Dream Theater: розьніца паміж вэрсіямі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
д r2.7.2) (робат дадаў: lv:Dream Theater
д r2.7.2) (робат зьмяніў: zh:梦剧院
Радок 207: Радок 207:
[[uk:Dream Theater]]
[[uk:Dream Theater]]
[[vi:Dream Theater]]
[[vi:Dream Theater]]
[[zh:梦剧]]
[[zh:梦剧]]

Вэрсія ад 02:28, 1 верасьня 2012

Dream Theater

Зьлева направа: Майк Партной, Джон Пэтручы, Джэймз Лабры, Джон Маянг, Джордан Рудэс
Інфармацыя
Гады1985 — цяпер
АдкульЗША
Моваангельская
Жанр(ы)прагрэсіў-мэтал, прагрэсіў-рок
ВыдавецRoadrunner Records
Зьвязаныя праектыLiquid Tension Experiment, Liquid Trio Experiment, Opeth, Explorers Club, MullMuzzler, Nightmare Cinema, OSI, Platypus, The Jelly Jam, Transatlantic, True Symphonic Rockestra, Chroma Key, Ayreon
УдзельнікіДжон Пэтручы
Джэймз Лабры
Джон Маянг
Джордан Рудэс
Майк Манджыні
Былыя ўдзельнікіЧарлі Дамінічы
Кевін Мур
Дэрак Шарыньян
Крыс Колінз
Майк Партной
http://dreamtheater.net

Dream Theater — амэрыканскі гурт, грае ў стылі прагрэсіў-мэтал. Існуе з 1985 году.

Гурт быў утвораны навучэнцамі Музычнага каледжу Бэрклі Джонам Маянгам, Джонам Пэтручы ды Майкам Партным з арыгінальным назовам «Majesty» і зь цягам часу стаў найбольш пасьпяховым у абраным жанры з часоў сярэдзіны 1970-х гадоў, калі зьявіўся сам прагрэсіў-рок.

Гісторыя

Зьяўленьне (1985)

Гурт зьявіўся ў верасьні 1985. Гітарыст Джон Пэтручы і бас-гітарыст Джон Маянг вырашылі стварыць гурт, каб бавіць вольны час ад свайго навучэньня ў Музычным каледжы Бэрклі. Яны выпадкова трапiлi на Майка Партнога, які граў у адным з пакояў каледжу i прапанавалi яму далучыцца да гурта. Трыё пачало выконваць кампазыцыi гуртоў Iron Maiden i Rush.

Цягам часу хлопцы запрасiлi былога аднагрупніка Джона Пэтручы, Кевіна Мура, граць на клявiшных i, троху пасьля, iншага старога сябра, Крыса Колiнза, дзеля сьпеваў, i тым самым сфармавалi першы склад гурта. Цягам таго, як прасоўвалiся справы гурта, ягоныя ўдзельнiкi былi вымушаны спынiць сваё навучаньне i кiнуць каледж.

The Majesty Demos і зьяўленьне Dream Theater (1986—1987)

Ад пачатку 1987 году гурт быў заняты шматлiкiмi выступамi ў ваколіцах Нью-Ёрку. Падчас гэтых выступаў была зроблена пэўная колькасьць дэма-запiсаў, што ўрэшце склалi запiс The Majesty Demos. Першапачатковы наклад памерам у 1000 асобнiкаў быў распрададзены цягам наступных 6 месяцаў, што разам зь нелегальнымi касэтнымi копiямi матэрыялу прынесла гурту пэўную вядомасьць на сцэне прагрэсіўнага мэталу. У дадзены момант гэтыя запiсы можна знайсьці ў выглядзе перавыданьня лэйблам Партнога YtseJam Records.

