M16 (аўтамат)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
М16
M16a1m16a2m4m16a45wi.jpg
Розныя мадыфікацыі штурмавой вінтоўкі M16 (ЗША). Зьверху ўніз: M16A1, M16A2, M4, M16A4
Тып Аўтаматычны карабін
Краіна паходжаньня ЗША
Гісторыя выкарыстаньня
Войны Інданэзійска-малазійская канфрантацыя
Вайна ў Віетнаме
Вайна ў Пэрсыдзкім заліве
Гісторыя вытворчасьці
Канструктар Ю. Стонэр
Адзінак створана больш за 8 млн (выраб працягваецца)
Мадыфікацыі M16A1, M16A2
Характарыстыкі
Вага 3,26 кг (M16A4)[1]
Даўжыня 986 (M16A1)
1006 (M16A2)
1003,3 (M16A4)[1]
Даўжыня ствала 508 (M16A4)

Калібр 5,56×45 мм
Хуткастрэльнасьць 700—950 ст/хв (M16A4)
Прыцэльная
далёкасьць
450 (M16A1)
800 (M16A2)
600 (M16A4)
Від боясілкаваньня скрынчатыя магазіны на 20 ці 30 патронаў

M16 — сямейства адной з самых распаўсюджаных штурмавых вінтовак сьвету. Выкарыстоўвае патрон 5,56×45 NATO. Першыя спробы распрацоўкі пачаліся ў 1957 годзе. Першыя дасьледчыя прататыпы вырабілі ў 1959 годзе. У 1964 годзе паступіла ў войска ЗША.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праект ALCLAD[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1948 годзе на замову арміі ЗША быў створаны Цэнтар па дасьледаваньні апэрацыяў (ЦДА; анг. ORO) — грамадзянскі ваенны навукова-дасьледчы цэнтар. Адным зь першых праектаў гэтага цэнтру стаў праект ALCLAD, у ходзе якога спатрэбілася сабраць дадзеныя аб баявых траўмах салдатаў. Аналіз больш як 3 мільёнаў справаздачаў, напісаных пад час Першай і Другой сусьветных войнаў, прывёў да шэрагу высноваў: 1) Большасьць баёў праходзіла на кароткай адлегласьці і высокамабільныя групоўкі войскаў вельмі часта сутыкаліся адныя з другімі вельмі нечакана. Пры гэтым групоўка з большай агнявой моцай звычайна перамагала. 2) Шанец на кулявое раненьне ў такім баі быў адносна невысокі, бо супернікі звычайна «не сядзелі на месцы». Прынамсі колькасьць загінулых і параненых была меншай за колькасьць выдаткаваных патронаў. 3) Узброеныя вінтоўкамі пехацінцы амаль ніколі зь іх не стралялі ў бліжнім баі ў адрозьненьне ад іншай зброі[2].

Гэтыя вынікі падштурхнулі да думкі, што пяхота павінна мець цалкам аўтаматычныя вінтоўкі дзеля павялічэньня агнявой моцы рэгулярнай арміі. Было зразумела, што выкарыстаньне такога роду зброі ў такіх маштабах выкліча і павялічэньне выкарыстаньня боепрыпасаў. Да таго ж, гэта прывяло б да патрэбы зьменшыць да мінімальнай вагу самой вінтоўкі і патронаў да яе, каб пехацінец змог несьці дастатковую колькасьць боезапасу. Існыя вінтоўкі не падпадалі пад гэтыя крытэры. Новая 7,62 мм вінтоўка T44 валодала вялікай хуткастрэльнасьцю, але яе цяжкія патроны ставілі пад сумнеў перанос вялікай колькасьці такіх патронаў. Даўжыня і вага самой вінтоўкі ставілі пад сумнеў яе мабільныя якасьці.

Праект SALVO[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гэтая гісторыя была заўважана палкоўнікам Рэнэ Студлерам, які папрасіў зрабіць даклад аб магчымасьці памяншэньня калібра. Па выніках даклада вынікала, што пры зьмяншэньні калібру да 0,22 цалі (5,56 мм) магчыма атрымаць больш высокую хуткасьць кулі. Калі зьнізіць аддачу вінтоўкі, то магчыма падняць хуткастрэльнасьць. Пачалася распрацоўка экспэрымэнтальных патронаў калібру 0,22 (5,56 мм), але ў 1955 годзе досьледы спынілі.

