Перайсьці да зьместу

ЭПАМ Сыстэмз

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «EPAM»)
«ЭПАМ Сыстэмз»
анг. EPAM Systems
Выява лягатыпу
Тып Публічная кампанія
Лістынг на біржы NYSE: EPAM
Дэвіз Excellence in Software Engineering
Заснаваная 23 сьнежня 1993 (32 гады таму)[1]
Заснавальнікі Аркадзь Добкін, Леа Лознэр
Краіна
Разьмяшчэньне Ньютаўн, Пэнсыльванія, ЗША
Ключавыя фігуры Аркадзь Добкін, прэзыдэнт і старшыня рады дырэктараў
Галіна сфэра паслугаў
Прадукцыя праграмнае забесьпячэньне
Абарачэньне $1,84 млрд (2018 год)
Апэрацыйны прыбытак 86,2 млн (2014)
Чысты прыбытак $68,6 млн (2014)
Лік супрацоўнікаў 33 000 (2019 год)
Даччыныя кампаніі ЭПАМ Сістэмз[d], EPAM Systems (Lithuania)[d] і EPAM Systems (Kazakhstan)[d]

«ЭПАМ Сыстэмз»[3][4] — найбуйнейшы вытворца заказнога праграмнага забесьпячэньня у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, першы рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгіяў Беларусі[5].

Кампанія паўстала ў 1993 годзе ў Прынстане (Нью-Джэрзі, ЗША). Заснавалі яе Аркадзь Добкін, які эміграваў у ЗША ў 1991 годзе, і ягоны аднаклясьнік Леа Лознэр зь Менску. Сьпярша кампанія называлася «EPAm» па скарачэньні ад анг. «Effective Programming for America». Пазьней, па выхадзе кампаніі на замежныя рынкі, яе назва трансфармавалася ў сучасную «EPAM Systems». У 1995 г. найбольшай дамовай стаўся заказ апраграмаваньня кіраваньня збытам(en) і таварняй(en) для амэрыканскага падразьдзяленьня швайцарскага вытворцы абутку «Балі»(en). У 1996 г. другім значным пакупніком стаўся амэрыканскі вытворца побытавых тавараў «Колгейт-Палмаліў» (Нью-Ёрк), які замовіў апраграмаваньне кіраваньня збытам для сваіх падразьдзяленьняў у Эўропе і Лацінскай Амэрыцы. У 1997 г. нямецкі вытворца апраграмаваньня «САП»(en) (ням. Systemanalyse und Programmentwicklung — Сыстэмны аналіз і распрацоўка праграмаў; Вальдорф, акруга Карльсруэ, зямля Бадэн-Вюртэмбэрг) упершыню замовіў аўтсорсінг распрацоўкі апраграмаваньня для прадпрыемстваў(en). У 1998 г. адчынілася сядзіба ў Маскве (Расея). У 2000 г. пачалася распрацоўка парталаў электроннага гандлю(en) і мабільных дастасункаў для прадпрыемстваў аўтамабілебудаваньня, сувязі і аховы здароўя ў Паўночнай Амэрыцы, Эўропе і Японіі.