У лiстападзе 1986 Крыс Колiнз сышоў з гурта з-за творчых сварак. Пасьля году пошукаў быў знойдзены Чарлi Дамiнiчы, якi быў значна старэйшы i значна больш дасьведчаны за астатнiх удзельнiкаў. Ад моманту зьяўленьня новага ўдзельнiка гурт хутка пачаў набiраць моц. Колькасьць канцэртных выступаў хутка ўзрастала, што прынесла дадатковыя сродкi ўдзельнiкам. Адразу пасьля прыёму Дамiнiчы супраць Majesty была распачатая судовая справа за назву, якую iнсьпiраваў гурт з Лас-Вэгасу, што таксама зваўся Majesty. Пасьля пэўнага пошуку варыянтаў, сярод якiх былi Glasser, Magus, ды M1, бацька аднога з музыкаў прапанаваў слушную назву Dream Theater, у гонар колішняга кiнатэатру ў Мантэрэi (Калiфорнiя).

When Dream and Day Unite (1988—1990)

Паступова з павелічэньнем колькасьці выступаў, ад моманту зьяўленьня ў складзе Дамінічы пачаў хутка зьбірацца новы музычны матэрыял. Аднойчы чарговы выступ быў заўважаны прадстаўніком Mechanic Records, што зьяўлялася часткай MCA. У выніку Dream Theater падпісалі свой першы кантракт 23 чэрвеня 1988 году, у адпаведнасьці зь якім гурт мусіў запісаць альбом.

When Dream And Day Unite сапраўды быў запісаны ў 1989 годзе, але амаль ніякіх іншых абавязкаў па кантракце (перадусім, фінансавых) лэйбл не выконваў. Dream Theater быў вымушаны працягваць выступы ў ваколіцах Нью-Ёрку. Прома-тур да альбому складаўся толькi з 5 выступаў, якiя таксама не выходзiлi за межы Нью-Ёрку.

Пасьля чацьвертага з прома-канцэртаў, Дамiнiчы зышоў з гурта з-за творчых і асабiстых спрэчак. У хуткiм часе пасьля гэтага гурт Marillion запрасiў Dream Theater адчынiць шоў у Рытцу (Нью-Ёрк) i Дамiнiчы атрымаў магчымасьць зладзiць апошнi сумесны канцэрт. Пасьля гэтага пачалiся два гады пошуку вакалiста.

Images and Words (1991—1993)

Пасьля зыходу Чарлi Дамiнiчы Dream Theater здолелі прыпыніць дзеяньне недарэчнага кантракта з Mechanic Records, пачаць пошукi новага вакаліста дый патроху ствараць матэрыял на новы альбом. Падчас пошуку была перапрабаваная вялікая колькасьць розных вакалістаў, у тым лiку Джон Арч, былы фронтмэн Fates Warning, i нiводны ня быў абраны сталым удзельнікам гурта. У сярэдзіне 1990 году, падчас канцэрту ў Нью-Ёрку, Dream Theater назвалі некага Стыва Стоўна новым вакалістам, але ж ён не прасьпяваў i трох кампазіцыяў перад тым, як яго тутака ж звольнiлi за неадэкватныя паводзіны. Урэшце, празь пяць месяцаў гурт быў вымушаны даць цалкам iнструмэнтальны выступ, нават пад назовам YtseJam. Да сярэдзiны 1992 году Dream Theater былi вымушаны актыўна шукаць новага вакалiста. Паўсьцяж гэтых падзеяў была створана большасьць матэрыялу на новы альбом, што выйшаў пазьней пад назовам Images And Words у 1992.

Напрыканцы 1991 году з Канады на праслухваньне прыляцеў сьпявак глэм-мэталiчнага гурта Winter Rose, Кевін Джэймз Лабры. Джэймз прасьпяваў на джэм-сэсii з гуртом тры кампазыцыi i адразу ж быў прыняты як сталы ўдзельнiк гурта. Адразу пасьля найму Лабры вырашыў зьмянiць iмя, пакiнуўшы толькi частку «Джэймз», каб не было блытанiны зь iншым Кевінам. Некалькi наступных месяцаў былi напоўненыя канцэртамi, у асноўным па-ранейшаму ў навакольлi Нью-Ёрку дый запiсу сьпеваў да раней створанага матэрыялу. У гэты час ATCO Records (цяпер завецца EastWest), частка Elektra Records, дамовiлася з Dream Theater аб кантракце на выданьне 7 альбомаў, базуючыся на толькi трох дэма-запiсах, якiя пазьней сталi дасягальнымi слухачам у выглядзе The ATCO demos, выдадзеных фэн-клюбам гурта.

