Несапраўдны кніжны скарпіён

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Несапраўдны кніжны скарпіён
Несапраўдны кніжны скарпіён
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
ТыпЧленістаногія
КлясаПавукападобныя
АтрадНесапраўдныя скарпіёны
СямействаCheliferidae
РодChelifer
ВідНесапраўдны кніжны скарпіён
Бінамінальная намэнклятура
Chelifer cancroides

Несапра́ўдны кні́жны скарпіё́н, або радзей кні́жны ілжэ́скарпіён (Chelifer coneroides) — павукападобнае атраду несапраўдных скарпіёнаў, падобнае да сапраўднага скарпіёна клюшнямі, але пазбаўленае атрутнага хваста.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Даўжыня 3-4 мм. Колер вар'юецца ад сьветла-карычневага да попельна-чорнага.[1] Мае чатыры пары хажальных ног, а ў дадатак вельмі малыя неразьвітыя хеліцэры(be) ды, наадварот, масіўныя клюшні. У адрозьненьне ад сапраўдных скарпіёнаў, хваста ня мае, тулава замыкаецца круглявым азадачкам. Мае два альбо чатыры вочкі, ў залежнасьці ад віда, альбо ўвогуле ня мае вочкаў. Рухаецца павольна, аднолькава лёгка ўперад, назад і бокам.

Першае апісаньне кніжнага скарпіёна даў Карл Лінэй у 1758, у 10-м выданьні сваёй «Systema Naturae». Апісаньне вельмі лаканічнае: «Клешч з клюшнястымі педыпальпамі й круглявым плоскім брушкам» (Acarus antennis cheliformibus, abdomine ovato depresso).[2]

Размнажэньне ды развой[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Самцы пільнуюцца невялікай шлюбнай зоны, прасторай у некалькі сантымэтраў. Калі самка апынаецца на гэтай тэрыторыі, самец пачынае шлюбны танец, пад час якога выкладае спэрматафор(be) (торбачку семя), да якога й падштурхвае самку, пакуль яна ня падымае спэрматафору да сябе.

Самка выкладае адразу 12-24 альбо 20-40 яйкаў у залежнасьці ад адмены. Мяшэчак з яйкамі самка выношвае пад брушкам каля 3 тыдняў. Вылупіўшыся нашчадкі перабіраюцца маці на сьпіну. На гэтай ступені дзіцянё адрозьнваецца ўжо ад дарослай асобіны толькі зьменьшаным памерам.

Развой яйкаў ад пачатковага стопня да сьпеласьці займае ад 10 да 24 месяцаў, у працягу якіх жывёла тройчы ліняе, кожны раз павялічваючыся ў памерах.[3] У час лінькі можа будавацца шоўкавы капшук.[4] Праз два гады жывёла дасягае поўнага памеру. Дарослая самка дае некалькі прыплодаў у год.

Працягласьць жыцьця[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вагулам несапраўдны кніжны скарпіён жыве 3-4 гады.[3] У прахалодным клімаце можа ўпадаць у зімовую сьпячку(be), захінуўшыся ў шоўкавы кокан(ru).[1]

Несапраўдны кніжны скарпіён у звычайным атачэньні.

Распаўсюджаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пашыраны па ўсім сьвеце сынантропны касмапалітычны від шырока распаўсюджаны, але ня надта заўважаны з-за свайго сьціплага памеру ў некалькі мілімэтраў. У Цэнтральнай Эўропе з усіх несапраўдных скарпіёнаў кніжны найлепш прадстаўлены. Ён жыве ў бібліятэках ды жылых пабудовах, селячыся ў кніжных шафах сярод кніг і паперы, у стопках часопісаў, пад шпалерамі, сярод бялізны, ў лазенках, адлівах. У дзікай прыродзе селіцца ў птушыных ды асіных гнёздах, пад карою старых пнёў, у палым лісьці. Дзейнічае як днём, так жа й у начы.

Мізэрны памер замінае вольным вандроўкам несапраўднага скарпіёна, асабліва ў дзікай прыродзе, таму ён карыстаеца фарэзіяй(en), то бок прымацоўваецца да мухаў, буйных камароў, жукоў ды іншых лятучых інсэктаў, і гэткім чынам трапляе да новых арэалаў.

Роля несапраўднага кніжнага скарпіёна ў сужыцьці з іншымі інсэктамі аценьвалася розна. Так, біёляг Алоіз Альфонс выдаў дасьледаваньне «Несапраўдны скарпіён пагроза пасекі» (1891). Макс Баер(en), аддаўшы жыцьцё дасьледаваньням несапраўдных скарпіёнаў, дробязна прасачыў іх вандроўкі ў артыкуле «Кніжны скарпіён — жаданы госьць у пчаліным вульлі» (1951).[5] Сучасныя дасьледчыкі сьхіляюцца да трактоўкі сужыцьця несапраўдных скарпіёнаў з пчоламі як сымбіёза.[6]

Рацыён[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Несапраўдны кніжны скарпіён лічыцца карыснай кузуркай, бо зьнішчае сенаедаў, у тым ліку й кніжнага сенаеда, кніжную вош, пасьцельнага клапа, мелкіх мушкак, хлебных кляшчоў, лічынак жукоў ды хатняй молі. Несапраўдны скарпіён харчуецца паляваньнем, як і сапраўдны. Ён упрысквае ў ахвяру сваю атруту, якая тую паралізуе, далей драпежнік падцягвае здобыч да неразьвітых хеліцэр, каб прагрызьці ў хіціне дзірку, і высмоктвае раствораныя рэшткі. У адрозьненьні ад сапраўднага скарпіёна, несапраўдны джаліць ня хвастом, бо ня мае, але ж клюшнямі (педыпальпамі), у якіх зьмяшчаюцца атрутныя залозы. Для чалавека ды яго жывёлаў-кампаньёнаў небясьпекі не ўяўляе.

У беларускай мастацкай літаратуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карысная дзейнасьць несапраўднага скарпіёна ў захаваньні старабеларускіх выданьняў, дакумэнтаў ды гэрбарыяў у бібліятэках, музэях ды дакумэнтасховішчах натхніла пісьменьніка Сяргея Харэўскага прысьвяціць яму аддзел у кніжцы пра беларускую фаўну "Зьвяры суайчыньнікі".

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Utah Pests Fact Sheet: Pseudoscorpions. Utah State University Extension and Utah Plant Pest Diagnostic Laboratory, 2008.
  2. ^ Mark S. Harvey. A review and redescription of the cosmopolitan pseudoscorpion Chelifer cancroides (Pseudoscorpiones: Cheliferidae) // The Journal of Arachnology. 2014. 42. P. 86–104
  3. ^ а б Steve Jacobs. "Pseudoscorpions". Penn State College of Agricultural Sciences Department of Entomology. Penn State College of Agricultural Sciences. Retrieved 5 May 2016.
  4. ^ Herbert W. Levi. Notes on the life history of the pseudoscorpion Chelifer cancroides (Linn.) (Chelonethida) // Transactions of the American Microscopical Society. 1948. 67 (3). P. 290–298. doi:10.2307/3223197. JSTOR 3223197.
  5. ^ Max Beier. Der Bücherskorpion, ein willkommener Gast der Bienenvölker // Österreichischer Imker Bd. 1, 1951, S. 209–211.
  6. ^ Patrick Spät. Rettet ein Skorpion die Honigbiene? Telepolis, 21. November 2013

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Мінск: Выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, 1985. Т. 4. С. 12.
  • Харэўскі, Сяргей. Зьвяры суайчыньнікі. Менск: Наша Ніва, 2000.