Northrop B-2 Spirit

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
B-2 Spirit
Апісаньне
Прызначэньне Малапрыкметны стратэгічны бамбавік
Павозка, чал. 2
Першы палёт 17 ліпеня 1989
Пачатак эксплюатацыі 1997
Вытворца Northrop
Памеры
Даўжыня 20,9 м
Размах крылаў 52,12 м
Вышыня 5,1 м
Плошча крылаў 460 м²
Маса
Пусты 71 700 кг
Падрыхтаваны кг
Макс. узлётная 171 000 кг
Сілавая ўсталёўка
Рухавікі F118-GE-100
Цяга (магутнасьць) 4 па 7700 кгс
Характарыстыкі
Макс. хуткасьць 860 км/г
Баявы радыюс 5300 км
Далёкасьць палёту 11100 км
Практычная столь 15000 м
Хуткапад'ёмнасьць м/мін
Узбраеньне
Ядзернае:16х В61-11(20 мэгатон) ці 16х В83(1.1 мэгатона) ці 16х AGM-129 ACM альбо 16х AGM-131 SRAM 2

Бомбавае: 80 Mk.82, 16 Mk.84 ці 36 касэтных бомбаў CBU-87, CBU-89 GATOR, CBU-97
Высокадакладнае: 8 GBU-27 альбо AGM-154 JSOW альбо 12 JDAM альбо 8 AGM-137 TSSAM, AGM-158 JASSM

Northrop B-2 Spirit (Northrop Grumman B-2 Spirit) — цяжкі малапрыкметны стратэгічны бамбавік, распрацаваны амэрыканскай кампаніяй Northrop Grumman, прызначаны для прарыву шчыльнай СПА і дастаўкі звычайнай або ядзернай зброі. Для забесьпячэньня малапрыкметнасьці шырока выкарыстаныя стэлс-тэхналёгіі:

  • самалёт пакрыты радыёпаглынальнымі матэрыяламі;
  • самалёт створаны паводле аэрадынамічнай схемы «лётнае крыло»;
  • рэактыўныя бруі рухавікоў экранаваныя.

Дакладнае значэньне эфэктыўнай плошчы расьсейваньня для B-2 не паведамляецца; па розных ацэнках, гэтая велічыня можа складаць ад 0,0014 м² да 0,1 м².

B-2 зьяўляецца самым дарагім самалётам у сьвеце (і, верагодна, самым дарагім самалётам у гісторыі авіяцыі). На 1998 год кошт аднаго B-2 без уліку навукова-дасьледчых і канструктарскіх працаў складаў 1,157 млрд даляраў. Кошт усёй праграмы B-2 на 1997 год ацэньваўся амаль у 45 млрд даляраў; такім чынам, з улікам навукова-дасьледчых і канструктарскіх працаў кошт адной машыны на той момант дасягаў 2,1 млрд даляраў.

Гісторыя стварэньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праект «ATB»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стварэньне цяжкага бамбавіка пачалося ў 1979 годзе па праграме «Advanced Technology Bomber» (ATB). Халодная вайна ішла поўным ходам, і падчас перадвыбарнай кампаніі ў 1979—1980 гадах Рональд Рэйган абяцаў узнаўленьне амэрыканскіх узброеных сіл. 22 жніўня 1980 году міністэрства абароны ЗША абвясьціла, што вядуцца працы па стварэньні пэрспэктыўных малапрыкметных самалётаў, уключаючы праект «ATB».

Пасьля ацэнкі праектаў конкурс ATB быў скарочаны да двух каманд — Northrop/Boeing і Lockheed/Rockwell, кожная каманда атрымала кантракт на наступныя дасьледаваньні. Праект «ATB» фінансаваўся пад кодавай назвай «Aurora». 20 кастрычніка 1981 году каманда Northrop/Boeing была вызначаная пераможцам у конкурсе праектаў.

Праект Northrop атрымаў пазначэньне B-2 зь імем «Spirit». Дызайн самалёта быў зьменены ў сярэдзіне 80-х гадоў, што затрымала першы палёт на два гады і прымусіла выдаткаваць яшчэ 1 млрд даляраў ЗША на праграму распрацоўкі. У 1997 годзе з рассакрэчаных дакумэнтаў міністэрства абароны стала вядома, што на праект «ATB» ў агульнай суме пайшло 45 млрд даляраў ЗША[1].

Упершыню B-2 быў паказаны грамадзкасьці 22 лістапада 1988 году на заводзе ВПС № 42 у Палмдэйле, Каліфорнія, дзе ён і быў сабраны. Першы публічны палёт адбыўся 17 ліпеня 1989 году. У 1995 годзе B-2 «Дух Місуры» быў выстаўлены на міжнародным авіясалёне Ле-Буржэ.

Мадэрнізацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • У 2008 годзе Кангрэсам ЗША была прафінансаваная праграма мадэрнізацыі сыстэм кіраваньня ўзбраеньнем для зьнішчэньня рухомых наземных мэт.
  • 29 сьнежня 2008 году быў падпісаны кантракт на мадэрнізацыю радыёлякацыйных сыстэм B-2. Падчас мадэрнізацыяў радыёлякацыйныя сыстэмы былі перакладзеныя на іншыя частотныя дыяпазоны. Кантракт абыйшоўся ЗША прыблізна ў 468 млн даляраў. 22 чэрвеня 2009 году стала вядома, што ўсё B-2 мінулі мадэрнізацыю да «другой стадыі», якая прадугледжвала паляпшэньне магчымасьцяў БРЛС.
B-2 пад час дазапраўкі ў небе над Ціхім Акіянам
  • 28 красавіка 2009 году было абвешчана, што мадэрнізаваны B-2 можа несьці да 13500 кг карыснай нагрузкі ў кожным з адсекаў.
  • У пачатку 2010 кампанія Northrop Grumman абвясьціла аб завяршэньні разьлікаў, якія дазволяць ухіліць непаладку B-2 Spirit, якая рэгулярна ўзьнікае на працягу апошніх 20 гадоў. Непаладка складаецца ў зьяўленьні трэшчынаў на мэталічнай панэлі, зьмешчанай паміж рухавікамі, і якая затуляе кампазытны каркас ад распаленай рэактыўнай бруі.

Вытворчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усяго пабудаваны 21 самалёт B-2. Амаль усе яны названыя ў гонар штатаў ЗША[2]; самалёт «Дух Кіці Хоўка» названы ў гонар радзімы Братоў Райт.

B-2 «Дух Нью-Ёрку» на базе ВПС ЗША «Эдвардс»
Геаметрыя самалёта
  1. 82-1066 (Дух Амэрыкі) — прататып, зьдзейсьніў першы палёт 17 ліпеня 1989. Выкарыстоўваецца ў якасьці лётнай лябараторыі.
  2. 82-1067 (Дух Арызоны) — прыняты на ўзбраеньне 20 сакавіка 1998.
  3. 82-1068 (Дух Нью-Ёрку) — прыняты на ўзбраеньне 10 кастрычніка 1997.
  4. 82-1069 (Дух Індыяны) — прыняты на ўзбраеньне 22 траўня 1999.
  5. 82-1070 (Дух Агаё) — прыняты на ўзбраеньне 18 ліпеня 1997.
  6. 82-1071 (Дух Місысыпі) — прыняты на ўзбраеньне 23 траўня 1998.
  7. 88-0328 (Дух Тэхасу) — прыняты на ўзбраеньне 31 жніўня 1994.
  8. 88-0329 (Дух Мізуры) — прыняты на ўзбраеньне 17 сьнежня 1993.
  9. 88-0330 (Дух Каліфорніі) — прыняты на ўзбраеньне 17 жніўня 1994.
  10. 88-0331 (Дух Паўднёвай Караліны) — прыняты на ўзбраеньне 30 сьнежня 1994.
  11. 88-0332 (Дух Вашынгтону) — прыняты на ўзбраеньне 30 кастрычніка 1994.
  12. 89-0127 (Дух Канзасу) — прыняты на ўзбраеньне 17 лютага 1995. Разьбіўся 23 лютага 2008.
  13. 89-0128 (Дух Нэбраскі) — прыняты на ўзбраеньне 28 чэрвеня 1995.
  14. 89-0129 (Дух Джорджыі) — прыняты на ўзбраеньне 14 лістапада 1995.
  15. 90-0040 (Дух Аляскі) — прыняты на ўзбраеньне 24 студзеня 1996.
  16. 90-0041 (Дух Гаваяў) — прыняты на ўзбраеньне 10 студзеня 1996.
  17. 92-0700 (Дух Фларыды) — прыняты на ўзбраеньне 3 ліпеня 1996.
  18. 93-1085 (Дух Аклагомы) — прыняты на ўзбраеньне 15 траўня 1996.
  19. 93-1086 (Дух Кіці-Гоўка) — прыняты на ўзбраеньне 30 жніўня 1996.
  20. 93-1087 (Дух Пэнсыльваніі) — прыняты на ўзбраеньне 5 жніўня 1997.
  21. 93-1088 (Дух Люізіяны) — прыняты на ўзбраеньне 10 лістапада 1997.

