Другая Ўстаўная грамата

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «II Устаўная грамата»)
Устаўная грамата
«Да народаў Беларусі»
Нумар: 2
Прыняцьце: 9 сакавіка 1918 (106 гадоў таму)
Ухваленьне: Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду
Уступ у сілу: 9 сакавіка 1918
Поўны тэкст у Вікікрыніцах?

.

Другая Ўстаўная грамата да народаў Беларусі — юрыдычны акт, прыняты Выканаўчым камітэтам Рады Ўсебеларускага зьезду 9 сакавіка 1918 году ў Менску. Абвясьціла пра ўтварэньне Беларускае Народнае Рэспублікі як дэмакратычнае парлямэнцкае й праўнае дзяржавы, вызначыла ейную тэрыторыю ў межах расьсяленьня й колькаснае перавагі беларусаў. Увасобіла тагачасныя дасягненьні палітычнае й праўнае думкі[1].

Гістарычны кантэкст[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прынятая 21 лютага 1918 году Першая ўстаўная грамата абвясьціла Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду тымчасовай народнай уладай у Беларусі. Аднак 3 сакавіка 1918 году Савецкая Расея склала Берасьцейскі мір, згодна зь якім перадала большую частку тэрыторыі Беларусі Нямецкай імпэрыі. Пры гэтым нямецкія ўлады абавязаліся не прызнаваць дзяржаваў, абвешчаных на акупаванай тэрыторыі па падпісаньні дамовы.

У гэтых умовах беларускія дзеячы пайшлі на прыняцьце Другое Ўстаўное граматы.

Зьмест[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Другая Ўстаўная грамата

Тэкст Другое Ўстаўное граматы складаўся з васьмі пунктаў.

У межах расьсяленьня й колькаснае перавагі беларускага народу абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка. Часова заканадаўчую ўладу ў краіне брала на сябе Рада Ўсебеларускага зьезду, дапоўненая прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў Беларусі. Асноўныя законы Беларускае Народнае Рэспублікі пазьней мусіў зацьвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі‚ скліканы на асновах агульнага й роўнага выбарчага права.

Абвяшчаліся правы й вольнасьці грамадзянаў і народаў Беларускае Народнае Рэспублікі: вольнасьць слова‚ друку‚ сходаў‚ страйкаў‚ хаўрусаў; вольнасьць сумленьня‚ незачэпнасьць асобы й памяшканьня; права народаў на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію; роўнасьць усіх моваў народаў Беларусі. Скасоўвалася прыватная ўласнасьць на зямлю, абвяшчалася пра перадачу зямлі бяз выкупу тым‚ хто на ёй працуе; лясы‚ азёры й нетры зямлі абвяшчаліся дзяржаўнай уласнасьцю. Уводзілася найбольшая працягласьць працоўнага дню ў 8 гадзінаў.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

18 сакавіка 1918 году на сходзе Рады Ўсебеларускага зьезду 1917 году прыхільнікі незалежнасьці дамагліся ейнага перайменаваньня ў Раду БНР, у склад якое 23 сакавіка 1918 году ўвайшла Віленская беларуская рада. 25 сакавіка 1918 году Рада БНР прыняла Трэцюю Ўстаўную грамату, у якой абвяшчалася незалежнасьць Беларускае Народнае Рэспублікі.

Адзначаецца запозьненае прыняцьце Другое Ўстаўное граматы — ужо па ратыфікацыі Берасьцейскага міру. Нямецкая імпэрыя, праз выкананьне ягоных артыкулаў, не была здольная прызнаць БНР. Апроч таго, нямецкія кіроўныя колы насьцярожвала нацыяналізацыя зямлі, азёраў і лясоў. Таксама адзначаецца незадаволенасьць сярод дзеячоў БНР адсутнасьцю дакладнага азначэньня тэрыторыі Беларускае дзяржавы, як і характара дачыненьняў Беларусі зь іншымі дзяржавамі, у тым ліку з Расеяй. Гэтыя пытаньні разьвязала Трэцяя Ўстаўная грамата[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Сідарэвіч А. Другая Устаўная грамата // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 284.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]