У 2001 г. пастаянным замоўніком(en) стаўся «Майкрасофт» (ЗША). Адчыніліся сядзібы ў Горадні і Гомелі. Зьявіўся аддзел забесьпячэньня якасьці. 18 сьнежня 2002 г. назоў прадпрыемства зьмянілі на сучасны. У 2003 г. адчыніліся ўнутраны цэнтар падрыхтоўкі ў Менску і сядзіба ў Магілёве. 16 сакавіка 2004 г. абвясьцілі пра набыцьцё вугорскага вытворцы «Фатом тэхналёгія» (вуг. Fathom Technology; Будапэшт). У выніку лік супрацоўнікаў узрос з 600 да 760. Адчыніліся 1-ая сумесная навучальная працоўня ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) і сядзіба ў Саратаве (Расея). Пры канцы году лік супрацоўнікаў прадпрыемства перавысіў тысячу чалавек. У 2005 г. выручка склала звыш $30 млн. Закончылася стварэньне першай у Расеі сеціўнай крамы авіяквіткоў для авіякампаніі «Сібір»(en) (Об, Новасыбірская вобласьць). Адчыніліся прадстаўніцтва ў Лёндане (Ангельшчына) і асяродкі распрацоўкі ў Кіеве (Украіне) і Санкт-Пецярбургу (Расея). 19 верасьня 2006 г. абвясьцілі пра набыцьцё расейскага вытворцы заказнога апраграмаваньня «VDI» (анг. Vested Development, Inc — карпарацыя «Закладзенае разьвіцьцё»; Масква). У выніку лік супрацоўнікаў узрос з 1800 да звыш 2000. Адчыніліся асяродак падтрымкі кліентаў у Франкфурце-на-Майне (Дармштацкая акруга, зямля Гэсэн, Нямеччына). У 2007 г. абарачэньне перавысіла $100 млн. Дадалося 18 сумесных навучальных працоўняў у ВНУ Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Адчыніліся сядзібы ў Берасьці, расейскім Іжэўску (Удмуртыя, Прыволская фэдэральная акруга), украінскіх Віньніцы, Львове і Харкаве. Лік супрацоўнікаў прадпрыемства перавысіў 3500 чалавек.

19 сакавіка 2008 г. расейскія банк «Рэнэсанс Капітал»(en) (Масква) і фонд «Да Вінчы Капітал» (Масква), вугорская кампанія «Euroventures» (бел. Эўрапачынаньні; Будапэшт) набылі за $50 млн мінарытарны пакет акцыяў прадпрыемства. 3 красавіка адбылося набыцьцё амэрыканскгаа вытворцы біржавога апраграмаваньня «B2Bits» (Лорэнсвіл, акруга Мэрсэр(en), шт. Нью-Джэрзі). Адчынілася прадстаўніцтва ў Стакгольме (Швэцыя). Лік супрацоўнікаў перасягнуў 5000 чалавек. У 2010 г. выручка перавысіла $200 млн Прыбытак склаў $33,2 млн. Пастаяннымі пакупнікамі сталіся ангельскі банк «Баркліз Капітал»(en) (Лёндан) і нямецкі вытворца прамысловых і побытавых прыладаў «Бош»(en) (Гэрлінгэн, Штутгарцкая акруга(en), зямля Бадэн-Вюртэмбэрг). 8 красавіка скончылі стварэньне інфармацыйнай сыстэмы кіраваньня для сотавага апэратара «Вэлком» («А1»). 21 верасьня абвясьцілі пра набыцьцё амэрыканскага вытворцы фінансавага апраграмаваньня «Instant Information» (бел. Імгненныя зьвесткі; Нью-Ёрк). На 2010 год кампанія мела 29 офісаў у 9 краінах сьвету, у тым ліку ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі[6]. Колькасьць супрацоўнікаў кампаніі ў Беларусі складала больш як 2,5 тысячы чалавек[7]. Кліенты EPAM Systems — прадстаўнікі розных сэгмэнтаў гаспадаркі з болей як 30 краінаў сьвету (у тым ліку зь Беларусі й СНД). Сярод іх — «Майкрасофт», SAP, Coca-Cola, «Інтэрфакс», А1, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод ды інш.

У 2011 г. выручка склала $334,5 млн. Прыбытак дасягнуў $44,4 млн. Актывы вырасьлі да $235,6 млн 17 траўня адчынілася сядзіба ў Кракаве (Польшча). Лік супрацоўнікаў дасягнуў 6968 чалавек. У 2012 г. выручка склала $334,5 млн. Прыбытак дасягнуў $54,5 млн. Актывы склалі $350,8 млн. Лік супрацоўнікаў узрос да 8495 чалавек[8]. 24 студзеня кампанія абвясьціла пра першаснае разьмяшчэньне акцыяў на Нью-Ёрскай фондавай біржы[9]. 14 лютага адчынілася сумесная навучальная працоўня ў Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце (БДЭУ). Пастаянным пакупніком стаўся амэрыканскі вытворца апраграмаваньня «Оракл»(en) (Рэдвуд, акруга Сан-Матэо(en), шт. Каліфорнія). 23 траўня набылі канадзкага вытворцу апраграмаваньня «Соткорп» (анг. Thoughtcorp; Таронта, правінцыя Антарыё). 18 сьнежня абвясьцілі пра набыцьцё амэрыканскага вытворцы вяшчальнага апраграмаваньня «Empathy Lab» (бел. Працоўня спагады; Коншэхокэн, акруга Мантгомэры(en), шт. Пэнсыльванія). Лік супрацоўнікаў пераўзышоў 8000 чалавек. У 2013 г. ужо налічвалася звыш 9000 супрацоўнікаў. Адчыніліся сумесныя навучальныя працоўні ў БДУ, Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце і Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце (МДЛУ).

