Перайсьці да зьместу

Billboard Hot 100

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Лягатып Billboard Hot 100

Billboard Hot 100анг. — «гарачая сотня Billboard») — гіт-парад ста найбольш папулярных у ЗША песьняў, які штотыдзень публікуецца амэрыканскім часопісам Billboard. Фактычна ён зьяўляецца афіцыйным гіт-парадам ЗША — найбуйнейшага нацыянальнага музычнага рынку ў сьвеце. Паслужыў прататыпам мноства аналягічных чартаў, якія складаюцца па выніках продажу па ўсім сьвеце. «Братэрскі» гіт-парад альбомаў завецца Billboard 200.

Billboard Hot 100: Папярэдняя вэрсія лягатыпа

Першапачаткова Billboard публікаваў тры розных гіт-парады песьняў. Гіт-парад «Best Sellers іn Stores», які традыцыйна лічыцца папярэднікам і правобразам цяперашняга чарта, быў заснаваны на продажах самотнікаў. Гіт-парад «Most Playes by Jockeys» грунтаваўся на тым, колькі разоў тая ці іншая кампазыцыя была пракручана на амэрыканскіх радыёстанцыях за мінулы тыдзень. Гіт-парад «Most Played іn Jukeboxes» разьлічваўся зыходзячы з колькасьці заказаў той ці іншай песьні ў музычных аўтаматах, якія былі вельмі папулярнымі ў Штатах у 1940-я й 1950-я.

12 лістапада 1955 году ўсе тры гіт-парады былі аб’яднаны ў The Top 100. Сваю цяперашнюю назву чарт атрымаў у 1958 годзе, калі з мэтодыкі падліку папулярнасьці былі выключаны ратацыя на радыёстанцыях і ў музычных аўтаматах. Фактычна, да 1998 году, гіт-парад быў заснаваны выключна на выніках продажу самотнікаў у музычных крамах ЗША.

Традыцыйная мэтодыка стала падвяргацца крытыцы ў 1990-я гады, калі стала відавочна, што далёка ня ўсе самыя папулярныя песьні выпускаюцца гуказапіснымі кампаніямі на самотніках (асабліва калі задачай кампаніі зьяўляецца раскрутка альбома агульна). Скажам, кампазыцыя «Don’t Speak» гурта No Doubt на працягу 16 тыдняў лідавала ў airplay чартах, заснаваных на колькасьці прайграваньняў песьняў на радыёстанцыях, але так і не была выпушчана асобным самотнікам.

У 1998 годзе часопіс ізноў стаў улічваць папулярнасьць песьняў на радыёстанцыях пры складаньні чарта, а слова «самотнікі» ў назьве гіт-параду было замененае на «песьні». З 2003 году пры складаньні гіт-параду таксама ўлічваюцца вынікі сеткавага продажу ў анлайн крамах. У канцы кожнага году складаецца выніковы гіт-парад.

Статыстыка паводле выканаўцаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Архіў гіт-параду за папярэднія дзесяцігодзьдзі зьяўляецца даволі дакладным баромэтрам папулярнасьці таго ці іншага выканаўца ў ЗША. Найбольшая колькасьць песьняў на першым месцы належыць наступным выканаўцам:

Болей за ўсіх песьняў у дзясятку прыпадае на частку Мадонны — 38, зь іх шэсьць дасягнулі другога месца, але не змаглі падняцца на вяршыню гіт-параду. Першым самотнікам, які дэбютаваў адразу на першым месцы, быў гіт Майкла Джэксана «You Are Not Alone» (2 верасьня 1995 году). Пасьля дэбюты на першым месцы сталі даволі звычайнай зьявай. Майклу Джэксану належыць і іншы рэкорд: пяць песьняў зь яго альбома Bad былі выпушчаныя ў якасьці асобных самотнікаў і ўсе яны дасягнулі першага месца ў чартах.

Найстарэйшы выканаўца, які ўзначаліў гіт-парад, — Луіс Армстранг: яму было 62 гады, калі ў 1964 годзе песьня «Hello, Dolly!» ускараскалася на самую вяршыню. Сярод жанчын падобным чынам творчага даўгалецьця належыць Шэр: ёй было 53 гады, калі самотнік Believe» узначаліў гіт-парад. Таксама асабліва дасягненьне Элтана Джона: у прамежку паміж 1970 і 1999 гадамі не было ніводнага году, калі б яго кампазыцыі адсутнічалі ў сьпісе сарака лепшых песьняў ЗША. Найбольш удачлівым кампазытарам зьяўляецца Пол Макартні: 32 напісаныя ім песьні ўзначальвалі гіт-парад у розныя гады (як правіла, у выкананьні яго самога альбо Beatles). Найбольш вялікім няўдачнікам лічыцца Джэймз Браўн: дзевяноста дзевяць яго песьняў патрапілі ў гіт-парад, але ніводная зь іх не змагла дасягнуць першынства.

У красавіку 1964 году, у разгар бітламаніі, Beatles акупавалі ўсе пяць верхніх пазыцыяў гіт-параду. Іншы прыклад незвычайнага ўсплёску папулярнасьці — «каралі дыска» Bee Gees: на працягу 25 зь першых 32 тыдняў 1978 году іх песьні знаходзіліся на вяршыні гіт-параду (нейкія зь іх у выкананьні іншых сьпевакоў). Больш сьвежы прыклад — папулярнасьць Ашэра, які знаходзіўся на вяршыні больш паловы 2004 году (28 тыдняў) з трыма кампазыцыямі запар і чацьвёртай, выпушчанай некалькі пазьней.

Выкарыстаньне ў СМІ

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Billboard Hot 100 на працягу многіх гадоў служыў крыніцай зьвестак для штотыднёвай радыёперадачы American Top 40. Гэтыя адносіны скончыліся 30 лістапада 1991 году, калі American Top 40 пачало выкарыстоўваць толькі чарт Radio Songs ад Hot 100 для этэру (тады ён называўся Top 40 Radio Monitor). У пачатку 1990-х гадоў практычна ні адна радыёстанцыя не трансьлявала шырокі спэктар жанраў, якія звычайна складалі кожны штотыднёвы чарт Hot 100.

Здольнасьць выканаўца або гурта мець гіты ў Hot 100 на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў прызнана прыкметай даўгалецьця і здольнасьці адаптавацца да зьменлівых музычных стыляў. Толькі пяць выканаўцаў былі гітамі Hot 100 за кожнае з чатырох дзесяцігодзьдзяў з 1980-х па 2010-я гады: Майкл Джэксан, Мадонна, «Дзіўны Эл» Янкавік, U2 і Кені Джы[1]. Мэрая Кэры — першая выканаўца, якая мела самотнік нумар адзін за чатыры розныя дзесяцігодзьдзі[2].