У 1953 годзе пачалі дасьледаваньне (праект SALVO) для стварэньня дызайну зброі, прыдатнай для рэальных баявых дзеяньняў. Праект праходзіў у 2 этапы. На першым этапе вырашылі, што зброя са ствалом даўжынёй 20 цаляў (508 мм) зможа падвоіць верагоднасьць трапляньня па мэце адносна існых на той час паўаўтаматычных аналягаў. На другім этапе тэставалася некалькі найболей пэрспэктыўных канцэпцый зброі. AAI Corporation прадставіла сэрыю зброі зь ігольчатымі патронамі (у абалонцы патрона зьмясьцілі 32 дроцікі). Таксама прадставілі 7,62 мм варыянты зброі T44, FN FAL ад Fabrique Nationale і AR-10 ад Armalite.

Вінтоўка AR-10

Вінтоўку AR-10 у адрозьненьне ад канкурэнтаў вырабілі цалкам са сталі і тэрма-апрацаванага алюміну. Дзеля зьмяншэньня «апракідваньня» вінтоўкі падчас стрэлу прыцэльныя прыстасаваньні адчувальна паднялі над узроўнем ствала (як ў нямецкай FG 42). Цэлік у вінтоўкі ўсталявалі ў рукаяць для пераносу. У тым жа годзе 2 прататыпы AR-10 адправалі ў Спрынгфілдзкі арсэнал для выпрабаваньня. У конкурсе перамагла вінтоўка T44, якую ў выніку прынялі на ўзбраеньне пад індэксам M14.

Праект CONARC[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1957 г. генэрал Ўілард Ўаймэн аднавіў распрацоўку зброі пад патрон 0,223 (5,56 мм). Галоўнай умовай стала стварэньне аўтаматычнай зброі масай да за 2,7 кг з 20-патронным магазінам, здольнасьцю прабіваць стандартны шлем арміі ЗША (3.4 мм сталі), звышгукавой хуткасьцю кулі на адлегласьці 500 ярдаў (460 м) і спыняльнай здольнасьцю як у патрона .30 Carbine[3]. Ўаймэн убачыў AR-10 на конкурсе SALVO і пад уражаньнем выпрабаваньня гэтай вінтоўкі прапанаваў Armalite мадэрнізаваць AR-10 пад калібр 5,56 мм. Канструктар Armalite Юджын Стоўнэр прапанаваў дызайн вінтоўкі AR-15. Зьмена патрона на меншы прывяла да значнага памяншэньня аддачы і магчымасьці зьнізіць масу вінтоўкі да 2,5 кг або да 2,7 кг разам з 20 патронамі.

Пад час выпрабаваньняў у вільготным клімаце ствалы 5.56-мм вінтовак часьцяком выбухалі ад дажджавой вады. У выніку некаторыя вайскоўцы прапанавалі пераход на патроны 0,258 (6,6 мм). Выпрабаваньні прадоўжыліся ў халодным клімаце на Алясцы. Вінтоўка AR-10 не працавала ў такіх умовах у сувязі з памылкай у зборцы, якую Стоўнэр знайшоў пры распрацоўцы AR-15. Пасьля «арктычных» выпрабаваньняў прапанавалі патрон 0,258 (6.6 мм) ці далейшы выраб M14. Паралельна пралічылі, што з-за сваіх габарытаў і нізкай вагі AR-15 магла выкарыстоўвацца хутчэй за M14 ці АК-47. Гэтая асаблівасьць пацьвердзілася ў баях груповак войскаў з M16 супраць груповак з АК-47. У 1960-м годзе Armalite рэарганізавалі, і галоўны канструктар AR-15 Ю.Стоўнэр пакінуў кампанію.

Прыняцьцё M16[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Разам з падстволавым гранатамётам М209

У 1957 г. правы на выраб аўтаматычнай вінтоўкі M16 прадалі кампаніі Colt’s Patent Firearms Manufacturing Company, у якую і перайшоў працаваць Ю. Стоўнэр. Вайна ў Віетнаме выклікала патрэбу ў распрацоўцы вінтоўкі. З-за розных калібраў вінтовак M14 і AR-15 пакінулі M14 у сувязі са складанасьцю своечасовага забесьпячэньня войска патронамі двух розных калібраў у патрэбным маштабе. Тым часам 10 AR-15 адправілі для выпрабаваньняў у Віетнам. Пад час выпрабаваньняў высьветлілася, што разам з мабільнасьцю вінтоўкі яе кулі з-за сваёй будовы маюць вялікую спыняльную здольнасьць. У сярэдзіне 1962 г. на стол да міністра абароны ЗША Робэрта Макнамара трапілі 2 справаздачы: адна на карысьць AR-15, другая на карысьць M14. Падчас праверкі высьветлілі наўмыснае завышэньне камісіяй якасьці M14 перад AR-15. Макнамара даў загад спыніць вытворчасьць M14 і пачаць вытворчасьць AR-15. Вінтоўцы AR-15 надалі індэкс M16, нягледзячы на шэраг недасканаласьцяў канструкцыі: 1) адсутнасьць хромавага пакрыцьця ствала і засаўкі (з-за чаго яе часьцяком клініла); 2) нестабільная работа ва ўмовах Арктыкі; 3) адсутнасьць патронаў 5,56×45 мм у неабходнай колькасьці.