Першым дыскам, створаным у межах новага кантракту, стаўся Images and Words, які быў выдадзены ў 1992 годзе. Дзеля прамоцыi гэтага дыску, быў зроблены CD-сынгл на трэк «Another Day» разам зь вiдэа-клiпам на гэтую ж песьню. Камэрцыйнага посьпеху гэтыя высiлкi не прынесьлi, але безадносна гэтага, кампазыцыя «Pull Me Under» раптоўна i нечакана для выдаўцы атрымала высокi ўзровень на радыё. Вынiкам гэтых падзеяў стала тое, што ATCO Records зладзiлi клiп на «Pull Me Under», якi атрымаў буйную ратацыю на MTV. Трэцiм клiпам з альбому стаўся «Take the Time», але ён нават i блiзка не дайшоў да ўзроўню «Pull Me Under».

Посьпех «Pull Me Under» разам зь няспыннымi канцэртамi па ЗША i Японіі прывялi да атрыманьня Images and Words залатога статусу ў ЗША i плацiнавага — у Японіі. Тур па Эўропе, што адбыўся пасьля гэтага, прынес запiсаны канцэрт у славутым лёнданскім клюбе Marquee. Запiс гэтага канцэрту трапiў да слухачоў у выглядзе канцэртавага дыску Live at the Marquee і стаўся першым афiцыйным канцэртавым дыскам Dream Theater. Запiсы ж японскiх канцэртаў з шэрагам дакумэнтальных здымкаў выйшлi пазьней як вiдэа Images and Words: Live in Tokyo.

Awake (1994)

У траўнi 1994 году Dream Theater трапiлi ў студыю дзеля працы над чарговым дыскам. Новы альбом, Awake, пабачыў сьвет у кастрычнiку 1994 году. Падчас мастэрынгу альбома Кевін Мур паведаміў астатнiм удзельнiкам гурта аб сваiм намеры пакiнуць Dream Theater. Ён, маўляў, перастаў быць зацiкаўленым як у канцэртах з гуртом, так i ў самым музычным кiрунку Dream Theater. У вынiку, гурт быў павiнны тэрмiнова шукаць клявiшнiка дзеля ўдзелу ў туры на падтрымку Awake.

Падчас пошуку новага клявiшнiка самым вядомым кандыдатам быў Енс Ёхансан, будучы клявiшнiк Stratovarius. Праз пэўны час Dream Theater вырашылi ўзяць на ролю клявiшнiка Джордана Рудэса, якога Партной i Пэтручы знайшлi, праглядаючы часопiс Keyboard Magazine, дзе ён быў апiсаны як «новы талент» паводле апытаньня чытачоў. Але калi пасьля сумеснага джэм-сэйшна Джордану прапанавалi месца клявiшнiка ў гурце, ён адмовiўся, абраўшы замест гэтага тур з The Dixie Drags. У вынiку, у тур падтрымкi Awake паехаў Дэрак Шарыньян, таксама выпускнiк музычнага каледжу Бэрклi. Як вынiк туру, Дэраку было прапанаванае сталае месца клявiшнiка ў гурце.

A Change of Seasons і Falling Into Infinity (1995—1998)

Пасьля зьяўленьня новага чальца, Dream Theater не адразу пачалі пісаць новы матэрыял. Фэны з усяго сьвету, аб’яднаныя ў паштовую расылку YtseJam (на той момант найбольш папулярны сродак камунікацыяў фэнаў) пачалі ціснуць на гурт з тым, каб тыя выдалі трэк «A Change of Seasons», які меўся да выхаду на дыску Images And Words і быў напісаны яшчэ ў 1989 годзе і ня трапіў на кружэлку з-за буйнога памеру (амаль 17 хвілін). Дарэчы, гурт час ад часу граў гэты трэк ужыўку і дапрацоўваў яго ажно да афіцыйнага выданьня ў 1995 годзе.

