Гісторыя беларускай страўні

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Гісторыя беларускай страўні»
Жанр дакумэнтальны
Рэжысэр Аляксей Раковіч
Сцэнарыст Тацяна Шахавец (1—2 сэрыі), Алесь Белы (3—4 сэрыі)
Прадусар Уладзімер Кулажанка
У ролях Мікалай Рабычын, Генадзь Аўсяньнікаў
Дыктар Ігар Сідорчык
Кампазытар Уладзімер Сівіцкі
Апэратар Сяргей Торбік
Мантаж Сяргей Масевіч (1—2 сэрыі), Аляксандар Гарадко (3—4 сэрыі)
Вытворчасьць «Беларускі відэацэнтар»
Дата выхаду 15 студзеня 2013 (11 гадоў таму)
Працягласьць 81 хвіліна
Краіна Беларусь
Мова беларуская

«Гісторыя беларускай страўні» — 4-сэрыйны дакумэнтальны фільм 2013 году аб беларускай кухні. Сэрыі назвалі паводле апісаных страваў: 1) «Мясныя прысмакі» (20,5 хвіл.), 2) «Супы і сытныя стравы» (18 хвіл.), 3) «Бульбяныя прысмакі» (19 хвіл.), 4) «Піва» (Хмельныя напоі; 23,5 хвіл.). Музычнае суправаджэньне фільму забясьпечылі гурты «Троіца», «Стары Ольса», «Юр’я», «Гаротніца», «Ёкі» і «Testamentum Terrae». У фільме гатавалі 12 страваў (пячыста з птушкі, верашчака, вантрабянка, зразы, шупеня, бацьвіньня, крупнік, граматка, бабка, бульбянікі, дранікі і бульбяная кішка) і піва. Прыгатаваньню спадарожнічала мастацкая дзея, што займала каля паловы кожнай сэрыі. Здымкі праводзіліся на фотаапарат «Канон»(ja) у Менску (рэстаран «Камяніца»), Менскім (Заслаўе, вёска Азярцо) і Пухавіцкім (в. Пціч) раёнах Менскай вобласьці і Смаргонскім раёне (в. Кушляны) Гарадзенскай вобласьці. Спрыяньне аказвалі Беларускі дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту, музэй-сядзіба Францішка Багушэвіча «Кушляны», музэй-запаведнік «Заслаўе» і музэй промыслаў «Дудуткі» ў Пцічы[1]. Сцэнар фільму грунтаваўся на кнізе Алеся Белага «Наша страва» 2009 году[2].

15 студзеня 2013 году адбылася прэм’ера фільму ў Сеціве на відэасайце Vimeo[3]. У верасьні прайшоў паказ на тэлеканале «Беларусь 3». 6 верасьня фільм паказалі на 5-м фэстывалі «Камяніца» ў в. Азярцо (Менскі раён)[4]. 19 кастрычніка 4-ю сэрыю фільму «Піва» паказалі на 3-м фэстывалі беларускага кіно «Бульбамуві» ў Варшаве (Польшча)[5]. У пачатку лістапада 1-ю сэрыю фільму «Мясныя прысмакі» паказалі на 20-м міжнародным кінафэстывалі «Лістапад» у Менску[6]. 26 кастрычніка 2015 году менская студыя «Р2» Аляксея Раковіча выдала 1-ю сэрыю фільму «Мясныя прысмакі» з ангельскімі субтытрамі на відэасайце Youtube[7].

Дзея[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Мясныя прысмакі»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тры коньнікі — Пётар Лукша, Юры Мяцельскі і Вінцэнт Краеўскі — палююць на дзіка з сабакамі, трыма пешымі паляўнічымі і трыма пешымі лоўчымі. Тым часам каля плота ў вёсцы селянін Якаў Гушча сустракае аднавяскоўца Пятра Сівага, які кажа, што возьме ўдзел у загоне зьвера. У сядзібе служкі накрываюць стол. Гаспадар сядзібы Станіслаў Вайтовіч сустракае трох конных госьцяў, якія ўпалявалі вепра. Пётар Сівы пацяшае аднавяскоўцаў аповедам пра паляваньне, калі яго кліча жонка Ганна. Ганна заклікае мужа закалоць сьвіньню. Тады Пётар кажа жонцы не карміць наступным днём кабана і згадвае аб пачатку другой чвэрці Месяца (маладзік), якую жартам называе прыдатнай для забою. На ганку Пётар точыць нож, якім за сталом наразае хлеб, сала і рэпчатую цыбулю. Перахрысьціўшыся, Пётар пачынае есьці. Тым часам, гаспадар сядзібы Станіслаў Вайтовіч апавядае за сталом тром гасьцям і сястры Дануце аб страве, якую гатуе ягоны кухмайстар Ян Шчыба.