Ствол вінтоўкі ва ўмовах Віетнамскага клімату часта забруджваўся, што патрабавала ачысткі. Тады прапанавалі паставіць узмацняльнік зваротнай спружыны, каб у выпадку закліньваньня патрона ў патроньніку можна было хутка расчапіць ствол з затворам і выцягнуць патрон. У Colt сьцьвярджалі, што ўскладненьне канструкцыі дадасьць $4,5 да закупачнай цаны кожнай вінтоўкі. У выніку праект вырабу вінтоўкі падзялілі на 2 часткі: M16 для ваенна-паветраных сілаў і XM16E1 (M16 з узмацняльнікам зваротнай спружыны) для іншых войскаў. У выніку салдаты працягвалі цярпець ад закліньваньня вінтоўкі, якое нават узмацняльнік не заўсёды мог выправіць. Таксама на фронт M16 паступалі без зразумелых інструкцыяў і без патрэбнай колькасьці матэрыялаў для чысткі[4]. Праблему вырашылі зьніжэньнем хуткастрэльнасьці з 850—1000 ст/хв да 650—850 ст/хв, калі высьветлілі, што частка забруджвальных рэчываў ад згараньня зьмесьціва патронаў заставалася ў ствале ў сувязі з надта высокім тэмпам стральбы.

M16A1[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Салдаты13-й танкавай дывізіі нямецкай арміі страляюць з М16А2

28 лютага 1967 г. XM16E1 стандартызавалі ў M16A1. Асноўным адрозьненьнем стала храмаваньне ствала і затвору разам з усімі адтулінамі ў іх дзеля прадухіленьня іржавеньня і закліньваньня патронаў. Таксама армію забясьпечылі патрэбнай колькасьцю чысьцячых матэрыялаў і кіраўніцтваў па чыстцы мэханізмаў вінтоўкі. Праблемы надзейнасьці M16 хутка зьменшыліся. Паводле дакладу Міністэрства абароны ЗША, толькі 38 з 2100 жаўнераў жадалі замяніць M16 на іншую зброю, прычым 35 з тых 38 жадалі замены на CAR-15 (больш кампактную вэрсію M16)[5].

M16A2[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сакавіку 1970 г. ЗША абвясьцілі аб патрэбе пераходу ўсіх краін NATO на адзіны патрон 5,56×45 мм. Да сярэдзіны 1970-х гадоў іншыя войскі пачалі пераводзіць на вінтоўкі М16. У 1977 г. у NATO пачалі выпрабоўваць розныя варыяцыі патрона 5,56×45 мм. ЗША прапанавалі патрон M193, які зарэкамэндаваў сябе, але ўзьніклі пытаньні аб яго бранябойных якасьцях (якія ва ў умовах шырокага ўкараненьня бронекамізэлек пакідалі жадаць лепшага). Перамог бэльгійскі варыянт SS109, які пазьней атрымаў пазначэньне ў арміі ЗША M855. У 1982 г. першыя вінтоўкі М16А2 са ствалом пад новы патрон адправіліся ў корпус марской пяхоты ЗША.

20-ці і 30-ці зарадныя магазіны ад M16

Згодна з уведзеным стандартам (STANAG 4694) M16 пачалі абсталёўвацца стандартнымі для краін NATO мантажнымі пляцоўкамі-кранштэйнамі тыпу «Планка Пікаціні». Дапаможныя прылады ўсталёўваліся на планку, і дзякуючы сыстэме зазораў могуць замацоўвацца ва ўсялякім патрэбным становішчы. На гэтую планку ў асноўным ставіліся дапаможныя прылады: сошкі, лазэрныя прыцэлы, успамагальныя рукаяці і падстволавыя гранатамёты. Усе вінтоўкі M16 мелі магчымасьць выкарыстаньня ў стральбе вінтовачных гранатаў калібру 22 мм. Для гэтага гранату «ўстаўлялі» праз дульны кампэнсатар у ствол, і зараджалі ў патроньнік «пусты» патрон (патрон без кулі).

