Францішак Аляхновіч: розьніца паміж вэрсіямі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
д →‎Савецка-польская вайна: выпраўленьне спасылак, стыль
Халімон
Радок 17: Радок 17:
|Рэлігія = [[каталіцтва]]
|Рэлігія = [[каталіцтва]]
|Напрамак =
|Напрамак =
|Мова = беларуская
|Жанр =
|Жанр =
|Дэбют = «[[На Антокалі]]» ([[1905]])
|Дэбют = «[[На Антокалі]]» ([[1905]])
|Значныя творы =
|Значныя творы = У кіпцюрох ГПУ
|Прэміі =
|Прэміі =
|Камунікат =
|Палічка =
|Палічка = http://knihi.com/Francisak_Alachnovic/
|Сайт =
|Сайт =
}}
}}
Радок 211: Радок 213:
== Вонкавыя спасылкі ==
== Вонкавыя спасылкі ==
{{Commons|Category:Francišak Alachnovič}}
{{Commons|Category:Francišak Alachnovič}}
* [http://old.knihi.com/alachnovic/ Францiшак Аляхновiч. У капцюрох ГПУ]
* [http://arche.bymedia.net/2-1999/monv1299.html Францiшак Аляхновiч. Страшны год]
* [http://arche.bymedia.net/2-1999/monv1299.html Францiшак Аляхновiч. Страшны год]
* Францішак Аляхновіч. [http://content.nlb.by/content/dav/nlb/portal/content/File/Portal/InfoResoursy/Gold_collection_of_Eurasia/09.04.2012/minister.pdf Пан міністар] на сайце [[Нацыянальная бібліятэка Беларусі|Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі]]
* Францішак Аляхновіч. [http://content.nlb.by/content/dav/nlb/portal/content/File/Portal/InfoResoursy/Gold_collection_of_Eurasia/09.04.2012/minister.pdf Пан міністар] на сайце [[Нацыянальная бібліятэка Беларусі|Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі]]
* [http://rv-blr.com/litaratura/pismennik/492 Францiшак Аляхновiч на сайце Родные Вобразы]


{{Творы Францішка Аляхновіча}}
{{Творы Францішка Аляхновіча}}
Радок 225: Радок 227:
[[Катэгорыя:Беларускія літаратары]]
[[Катэгорыя:Беларускія літаратары]]
[[Катэгорыя:Беларускія паэты і паэткі]]
[[Катэгорыя:Беларускія паэты і паэткі]]
[[Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты і паэткі]]
[[Катэгорыя:Беларускія драматургі]]
[[Катэгорыя:Беларускія драматургі]]
[[Катэгорыя:Беларускія тэатральныя дзеячы]]
[[Катэгорыя:Беларускія тэатральныя дзеячы]]

Вэрсія ад 22:05, 11 кастрычніка 2013

Францішак Каралевіч Аляхновіч
Францішак Аляхновіч, 1921 год
Францішак Аляхновіч, 1921 год
Герб Ляліва
Герб Ляліва
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Я.Монвід; І.Монвід; Ю.Монвід[1]
Нарадзіўся 9 (21) сакавіка 1883[2][3]
Памёр 3 сакавіка 1944(1944-03-03)[2][3] (60 гадоў)
Пахаваны
Род Аляхновічы
Бацькі Караль Аляхновіч[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці драматург, тэатральны дзяяч, публіцыст, празаік
Мова беларуская
Дэбют «На Антокалі» (1905)
Значныя творы У кіпцюрох ГПУ
Творы на сайце Knihi.com

Францішак Каралевіч Аляхновіч (9 сакавіка 1883, Вільня — 3 сакавіка 1944, Вільня) — беларускі драматург, тэатральны дзяяч, публіцыст і празаік.

Яго аповесьць «У капцюрох ГПУ» зьяўляецца першым творам сусьветнай літаратуры, які апісвае жыцьцё ў сталінскім канцэнтрацыйным лягеры непасрэдна з погляду арыштанта[4].

П’есы Францішка Аляхновіча актыўна ставіліся аматарскімі і паўпрафэсійнымі калектывамі Заходняй Беларусі, Латвіі, Чэхіі і найбольш трупай Уладзіслава Галубка[5]. За плённую працу Францішка Аляхновіча на ніве тэатру яшчэ пры жыцьці яму прысвоілі званьне «бацькі навейшай беларускай драматургіі»[6].