Між дзеямі гатуюць стравы: пячыста з птушкі, верашчака, вантрабянка (сальцісон) і зразы.

«Супы і сытныя стравы»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Этнограф Адам Кіркор пад’яжджае на 2-мясцовым адкрытым вазку да сялянскага двара, дзе назірае за сялянскім сватаньнем. Затым Адам праяжджае каля хаты Мацея Рудзіка, які просіць жонку Марысю згатаваць бацьвіньню. Марыся адмаўляе, бо ў пячы стаіць жур, а наступны дзень памяці адсячэньня галавы Яна Прадцечы. У полі кухар Антось падбягае да гаспадара Ігната Галубовіча, які малюе карціну ў полі пры дарозе, і нагадвае аб прыезьдзе сына. Ігнат прапануе пачаставаць сына крупнікам і адсылае Антося на кухню, загадаўшы прынесьці поліўкі і для сябе. Далей Адам Кіркор праяжджае каля двара, дзе стаяць Пётар Лукша і Данута Вайтовіч. Данута пытае аб прычыне засмучанасьці Пятра «Адася» зя сьняданкам. Пётар згадвае горкі напой, які Данута называе кавай. Тады Пётар кажа аб упадабаньні граматкі, што Данута называе «мінулым векам». Адам Кіркор едзе ўздоўж поля, дзе 5 маладых сялянак вяжуць снапы. Адам пачынае маляваць алоўкам партрэт рудавалосай дзяўчыны на аркушы, які зносіць ветрам на зямлю. Дзяўчына падымае аркуш з малюнкам і вяртаецца да працы зь сяброўкамі.

Між дзеямі гатуюць стравы: шупеня, бацьвіньню, крупнік і граматку.

«Бульбяныя прысмакі»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пётар Сівы замаўляе ў карчме Хаіма Мэхэля бабку са сьмятанай і чарку гарэлкі. Сеўшы за стол, Пётар кажа аб продажы ўсёй бульбы на кірмашы ў Гальшанах (Ашмянскі павет; цяпер Ашмянскі раён, Гарадзенская вобласьць). Хаім прыносіць гарэлку і бабку, якую называе па-жыдоўску кугель. Хаім кажа, што яго дзед Іцхак прывёз рэцэпт кугеля зь Нямеччыны 40 гадоў таму разам з рэцэптам дранікаў, якія па-жыдоўску называюцца латкес. Хаім цьвердзіць, што да бульбы таксама «не было ні клёцак, ні пызаў». Тады Казімер Сялява кажа, што бульбу ў 1812 годзе, незадоўга да страваў зь яе, завёз генэрал Гэрнгрос(ru) (1775—1860). Аб тым Казімеру расказваў яго дзед Міхал, які служыў у Гэрнгроса аканомам у Цялятніках (Дзісенскі павет; цяпер Пастаўскі раён, Віцебская вобласьць) «вёрстаў за 30 адсюль». Паводле Казімера, Гэрнгрос паспрачаўся, «што ў яго маёнтку голаду больш ня будзе», бо «навучыць мужыкоў бульбу садзіць». У карчму заходзіць Якаў Гушча са словамі «абед на вечар адкладзі, а бульбу сёньня пасадзі» і замаўляе ў Хаіма кілбаскі. Казімер працягвае распавядаць, што ад лёкая генэрал даведаўся, як сяляне мяняюць на гарэлку ў бліжэйшай габрэйскай карчме толькі што атрыманую і пасеяную бульбу, якую выкопваюць у наступную ж ноч. Паводле Казімера, Гэрнгросу ўдалося прывучыць сялянаў да бульбаводзтва, выдаўшы на насеньне парэзаную бульбу.

У карчму завітвае Вінцэнт Пратасевіч, якому Хаім вызваляе асобны стол. Казімер кажа цікаўнаму Дарафею Міхаліку, што «магнаты ўпершыню пачаставаліся ёй (бульбай) недзе гадоў 150 таму». Падсеўшы, Вінцэнт Пратасевіч кажа, што «вырошчваць раней пачалі на Літве пад Гародняй» і «спачатку бульбамі называлі земляную грушу». Пётар Сівы кажа Якаву Гушчу загадку пра бульбу: «Стаіць дуб, а пад дубам дзеці», якую той не адгадвае. Казімер называе бульбяную кішку найсмачнейшай стравай з бульбы. Вінцэнт кажа, што сам і прыдумаў бульбяную кішку на Ашмянскім сойміку, куды прыехаў з графам Міхалам Тышкевічам (1761—1839). Дарафей скардзіцца, што ў Пецярбургу яго дражнілі бульбашом, а ў Варшаве — бацьвіняжам. У карчму заходзіць Ганна Сівая па мужа Пятра, які не завітаў дадому пасьля вяртаньня з Гальшанаў. Пётар адказвае прыказкай: «Надышло Ўсьпеньне — цягні бульбу за карэньне», і кідаецца ў пляс з жонкай.