Баявое ўжываньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скід бомбаў Mark 82 падчас вучэньняў у Ціхім Акіяне недалёка ад Пойнт Мугу (Каліфорнія)

Першы выпадак баявога ўжываньня меў месца падчас вайны НАТО супраць Югаславіі у 1999 годзе. Па мэтах была скінутая вялікая колькасьць высокадакладных бомбаў. Пры гэтым B-2 зьдзяйсьнялі беспасадкавы пералёт з базы ВПС «Уайтмэн» у шт. Місуры у Косава і назад на базу.

У наступныя гады B-2 ужываліся ў войнах у Іраку і Аўганістане. З дазапраўкай у паветры B-2 зьдзейсьніў адзін з самых доўгіх сваіх баявых вылетаў, узьляцеўшы з авіябазы «Ўайтмэн» у штаце Мізуры, выканаўшы баявую задачу і вярнуўшыся на родную базу.

Падчас вайны ў Іраку B-2 зьдзяйсьнялі баявыя вылеты з атола Дыега Гарсія і іншы «перадавой базы», назоў якой не выдавалася. З двух гэтых пазыцыяў было зьдзейсьнена 22 баявых вылету. З авіябазы «Ўайтмэн» было зьдзейсьнена 27 баявых вылетаў. Падчас 49 вылетаў было скінутая больш 300 тон боепрыпасаў. Працягласьць баявых вылетаў склала больш 30 гадзін. Падчас аднаго з вылетаў B-2 заставаўся ў паветры без пасадкі на працягу 50 гадзін.

Вайна ў Югаславіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы выпадак баявога ўжываньня меў месца падчас апэрацыі НАТО у Югаславіі у 1999 годзе. Па цэлях былі скінутыя больш 600 высокадакладных бомбаў (JDAM), якія таксама былі ўжытыя ўпершыню[3].

Чуткі пра страты B-2[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

B-2 у суправаджэньні зьнішчальнікаў F-22 «Рапттар», 2010 год

Па меркаваньні аргентынскага журналіста Дыега Зампіні, падчас вайны НАТО супраць Югаславіі (1999) былі зьбітыя два самалёты B-2: першы (88-0329, «Дух Місуры») зьбіты 20 траўня над прыгарадам Бялграду ЗРК С-300П, другі (88-0332, «Дух Вашынгтону») падбіты 1 чэрвеня і зваліўся ў Харватыі[4].

Па меркаваньні Д. Зампіні, сыстэмы С-300П былі пастаўленыя ў Югаславію ў абыход міжнароднага эмбарга па загадзе прэм’ер-міністра Расеі Чарнамырдзіна. Адсутнасьць афіцыйных заяваў з боку югаслаўскага кіраўніцтва Д. Зампіні тлумачыць меркаваньнямі сакрэтнасьці і інструкцыямі Чарнамырдзіна[4]:

Падобная заява зрабіла бы відавочнай магчымасьць расейцаў нэўтралізаваць сучасныя амэрыканскія бамбавікі, таму Мілошавіч, атрымаўшы інструкцыі ад Чарнамырдзіна, замоўчаў факт зьнішчэньня чатырох амэрыканскіх самалётаў.

Гэтае паведамленьне ставіцца пад сумнеў экспэртамі. Так, падчас апэрацыі NATO сэрбскі бок наогул не валодаў сыстэмамі С-300[5]. Фатаграфіі расейскіх вайскоўцаў у сэрбскай форме побач з комплексам С-300 у 1998 годзе былі зьнятыя ў Падмаскоўі і «выпадкова» прадстаўленыя агалосцы для дэзінфармацыі суперніка аб сыстэмах СПА Югаславіі[6].

Амэрыканскі бок страту вышэйпаказаных бамбавікоў не прызнаў. Існуюць таксама сьведчаньні, якія пацьвярджаюць, што самалёты з паказанымі бартавымі нумарамі працягвалі эксплюатавацца пасьля 1999 году. У прыватнасьці, «Дух Місуры» быў сфатаграфаваны падчас вайсковай апэрацыі супраць Іраку ў 2003 годзе[7], а ў 2004 годзе на ім упершыню зьдзейсьніў палёт цалкам жаночы экіпаж[8]. «Дух Вашынгтону» сфатаграфаваны на авіябазе Ўайтмэн у 2008 годзе[9] і на некалькіх іншых авіябазах у 2006—2007 гадах[10].

Аўганістан[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У канцы 2001 году ЗША пачалі нанасіць паветраныя ўдары па Аўганістане, месцы знаходжаньня тэрарыстычнай арганізацыі Аль-Каіда, узначаленай У. Бэн Ладэнам, які падазраецца ў арганізацыі тэрактаў 11 верасьня ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне. Гэта стала пачаткам шматмесячных бамбаваньняў, якія ў канчатковым выніку прывялі да падзеньня ўрада талібаў. 44-гадзінныя палёты бамбавікоў B-2 з базы Ўайтмэн былі самымі доўгімі ў гісторыі.