Біяграфія

Маленства

Нарадзіўся 9 сакавіка 1883 году ў Вільні. Пра яго маці, Марыю з Наркевічаў[7], зьвестак не засталося. Яго бацька, Караль Іванавіч Аляхновіч, нашчадак зьбяднелага шляхетнага роду з-пад Радашкавічаў быў прафэсійным скрыпачом і працаваў у розных віленскіх тэатральных аркестрах[8]. Упершыню ён узяў Францішка на спэктакль, калі таму было ўсяго пяць гадоў[9]. Раньняе знаёмства з тэатральнымі падмосткамі абумовіла шчырае захапленьне юнака тэатральнай справай, што ў выніку перарасло ў сталае жаданьне Францішка стаць акторам. Зрэшты, гэтае захапленьне стала крыніцай і першых юнацкіх непрыемнасьцяў. Усё, што было па-за тэатральным мастацтвам, не цікавіла юнага Францішка і ў выніку перашкодзіла яму атрымаць сыстэмную агульную адукацыю (за хранічную непасьпяховасьць ён быў выключаны з 5 клясы Віленскай гімназіі, таксама няўдала скончыў навучаньне ў Віленскай хіміка-тэхнічнай школе)[10].

Цікавым фактам зьяўляецца тое, што юны Францішак, яшчэ будучы вучнем Віленскай гімназіі, спатыкаўся з старэйшым за яго на тры клясы Фэлiксам Дзяржынскiм, які пазьней працаваў рэпэтытарам у сваякоў будучага драматурга ў маёнтку Борце, недалёка ад Вiльнi[11].

Адукацыя

Бацькі ўжо не пярэчылі Францішку паступіць у Кракаўскую драматычную школу. Да самога Кракава ён дабіраўся праз прыгранічнае мястэчка Дамброва пад выдумленым імем «Андрэй Кулеша». Прыгранічныя жыхары мястэчка мелі права чатыры разы ў год браць «пшэпуску» на выезд за граніцу. 19-гадовы Францішак у прывакзальным шынку зьвярнуўся па дапамогу да нейкага Кулешы, які выставіў будучага драматурга за свайго пляменьніка і дапамог яму атрымаць пропуск на імя 25-гадовага Андрэя Кулешы[12].

Па прыбыцьці ў Кракаў быў вымушаны перасядзець год вольным слухачом на гісторыка-літаратурным факультэце Ягелонскага ўнівэрсытэту праз адсутнасьць у школе набору на 1903/04 год[10].

Увосені 1904 году перабіраецца ў Варшаву, дзе паступае ў Драматычную школу пры Музычным таварыстве, якую сканчвае ў 1907 годзе. Пазьней толькі год папрацаваўшы акторам аднаго з польскіх вандроўных тэатраў, вяртаецца назад у Вільню і вырашае прысьвяціць сябе журналістыцы. Імаверна, з прычыны расчараваньня руціннасьцю і несамавітасьцю правінцыйнага тэатру[10]. З 1908 году ў Вільні[5]. Cпачатку ён працуе рэпартэрам у віленскіх газэтах, а потым выдае гумарыстычны часопіс на польскай мове «Пэркунас».

Беларускі асяродак

Вясельле Францішка Ўмястоўскага. Францішак Аляхновіч стаіць першы справа.

На гэты час прыпадае збліжэньне Францішка Аляхновіча з актывістамі асяродку «Нашай Нівы», што прадвызначыла ягоную ролю ў беларускім нацыянальным руху.

У канцы студзеня 1910 году Францішак Аляхновіч разам з Ігнатам Буйніцкім і Аляксандрам Бурбісам рэжысуе пастаноўку перакладзенай з украінскай мовы на беларускую аднаактавай п’есы М. Крапіўніцкага «Па рэвізіі», адначасова выконваючы і ролю актора[13]. Гэта быў першы беларускамоўны спэктакль у Вільні. Ён меў сэнсацыйны посьпех[10].

Лукішкі

Неўзабаве пасьля гучнай тэатральнай пастаноўкі, рэдагуючы гумарыстычны тыднёвік «Пэркунас», Францішак Аляхновіч надрукаваў залішне крамольны артыкул, па якім яго абвінавачваюць у «стремлении к ниспровержению существующего строя» ды ў «возложении хулы на бесплотные силы небесные»[14].

Атрымаўшы позву ў суд, Ф. Аляхновіч туды не зьяўляецца, а ўцякае ў Галіччыну, дзе ў Львове і Кракаве пад псэўданімам «Юры Монвід», якім будзе пазьней падпісваць свае творы, іграе ў розных польскіх тэатрах. Разьлічваючы на абвешчаную ў сувязі з 300-годзьдзем дома Раманавых амністыю, ён вяртаецца ў 1913 году на радзіму, але пазьбегнуць судовай адказнасьці не ўдаецца[15]. Яму даравалася зьневажаньне толькі «сіл зямных», а за зьнявагу «сіл нябесных» трэба было адседзець год у Лукішках[16]. У астрозе Аляхновіч пачынае пісаць свой першы сцэнічны твор — камэдыю «На Антокалі», спачатку па-польску, а пасьля турмы, у 1915 годзе, перарабляе яе і перакладае на беларускую мову[15]. Камэдыя пабачыла сьвет на старонках віленскай газэты «Гоман».