Падстволавы гранатамёт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Загрузка 40-мм гранаты ў падстволавы гранатамёт M203

Дзякуючы планцы Пікаціні M16 абсталявалі падствольным гранатамётам. Першапачаткова для M16 распрацавалі M203 — 40-мм падстволавы гранатамёт. Ён выкарыстоўваў тыя ж гранаты, што і ручны гранатамёт М79. Будова гранатамёта M203 дазваляла зараджаць яго зьнізу-з боку. Увогуле M203 апынуўся ўдалым падстволавым гранатамётам, які сталі ўсталёўваць на шматлікія мадэлі зброі.

Мадыфікацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • M16 — арыгінальная вінтоўка AR-15, якой далі пазначэньне M16 у выніку конкурсу ў войску ЗША. Стральба магчымая адзінкавымі стрэламі і чэргамі.
  • M16A1 — мадыфікацыя M16 са зьяўленьнем мэханізму дасыланьня затвору, удасканаленага буфэра сьцябла затвору са зьніжаным тэмпам стральбы і паменшанай магчымасьцю асечкі, лепшага полымягасільніка, храмаванага пакрыцьця затвора для недапушчэньня карозіі, прыліва для штык-нажа, і паменшаны крок нарэзкі ствала. Таксама пачаўся выпуск глушыльнікаў для звычайных патронаў.
    • М231 — мадыфікацыя 1979 г. на базе M16A1 (палова дэталяў узаемазамяняльныя). Прызначалася для ўстаноўкі на бронетэхніку.
  • M16A2 — мадыфікацыя M16A1 пад патрон SS109/М855. Новы ствол з нарэзкай 1:7, прыцэл з разьметкай да 800 мэтраў. Непарыўны рэжым стральбы замянілі адсечкай па 3 патроны (для марской пяхоты вырабляюцца варыянты зь непарыўнай стральбой). Магазіны з плястыку (вага ніжэй за мэталічны). Новы полымягасільнік з проразямі толькі зьверху кампэнсаваў «задзіраньне» аўтамата ўверх пры стральбе.
    • M16A2E3 — мадыфікацыя для ваенна-марскога флёту з магчымасьцю непарыўнай стральбы. На ўзбраеньні флёту з 1992 году.
    • «Colt Kommando» М733 — скарочаная мадыфікацыя M16A2.
  • M16A3 — мадыфікацыя M16A2 з рэжымам безупыннага агню.
  • M16A4 — мадыфікацыя M16A2 з устаноўленай планкай Пікаціні і здымной рукаяткаю пераносу.
  • M4 — скарочаная вэрсія M16A2 (даўжыня ствала — 368 мм) з умацаваным дульным тормазам і тэлескапічным складным прыкладам.
    • M4A1 — мадыфікацыя M4 з магчымасьцю стрэльбы беупыннымі чэргамі.
  • CAR15 — сэрыя штурмавых вінтовак кампаніі Colt.
    • M655 — скарочаны карабін (даўжыня ствала — 400 мм).
    • «Colt Kommando» М609 — скарочаны карабін (даўжыня ствала — 290 мм).
    • CAR15M2 — ручны кулямёт.
  • SR-47 — мадыфікацыя AR-15 ад Knight's Armament Company пад патрон 7,62×39 мм.
  • LR-300 — мадыфікацыя, створаная кампаніяй Z-M Weapons.
  • Barrett REC7 — варыянт са зьмененай газаадводнай сыстэмай (кароткі ход поршня). Выкарыстоўваецца патрон 6.8 мм Remington SPC.
  • Cobb MCR — комплекс стралковай зброі, распрацаванай фірмай Cobb на аснове M16, для ўдзелу ў конкурсе SOCOM SCAR.
  • SIG 516 і SIG 716 — распрацоўкі амэрыканскага падразьдзяленьня кампаніі SIG-Sauer — аўтамат пад патрон 5,56 мм і аўтаматычная вінтоўка пад патрон 7,62.

Распаўсюджанасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Распаўсюджанасьць M16 у сьвеце

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б colt m16 a4 rifle Архіўная копія
  2. ^ Marshall, SLA (1966). Men against Fire:The Problem of Combat Command in Future War
  3. ^ Хатон, Робэрт — Пісталеты і патроны, 1971.
  4. ^ «Defense: Under Fire». Time Magazine, 9 June 1967
  5. ^ Маёр Брус Ф. Кей — Аналіз неабходнасьці ў пісталетах-кулямётах падчас нападу. Заключная справаздача 10 ліпеня 1977 году. ст.34

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg M16 (аўтамат)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў