Ворша: розьніца паміж вэрсіямі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
зьмена часавога пасу using AWB
Радок 506: Радок 506:
[[it:Orša]]
[[it:Orša]]
[[ja:ヴォルシャ]]
[[ja:ヴォルシャ]]
[[ko:보르샤]]
[[ko:오르샤]]
[[lt:Orša]]
[[lt:Orša]]
[[nl:Orsja]]
[[nl:Orsja]]

Вэрсія ад 13:40, 9 лютага 2012

Ворша
Колішні калегіюм езуітаў
Колішні калегіюм езуітаў
Герб Воршы Сьцяг Воршы
Першыя згадкі: 1067
Магдэбурскае права: 13 сьнежня 1620
Вобласьць: Віцебская
Раён: Аршанскі
Плошча: 36 км²
Насельніцтва (2009)
• колькасьць:
• шчыльнасьць:

122 200[1]
3525
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 216
Паштовы індэкс: 211030, 211381—211394, 211396—211398
Геаграфічныя каардынаты: 54°30′ пн. ш. 30°24′ у. д. / 54.5° пн. ш. 30.4° у. д. / 54.5; 30.4Каардынаты: 54°30′ пн. ш. 30°24′ у. д. / 54.5° пн. ш. 30.4° у. д. / 54.5; 30.4
Ворша на мапе Беларусі
Ворша
Ворша
Ворша
Галерэя здымкаў у Wikimedia Commons

Во́рша (О́рша) — горад абласнога падпарадкаваньня ў Віцебскай вобласьці Беларусі, у вярхоўі Дняпра пры ўпадзеньні ў яго рэчкі Аршыца. Адміністрацыйны цэнтар Аршанскага раёну. Насельніцтва 122,2 тыс. чал. (2009).

Знаходзіцца за 93 км ад Віцебску. Вузел чыгунак (лініі на Менск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і аўтамабільных дарог.

Этымалёгія назвы

На думку беларускага тапаніміста В. Жучкевіча, назва паселішча паходзіць ад ракі Ршы (першапачаткова так звалі цяперашнюю Аршыцу). Тым часам назву рэчкі можна прымеркаваць да часта ўжываных назваў Ржа, Ржанка[2]. Таксама існуе меркаваньне, што тапонім мае балцкае (ад найменьня ляшчыны) або фіна-вугорскае паходжаньне (у перакладзе «вада, якая бяжыць у рэчышчы» — рака)[3].

Да нашага часу адбылася натуральная трансфармацыя назвы места: пачатковае «Рша» праз форму «Арша́» і далейшы перанос націску на першы склад аформілася ў мясцовых гаворках і беларускай мове (клясычны правапіс) з устаўным зычным «в» — «Ворша»[4].

Гісторыя

Дзядзінец старажытнай Воршы (плошча 0,57 га) разьмяшчаецца ў сутоках рэчак Аршыца і Дняпро, дзе археолягі выявілі паселішчы бронзавага і жалезнага вякоў[5]. Як адзін з памежных фарпостаў на ўсходных рубяжах Полацкай зямлі Ворша ўзьнікла, імаверна, каля 1021 году, калі князь кіеўскі Яраслаў Мудры саступіў князю полацкаму Брачыславу Ізяславічу Віцебск і Ўсьвяты[6].

Першы ўспамін пра Воршу (пад назвай Ръша) месьціцца ў «Аповесьці мінулых гадоў» і датуецца 1067 годам: 10 ліпеня сюды прыехаў Усяслаў Чарадзей на перамовы з кіеўскімі князямі, аднак яны парушылі існыя дамоўленасьці і ўзялі полацкага князя ў палон. Згодна зь зьвесткамі археалягічных раскопак у тыя часы на месцы Воршы існавала невялікае паселішча, якое ўзьнікла на Шляху з варагаў у грэкі.

Паміж 1101 і 1116 гадамі князь менскі Глеб Усяславіч збудаваў тут фартэцыю. Адначасна мусіў вырасьці і горад. З XII ст. — у складзе Смаленскага княства[7]. У XIII ст. у сваім маёнтку каля Воршы жыў князь Андрэй Кабыла, далёкім нашчадкам якога (паводле меркаваньня М. Карамзіна і У. Караткевіча) быў маскоўскі цар Міхаіл Фёдаравіч — заснавальнік дынастыі Раманавых.

Аршанскі замак з мапы XVI ст.
Усяслаў Чарадзей
Усяслаў Чарадзей

З пачатку княжаньня ў Віцебску Альгерда (1320) Ворша ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага[8] (цэнтар намесьніцтва ў Віцебскім княстве). З ініцыятывы вялікага князя ў 1-й пал. XIV ст. вакол места паўсталі абарончыя ўмацаваньні, а ў 13981407 гадох ужо на загад Вітаўта тут узьвялі мураваны замак. Аршанская харугва брала ўдзел у Грунвальдзкай бітве (15.7.1410). З дакумэнтаў XV ст. вядома, што ў месьце дзейнічала мытня.