Дзеяньні фэнаў мелі посьпех і музыкі ад красавіка 1995 году пачалі працаваць у BearTracks Studios (Нью-Ёрк) з тым, каб перапрацаваць і выдаць 23-хвілінную кампазыцыю з унёскам Дэрака Шарыньяна ў выглядзе скончанага прадукту. Дыск Change of Seasons быў выдадзены як EP з даданымі кавэр-песьнямі, што былі запісаныя на адмысловым фэн-канцэрце Uncovered.

Пасьля хуткага стосу канцэртаў у падтрымку A Change of Seasons, Dream Theater зрабілі перапынак на колькі месяцаў. Падчас гэтага перапынку гурт выдаў калядны Christmas CD праз свой афіцыйны фэн-клюб, у які ўваходзілі рэдкія канцэртавыя запісы, створаныя за мінулыя гады. Яны працягвалі выдаваць новыя калядныя CD да 2005 году.[1] Таксама падчас адпачынку кожны з удзельнікаў гурта меўся напісаць нешта сваё на новы дыск, што рыхтаваўся да запісу.

Між тым, адбыліся зьмены на EastWest і чалавек, які адказваў за кантакт Dream Theater з выдаўцом быў звольнены. Як вынік, новая каманда ня мела спэцыяльных адносінаў з Dream Theater, і яны пачалі ціснуць на гурт з мэтай стварэньня апошнімі больш камэрцыйна прымальнага альбому. Напрыканцы 1996 году пачаўся запіс. У дадатак да ціску з мэтай больш камэрцыйнага гучаньня, EastWest наймела аўтара і прадусара Дэзманда Чайлда, каб той працаваў з Джонам Пэтручы над выпраўленьнем тэкстаў песьні «You Or Me». Уся група была змушаная перапрацаваць музыку песьні, тая зьявілася на дыску як «You Not Me», вельмі адрозная ад арыгіналу. Вынікам супрацы з Чайлдам гэтаксама сталася тое, што дыск выйшаў з прасьцейшымі і слушнымі для радыёэтэру песьнямі.

Гурт напісаў амаль на два CD матэрыялаў, у тым ліку 20-хвілінны працяг да песьні з Images And Words «Metropolis Part 1: The Miracle and the Sleeper». Выдавец, аднак, не дазволіў выдаць двайны альбом, бо меў сумнеў у тым, што масавая публіка ўспрыме 140-хвілінавы запіс. Залішнія трэкі былі пазьней выданыя ў рэлізе YtseJam Records The Falling Into Infinity Demos[2].

Атрыманы на дыску Falling Into Infinity матэрыял атрымаў вельмі зьмешаную рэакцыю ад слухачоў, якім больш падабалася ранейшае гучаньне гурту. Альбом цалкам меў больш-менш прагрэсіўнае гучаньне, але некаторыя трэкі зь яго (як «Hollow Years» і «You Not Me») успрыняліся некаторымі як пачатак новага мэйнстрымавага Dream Theater. Суцэльна, альбом быў як камэрцыйным, так і крытычным расчараваньнем. Нашмат гадоў пазьней, Майк Партной ў камэнтарах 2004 году да DVD 5 Years in a LIVEtime адзначыў, што той пэрыяд прыводзіў яго да высновы аб неабходнасьці скончыць існаваньне гурту.

Падчас эўрапэйскай часткі сусьветнага туру Touring Into Infinity, два канцэрты былі запісаныя для жывога альбому, што быў названы Once In A LIVEtime, у Францыя і Нідэрляндах. Альбом выйшаў прыкладна ў тыя ж часы, што і відэа 5 Years in a LIVEtime, што апісвала пэрыяд у жыцьці групы ад часу зыходу Кевіна Мура да часу туру ў падтрымку Falling Into Infinity.