Першая сусьветная вайна

Францішак Аляхновіч, 1914 год. Здымак Яна Булгака

Заканчэньне тэрміну пакараньня Францішка супала з пачаткам Першай сусьветнай вайны. Аўтар працаваў маляром, пажарнікам, кантралёрам электрасетак і адказным рэдактарам за «лацінскія» нумары «Гомана».

Віленскі пэрыяд тэатральнай дзейнасьці 19161918 гг. быў для Ф. Аляхновіча вельмі плённым. У пачатку 1916 году ў Вільні арганізоўвае тэатральны гурток Беларуская драматычная дружына[5], сіламі якога 15 кастрычніка 1916 году ставіцца беларускі спэктакль па матывах «Хама» Элізы Ажэшкі[17]. 26 сьнежня 1916 году ажыцьцяўляецца пастаноўка п’есы «На Антокалі»[16]. З гэтага часу спэктаклі драматычнага гуртка становяцца рэгулярнымі, і аб ім пачынаюць гаварыць, як пра тэатар Францішка Аляхновіча[17].

Адкрываючы тэатральны сэзон 1917 году, Ф. Аляхновіч бярэцца за напісаньне п’есаў, якія б адпавядалі запатрабаваньням часу — уздыму нацыянальнай самасьвядомасьці. Аўтар стварае пяць п’ес: «Бутрым Няміра» (некаторыя крыніцы датуюць яе 1916 годам[16]), «Базылішка», «У лясным гушчары», «Кветка-папараць» і «Калісь». Таксама піша шматлікія празаічныя творы, сярод якіх вылучаецца аповесьць спавядальнага характару «Пісьмы да яе»[17].

Пры ўсёй ахвярнасьці сваёй справе, пісьменьнік сутыкаецца зь вялікімі матэрыяльнымі цяжкасьцямі. Ратуючыся ад голаду, аўтар перабіраецца ў Чорны Бор пад Вільняю, дзе працуе настаўнікам у беларускім дзіцячым прытулку «Золак»[16], які арганізаваў «Камітэт помачы пацярпелым ад вайны» братоў Луцкевічаў. Тут Францішак Аляхновіч стварыў дзьве дзіцячыя п’есы: казку «У лясным гушчары» і інсцэніроўку па паэмах К. Буйло і Я. Купалы «Папараць-кветка». Акрамя таго, ім была напісана тут п’еса «Калісь», зь якою ў творчасьць аўтар ўвайшла тэма, не зусім для яго характэрная, — тэма рэвалюцыі[17].

Менск

У чэрвені 1918 году пераапрануты фурманам Францішак Аляхновіч накіроўваецца ў Менск, дзе ў гэты час актыўна працавала трупа Беларускага дзяржаўнага тэатру (Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы) рэарганізаванага з закладзенага ў траўні 1917 году Першага таварыства беларускай драмы і камэдыі. Паводле словаў Максіма Гарэцкага:

Дачуўшыся аб шырокай беларускай рабоце ў Менску, Аляхновіч безь нямецкага пропуска, пехатою, бяз грошай у кішэні пусьціўся ў дарогу. Пераапрануўшыся фурманам, ён зь нейкімі засьцянковымі шляхцянкамі перабраўся празь лінію старога фронту (каля Маладэчна) і, абарваны, босы, з ранамі на нагах, пасьля васьмідзённага падарожжа прайшоў у Менск[18]

Для сваёй першай пастаноўкі ў Менску Аляхновіч абраў гістарычную драму «Бутрым Няміра», якая ўжо ішла ў Вільні і атрымала самыя лепшыя водгукі[15]. Ролю Няміры выканаў сам аўтар[16]. З гэтай нагоды беларускі літаратар Зьмітрок Бядуля пісаў:

Першы раз, можна сказаць, у Менску публіка бачыла ў беларускім тэатры праўдзівае штукарства, вытрыманае перш-наперш у самой рэчы, потым у ігры і дэкарацыі. Гэтай штукай п. Аляхновіча можна шчыра віншаваць[19].

Зьмітрок Бядуля

Аўтар арганізоўвае ўласную трупу. Сёлета Францішак Аляхновіч ладзіць дзьве прэм’еры паводле сваіх новых п’есаў: камэдыі «Чорт і баба» (1918) і трохактавай драме «Страхі жыцьця» (1918), якая сьведчыла аб звароце драматурга да новай для яго тэмы — тэмы інтэлігенцыі[15].

Савецка-польская вайна

З канцом нямецкай акупацыі і ўсталяваньнем на Беларусі савецкай улады ў Менску арганізуецца Беларускі пралетарскі тэатар (Ф. Аляхновіч — дырэктар, Ф. Ждановіч — рэжысэр), які ў хуткім часе мяняе назву на «Беларускі савецкі тэатар»[15]. Пазьней аўтар у сваёй кнізе «Беларускі тэатар» успамінаў:

Тэатральная работа пачынаецца з шырокім размахам. Спэктаклі ідуць па 3—4 у тыдзень. Праца кіпіць… Камісарыят народнай асьветы багата субсыдуе тэатар. Артысты з матэрыяльнага боку забясьпечаныя. Рэпэртуар узбагачаецца новымі творамі[15].