У вайну Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (15121522) непадалёк ад Воршы 8 верасьня 1514 году адбылася адна з найбуйнейшых бітваў пачатку XVI ст. на тэрыторыі Эўропы, у выніку якой абаронцы Вялікага Княства Літоўскага перамаглі колькасна большае войска маскоўскіх захопнікаў. Пра гэтую перамогу ў 15201530-я гады невядомы мастак напісаў першую ўва Ўсходняй Эўропе батальную карціну (захоўваецца ў Нацыянальным музэі Польшчы). Яе копію можна пабачыць у Аршанскім дамініканскім касьцёле.

У 1555 годзе вядомы палітычны і рэлігійны дзяяч Мікалай Радзівіл Чорны заснаваў у Воршы першы на Беларусі пратэстанцкі закон кальвіністаў. У 1573 годзе ў месьце зьявіліся езуіты, якія пры дапамозе Льва Сапегі адкрылі тут свой калегіюм. Неўзабаве аршанцы стварылі праваслаўнае брацтва, зацьверджанае вялікім князем Жыгімонтам III у 1592 годзе, а ў 1649 годзе ў месьце пры царкве Раства Багародзіцы пачала працаваць брацкая праваслаўная школа.

Бітва пад Воршай 8 верасьня 1514 году
Мікалай Радзівіл Чорны
Мікалай Радзівіл Чорны

У 1558 годзе М. Струбіч надрукаваў мапу «Вялікага Княства Літоўскага, Лівоніі ды Маскоўскага княства», на якой упершыню значылася Ворша. У наступным 1559 годзе места атрымала частковае самакіраваньне (абраны войт ды 6 памочнікаў), а ў 1577 годзе аршанцы дамагліся права збудаваць гасьціны двор і васкабойню, а прыбыткі ад іх пускаць на «потребы местские». У XVI ст. праз Воршу прайшоў буйны гандлёвы шлях — вялікі галоўны гасьцінец, места зрабілася сталіцай Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва.

23 лістапада 1593 году вялікі князь Жыгімонт Ваза дараваў Воршы грамату пра мескі орган самакіраваньня, а 13 сьнежня 1620 году места атрымала Магдэбурскае права, пячатку ды герб «у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога срэбны крыж»[9] (гэты герб мае афіцыйны статус і ў наш час). 3 траўня 1621 году адбылося зацьверджаньне Аршанскага мескага статуту. Атрымаўшы Магдэбурскае права, аршанцы збудавалі ратушу і гандлёвыя рады. Ратуша была зь вежай, гадзіньнікам і вялікім звонам. У ёй праходзілі паседжаньні магістрату і суду.

У вайну Расеі з Рэччу Паспалітай (16541667) маскоўскае войска зруйнавала Воршу. У 1661 годзе вальны сойм вынес адмысловую пастанову пра наданьне палёгак месту у зьвязку з ваеннымі спусташэньнямі.

Касьцёл Сьв. Міхала Арханёла пры калегіюме езуітаў, рысунак пач. XIX ст.
Царква Нараджэньня Маці Божай, рысунак XIX ст.
Царква Нараджэньня Маці Божай, рысунак XIX ст.

У XVIIXVIII стст. Ворша мела аблічча кляштарнага места. Амаль палову яе земляў займалі кляштары і манастыры, частка зь якіх знаходзілася за рысай места. 11 кляштараў і манастыроў зь велічнымі вежамі касьцёлаў і бліскучымі купаламі цэркваў надавалі Воршы асабліва ўзьнёслы выгляд. Двухпавярховыя камяніцы для жыльля манахаў панавалі над драўлянымі аднапавярховымі дамамі аршанцаў. Для невялікага места такое архітэктурнае спалучэньне было рэдкай адметнасьцю.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай 1772 году Ворша апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабілася цэнтрам Аршанскай правінцыі (з 1802 году — павету) Магілёўскай губэрні. У 1776 годзе расейскія ўлады пазбавілі места Магдэбурскага права[6].

У 1781 годзе 16 жніўня Ворша атрымала новы расейскі герб «верхняя частка гербу на залатым полі герб Расеі, ніжняя частка — на блакітным полі пяць стрэл».

У Вайну 1812 году французы занялі Воршу і пры адступленьні спалілі горад. Інтэндантам Воршы падчас францускага панаваньня ў горадзе быў Анры Бэйль[10], пазьней ужо вядомы як францускі пісьменьнік Стэндаль. Новы плян забудовы Воршы зацьвердзілі толькі ў 1848 годзе.

28 жніўня 1863 паводле выраку ваеннага суду ў Воршы расстралялі І. М. Будзіловіча — кіраўніка паўстанцкага аддзелу, які дзейнічаў у Аршанскім павеце ў часе нацыянальна-вызвольнага паўстаньня. Па здушэньні паўстаньня расейскія ўлады зачынілі ўсе каталіцкія кляштары, а большасьць касьцёлаў перадалі Маскоўскаму патрыярхату для перабудовы пад цэрквы.