Лібія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля таго, як распачалося міжнароднае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Лібіі, якая знаходзілася ў стане грамадзянскай вайны, тэлеканал CBS перадаў, што тры амэрыканскія бамбардзіроўшчыкі B-2 скінулі 20 сакавіка 40 бомбаў JDAM (45[11]) на ўмацаваныя самалётныя ангары на аэрадроме Аль-Гардабія[12].

Страчаныя самалёты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Дух Канзасу» пасьля крушэньня

Па афіцыйных зьвестках ЗША да 2010 году ў небаявым здарэньні быў страчаны адзін бамбавік B-2. 23 лютага 2008 году самалёт B-2 (сэрыйны нумар 89-0127, «Дух Канзасу») пацярпеў крушэньне ў берагоў ціхаакіянскага вострава Гуам на амэрыканскай ваеннай базе Андэрсан. Гэта быў першы выпадак крушэньня самалёта гэтага тыпу. Абодва пілёты змаглі катапультавацца. Пасьля аварыі палёты ўсіх самалётаў гэтага тыпу былі прыпыненыя. У канцы красавіка 2008 году палёты былі адноўленыя. Камісія па расьсьледаваньні прыйшла да высновы, што аварыя адбылася з-за халатнасьці наземнага пэрсаналу, які не ўключыў абаграваньне прымача паветранага ціску для выдаленьня назапашанага ў ім кандэнсату. З-за гэтага сыстэма кіраваньня самалёта атрымлівала завышанае значэньне хуткасьці і раней часу дала каманду на адрыў ад зямлі. Дзеяньні экіпажа прызнаныя правільнымі, іншых адхіленьняў ад штатнага рэжыму ў працы бартавых сыстэм ня выяўлена, а мадэляваньне сытуацыі на трэнажоры паказала, што выратаваць самалёт было немагчыма.

Лётна-тэхнічныя характарыстыкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэхнічныя характарыстыкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Экіпаж: 2 чалавекі
  • Даўжыня: 20,90 м
  • Размах крыла: 52,12 м
  • Вышыня: 5,10 м
  • Плошча крыла: 460 м^(2)
  • Маса:
    • пустога: 71700 кг
    • нармальная ўзьлётная маса: 152600 кг
    • максымальная ўзьлётная маса: 171000 кг
    • маса паліва: 73000 кг
    • маса карыснай нагрузкі: да 22730 кг (да 27000 кг пасьля мадэрнізацыі)
  • Нагрузка на крыло:
    • пры максымальнай узьлётнай масе: 372 кг/м²
    • пры нармальнай узьлётнай масе: 332 кг/м²
  • Рухавік:
  • Цягаўзброенасьць:
    • пры нармалёвай узьлётнай масе: 0,20 кгс/кг
    • пры максымальнай узьлётнай масе: 0,18 кгс/кг

Лётныя характарыстыкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Максымальная хуткасьць: 860 км/ч (0,81 М)
  • Крэйсэрская хуткасьць: 775 км/ч (0,73 М)
  • Далёкасьць палёту:
    • максымальная: 11100 км
    • баявы радыюс: 5300 км
  • далёкасьць палёту: да 6,5 ч
  • Практычная столь: 15000 м
  • ЭПР: па некаторых дадзеных, ад ~0,0014 да ~0,1 м²

Вартасьці і недахопы B-2[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Недахопы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • З-за вялікай плошчы расьсейваньня рэактыўнага струменю хуткасьць самалёта адносна невялікая
  • Пад час выпрабаваньняў на AV-6 (82-1071) у сакавіку 1994 году ў палёце над базай Эдвардс у пустэльні Махаві пры высокай вільготнасьці атмасфэры на хуткасьці, блізкай да гукавой, вакол самалёта стала бачнае воблака кандэнсату. Падобны эфэкт павялічвае візуальную прыкметнасьць самалёта, што для B-2, прызначанага для дзеяньняў у глыбіні тэрыторыі суперніка, непажадана[1].

Далейшае выкарыстаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У цяперашні час з 21 самалёта B-2 16 знаходзяцца на ўзбраеньні, чатыры выкарыстоўваюцца ў якасьці трэніравальных і адзін у якасьці лётнай лябараторыі для адпрацоўкі плянаваных да прыняцьця на ўзбраеньне высокадакладных сыстэм зброі.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Northrop B-2 Spiritсховішча мультымэдыйных матэрыялаў