Scenes from a Memory і Metropolis 2000 (1999—2001)

У 1997, Magna Carta Records' Майк Ўорні запрасіў Партнога, каб той сабраў прагрэсіўны супэргурт дзеля працы над альбомам, што распачне доўгі сьпіс сайд-праектаў удзельнікаў Dream Theater. Гурт склаўся з Партнога на барабанах, Пэтручы на гітары, Тоні Левіна на басе і клявішніка Джордана Рудэса, што сыйшоў з Dixie Dregs. Гурт атрымаў назоў Liquid Tension Experiment і стаўся тым чыньнікам, які дазволіў Партному і Пэтручы ізноўку запрасіць Рудэса далучыцца да Dream Theater. У 1999, ён адклікнуўся на прапанову і стаў трэцім клявішнікам Dream Theater, замяніўшы Шэрыняна.

З чарговым новым чальцом, Dream Theater ізноў увайшлі ў студыю BearTracks Studio дзеля запісу чарговага альбому. Вынікам ультыматуму Партнога стаўся поўны дазвол выдаўца на творчую свабоду. Працяг «Metropolis Part 1», што быў напісаны падчас сэсіяў запісу Falling Into Infinity (але ня трапіў на альбом), быў узяты з паліцы на дапрацоўку. Хлопцы вырашылі дапрацаваць 20-хвілінную песьню да поўнага канцэптуальнага альбому, што апавядаў бы гісторыю на такія тэмы, як рэінкарнацыя, забойства ды здрада. Каб пазьбегнуць збаламучваньня фэнаў, стварэньне і запіс альбому былі зробленыя максымальна сакрэтна. Адзінае, што трапіла да публікі да рэлізу — трэкліст і дакладная дата рэлізу. У 1999, Metropolis Pt. 2: Scenes from a Memory выйшаў і атрымаў вялікі посьпех. Дыск успрымаецца шматлікімі аматарамі і крытыкамі як найбольшае дасягненьне Dream Theater, нягледзячы на толькі #73 у US album chart.

Альбом быў зьведзены Дэвідам Батрылам, але толькі некалькі міксаў трапілі на канчатковую вэрсію дыску. Астатняе было зроблена Кевінам Шырлі. Рэшты міксаў можна пачуць на афіцыйным бутлегу «The Making of Scenes from a Memory».

Вялікі сусьветны тур адбыўся пасьля выхаду альбому, заняўшы больш за год. Канцэрты адлюстроўвалі тэатральную сутнасьць альбому. Падчас канцэртаў выконваўся дыск Scenes From a Memory цалкам, зь відэа-экранам ззаду сцэны, на якім дэманстраваўся адмысловы відэашэраг. У дадатак да альбому выконваўся другі сэт з больш старых кампазыцыяў Dream Theater, а таксама троху кавэраў ды імправізацыяў з старога матэрыялу Dream Theater.

На адным адмысловым выступе, у Roseland Ballroom у Нью Ёрку, былі нанятыя акторы, каб адыграць удзельнікаў гісторыі, і таксама госпэл-хор, які меўся ўдзельнічаць у выступе.

Гэты выступ, апошні ў паўночнаамэрыканскім туры, быў запісаны дзеля першага ў гісторыі групы DVD-рэлізу. Пасьля шматлікіх тэхнічных затрымак дыск, названы Metropolis 2000: Scenes from New York, быў выдадзены напачатку 2001. У хуткім часе гурт паведаміў, што будзе выдадзена поўная аўдыё-вэрсія канцэрту (з амаль чатырохчасавым сэтлістам).

Аблонка для CD, названага Live Scenes from New York, адлюстроўвала адзін з ранейшых лягатыпаў Dream Theater (часоў Images And Words) палаючае сэрца, мадыфікаванае ў бок яблыка (алюзія на «Вялікі Яблык» — мянушку Нью-Ёрку), і відарыс Нью-Ёрку, разам зь вежамі-двайнятамі Сусьветнага гандлёвага цэнтру, і полымя вакол яго. Як выпадковасьць, альбом быў выпушчаны менавіта ў тую ж дату, што і атакі 11 верасьня 2001 году. Наклад альбома быў адразу ж адазваны і перавыданы з новай вокладкай.