Краявід Аршанскага езуіцкага калегіюму. Barthélémy Lauvergne, 1840
Стэндаль
Стэндаль

У другой палове XIX ст. Ворша зрабілася буйным чыгуначным вузлом, а аршанская прыстань — значным транспартным пунктам на Дняпры, адкуль шгогод адпраўляліся каля 100 суднаў. З 1881 году пачаўся рэгулярны пасажырскі рух па рацэ да Магілёва.

У 1881 годзе ў Воршы было 815 драўляных і 22 мураваныя будынкі, 163 крамаў. У пачатку 1890 году ў месьце працавала 15 прамысловых прадпрыемстваў (ільнотрапальнае, гарбарнае, крухмальнае, цагельнае, піваварнае і інш.), 9 навучальных установаў (657 вучняў у 1894 годзе), лякарня, 6 лекараў, 2 аптэкі, 3 бібліятэкі, 2 кнігарні, друкарня. У Воршы адкрыліся новыя ўстановы: тэлеграфная станцыя (1869) і меская публічная бібліятэка (1899), з 1906 году запрацавала рэальная вучэльня, з 1911 году — жаночая настаўніцкая сэмінарыя.

У Першую сусьветную вайну зь лютага па кастрычнік 1918 году Воршу займалі нямецкія войскі. У 19171920 гадох у месьце дзейнічалі органы і арганізацыі розных палітычных сілаў.

З сакавіка 1918 году Ворша ўвайшла ў склад абвешчанай Беларускай Народнай Рэспублікі, а 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі — у склад Беларускай ССР. Аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. Толькі ў 1924 годзе ў выніку ўзбуйненьня БССР Ворша вярнулася ў склад Беларусі, дзе атрымала статус раённага цэнтру. З 1938 году — у Віцебскай вобласьці.

14 ліпеня 1941 году, у часы Другой Сусьветнай вайны, савецкая армія пасьпяхова застасавала каля Воршы новую зброю — устаноўку залпавых стрэлаў «Кацюша». Камандаваў батарэяй «Кацюшаў» капітан І. Флёраў. 16 ліпеня 1941 году Воршу занялі нямецкія войскі. У часы акупацыі існавала група партызанаў-падпольнікаў на чале з Канстанцінам Заслонавым, якая дзейнічала ў аршанскім чыгуначным дэпо. Гэтая група зрабіла 93 падрывы цягнікоў за 3 месяцы 1942 году. Пасьля сакавіка таго ж году К. Заслонаў мусіў схавацца ў лесе ад перасьледу нямецкай акупацыйнай улады, аднак ён не спыніў сваю дзейнасьць; партызан загінуў 14 лістапада 1942 году. 27 чэрвеня 1944 году Воршу занялі войскі Трэцяга Беларускага фронту.

Па вайне ў 19501970-я гады савецкія ўлады зьнішчылі царкву Покрыва Багародзіцы і манастыр базылянаў, царкву Раства Багародзіцы, касьцёл францішканаў, Сьвятаўсьпенскі манастыр, іншыя сакральныя збудаваньні, амаль цалкам зруйнавалі гістарычную забудову XVIIXX стст. На месцы старажытнага места паўстала пустэча.

11 сакавіка 1971 году выканкам гарадзкога Савету дэпутатаў сваім рашэньнем зацьвердзіў новы савецкі герб Воршы, аўтарамі якога былі Гаранскі і Янкоўскі.

Ордэн Айчыннай вайны I ступені
Ордэн Айчыннай вайны I ступені
Ордэн Айчыннай вайны I ступені
Ордэн Айчыннай вайны I ступені
Савецкі герб (1971)

У чэрвені 1984 году за мужнасьць ды стойкасьць, выяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Воршу ўзнагародзілі ордэнам Айчыны вайны I ступені.

19 верасьня 2008 году ў Воршы прайшоў штогадовы фэстываль «Дажынкі». У рамках падрыхтоўкі да мерапрыемства горад значна ўпарадкавалі. Агулам было пабудавана альбо рэканструявана больш за 500 аб’ектаў. Была праведзеная рэканструкцыя гарадзкой гасьцініцы, мосту праз Аршыцу, чыгуначнага ды аўтавакзалаў. Пабудаваны гарадзкі стадыён і лазьня. Уздоўж берагу Дняпра цяпер працуе дзіцячы парк з атракцыёнамі ды невялікім паўкругам. Упарадкаваны жытловы фонд цэнтру гораду, плошчы Леніна (цэнтральная плошча) і гарадзкога парку, дзе праходзілі асноўныя мерапрыемствы сьвята. Частка старых дамоў была разбураная, каб пашырыць цэнтральныя вуліцы. На падрыхтоўцы Воршы да сьвята працавала больш за 800 прадпрыемстваў з усёй краіны[11].