Цягам 2012—2018 гадох грашовая выручка «Эпаму» расла штоквартал больш як на 20 %. Па выніках 2018 году яна склала 1,84 млрд даляраў ЗША. На жнівень 2019 году на прадпрыемстве працавала звыш 33 000 чалавек у 30 краінах. У выніку «Эпам» 2-і раз трапіў у сьпіс 100 найбольш хуткарослых прадпрыемстваў сьвету па выніках росту сукупнага гадавога даходу, выручкі і прыбытку на пай за папярэднія 3 гады. У гэтым сьпісе «Эпам» заняў 71-е месца[10]. У 2017 годзе «Эпам» арандаваў у Менску 10 % офіснай нерухомасьці, плошчай каля 2-х гектараў[11]. За 2019 год лік супрацоўнікаў «Эпам» ва Ўкраіне вырас на 1700 чалавек да 8300. Яны працавалі ў 5 гарадах — у Дняпры, Кіеве, Львове, Харкаве і Віньніцы. Пры гэтым, «Эпам» быў найбольшым працадаўцам беларускага паходжаньня ва Ўкраіне[12]. На жнівень 2021 году «Эпам» меў падразьдзяленьні ў 40 краінах, дзе працавала звыш 40 000 чалавек, зь якіх 10 000 у Беларусі[13]. 14 сьнежня 2021 году «Эпам» улучылі ў біржавы індэкс ЗША «Стандарт і Пуэрз 500» для 500 прадпрыемстваў з найбольшай вартасьцю[14]. У 2021 годзе лік вытворчых адмыслоўцаў «Эпаму» ва Ўкраіне вырас на 36 % да амаль 12 400 чалавек. У выніку ўкраінскае прадстаўніцтва «Эпаму» стала найбольшым у сьвеце[15]. На красавік 2022 году «Эпам» меў найбольшую сядзібу ў Беларусі, дзе працавала звыш 10 000 чалавек[16].

  • ІТ-кансалтынг
  • Распрацоўка апраграмаваньня
  • Інтэграцыя дастасункаў
  • Партаваньне і міграцыя дастасункаў
  • Тэставаньне апраграмаваньня
  • Суправаджэньне апраграмаваньня
  • Паслугі цэнтраў кампэтэнцыяў[17].

У 2006 г. кампанія ўвайшла ў сьпіс «100 сусьветных аўтсорсэраў», #79 у разьдзеле «Узыходныя зоркі аўтсорсынгу на глябальнай арэне»[18].

Паводле зьвестак рэйтынгавае агенцыі «Эксперт РА», па выніках 2009 году «EPAM Systems» заняла 19-е месца ў агульным сьпісе найбуйнейшых ІТ-кампаніяў і 17-е — у сьпісе найбуйнейшых кансалтынгавых кампаніяў Расеі[19].

Дабрачыннасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

20 красавіка 2020 году «Эпам» і «Ўоргеймінг» перадалі ў Міністэрства аховы здароўя Беларусі 700 000 рэсьпіратараў для лекараў і мэдсясьцёр, фэльчараў і санітараў, якія аказвалі дапамогу ў лякарнях хворым на ўханьскі каронавірус падчас пандэміі. З гэтай нагоды намесьнік міністра аховы здароўя Беларусі Барыс Андрасюк заявіў: «Ажыцьцявіць такую ​​пастаўку ў сьціснутыя тэрміны на працягу 10 дзён з моманту закупкi — гэта подзьвіг. Сродкі абароны зараз хутка разыходзяцца. І хачу падзякаваць неабыякавым людзям, якія праяўляюць сваю актыўную жыцьцёвую пазыцыю»[20].