Six Degrees of Inner Turbulence (2002)

Пасьля чатырох гадоў змаганьня гурт атрымаў дазвол ад выдаўца на запіс двайнога дыску і з гэтым настроем пайшоў у студыю. Вынікам атрымаўся Six Degrees Of Inner Turbulence, які зьмяшчаў на першым дыску пяць трэкаў па 7—13 хвілін, а на другім — адную цэльную 42-хвілінавую кампазыцыю, якая на сучасны момант ёсьць самай доўгай кампазыцыяй у Dream Theater.

Дыск атрымаў вельмі станоўчыя водгукі ад крытыкі і прэсы, дайшоў да #46 у чартах Billboard і да першага месца — у ягонае інтэрнэт-вэрсіі. Наступныя паўтара году гурт гастраляваў па сьвеце з пашыраным сэтам, які акрамя новых кампазыцыяў меў таксама спэцыяльныя «кавэр-канцэрты», на якіх цалкам выконваліся такія клясычныя альбомы як «Master Of Puppets», створаны гуртам Metallica і «The Number Of The Beast» Iron Maiden.

Train of Thought і Live at Budokan (2003—2004)

Цягам 2003 году Dream Theater трапілі ў студыю дзеля запісу чарговага альбому. Ад часоў Scenes From A Memory яны пісалі і запісвалі музыку ў адзін час, таму гэтым разам вырашылі наперш тры тыдні адвесьці стварэньню музыкі перад запісам. Падчас сэсіі запісу яны зьнянацку выбраліся на адмысловы тур з назовам «Escape From Studio American Tour» (уцёкі са студыі), які зладзілі сумесна з Queensrÿche і Fates Warning. Канцэрты былі пабудаваны такім чынам, што напрыканцы кожнага зь іх удзельнікі мелі мажлівасьць граць разам, і часьцей за ўсё гэта былі кавэр-вэрсіі вядомых гітоў.

Напрыканцы туру гурт вярнуўся ў студыю з тым, каб скончыць запіс сёмага па ліку альбому, «Train Of Thought». Пры напісаньні матэрыялу гурт больш арыентаваўся на стварэньне песенна-арыентаванага дыску, працуючы ўсьлед адыграным на нядаўніх канцэртах «Master Of Puppets» і «The Number Of The Beast». Вынікам такога падыходу атрымаўся больш мэталёва аздоблены дыск, які не знайшоў надта масавае падтрымкі ў сталых фэнаў гурта, але прыгяцнуў да сябе ўвагу як больш шырокага кола аматараў мэталу як стылю, так і шматлікіх музычных крытыкаў.

Падчас наступнага туру Dream Theater адыграў колькі сумесных канцэртаў з аб’ектам іх заўсёдашняга натхненьня, Yes. Пасьля гэтых сумесных выступаў гурт скончыў тур з праграмай, што звалася «An Evening With Dream Theater»

Наступным крокам стаўся запіс канцэрту ўжыўку, адначасова на CD і DVD, гэтым часам — у славутым Nippon Budokan Hall (Токіё, Японія), падчас сусьветнага туру Train Of Thought. Live In Budokan быў выдадзены 5 кастрычніка 2004 году і пацьвердзіў рэпутацыю гурта як галоўных выканаўцаў стылю.

Octavarium і Score (2005—2006)

Напрыканцы туру ў падтрымку Train Of Thought Dream Theater трапілі ў студыю Hit Factory ў Нью-Ёрку дзеля запісу восьмага альбому. Так атрымалася, што яны былі апошнім гуртом, што запісалі альбом у гэтай слыннай студыі і апасьля сканчэньня працы над дыскам агні студыі згасьлі назаўжды.

Octavaruim пабачыў сьвет 7 чэрвеня 2005 і вывеў гучаньне гурта на новы кірунак. Сярод гэтых васьмі трэкаў знайшоў месца працяг дванаццацікрокавай сагі Партнога (крокі 6—7 з заплянаваных 12), гэтаксама як і музычна разнастайны 24-хвілінавы эпік, пасьлядовец Change Of Seasons. Octavarium атрымаў зьмешаныя водгукі ад фэнаў і быў нагодай для сур’ёзных спрэчак. Ён таксама стаўся апошнім зь сямі альбомаў, якія меліся запісаць музыкі ў межах кантракту з Elektra Records, які перайшоў да спадкаемцы ад EastWest Records.