Працы на аршанскіх помніках гісторыі і архітэктуры пачаліся яшчэ ў 2007 годзе: праведзены рамонт даху ў езуіцкім калегіюме (помнік гісторыі XVII ст.), рэканструявана 30-мэтровая вежа гэтага комплексу, на якой устаноўлены купал і гадзіньнік. Па заканчэньні працаў тут адкрыўся гістарычны музэй і бібліятэка.

Пры рэканструкцыі комплексу Аршанскага езуіцкага калегіюму будаўнікі неаднаразова знаходзілі чалавечыя косьці і кумпалы. За часамі СССР у гэтых будынках месьцілася вязьніца. Мяркуецца, што знойдзеныя парэшткі належаць ахвярам камуністычнага рэжыму[12].

Геаграфія

 Кліматычныя зьвесткі для Воршы 
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Сярэдні максымум t, °C −4 −3 2 11 18 21 23 22 16 9 2 −2
Сярэдні мінімум t, °C −10 −10 −6 2 7 10 12 11 7 2 −3 −7
Норма ападкаў, мм 35 30 34 45 60 74 96 79 61 53 47 41 655
Крыніца: Клімат Воршы Праверана 4 сакавіка 2011 г.; Клімат Воршы (рас.) Праверана 4 сакавіка 2011 г.

Ворша знаходзіцца на паўднёвым усходзе Віцебскай вобласьці прыкладна за 180 км ад Менску на ўсход і за 120 км ад Смаленску на захад. Горад стаіць на схілах Аршанскага ўзвышша Аршанска-Магілёўскай раўніны, у сярэднім на ўзроўні 180 мэтраў над морам. Найвышэйшая адзнака знаходзіцца на паўночным усходзе Воршы і складае 192,14 м. Горад узьнік пры ўпадзеньні Аршыцы ў Дняпро.

Насельніцтва

Дэмаграфія

Зьвесткі пра дэмаграфію Воршы[13]
Год Колькасьць
XVII ст. 5000[14]
1772 793[6]
1776 1700[6]
1881 5025[6]
1896 8338
1897 13 161
1904 14 764
1912 21 583[15]
1923 18 000[16]
1939 37 000
Год Колькасьць
1959 64 400
1964 79 000
1970 100 600
1979 111 000[17]
1979 112 397
1989 123 000
1995 125 000[18]
1998 125 700
2006 125 530
2009 122 200

Дэмаграфія Воршы значна залежала ад гістарычных абставінаў. Спрыяльнае геаграфічнае становішча заўсёды ўплывала на павелічэньне колькасьці жыхароў. Найбольшы рост насельніцтва ў месьце прыпадае на пэрыяды мірнага жыцьця. У сваю чаргу, войны значна памяншалі колькасьць жыхароў.

У сяр. XVII ст. у Воршы жыло каля 5 тыс. чалавек[8]. Аднак у вайну Расеі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць месьцічаў паменшалася ў больш чым 5 разоў. У 1772 годзе у Воршы жыло толькі 793 чалавекі.

У мірны пэрыяд па Вайне 1812 году колькасьць месьцічаў значна павялічылася. У 1880 годзе насельніцва Воршы складала 5025 чал. (2606 муж. і 2419 жан.), у тым ліку 1321 праваслаўных, 220 каталікоў, 2484 юдаісты[19]; у месьце жыло 82 сям’і купцоў 1 ды 2 гільдыі, 229 асобаў з пасьведчаньнямі на дробны гандаль, 113 — на рамяство.

Станам на 1 студзеня 1896 у Воршы жыло 8338 чалавек (4015 муж. і 4313 жан.), зь іх паводле веры: праваслаўных 4175, раскольнікаў 62, каталікоў 664, пратэстантаў 125, юдаістаў 3231, іншых 71; паводле стану: мяшчанаў 6453, купцоў і ганаровых грамадзянаў 268, вайсковага стану 419, шляхты 245, духоўнага званьня 161, сялянаў 722, іншых 60[20].

Па заканчэньні Другой Сусьветнай вайны ў Воршы засталося каля 3000 жыхароў.

Станам на 1 студзеня 2009 году ў Воршы налічвалася 139 тысячаў жыхароў[21] 51 нацыянальнасьці[22].

Адукацыя

Кветкі ў Воршы

З 1573 году ў Воршы знаходзіліся езуіты, якія на той час шырока займаліся асьветай. У заснаваным імі калегіюме (1616) навучаньне праводзілася на эўрапейскім ўзроўні. Ад 1740 году калегіюм меў статус вышэйшай навучальнай установы. Тут выкладалі філязофію, граматыку, паэтыку, рыторыку, лёгіку. Пры калегіюме працавала музычная вучэльня ды школьны тэатар. Аршанскі калегіюм езуітаў дзейнічаў да 1820 году.

