Дудка беларуская: розьніца паміж вэрсіямі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Радок 58: Радок 58:
[[Катэгорыя:Кнігі па альфабэце]]
[[Катэгорыя:Кнігі па альфабэце]]
[[Катэгорыя:Творы беларускай літаратуры]]
[[Катэгорыя:Творы беларускай літаратуры]]
[[Катэгорыя:Выданні на беларускай мове лацінкай]]
[[Катэгорыя:Выданьні на беларускай мове лацінкай]]

Вэрсія ад 20:26, 11 кастрычніка 2013

«Дудка беларуская»
па-беларуску: Dudka biаłaruskaja
Вокладка кракаўскага выданьня
Жанр: паэзія
Аўтар: Францішак Багушэвіч
Мова арыгіналу: беларуская мова
Публікацыя: 1891

«Дудка беларуская» — паэтычны зборнік Францішка Багушэвіча, выдадзены ў 1891 року пры дапамозе сябра Яна Карловіча (пад псэўданімам Мацей Бурачок). У тым самым выдавецтве ў Кракаве рокам пазьней выйшла ягоная навэла «Тралялёначка».

Значэньне ў беларускай літаратуры

«Дудка беларуская» — вяршыня разьвіцьця беларускай літаратуры ХІХ ст. Яе выхад у сьвет быў нечаканы, быў менавіта мастацкім першаадкрыцьцём беларускага працоўнага мужыка, народу, бо ў парэформенны час, у канцы ХІХ ст., ніхто ўжо не памятаў пра Паўлюка Багрыма, ня быў шырока вядомы і Ян Баршчэўскі.

Кампазыцыя кнігі

Прадмова

5-е выданьне 1918 г., Вільня, друкарня "Зьніч"

Зборнік «Дудка беларуская» адкрываецца «Прадмовай», якая па сваім патрыятычным патасе нагадвае агітацыйна-публіцыстычныя артыкулы Кастуся Каліноўскага ў паўстанцкай газэце «Мужыцкая праўда». У яе аснове праблема гістарычнага лёсу беларускага народу, разьвіцьця ягонай мовы і культуры. На думку Багушэвіча, сапраўдным носьбітам нацыянальнага пачатку зьяўляецца працоўная, сялянская маса — народ, аб’яднаны ня толькі духоўнай ці эпічнай супольнасьцю, як сьцьвярджалі прыхільнікі рамантычнай самабытнасьці, але й адзінствам нацыянальна-вызваленчых мэтаў.

У «Прадмове» Францішак Багушэвіч настойліва пераконвае свайго адрасата (нaрод), што яны — беларусы, што іхняя радзіма — Беларусь, каб заўсёды і перад усімі кожны годна нёс прыналежнасьць да яе, каб адчуваў сябе сынам свайго народу. Імкненьне давесьці чытачам, што яны менавіта беларусы, што так павінны сябе адчуваць і называць, падкрэсьліваецца назваю зборніка. У назове ёсьць слова «беларускі», якое займае інвэрсыйнае становішча да назоўніка, чым падкрэсьліваецца яго значнасьць.

Вершы

Зборнік складаецца з 16 вершаў («Мая дудка», «Дурны мужык, як варона», «Як праўды шукаюць», «У судзе», «Воўк і авечка», «Мая хата», «Праўда», «Здарэньне», «Думка», «З кірмашу», «Хрэсьбіны Мацюка», «Бог ня роўна дзеле», «Хцівец і скарб на сьвятога Яна», «Дзе чорт ня можа, там бабу пашле», «У астрозе», «Быў у чыстцы») і паэмы «Кепска будзе».

Тэма крытыкі царскага суда становіцца вядучай у зборніку. Паэт сьвядома адыходзіць ад фальклёрнага алегарызму, усё больш шырока выкарыстоўваючы рэалістычныя сродкі адлюстраваньня рэчаіснасьці. Найбольш пашыранай формай грамадзянскай лірыкі Багушэвіча становіцца маналёг, верш-роздум, поўны горычы і трагізму. У іх аснове кантрастуе супастаўленьне багатых і бедных, паказ сацыяльных бар’ераў, якія падзяляюць грамадзтва на варожыя клясы, і якія непазьбежна вядуць да заняпаду і маральнай дэградацыі. Гэты агульнагуманістычны матыў надзвычай ярка выяўлены ў вершы «Бог ня роўна дзеле».

Стылістыка

Творы, зьнешне простыя і непрэцэнтыёзныя па форме, характарызуюцца выключнай жыцьцёвай пераканаўчасьцю, рэалістычнай глыбінёй і дзейснасьцю. Нягледзячы на выразную сувязь з традыцыямі вуснай паэзіі, Францішак Багушэвіч пасьпяхова пераадольвае аднабаковасьць фальклёрнай тыпізацыі, імкнецца да індывідуалізацыі мастацкага вобразу.

Такім чынам, у зборніку «Дудка беларуская» ў цэлым пераважае аспэкт сацыяльна-бытавога паказу жыцьця, асноўным жа ў яго ідэйным гучаньні было асуджэньне сацыяльнай няроўнасьці і парадкаў, якія зрабілі мужыка бяспраўным. Гэты зборнік выключна сацыяльны, і адзінкавымі вершамі выходзіць ён з тэм сацыяльна-бытавых (вершамі «Мая хата», «Хрэсьбіны Мацюка» — у патрыятычную тэматыку, вершам «Праўда» — у сацыяльна-філязофскую, «З кірмашу» — у любоўную). Чарговай задачай мастака было, такім чынам, пераадоленьне толькі сацыяльна-бытавога аспэкту паказу жыцьця, на якое менавіта і арыентаваўся Ф. Багушэвіч.

Літаратура

  • 1. Гарадко Г. і інш. Беларуская літаратура: дапам. для абітурыентаў і выпускнікоў школ, гімназій, ліцэяў. Мн. 2005. с.79-84.
  • 2. Гісторыя беларускай літаратуры ХІХ — п. ХХ ст. Мн. 1981. с. 111—1118.
  • 3. Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. У 2 ч. Ч 1. Мн. 1989. с. 256—262.
  • 4. Лойка А., Рагойша В. Беларуская літаратура ХІХ ст. Хрэстаматыя. Мн. 1988. с. 250—283.
  • 5. Луцкевіч А. Жыццё і творчасць Фр. Багушэвіча ва ўспамінах ягоных сучаснікаў // Спадчына, № 1-2, 2001, С. 35 — 64.
  • 6. Мальдзіс А.. У пошуках багушэвічаўскай шкатулкі // Падарожжа ў XIX ст. З гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры. Навук.- папул. нарысы. Мн., 1969. С. 168—173.