— Францішак Аляхновіч. «Беларускі тэатар», (1924)

Празь недахоп сцэнічных кадраў увесну 1919 году Ф. Аляхновіч выяжджае ў Вільню. Па сумяшчальніцтве выдае часопіс «Беларускае жыцьцё», супрацоўнічае з рэдакцыямі «Грамадзяніна» і «Руні»[20]. Аўтар знаходзіць сваю былую трупу і пачынае зь ёю ставіць спэктаклі, нават хоча арганізаваць дзяржаўны тэатар і ў Вільні, але польска-савецкая вайна перашкодзіла ажыцьцяўленьні яго намераў. У красавіку 1919 году палякі захопліваюць горад[15]. З пачаткам уварваньня Францішак Аляхновіч дапамагае Максіму Гарэцкаму, схаваўшы яго на сваёй кватэры на Маставой вуліцы[21]. Пісьменьнікі мяркуюцца наконт уцёкаў зь Вільні, але вырашаюць застацца.

Нягледзячы на перашкоды акупацыі аўтар сканчае п’есу «Дзядзька Якуб», дапрацоўвае камэдыю «Птушка шчасьця», друкуе вялікі артыкул «Тэатар на вёсцы», піша вершы і апавяданьні. Новая п’еса «Дзядзька Якуб» зьяўляецца на старонках газэты «Беларускае жыцьцё», якая зь сьнежня 1919 году будзе выдавацца ў Менску[15]. Яшчэ паводле рукапісу ставіцца камэдыя «Птушка шчасьця», канчатковы варыянт якой быў зроблены драматургам у пачатку 1920 году, як і сцэнічны абразок «Лес шуміць» (паводле апавяданьня У. Караленкі «Палеская легенда»).

Менск

Францішак Аляхновіч (леваруч) і Ўладзіслаў Галубок (праваруч) у 1918 годзе ў Менску
Група беларускіх пісьменьнікаў: Францішак Аляхновіч — першы зьлева ў ніжнім шэрагу, Янка Купала — першы справа.
Травень-чэрвень 1920, Менск. Імаверна, што гэта адзін з здымкаў супрацоўнікаў і актыўных карэспандэнтаў часопіса «Рунь», пасьля выхаду апошняга (10-га) яго нумара.[22]

У другой палове лістапада 1918 году Ф. Аляхновіч і некаторыя артысты, якія працавалі ў Вільні, вяртаюцца ў акупаваны польскімі легіянэрамі Менск[20]. Ужо ў канцы гэтага месяца адбываецца сход Таварыства беларускай драмы і камэдыі, на якім была прынята пастанова аб распачынаньні працы. Такім чынам арганізаваўся Менскі гарадзкі тэатар пад кіраўніцтвам Ф. Аляхновіча. Рэжысэрам быў зноў выбраны Ф. Ждановіч. Гэты тэатар праіснаваў да жніўня 1920 году, а калі канчаткова ўсталявалася савецкая ўлада, то на яго аснове ўзьнік Беларускі дзяржаўны тэатар — БДТ-I (цяпер — Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы)[15].

У сваёй манаграфіі аб нацыянальным тэатры Аляхновіч пісаў аб падтрымцы яго трупы польскай уладай, напрыклад аб атрыманьні субсыдыяў, аднак у той жа час, акупацыйная адміністрацыя перашкаджала ставіць «Паўлінку» і «Раскіданае гняздо» Я. Купалы, «Моднага шляхцюка» К. Каганца. Пад забаронай знаходзіліся і п’есы Ф. Аляхновіча — «Калісь» і «Бутрым Няміра»[15].

У сьнежні 1919 году аўтар піша драму ў трох актах «Цені»[15]. Да менскага пэрыяду дзейнасьці адносіцца таксама зьяўленьне ў творчасьці Ф. Аляхновіча п’есы «Заручыны Паўлінкі»[20].

Вільня

У ліпені 1920 году разам з адступаючымі польскімі войскам Ф. Аляхновіч вяртаецца ў Вільню. Па прыбыцьці працаваў ў розных пэрыядычных выданьнях і займаўся арганізацыяй трупы, у красавіку 19211923 рэдагаваў газэту «Беларускі звон»[20], у першым нумары якой і была апублікаваная яго новая п’еса «Няскончаная драма»[15].

Для свайго першага спэктаклю новая трупа Аляхновіча выбрала «Птушку шчасьця». А сьледам за «Птушкай шчасьця» Аляхновіч ставіць яшчэ адну прэм’еру — «Паўлінку» Я. Купалы, якая ішла з аўтарскім дадаткам, трэцім актам пад назвай «Заручыны Паўлінкі», які ўяўляў нібыта разьвязку сюжэта купалавай п’есы[15]. Некаторыя дасьледнікі адзначаюць, што гэтая спроба аказалася ня вельмі карэктнай з этычнага боку і не зусім удалай паводле мастацкіх вынікаў[20].

Улетку 1921 году разьязному тэатру Аляхновіча польскія ўлады дазволілі выступаць у правінцыі[15], што дагэтуль рашуча забаранялася[20]. Трупа накіравалася ў Ліду. Праз год артысты зноў аб’ехалі шэраг беларускіх мястэчак: Ашмяны, Радашкавічы, Вялейку і інш[15]. Адзін за адным аўтар заканчвае яшчэ два драматычных творы «Шчасьлівы муж» (1921) і «Пан міністар» (1922).

За 1923 год Аляхновіч не напісаў аніводнай п’есы, але актыўна працаваў у друку і тэатры. Для польскіх газэт «Kurjer Wilenski» і «Pzeglad Wilenski» перакладаў творы беларускіх аўтараў, рэзка выступаў у друку супраць уціску нацыянальных меншасьцяў, за што адсядзеў некалькі дзён у Лукішках. У 1924 годзе Таварыствам драматычнай майстроўні была пастаўлена аляхновічаўская драма «Манька», якая атрымала новую назву — «Дрыгва».

Пераезд у БССР і арышт

Сыны Францішка Аляхновіча Юрка (справа) і Казік (зьлева) у часе яго ссылкі на Салавецкіх астравах (1927—1933)

Посьпехі савецкай Беларусі ў галіне культурнага адраджэньня нацыі вельмі зацікавілі Ф. Аляхновіча. У 1922 годзе ён беспасьпяхова спрабаваў сустрэцца зь беларускай культурна-выдавецкай місіяй на чале зь Цішкай Гартным у Бэрліне, пазьней стаў настойліва шукаць кантактаў зь Менскам. Пра гэта ў сваіх успамінах ён пазьней напіша:

1922-гі год. Хачу ехаць у Бэрлін. Паеду праз Коўню, бо туды эміграваў наш беларускі Ўрад. Там мне дапамогуць атрымаць пашпарт. У Бэрліне сядзіць З. Жылуновіч, якому даручана выдавецтва беларускіх аўтараў. Я чуў, што і маё нешта будзе друкавацца.

Скончыліся гэтыя захады запрашэньнем на Акадэмічную канфэрэнцыю па рэформе беларускага правапісу[23]. Нарэшце ў сярэдзіне лістапада 1926 году Ф. Аляхновіч выехаў у сталіцу Беларусі.

Узровень разьвіцьця навукі і адукацыі на Беларусі зрабіў вельмі моцнае ўражаньне на пісьменьніка. Узровень Беларускага дзяржаўнага тэатру (БДТ-I), які працаваў у Менску, і БДТ-ІІ, які толькі што адкрыўся ў Віцебску проста ашаламіў[23].

Ф. Аляхновіча прызначаюць на пасаду літаратурнага кіраўніка Другога дзяржаўнага тэатра ў Віцебску. Пасада не была штатная, меліся плаціць толькі за п’есы. Захаваўся ліст М. Гарэцкага да дасьледніка беларускай літаратуры Л. Клейнбарта, у якім паведамляецца аб новай п’есе Аляхновіча «На крэсах», якую драматург здаў Другому дзяржаўнаму тэатру. П’еса не захавалася[24].

23 сьнежня 1926 году пісьменьнік атрымлівае статус грамадзяніна БССР, а ўжо 1 студзеня 1927 году[23] апынаецца ў ізалятары менскай турмы. Яму інкрымінуюць шпіянаж на карысьць буржуазнай Польшчы. У сьледчай справе Ф. Аляхновіча захаваўся напісаны да Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта зварот, пад якім падпісаліся Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Зьмітрок Бядуля, Алесь Гурло і інш. Аднак пісьменьнік атрымаў 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах (першы год адпрацаваў на востраве Мяч насупраць карэльскага мястэчка Колежма)[15]. Удзельнічаў у самадзейным тэатры, арганізаваным вязьнямі Салавецкага лягеру.

У пачатку восені 1933 году, дзякуючы намаганьням ваяводзкага лекара Адольфа Наркевіча[25] быў абменены ля межавай станцыі Коласава[26] на арыштаванага ў Польшчы беларускага палітыка і філёляга Браніслава Тарашкевіча — лідэра Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Сустрэўшыся на памежным мастку яны прыўзьнялі капелюшы[27]. Знаходжаньне ў савецкім лягеры моцна адбілася на пісьменьніку: ён часта пакутаваў ад начных кашмараў, што выяўлялася ў енках і стогне ў часе сну[28].

Другая сусьветная вайна

Вокладка 1-га выданьня кнігі «У капцюрох ГПУ»

Вярнуўшыся ў Вільню Францішак Аляхновіч ізноў стварае тэатральную трупу, але і яна праіснавала нядоўга. Асноўны час ён прысьвячае напісаньню свайго самы вядомага твору — успамінаў пра знаходжаньне ў савецкім лягеры «У капцюрох ГПУ».

Твор упершыню надрукаваны ў польскай віленскай газэце «Słowo»; расейскі пераклад успамінаў апублікавала парыская газэта «Возрождение». У 1935 годзе ў Вільні ўспаміны выйшлі асобнай кнігай на польскай мове пад назвай «Siedem lat w szponach G.P.U.» У 1937 годзе ў Варшаве выдадзены яшчэ адзін польскі варыянт кнігі пад назвай «Prawda o Sowietach». Твор перакладаўся на італьянскую мову («La verita sulla Russia Bolscevica») і на партугальскую ў Бразыліі («Sete annos nas garras sovieticas»). Украінскі пераклад друкавала газэта «Діло», рэдакцыя якой затым выпусьціла ўспаміны асобнай кнігай «7 літ на Соловках». Толькі ў канцы 1937 году аўтар здолеў выдаць кнігу на беларускай мове[1].

Пасьля «Капцюроў ГПУ» пісьменьніка хвалююць ужо новыя тэмы і вобразы. Ён зноў робіць намаганьні арганізаваць беларускі тэатар, але пачынаецца вайна і перакрэсьлівае ўсе яго намеры. Акупацыя бальшавікамі Летувы прымусіла Аляхновіча хавацца ад рэпрэсіяў і знаходзіцца на нелегальным становішчы[23]. Пазьней пра прыход савецкіх войскаў у Вільню аўтар напіша:

Лепш у голым полі спаткацца са зграяй галодных ваўкоў, чымся неспадзявана пабачыць гэтыя шапкі, гэтыя зоркі, гэтыя скуластыя мангольскія твары, зь якімі, здавалася, ужо ніколі не сустрэнешся…[29]

Безвынікова спрабаваў эміграваць у Нямеччыну. Пасьля цераз Кальварыю перабіраецца ў Коўню, адкуль едзе цягніком у Вільню да сваёй другой жонкі. Тут хаваецца на сямі кватэрах знаёмых: па кожнай у адпаведны дзень тыдню[28]. Далей пераязджае ў Алькенікі, дзе працуе вартаўніком да пачатку Вялікай айчыннай вайны. Успаміны з гэтага пэрыяду яго жыцьця, выйдуць 24 кастрычніка 1943 году ў № 40-м беластоцкае газэты «Новая Дарога» і ў № 6 (42)-м часопіса «Новы Шлях» зь некаторымі папраўкамі і скарачэньнямі аўтара. З пачатку 1944 ў тым самым часопісе друкаваліся яго ўспамiны пра перадваенныя туляньнi пад назваю «Страшны год». Аб публікацыі аўтабіяграфіі да Францішка Аляхновіча зьвяртаўся асабіста Кастусь Езавітаў[7]. У перадваенную пару ажанiўся трэцяга разу[28].

З пачаткам вайны становіцца рэдактарам нацысцкай газэты «Беларускі голас». У 1942 годзе ў Менску адбылася прэм’ера яго дапрацаванае п’есы «На Антокалі». У 1943 годзе зьявілася шасьціактавая п’еса з пралёгам «Круці не круці — трэба памярці», напісаная вершаванай прозай з малюнкамі Пётры Сергіевіча, дзе перапляталіся фальклёрна-фантастычныя матывы з рэалістычнымі. Сёлета ж ён перапісвае сваю дзіцячую п’есу «У лясным гушчары»

Увечары 3 сакавіка 1944 году Францішак Аляхновіч быў застрэлены на сваёй кватэры. Пра яго сьмерць віленская мэмуарыстка Галіна Войцік піша:

У пачатку сакавіка 1944 году трагічнае здарэньне ўскалыхнула беларусаў Вільні — забойства Францішка Аляхновіча. 3 сакавіка, увечары, нехта пазваніў у дзьверы кватэры Аляхновіча, ён пайшоў адчыніць, праз хвіліну жонка пачула два стрэлы, а калі прыбегла, дык ужо нікога не было, а Аляхновіч ляжаў мёртвы. Ходзіць шмат меркаваньняў, хто гэта зрабіў: адныя гавораць Армія Краёва, другія — савецкія партызаны, трэція — самі немцы. Аднак, хто зрабіў гэты тэрарыстычны акт, так і застаецца невядома[30].

Францішак Аляхновіч быў зь вялікаю ўрачыстасьцю пахаваны на кальвінісцкім могільніку ў цэнтры Вільні. У 1989 годзе адбылося яго сымбалічнае перазахаваньне на могілках Росы, бо Кальвінскія могілкі былі зьнесеныя за савецкім часам[25].

Творы Францішка Аляхновіча ізноў пачалі друкаваць і ставіць на беларускай сцэне ў 1990-х гадах[1].

Унёсак у беларускую драматургію

Дзякуючы творчасьці Ф. Аляхновіча здабыткам беларускай літаратуры стаў вобраз рэфлексаванага інтэлігента альбо інтэлігента-ідэоляга (Сымон у «Страхах жыцьця», Сьцяпан у «Ценях», Костусь у «Няскончанай драме»), які рэзка кантраставаў з вобразамі інтэлігентаў у папярэднікаў драматурга, што выяўляліся выхадцамі зь сяла і, нягледзячы на рознае паходжаньне і выхаваньне, былі прасякнуты яго трывогамі і клопатамі. Літаратурны вобраз-тып Ф. Аляхновіча — гэта чалавек з тонкай псыхалягічнай арганізацыяй, схільны да філязофстваньня, які адчувае сябе лішнім у жыцьці, але тым ня менш здольны аналізаваць свае пачуцьці ў моманты найвышэйшага душэўнага напружаньня[31].

У філязофска-эстэтычнай канцэпцыі Ф. Аляхновіча моцна адчуваецца ўплыў эўрапейскай «новай драмы». У. Ковель адзначае, што параўнальна аналіз п’ес польскага драматурга Станіслава Пшыбышэўскага і Ф. Аляхновіча дае ўсе падставы сьцьвярджаць, што менавіта гэты пісьменьнік найбольш паўплываў на творчасьць аўтара[31].

Аўтар выкарыстоўвае стылявы эфэкт «падводнай плыні», калі героі выказваюцца аб сваім набалелым звычайна-будзённай мовай, за нэўтральна-слоўнай абалонкай якой угадваюцца заглушаныя інтэнсіўныя эмоцыі. Таксама драматург выкарыстоўвае прыём інтэлектуальнага асэнсаваньня падзей самімі пэрсанажамі і незавершаную канцоўку, што дапускае новы працяг вырашэньня пастаўленых праблем. Складаная праблематыка п’есаў Ф. Аляхновіча з прыярытэтам суадносін паміж душэўнымі патэнцыямі чалавека і зьдзяйсьненьнем ім свайго прызначэньня згодна з этычнымі законамі і патрабаваньнямі была наватарскай для беларускай літаратуры пачатку XX стагодзьдзя і працягвала традыцыі «новай драмы» заходнеэўрапейскай літаратуры[31].

Творы

Францішак Аляхновіч зьяўляецца аўтарам 17 п’есаў за выняткам аднаактавага дадатку «Заручыны Паўлінкі»

Драматургія

Вокладка выданьня п’есы «Пан міністар»

Проза

  • «Пісьмы ад яе» (газэта «Гоман», 1918[33])
  • «У капцюрох ГПУ» (1937)
  • «Страшны год» (1944, кніга ўспамінаў)