У 1880 годзе ў Воршы працавала 5 навучальных установаў, а ў пачатку XX ст. — ужо 9 (657 навучэнцаў), у ліку якіх гарадзкая рэальная вучэльня, духоўная вучэльня, жаночая гімназія, жаночая настаўніцкая сэмінарыя. Апроч таго, у месьце дзейнічалі 3 бібліятэкі, 2 кнігарні ды друкарня.

У наш час у Воршы функцыянуюць 22 агульнаадукацыйныя сярэднія школы, 2 спэцыяльныя школы, гімназія, агульнаадукацыйны ліцэй (у горадзе Барань), 2 вячэрнія школы, навучальна-прамысловы камбінат (НПК), 44 дзіцячыя дашкольныя установы. Сярэдняю адукацыю ў горадзе атрымліваюць каля 18 тысячаў вучняў.

Езуіцкі калегіюм, адмыслова адноўлены да Дажынак

У Воршы існуюць пэдагагічны і мэханіка-эканамічны каледжы, мэдычная вучэльня, тэхнікум чыгуначнага транспарту, а таксама 5 ПТВ. Працуюць 3 школы мастацтваў, 5 спартовых школ, 10 бібліятэк.

Аршанскі пэдагагічны каледж — адна з найстарэйшых навучальных пэдагагічных установаў Беларусі. Ягоная гісторыя пачалася 11 ліпеня 1911 году, калі была ўтвораная жаночая настаўніцкая сэмінарыя. У розныя часы яна звалася пэдагагічным тэхнікумам, вучэльняй, каледжам. На сёньняшні час установа мае назву «Аршанскі каледж УА „ВДУ імя П. М. Машэрава“» і зьяўляецца філіяй ВДУ імя П. Машэрава. У каледжы навучаецца 420 чалавек на 4 аддзяленьнях.

Аршанскі дзяржаўны мэханіка-эканамічны каледж заснаваны ў 1954 годзе. У ім навучаецца больш за 1500 чалавек на 6 аддзяленьнях (1 завочнае).

Аршанскі дзяржаўны тэхнікум чыгуначнага транспарту заснаваны ў 1929 годзе. Тут адкрытыя дзённае і завочнае аддзяленьні.

Мэдыцына

У Воршы дзейнічаюць 3 паліклінікі для дарослых, 2 паліклінікі для дзяцей, 2 гарадзкія шпіталі, 1 радзільны дом, 2 жаночыя кансультацыі, 2 стаматалягічныя паліклінікі.

Напрыканцы XX ст. у Воршы раптоўна ўзрасла колькасьць анкалягічных захворваньняў. Афіцыйныя мэдычныя ўлады ніяк не камэнтуюць гэты факт і нават замоўчваюць яго. Між тым толькі ў 2004 годзе было зафіксавана 500 новых хворых на рак (у 1987 годзе такіх было меньш за 100). Адна з вэрсіяў — уплыў на здароўе жыхароў Воршы радыёвыпраменьваньня ад РЛС ракетнай вайсковай часткі, якая знаходзілася амаль на мяжы гораду ў беспасярэдняй блізкасьці ад мікрараёнаў 1 ды 2[23].

Культура

Брама ў цэнтры места

На працягу гісторыі Ворша зьяўлялася значным культурным цэнтрам рэгіёну.

У XVI ст. тут пачалі сваю дзейнасьць шэраг манаскіх супольнасьцяў. У месьце паўсталі будынкі езуіцкіх касьцёла (1604) ды калегіюму (1609), касьцёлаў і кляштараў бэрнардынаў (1636), дамініканаў (1649), францішканаў (1680), базылянаў (1758, 1774), трынітарыяў (1714), Куцеінскага Ўсьпенскага манастыра (1631), царквы Сьв. Ільлі (1505), касьцёлы сьвятога Антонія (1680) і іншыя. У наш час больш за 25 збудаваньняў Воршы зьяўляюцца помнікамі гісторыі ды архітэктуры.

У XVII ст. Ворша зрабілася адным з мастацкіх цэнтраў Беларусі; тут працавалі вядомыя разьбяры, цесьляры, ювэліры, бройнікі і мастакі. З 1630 па 1655 гады пры Куцеінскім манастыры дзейнічала друкарня беларускага асьветніка Сьпірыдона Собаля, у якой выйшла больш за 20 кніжак на кірыліцы. Наклад некаторых выданьняў дасягаў 500 экзэмпляраў. Найбольш вядомыя кнігі: «Букварь», «Молитвослов», «Псалтырь». У 1812 годзе быў знойдзены ўнікальны помнік пісьменнасьці Беларусі — «Аршанскае Дабравесьце», якое датуецца XIIXIII стст.

У наш час у Воршы дзейнічае 10 бібліятэк: цэнтральная гарадзкая імя Пушкіна (заснаваная ў 1899 годзе), 3 дзіцячыя ды 6 філіяў. У горадзе ўтвораныя 2 паркі адпачынку, працуюць 6 палацаў ды дамоў культуры, кінатэатар («Перамога»).