Dream Theater вельмі істотна гастралявалі ў пэрыяд 2005—2006 гадоў, у тым ліку, з нагоды 20-годзьдзя гурта. Яны ачолілі праект Gigantour. Напрыканцы туру Gigantour Dream Theater працягнулі свае ўласныя канцэрты. Так, на амаль не рэклямаваны канцэрт 1 красавіка 2006 у Radio City Hall квіткі былі распрададзеныя за лічаныя дні пасьля пачатку продажу. Гэтае шоў было выдадзена Rhino Records на CD і DVD пад назовам SCORE 29 жніўня 2006 году і сталася першым запісам Dream Theater, у якім прымаў удзел сымфанічны аркестар (названы Octavarium Orchestra).

Systematic Chaos (2007—2008)

Наступны альбом Dream Theater выйшаў 5 чэрвеня 2007 году. Гэта быў першы вынік супрацы з Roadrunner Records, часткай Atlantic Records. Roadrunner сур’ёзна паставіўся да прамоцыі дыску і як вынік, альбом трапіў на #19 месца гіт-параду Billboard 200, што стала лепшым вынікам для альбомаў гурту. Таксама, сьвет убачыў кліп на трэк «Constant Motion» 14 чэрвеня, першы кліп гурта ад часоў пачатку 1990-х. Таксама была выдадзена афіцыйная кніга пра гісторыю гурта, Lifting Shadows, якая асьвятляла першыя 20 гадоў існаваньня. Systematic Chaos зьмяшчаў 8 трэкаў, але 7 песьняў. Чарговы эпік, «In The Presence Of Enemies» быў разьбіты на дзьве часткі, на пачатку альбому і ў канцы. Таксама ў склад трапіла чарговая частка АА-сагі Партнога («Repeatance») і палітычная па сутнасьці «Prophets Of War».

Сусьветны тур 2007/2008 «Chaos In Motion World Tour» распачаўся ў Італіі, і ўключаў выступы на шмалікіх эўрапейскіх фэстывалях. Ад сярэдіны лета Dream Theater выступаў у Паўночнай Амэрыцы, тур працягваўся ажно да наступнага году, з выступамі ў Азіі, Паўднёвай Амэрыцы і, упершыню, Аўстраліі.

Greatest Hit і Chaos in Motion (2008)

1 красавіка 2008 году выйшаў двухдыскавы зборнік лепшых гітоў каманды пад назовам Greatest Hit (…and 21 Other Pretty Cool Songs). Жартаўніча, загалоўны трэк быў прыпісаны да «Pull Me Under», адзінага сапраўднага радыё-гіта гурта. Таксама на складанку трапілі перамікшаваныя вэрсіі кампазыцыяў з другога альбому, «Images And Words», пяць рэдагаваных кампазыцыяў з больш позьніх альбомаў і адзін сынгл. У адрозьненьне ад шмат якіх іншых складанак лепшых гітоў, Dream Theater актыўна ўдзельнічалі ў працэсе адбору кампазыцыяў на дыск з тым, каб атрымаць больш поўнае адлюстраваньне сваёй музычнае кар’еры. Гэты дыск стаўся апошнім дыскам у супрацы з лэйблам-даўгачасным партнэрам, Atlantic Records.

Пасьля выхаду дыску хутка прайшоў чарговы тур, «Progressive Nation Tour 2008», які распачаўся 29 красавіка. Адметнай рысай туру было тое, што гурт даваў канцэрты ў гарадох, у якіх ніколі ня граў ці ня граў вельмі працяглы тэрмін.

Пасьля гэтага туру Dream Theater выпусьцілі дыск Chaos In Motion 2007—2008. На гэты рэліз трапілі выступы з розных канцэртаў сусьветнага туру. Выйшлі два варыянты DVD, стандартны двухдыскавы сэт і спэцыяльная рэдакцыя з трыма CD, ён выйшаў 30 верасьня 2008 году.

