гэты працэс, пачатак якога заўважны ўжо ў надпісох Артаксэркса III, прывёў пры канцы сасанідзкай эпохі (III-VII стст.) да таго аналітычнага стану пэрсыдзкай мовы, які мы і назіраем пазьней у той жа мове ў помнікох, напісаных новай, арабскай графікай – у новапэрсыдзкай мове.

Сярэднепэрсыдзкая мова (пагляві́) прыйшла на зьмену старажытнапэрсыдзкай прыкладна ў 250 г. да н. э. і праіснавала ў тым ліку як афіцыйная мова дзяржавы Сасанідаў да прыкладна 700 году. Пасьля заваёвы Ірана арабамі ў VII ст. гэтая мова, як і старажытныя рэлігійныя веды ў закансэрваваным выглядзе захаваліся ў зараастрыйскіх грамадах Ірана і ў нашчадкаў імігрантаў з Ірану – парсаў Індыі. Менавіта парсы дапамаглі першым эўрапейскім дасьледнікам расчытаць і разабраць старажытныя тэксты. На пісьме ў пагляві выкарыстоўваліся варыянты арамэйскай графікі (нагадваюць узор “елачку”).

Сярэднепэрсыдзкая мова мае больш пісьмовых помнікаў, чым старажытнапэрсыдзкая, але вінаватыя ў тым ня толькі гістарычныя разбурэньні, але і тое, што пагляві пастаянна была ў цяні арамэйскай мовы. Праўда, пагляві, у адрозьненьне ад старажытнапэрсыдзкай, выкарыстоўвалася ўжо ў розных сфэрах. Пра тое сьведчаць разнастайныя літаратурныя помнікі, у тым ліку пазьнейшыя пераробкі і насьледаваньні ў наступны пэрыяд разьвіцьця пэрсыдзкае мовы («Калилак и Димнак» стала «Каліла-і Дамнэ», «Хватай Намак» стаў адной з крыніцаў «Шагнамэ» Фірдаўсі).

Вынікам арабскай заваёвы і распаўсюджаньня ў Іране ісламу стала грунтоўнае пераўтварэньне мовы і зьяўленьне новапэрсыдзкай мовы, першыя помнікі якой вядомыя з IX ст. Яна выкарыстоўвае ўдасканаленую арабскую абэцэду (дададзеныя літары для гукаў [п], [ч], [ж], [г], зьмененыя фанэтычныя значэньні многіх арабскіх літараў і агаласовак). Пэрсыдзкая мова хутка трансфармавалася пад уплывам арабскай. Часткова гэта тлумачыцца тым, што яшчэ да заваёвы Ірану арабамі, у краіне, як і ва ўсім рэгіёне, шырока выкарыстоўвалася роднасная арабскай арамэйская мова. Але трэба памятаць пра тое, што заваяваныя насельнікі Ірану мелі больш разьвітую культуру, чым арабы-качэўнікі, у тым ліку гэта датычыцца мовы і літаратуры. Дастаткова сказаць, што фактычна Сьвяты Кур'ан і стаў першай кнігай на літаратурнай арабскай мове, тады як ў Іране да таго часу былі ўжо тысячы літаратурных, навуковых і рэлігійных па сваім зьмесьце буйных тэкстаў на пэрсыдзкай мове (пагляві). Арабы нават мусілі яшчэ доўгія гады працягваць весьці сваё справаводзтва на заваяваных іранскіх землях на-пагляві, паглявійскай пісьмовасьцю і пры дапамозе мясцовых сакратароў-адміністратараў сасанідзкай школы.

Новапэрсыдзкая мова фармавалася, як літаратурная мова пэрсыдзкай арыстакратыі, што і адлюстроўвае старая назва гэтае мовы «забан-и-дари» (прыдворная мова). З такім асяроддзем фармаваньня зьвязаныя і многія яе рысы – пэўная гіерархічная ўстаноўка, якая выяўляецца ў тым, што для цэлага шэрагу паняткаў, і перадусім для дзеясловаў, існуюць паралельныя шэрагі словаў, якія ўказваюць, якія адносіны існуюць паміж суразмоўцамі, напрыклад, ці гэта роўныя паміж сабой па сацыяльным становішчы людзі, ці нехта зь іх стаіць вышэй ці ніжэй у грамадзкай гіерархіі. Прыкладам, панятак «казаць» (паміж роўнымі скажам – «гофтан», пра вышэйшага скажам – «формудан», а ў ягонай прысутнасьці і ўвогуле «арз кярдан»). Варта адцеміць і выкарыстаньне арабскіх запазычаньняў, што ўказвае на мяшаны характар мовы, а менавіта: арабскія словы зазвычай выкарыстоўваліся раўналежна зь іх пэрсыдзкім адпаведнікам: як то – «ба сейд ва шикар рафт» – «на паляваньне (ар.) і паляваньне (пэрс.) пайшоў». Новапэрсыдзкая мова дары пачала складваць на аснове пэрсыдзкіх гаворак Сярэдняй Азіі і паўночна-ўсходніх правінцыяў Ірана ў ІХ-Х стст.

Неўзабаве пасьля ісламізацыі Ірана пэрсыдзкая мова стала другой па значэньні літаратурнай мовай ісламскага сьвету. Дзякуючы сваёй ролі ў ісламскай цывілізацыі пэрсыдзкая мова перажыла чарговую хвалю свайго пашырэньня па ўсім Блізкім Усходзе, а таксама на Каўказе, у Сярэдняй Азіі ды Індыі (у яе гістарычным значэньні, то бок у сёньняшняй Індыі і Пакістане). Пэрсыдзкая мова аказала велізарнае ўзьдзеяньне на фармаваньне мовы ўрду (а таксама і яе індыйскага варыянту гіндзі) ды асманскай турэцкай мовы. Пэрсыдзкая была мовай камунікацыі, lingua franca, на ўсходзе ісламскага сьвету цягам тысячагоддзя, што не ў апошнюю чаргу тлумачыцца параўнальнай простасьцю яе граматыкі, марфалёгіі ды сынтаксу.

Сёньняшнія межы пашырэньня пэрсыдзкай мовы шмат меншыя, чым яшчэ зусім нядаўна. Да 1835 году пэрсыдзкая мова была афіцыйнай мовай пры вядзеньні дзяржаўных справаў на ўсім індыйскім субкантынэнце (пазьней яе зьмяніла ангельская). На Каўказе пэрсыдзкая мова як мова адміністрацыі, справаводзтва і літаратуры (побач з асманскай) была паступова зьмененая на мову расейскіх заваёўнікаў толькі ў другой палове ХІХ ст.

Пэрсыдзкая мова найноўшага часу

Узбагаціўшыся запазычаньнямі з арабскай, цюрскіх, мангольскай і эўрапейскіх моваў у ХХ стагодзьдзі новапэрсыдзкая мова змагла трансфармавацца ў дзейсны сродак камунікацыі сучаснага грамадзтва ва ўсіх ягоных сфэрах. І калі ў арабскіх краінах, дарма што фанабэрацца веліччу арабшчыны, выкладаньне многіх (а часам і ўсіх) тэхнічных і прыродазнаўчых дысцыплінаў у вышэйшых навучальных установах ідзе па-ангельску ці француску, дык у Іране пэрсыдзкая мова абслугоўвае ўсе дысцыпліны. Таму можна казаць пра пасьпяховае дапасаваньне яе да патрэбаў мадэрнізацыі.

Неіранскія варыянты пэрсыдзкай мовы

Два іншыя варыянты мовы цяпер займаюць горшае становішча, што зьвязана з доўгатэрміновым заняпадам навукі ў Аўганістане і інтэнсыўнай русыфікацыяй у Таджыкістане. Але ўсе тры варыянты застаюцца цалкам узаемна зразумелымі. Прынамсі, у вуснай форме, бо таджыцкая была за савецкім часам пераведзеная на кірыліцу. Таму сёньня пэрсыдзкая мова, перажыўшы тры гістарычныя рэінкарнацыі, мае тры рэгіянальныя абліччы ды дзьве пісьмовасьці (арабска-пэрсыдзкі альфабэт і кірыліцу). Пры ўсім пры тым яна захоўвае трывалае адзінства, выяўленае ва ўзаемаразуменьні паміж яе носьбітамі — ад Паміру да Каўказу.

Вонкавыя спасылкі

Пэрсыдзкая мовасховішча мультымэдыйных матэрыялаў