Беларуская антарктычная станцыя
Белару́ская антаркты́чная ста́нцыя — палярная станцыя ў Антарктыдзе, якая павінна пачаць працу ў 2014 годзе[1]. Яна разьмесьціцца ў раёне гары Вячэрняя на ўзьбярэжжы мора Касманаўтаў Антарктыды недалёка ад расейскай станцыі «Моладзевая». Базай для яе стварэньня стане расейская станцыя «гара Вячэрняя», перададзеная на бязвыплатнай аснове.
Аб рашэньні арганізацыі такой станцыі паведаміў 6 ліпеня 2006 дырэктар Інстытута праблем выкарыстаньня прыродных рэсурсаў і экалёгіі НАН Беларусі акадэмік Уладзімер Логінаў. Ён узначаліў дзяржаўную мэтавую праграму Беларусі па Маніторынгу палярных раёнаў Зямлі[2]. Па яго словах «расейскія калегі зацікаўленыя ў нашай прысутнасьці на мацерыку, бо мы будзем дапамагаць ім ажыцьцяўляць дасьледаваньні, якія вядуцца на працягу 50 гадоў на разьмешчанай па суседстве станцыі Моладзевая, але з-за недахопу фінансаваньня могуць быць перапыненыя».
Супрацоўніцтва з Расеяй дазволіць Беларусі паменшыць выдаткі на стварэньне і падтрыманьне антарктычнай станцыі. Па адзнаках экспэртаў на ўзьвядзеньне станцыі з нуля запатрабавалася бы ня меней $10 млн, акрамя таго, аналягічная сума неабходная штогод на то, каб фрахтаваць судна для дастаўкі паліва, абсталяваньня і прадуктаў. Суседзтва жа з сэзоннай расейскай станцыяй «Моладзевая» можа гарантаваць у найблізкія 5-10 гадоў судазабесьпячэньне, паколькі спадарожная дастаўка грузу абыйдзецца значна таньней. Акрамя таго, у суровых кліматычных умовах суседзтва зь іншымі станцыямі ў выпадку надзвычайнай сытуацыі дазволіць палярнікам атрымаць своечасовую дапамогу.
Уладзімер Логінаў адзначыў, што матэрыяльная база станцыі суцэль падыходзіць для працы — трэба толькі мадэрнізаваць электракамунікацыі, усталяваць неабходнае абагравальнае і навукова-дасьледчае абсталяваньне. На тэрыторыі станцыі таксама ёсьць ангар для тэхнікі і цыстэрны для паліва. Геаграфічнае месцазнаходжаньне станцыі зручнае — побач ёсьць бухта, адкуль прама з карабля па часавым трубаправодзе можна дастаўляць у ёмістасьці гаручае.
Першая група беларускіх адмыслоўцаў адправіцца на станцыю ў лістападзе 2006 для падрыхтоўкі яе да круглагоднага пражываньня навукоўцаў. Дастаўка першага модуля заплянаваная на лістапад-студзень 2014 году[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Первый модуль для белорусской антарктической станции планируется доставить на континент в 2014 году(недаступная спасылка) 08 траўня 2013
- ^ Ольга Белявская Беларусь планирует в 2010 году отправить в Антарктиду очередную научную экспедицию (інтэрв’ю з Уладзімерам Логінавым)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Михаил Манской. Кідок на крайні поўдзень (рас.)
- Расейскія станцыі на мапе Антарктыды (рас.)
Гэтая старонка ўтрымлівае застарэлыя зьвесткі.
|