Black Clouds & Silver Linings і зыход Майка Партнога (2008-2010)

2 чэрвеня 2008 Майк Партной паведаміў, што гурт пачынае працу над новым дыскам. 7 кастрычніка 2008 Dream Theater пачалі запіс свайго дзясятага альбому. Дыск, што завецца Black Clouds & Silver Linings, выйшаў 23 чэрвеня 2009 году. Акрамя стандартнага кампакт-дыску, новая студыйная праца дасягальная на вініле, гэтаксама ж як і трохдыскавы пашыраны бокс-сэт, на якім акрамя альбому ёсьць інструмэнтальныя вэрсіі кампазыцыяў і дыск з шасьцю кавэрамі.

1 траўня Майк размаўляў з Metal Hammer пра новы дыск і паведаміў, што песьня «The Shattered Fortress» сталася апошняй з цыклю 12-крокавай супрацьалькагольнае сюіты, а «The Best of Times» — яго глыбока пэрсанальная тэма, датычная ягонага айца, які пайшоў з жыцьця якраз у час запісу альбому.

Гурт таксама ж распавёў пра пляны другога туру «Progressive Nation», гэтым разам з канцэртамі ў Эўропе. Opeth, Bigelf і Unexpect падтрымаюць эўрапейскую частку туру, а ў амэрыканскай прыме ўдзел Zappa Plays Zappa.

22 чэрвеня 2009 Майк на сваім форуме паведаміў, што ў туры адбыліся зьмены, Pain of Salvation, Beardfish і Zappa plays Zappa ня прымуць удзелу ў туры. 1 ліпеня 2009 году новы альбом трапіў у Billboard Top 200 на 6 месца, атрымаўшы за тыдзень 40 285 продажаў.

8 верасьня 2010 году Майк Партной паведаміў грамадзкасьці аб тым, што ён пакідае гурт.[3] Прычынай гэтага па ягоных словах стала страта інтарэсу да супрацы з калегамі.

A Dramatic Turns of Events і далучэньне Майка Манджыні (2011—2012)

Лягатып і выявы

Нягледзячы на вымушаную зьмену назову, Dream Theater адаптаваў уласны лягатып (вядомы як сымбаль Majesty) і wordmark (афіцыйнае напісаньне назову), што месьціцца на амаль усіх прома-матэрыялах гурту, а таксама і на ўсіх студыйных альбомах. Сымбаль Majesty паходзіць ад знаку Мэры Каралевы Шатландцаў[4][5], што быў перапрацаваны Чарлі Дамінічы дзеля выкарыстаньня ў вокладцы альбому When Dream and Day Unite.[6] Ён складаецца зь вялікае літары Фі, вялікае Мю, і вялікае Лямбда.

Дыскаграфія

  • When Dream and Day Unite (1989)
  • Images and Words (1992)
  • Awake (1994)
  • Falling into Infinity (1997)
  • Metropolis Pt. 2: Scenes from a Memory (1999)
  • Six Degrees of Inner Turbulence (2002)
  • Train of Thought (2003)
  • Octavarium (2005)
  • Systematic Chaos (2007)
  • Black Clouds & Silver Linings (2009)
  • A Dramatic Turn of Events (2011)

Апроч афіцыйных альбомаў сучасныя і былыя музыкі гурта маюць сотні дыскаў бутлегаў і досьвед удзелу ў вялізным стосе пабочных праектаў.

Крыніцы

  1. ^ Дзевяць Калядных CDs было выдана фэн-клюбам Dream Theater’s, покуль ён ня быў зачынены ў 2005. DTIFC on Dream Theater.net.
  2. ^ Falling Into Infinity Demos  (анг.)
  3. ^ http://dreamtheater.net/news_dreamtheater.php#mppressrelease
  4. ^ Знак Мэры Каралевы Шатландцаў дасягальны на DreamTheater.net.
  5. ^ Вышыванка зь лягатыпам Мэры ўжыўку [1]
  6. ^ Dixon, Brad et al. «What is the 'symbol' DT use?».

Вонкавыя спасылкі

Dream Theaterсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Шаблён:Link FA Шаблён:Link FA Шаблён:Link FA Шаблён:Link FA Шаблён:Link FA