  1. EPAM 20 - Message from Arkadiy Dobkin, CEO and President // EPAM Press, 24 сьнежня 2013 г. Праверана 9 красавіка 2015 г.
  2. https://www.lobbyfacts.eu/datacard/epam-systems-inc?rid=226604393043-17
  3. Колькасьць рэзыдэнтаў ПВТ павялічылася да 164 // Газэта «Наша ніва», 29 жніўня 2016 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
  4. Аксана Янкоўская. У Менску ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу «Прэмія HR–брэнд Беларусь 2019» // Газэта «Зьвязда», 11 сьнежня 2019 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
  5. Резиденты Парка высоких технологий (рас.) Рэзыдэнты. Парк высокіх тэхналёгіяў. Праверана 21 лістапада 2010 г.
  6. EPAM на карте мира (рас.) О компании. EPAM Systems. Праверана 21 лістапада 2010 г.
  7. Аляксандр Лукашэнка: «Беларусь можа ганарыцца дасягненнямі ў медыцыне, ІТ-тэхналогіях і касмічнай сферы» // «Звязда» №227 (26835) 19 лістапада 2010
  8. Ягор Марціновіч. IT-кампанія EPAM Systems дасягнула рэкордных прыбыткаў // Наша Ніва, 1 сакавіка 2013 г. Праверана 9 красавіка 2015 г.
  9. Аляксей Арэшка. Кампанія EPAM Systems аб'явіла пра пачатак IPO // БелаПАН, 1 лютага 2012 г. Праверана 9 красавіка 2015 г.
  10. Tut.by. «Эпам» у другі раз трапіла ў топ-100 самых хуткарослых кампаній сьвету // Партал «Новы час», 27 жніўян 2019 г. Праверана 12 красавіка 2022 г.
  11. ВС. Як айцішнікі могуць дапамагчы беларускім гарадам і хто ім замінае // Беларуская служба Радыё «Свабода», 5 лістапада 2018 г. Праверана 12 красавіка 2022 г.
  12. «Заўтра тваёй краіны». Як беларускія кампаніі становяцца найбуйнейшымі ІТ-працадаўцамі ва Украіне // Партал «Новы час», 11 лютага 2020 г. Праверана 12 красавіка 2022 г.
  13. «Мы не зьбіраліся пакідаць краіну». Заснавальнік «Эпам» Аркадзь Добкін пракамэнтаваў словы Лукашэнкі // Беларуская служба Радыё «Свабода», 10 жніўня 2021 г. Праверана 12 красавіка 2022 г.
  14. «Эпам» уключаць у індэкс «СіП 500» // Партал «Наша ніва», 9 сьнежня 2021 г. Праверана 16 сьнежня 2021 г.
  15. Каманда «Эпам» у Беларусі скарацілася, яе тутэйшы офіс больш не самы буйны // Партал «Новы час», 22 лютага 2022 г. Праверана 12 красавіка 2022 г.
  16. «Люстэрка». «Думаю, да восені тут нікога не застанецца». «Эпам» закрые свой офіс у Беларусі? // Партал «Наша ніва», 11 красавіка 2022 г. Праверана 12 красавіка 2022 г.
  17. Услуги (рас.). EPAM Systems. Праверана 21 лістапада 2010 г.
  18. The 100 Global Outsourcing 2006, Издание международной ассоциации аутсорсеров-профессионалов (IAOP)
  19. Позиции компании в рейтингах крупнейших компаний. EPAM Systems (рас.) Компании. Рэйтынгавая агенцыя «Эксперт РА». Праверана 21 лістапада 2010 г.
  20. «Эпам» і «Ўоргеймінг» перадалі Міністэрству аховы здароўя 700 тыс. рэсьпіратараў // Газэта «Зьвязда», 20 красавіка 2020 г. Праверана 12 красавіка 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]