Ворша — радзіма беларускага рок-гурта «Пані Хіда», некалькіх калектываў мастацкай самадзейнасьці ды творчасьці.

Штогод у Воршы праходзяць літаратурныя чытаньні, прысьвечаныя знакамітаму аршанцу Ўладзімеру Караткевічу. У горадзе ёсьць музэй пісьменьніка.

Спорт

Краявід места

Для заняткаў спортам у Воршы існуе гарадзкі стадыён, 4 стадыёны, шмат спартовых заляў, 5 басэйнаў. У 5 ДЮСШ займаецца спортам больш за паштары тысячы юнакоў і дзяўчат.

Горад мае свае спартовыя каманды:

  • Гандбольны клюб «Ворша» (вышэйшая ліга, жанчыны),
  • Валейбольны клюб «Узьлёт» (1 ліга, мужчыны),
  • Футбольны клюб «Ворша» (2 ліга, мужчыны).

З Воршы паходзяць срэбны (1994) ды бронзавы (1988) прызэр Алімпійскіх гульняў Ігар Жалязоўскі (канькабежны спорт), 3-разовая чэмпіёнка сьвету Людміла Бядрыцкая (барацьба самба), чэмпіён сьвету Ігар Сумнікаў (вэлясыпэдны спорт).

Мас-мэдыя

Сродкі масавай інфармацыі прадстаўленыя газэтамі, радыё ды гарадзкім тэлеканалам.

Газэты

  • «Аршанская газета». Грамадзка-палітычнае выданьне. Заснаваная ў 1917 годзе. Заснавальнік ды выдавец — аршанскія гарадзкія ўлады (Аршанскі гарадзкі савет дэпутатаў, Аршанскі раённы савет дэпутатаў, Аршанскі гарадзкі выканаўчы камітэт, Аршанскі раённы выканаўчы камітэт). Выдаецца ў аб’ёме 20 палос 3 разы на тыдзень, зь якіх 12 палос — у суботу. Наклад — у аўторак ды чацьвер — 5447, у суботу — 6951 экзэмпляр. Рэгіён распаўсюджваньня — Ворша ды Аршанскі раён.
  • «Трыбуна тэкстыльшчыка». Заснаваная ў 1934 годзе. Заснавальнік — адміністрацыя РУП ВГП «Аршанскі ільнокамбінат». Выдаецца 1 раз на месяц. Наклад — 2000 экзэмпляраў. Распаўсюджваецца бясплатна.
  • «Телеком-экспрес». Заснаваная 23 траўня 1994 году. Заснавальнік ды выдавец — ТАА «Тэлеком-Гарант». Выдаецца ў аб’ёме 24 паласы штотыднёва ў чацьвер. Наклад газэты — 17 000 — 19 000 экзэмпляраў. Рэгіён распаўсюджваньня — горад Ворша, Аршанскі раён, горад Дуброўна, Дубровенскі раён, горад Талачын, Талачынскі раён.

Радыё ды тэлебачаньне

  • Тэлекампанія «Скіф». Штодзённая трансьляцыя ідзе з 1992 году.

Эканоміка

Бровар
Цаглянае рамяство

Цягам гісторыі эканоміка Воршы залежала ад палітычных абставінаў. Неаднаразова горад руйнавалася і адраджалася зноў, чаму спрыяла яго добрае разьмяшчэньне на скрыжаваньні гандлёвых шляхоў і выгаднае месца на ўзьбярэжжы Дняпра.

Ворша разьвівалася як гандлёвы і рамесны цэнтар, гэтаму спрыяла атрыманае ў 1620 годзе Магдэбурскае права.

У француска-расейскую вайну ў 1812 годзе праз Дняпро збудавалі 2 масты.

З новай гісторыі вядома, што ў Воршы напрыканцы XIX стагодзьдзя існавала 15 прамысловых прадпрыемстваў. Тут апрацоўвалі лён і скуру, выраблялі крухмал, цэглу, піва, працавалі мэханічныя ды жалезаліцейныя майстэрні. У горадзе вялася здабыча вапняку. Ворша славілася вапнай так, што аршанцы доўгі час мелі мянушку «вапеньнікі». На рацэ Дняпро працавала прыстань, якая мела вялікае значэньне ў жыцьці гораду. Праз прыстань праходзілі грузавыя ды пасажырскія параходы (штогод каля 100 суднаў). Існавалі рэгулярныя кірункі руху да Магілёва.

Прамысловасьць

Асноўны артыкул: Прамысловыя прадпрыемствы Воршы

Ворша — буйны прамысловы цэнтар Беларусі. У горадзе працуе 25 прадпрыемстваў машынабудаўніцтва, мэталаапрацоўкі, лёгкай прамысловасьці, будаўнічых матэрыялаў, прадпрыемствы мясной, малочнай ды харчовай галінаў вытворчасьці.