Іншае

Крыніцы

  1. ^ а б в АЛЯХНОВІЧ Францішак // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  2. ^ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #119518899 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  3. ^ а б Frantsishak Alyakhnovich // Find a Grave (анг.) — 1996.
  4. ^ Уладзімір Замкавец У кіпцюрох таталітарызму. Беларуская проза выгнаньня // Дзеяслоў. — Мн. — № 8.
  5. ^ а б в Сабалеўскі, А.В. Аляхновіч Францішак Каралевіч // Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя: У 2 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: 2002 Т. 1. — С. 35. — 568 с.
  6. ^ Дварчанін І. Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры. — Вільня: 1927. — С. 462.
  7. ^ а б Аляхновіч Ф. Бо лёс быў наш — мук доўгі, вечны шлях… // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладаньне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 5. — 238 с. — 9000 ас. — ISBN 5-340-01311-1 Памылка цытаваньня: Няслушны тэг <ref>; назва «gpu5» вызначаная некалькі разоў з розным зьместам
  8. ^ Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 535. — 560 с. — 7000 ас. — ISBN 985-06-0304-6
  9. ^ Марціновіч А. Хто ж ён, Францішак Аляхновіч // Сувязь: Літ.-крытыч. арт.. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 4. — 253 с. — ISBN 5-340-01389-8
  10. ^ а б в г Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 536. — 560 с. — 7000 ас. — ISBN 985-06-0304-6
  11. ^ Руслан Горбачев (26 траўня 2011) Бегство от смерти Франтишка Алехновича (рас.). Салідарнасьць. Праверана 19 красавіка 2024 г.
  12. ^ Аляхновіч Ф. Замест аўтабіяграфіі — крыху ўспамінаў // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладаньне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 18—19. — 238 с. — 9000 ас. — ISBN 5-340-01311-1
  13. ^ Уладзімір Ковель. Камедыі з мяшчанскага жыцця. Станаўленне Францішка Аляхновіча як драматурга // Роднае Слова. — Мн.: 1998. — № 9. — С. 31. — ISSN 0234-1360.
  14. ^ Аляхновіч Ф. Замест аўтабіяграфіі — крыху ўспамінаў // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладаньне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 22. — 238 с. — 9000 ас. — ISBN 5-340-01311-1
  15. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Францішак Аляхновіч. belsoch.org. Праверана 19 красавіка 2024 г.
  16. ^ а б в г д Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 537. — 560 с. — 7000 ас. — ISBN 985-06-0304-6
  17. ^ а б в г д Уладзімір Ковель. Камедыі з мяшчанскага жыцця. Станаўленне Францішка Аляхновіча як драматурга // Роднае Слова. — Мн.: 1998. — № 9. — С. 36. — ISSN 0234-1360.
  18. ^ Марціновіч А. Хто ж ён, Францішак Аляхновіч // Сувязь: Літ.-крытыч. арт.. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 8. — 253 с. — ISBN 5-340-01389-8
  19. ^ Зьмітрок Бядуля Беларускі Народны Тэатр // Беларускі шлях. — Менск: 1918. — № 91.
  20. ^ а б в г д е Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 538. — 560 с. — 7000 ас. — ISBN 985-06-0304-6
  21. ^ Гарэцкі, М.. Смаленск — Менск — Вільня // Гарэцкі, М. Творы. — Мінск: Маст. літ., 1990. — С. 292.
  22. ^ Вячаслаў Ракіцкі. Пачатак нашага тэатразнаўства // Спадчына. — Мн.: 1991. — № 1. — С. 33.
  23. ^ а б в г д е Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 539. — 560 с. — 7000 ас. — ISBN 985-06-0304-6
  24. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя. У 4 т. Т. 1. 1901—1920 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т. літ. імя. Я. Купалы. — 2-е выд. — Мн.: Беларуская навука, 2001. — С. 353. — 583 с.
  25. ^ а б Аляхнавічаняты. Наша Ніва (1 сакавiка 2008). Праверана 19 красавіка 2024 г.
  26. ^ Галоўка, С. Абмен палітвязняў на станцыі Коласава. Перапляценні лёсаў Браніслава Тарашкевіча і Францішка Аляхновіча // Роднае слова. — Мн.: 2001. — № 11. — С. 105—109.
  27. ^ Аляхновіч Ф. Бо лёс быў наш — мук доўгі, вечны шлях... // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладаньне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 9. — 238 с. — 9000 ас. — ISBN 5-340-01311-1
  28. ^ а б в Юр. Монвід (Францішак Аляхновіч) Страшны год (успаміны нядаўніх дзён) // ARCHE Пачатак. — 1999. — № 2.
  29. ^ Аляхновіч Ф. Бо лёс быў наш — мук доўгі, вечны шлях... // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладаньне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 10. — 238 с. — 9000 ас. — ISBN 5-340-01311-1
  30. ^ Францішак Аляхновіч http://svabodaby.net Праверана 19 красавіка 2024 г.
  31. ^ а б в Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя. У 4 т. Т. 1. 1901—1920 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т. літ. імя. Я. Купалы. — 2-е выд. — Мн.: Беларуская навука, 2001. — С. 341—343. — 583 с.
  32. ^ Марціновіч А. Хто ж ён, Францішак Аляхновіч // Сувязь: Літ.-крытыч. арт.. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 7. — 253 с. — ISBN 5-340-01389-8
  33. ^ а б в г д е ё ж з Аляхновіч Францішак // Беларускія пісьменнікі: 1917—1990 / Аляксей Гардзіцкі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — ISBN 5-340-00709-X

Літаратура

  • Францішак Аляхновіч. Беларускі тэатр. Вільня, 1924;
  • Францішак Аляхновіч. У капцюрох ГПУ. Менск, 1994.
  • Крывіцкі Л. (Луцкевіч Л.). Францішак Аляхновіч // Ніва (Беласток).1990, № 2-3;
  • Сабалеўскі А. Адметны сьлед // Спадчына. 1990, №3;
  • Сабалеўскі А. На адраджэнскай хвалі // Полымя. 1992, № 5;
  • Бяляцкі А. «Як я памру…» // Маладосць. 1990, № 10;
  • Няфёд У. І. Францішак Аляхновіч: Тэатральная і грамадзка-палітычная дзейнасьць. — Менск, 1996;
  • Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік у 6-ці тамах / АН Беларусі, Інстытут літаратуры ім. Я. Купалы; рэд. А. І. Мальдзіса.Т. 1: Абуховіч — Ватацы. — Мн.: БелЭн, 1992. — 542 с.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2

Вонкавыя спасылкі

Францішак Аляхновічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Шаблён:Link GA