Між дзеямі гатуюць стравы: бабка, бульбянікі, дранікі і бульбяная кішка.

«Піва»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мікалай Янушэвіч турбуецца за дастатковасьць гасьцям піва на вясельлі. Жонка Адэля супакойвае яго наяўнасьцю медавухі і гарэлкі. У дом заходзяць сваты. Мікалай частуе півам бацьку жаніха Баляслава Грабінскага, харунжага і Мурашку. Мікалай запрашае сватоў за стол, дзе згадвае аб доўгатрываласьці соладу параўнальна зь півам. Гаспадар са сватамі сустракае ў двары півам і караваем абвенчаных маладых Міхаіла Грабінскага і Марыю Янушэвіч. За сталом паджанішнік прапануе выпіць за бацькоў маладых. Затым на прапанову харунжага п’юць за маладых. Айцец Пётар згадвае, што «калі да хмелю мёду дадаць, то атрымаецца» медавуха. Мурашка пачынае танцы словамі: «Што госьці зажурыліся? На танцы напрасіліся».

Вярнуўшыся за стол пасьля танцу, харунжы адзначае слабасьць і лёгкасьць паспрабаванага піва параўнальна зь лівонскім. Харунжы ўзгадвае кіраваньне харугвай у Лівоніі пад загадам Яна Хадкевіча (1537—1579) у вайне супраць швэдаў і маскавітаў. Адэля Янушэвіч нахвальвае піва мужа і кажа: «Я і сама солад рабіць добра ўмею». У адказ маці жаніха Ганна Грабінская заўважае, што «не жаночая гэта справа» з дакорам: «лепш шыпеню навучыся гатаваць». У падвале Мікалай выяўляе заканчэньне піва ў бочках. Там яго знаходзіць сусед Антоні Пахвацкі, які прынёс бочак марцовага піва, што вараць на талай вадзе напярэдадні Вялікага посту (за 7 тыдняў да Вялікадня). За сталом Антоні кажа, што частаваў сваім півам польнага гетмана Казімера Радзівіла (1635—1680). Таксама Антоні дадае, што зваранае ў яго маёнтку піва «лічыцца лепшым ва ўсім павеце», бо ў яго дадаюць дрожджы. Айцец Вінцэнт кажа, што першымі варыць піва з хмелем сталі хрысьціянскія манахі ў Нямеччыне. Госьці зноў ідуць плясаць. Баляслаў кажа, што аб упадабаньні цёмнага піва, бо тое больш моцнае. Жаніх і нявеста сядаюць на коней і едуць вярхом з бацькоўскага дома нявесты.

Між дзеямі гатуюць солад і піва.

Ролі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Мясныя прысмакі»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Супы і сытныя стравы»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Бульбяныя прысмакі»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Казімер Сялява, аканом — Ігар Сідорчык
  • Пётар Сівы, селянін — Мікалай Рабычын
  • Хаім Мэхэль, карчмар — Аляксандар Кашпераў
  • Дарафей Міхалік — Ігар Сізоў
  • Вінцэнт Пратасевіч — Станіслаў Вількін
  • Якаў Гушча, селянін — Уладзімер Варанкоў
  • Ганна Сівая, жонка Пятра — Анжэла Караблёва

«Піва»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Вольга Чайкоўская. Смачна глядзець // Жырандоля. — 20 ліпеня 2013. — № 27 (197). — С. 6.
  2. ^ Гісторыя беларускай страўні / 2012 // Баравік.org, 19 лістапада 2013 г. Праверана 25 студзеня 2016 г.
  3. ^ Юрась Ускоў. Алесь Белы запусьціў «Гісторыю беларускай страўні» // Наша ніва : газэта. — 20 ліпеня 2013. — № 2 (791). — С. 2. — ISSN 1819-1614.
  4. ^ Марына Весялуха. «Камяніца». Новы фармат // Літаратура і мастацтва : газэта. — 13 верасьня 2013. — № 36 (4734). — С. 3. — ISSN 0024-4686.
  5. ^ Піва // Фэстываль «Бульбамуві», 2013 г. Праверана 25 студзеня 2016 г.
  6. ^ Гісторыя беларускай страўні. Мясныя прысмакі // Кінафэстываль «Лістапад», 2013 г. Праверана 25 студзеня 2016 г.
  7. ^ Аляксей Раковіч. The History of Belarusian Cuisine. Film 1. Eng Subt. // Студыя «Р2», 26 кастрычніка 2015 г. Праверана 25 студзеня 2016 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]