Найбуйнейшае прадпрыемства гораду — РУП ВГП «Аршанскі льнокамбінат» (заснаваны ў 1930 годзе). Ягоная доля ў гарадзкой вытворчасьці складае прыкладна 50%. Камбінат зьяўляецца адзіным у Беларусі і найбуйнейшым у краінах СНД прадпрыемствам па вытворчасьці ільняных тканінаў ды вырабаў зь іх.

Найстарэйшым прадпрыемствам Воршы зьяўляецца РУПП «Станкабудаўнічы завод „Чырвоны барацьбіт“», заснаваны ў 1900 годзе.

Транспарт

Чыгуначная станцыя Ворша ў пач. XX ст. (леваруч) і ў наш час (пасьля перабудовы савецкімі ўладамі, праваруч)

Ворша — буйны транспартны і найперш чыгуначны вузел Беларусі.

Аршанскі чыгуначны вакзал знаходзіцца на ўскраіне гораду. З Воршы адыходзяць цягнікі ў 6 кірунках, асноўныя зь якіх: Масква — Бэрлін, Санкт-Пецярбург — Кіеў. Першая чыгунка Смаленск — Берасьце прайшла праз Воршу ў 1871 годзе. У 1902 годзе была пабудаваная чыгунка Новасакольнікі — Жлобін, у 1923 годзе адкрылася лінія Ворша — Крычаў, а ў 1927 годзе — Ворша — Лепель. Праз Аршанскі чыгуначны вузел праходзяць 85 пасажырскіх прамых цягнікоў і адыходзяць 66 мясцовых.

Аўтамагістраль Берасьце — Масква (М1, E30) пад Воршай

У склад Аршанскай філіі Беларускай чыгункі ўваходзяць лякаматыўнае й вагоннае дэпо. Аршанская чыгунка мае рэйказварачны цягнік ды рамонтны цягнік дзеля ліквідацыі вынікаў аварыяў на чыгунцы.

Ворша знаходзіцца на перакрыжаваньні аўтамабільных шляхоў на Менск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель. Аўтавакзал месьціцца ў цэнтры гораду. Таксама працуюць 2 аўтакасы. З Воршы адыходзяць прыгарадныя й міжгароднія аўтобусныя маршруты ў кірунках на Горкі, Магілёў, Дуброўна, Віцебск, Менск.

Грамадзкі транспарт уключае 16 гарадзкіх аўтобусных маршрутаў. Значную частку пасажыраў абслугоўваюць мікрааўтобусы ў якасьці маршрутных таксі. Доля маршрутных таксі ў пасажырскіх перавозках Воршы складае 40%.

Турыстычная інфармацыя

Ворша — цэнтар турызму нацыянальнага значэньня, уваходзіць у турыстычны маршрут «Абаронцы і вызваліцелі Віцебскага краю»[24].

Гатэлі: «Ворша». Санаторы-прафілякторы Аршанскага льнокамбінату. Турыстычна-аздараўленчае прыватнае УП «Ворша».

У месьце дзейнічаюць Аршанскі мэмарыяльны музэй К. Заслонава, Аршанскі музэй гісторыі і культуры места, Аршанскі музэй У. Караткевіча, Аршанскі этнаграфічны музэй «Млын», Аршанскі музэй драўлянай скульптуры разьбяра С. Шаўрова, меская выстаўная заля.

Выдатныя мясьціны

Царква Нараджэньня Божай Маці з барокавымі купаламі-банькамі і 4-канцовымі каванымі крыжамі на здымку пач. XX ст. (леваруч) і гэты ж храм, «адноўлены» РПЦ Масквы зь сінім дахам, маскоўскімі купаламі-цыбулінамі і 8-канцовымі крыжамі (праваруч)

На тэрыторыі Воршы знаходзіцца геалягічны помнік прыроды дзяржаўнага значэньня — агаленьне горных пародаў «Ворша».

  • Бровар (1883)
  • Замчышча (XII—XVII стст.)
  • Калегіюм езуітаў (XVII ст.)
  • Капліца могілкавая (пач. ХХ ст.)
  • Касьцёл Сьв. Язэпа (1808)
  • Кляштар бэрнардынаў (1653)
  • Кляштар трынітарыяў (XVIII ст.)
  • Кляштар францішканаў (XVII ст.)
  • Манастыр базылянаў (1758)
  • Млын (1902)
  • Могілкі габрэйскія
  • Фрагмэнты гістарычнай забудовы (XVIII — пач. ХХ стст.)
  • Царква Нараджэньня Божай Маці (1691, адноўленая ў 2009)
  • Царква Прасьв. Тройцы і Куцеінскі манастыр Сьв. Божага Ўяўленьня (XVII ст.)
  • Царква Сьв. Пр. Ільлі (1883)

Апроч таго, статус гістарычна-культурных каштоўнасьцяў маюць мост праз замкавы роў (1902), культурны пласт уздоўж вуліцы Менскай, культурны пласт пасаду Зааршынны (у бок заводу «Чырвоны барацьбіт»), падмурак царквы Апекі Маці Божай пры Базылянскім кляштары.[25]

Страчаная спадчына

Касьцёл Сьв. Язэпа, праваруч удалечыні — касьцёл францішканаў
  • Вуніяцкая царква Покрыва Прасьв. Багародзіцы (1774)
  • Касьцёл Найсьв. Панны Марыі (трынітарыяў, XVII ст.)
  • Касьцёл Сьв. Міхала Арханёла (езуітаў, XVII ст.)
  • Касьцёл Сьв. Антонія (францішканаў, 1680)
  • Кляштар бэнэдыктынак (XVII ст.)
  • Кляштар бэрнардынаў (XVII ст.)
  • Кляштар марыявітак (XVIII ст.)
  • Кляштар місіянэраў (XVII—XVIII стст.)
  • Манастыр Усьпеньня Прасьв. Багародзіцы (1631)
  • Сынагога
  • Царква Сьв. Міхала Арханёла
  • Царква Сьвв. апп. Пятра й Паўла
  • Усьпенскі Куцеінскі манастыр (XVII ст.)

Пры рэканструкцыі Воршы напярэдадні фэсту «Дажынкі» (20042008) мескія ўлады, нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці, зьнішчылі шэраг будынкаў — помнікаў гісторыі і архітэктуры. Сярод іх дом №19 па вуліцы Менскай (уваходзіў у Дзяржаўны сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, помнік грамадзянскай архітэктуры апошняй чвэрці XVIII ст.)[26], драўляны будынак XIX ст. (колішні Дом рамёстваў)[27], афіцына езуіцкага кляштару — помнік архітэктуры XVII—XVIII стст., прывакзальны гатэль канца ХІХ ст., чыгуначная школа 1905 году пабудовы, частка жылога корпусу Куцеінскага манастыра (XVII—XVIII стст.)[28].

Гарады-сябры

Вядомыя ўраджэнцы

Вядомыя асобы, якія нарадзіліся ў Воршы:

Глядзіце таксама

Крыніцы

  1. ^ Стытыстычны весьнк Нацыянальнага статыстычнага камітэту Рэспублікі Беларусь «Колькасьць насельніцтва РБ на 1 студзеня 2009 году» (рас.)
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 273.
  3. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Оршы і Аршанскага р-на. У 2 кн.
  4. ^ Вольга Іскрык, Зьміцер Саўка. (16.01.2011) Сапраўдныя назвы беларускіх гарадоў. Белсат ТВПраверана 9 чэрвеня 2011 г.
  5. ^ Аляксандр Шынкевіч. Орша // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 357.
  6. ^ а б в г д Аляксандр Шынкевіч. Орша // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 358.
  7. ^ Principality of Smalensk in the 12th century // Шаблён:Літаратура/Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы (2005) С. 354.
  8. ^ а б Орша // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 379.
  9. ^ Ворша // Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  10. ^ Віктар Корбут. «Галоўная краса горада — манастыры», або Па слядах Стэндаля і Напалеона // «Народная газета», 13 траўня 2009.
  11. ^ На «Дожинки-2008» в Орше потратят 400 миллиардов // БелТА, 14 лютага 2008.
  12. ^ Олег Граблевский (24.07.2008) И дожинки, и докопки. Bulletinonline.orgПраверана 3 лістапада 2010 г.
  13. ^ Orsha. World GazetteerПраверана 3 лістапада 2010 г.
  14. ^ Фортификация Орши // Ткачев М. Замки Беларуси. — Мн., 2002. С. 86.
  15. ^ Орша // Целеш, В. Гарады Беларусі на старых паштоўках. — Мн. : Беларусь, 2001. — 256 с. : ил. — ISBN 985-01-0353-1. С. 201.
  16. ^ Орша // Историческая энциклопедия. В 16 т. — М.: Издательство «Советская энциклопедия», 1973—1982.
  17. ^ Орша // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  18. ^ Орша // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
  19. ^ Orsza // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. S. 598.
  20. ^ Орша // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  21. ^ У 14 гарадах Беларусі колькасць насельніцтва перавышае 100 тыс. чалавек // «Наша Ніва», 26 сакавіка 2009 г.
  22. ^ Орша (рас.). Витебский облисполкомПраверана 3 лістапада 2010 г.
  23. ^ «В Орше тысячи людей умирают от рака» // «БДГ. Деловая газета», 20 студзеня 2006.
  24. ^ Орша // Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  25. ^ Дадатак 1 да пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 жніўня 2009 г. № 1088. [1]
  26. ^ У Воршы руйнуюць гістарычны будынак // «Радыё Свабода», 21 сакавіка 2008.
  27. ^ Помнік архітэктуры — ахвяра «Дажынак» // «Радыё Свабода», 1 жніўня 2008.
  28. ^ Юрка Аршыца. Орша: чыноўнікі супраць гістарычнай спадчыны // «Народныя навіны Віцебска», 28 сьнежня 2007.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Воршасховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Інфармацыйныя

Улады

Установы адукацыі