Перайсьці да зьместу

72-і Аб’яднаны навучальны цэнтар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «72-і АВЦ»)

54°10′48″ пн. ш. 28°28′45″ з. д.HGЯO

72-і Аб’яднаны навучальны цэнтар

Эмблема 72-га АНЦ
Гады існаваньня 2001—
Краіна Беларусь Беларусь
Падпарадкаваньне Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусі
Уваходзіць у Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусі
Тып навучальная вайсковая часьць
Колькасьць к. 4500 тыс. чалавек
Дысьлякацыя Печы, Барысаў
Мянушка Печы

72-гі гвардзе́йскі Ро́венскі о́рдэна Ле́ніна, Чырванасьця́жны, о́рдэна Алякса́ндра Суво́рава II ступе́ні Аб’ядна́ны навуча́льны цэ́нтар падрыхто́ўкі пра́паршчыкаў і мало́дшых спэцыялі́стаў — навучальная вайсковая часьць, найбуйнейшае падразьдзяленьне Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусі. Асабовага складу тут налічваецца больш за чатыры з паловай тысячы чалавек. Навучальны цэнтар займаецца падрыхтоўкай прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў для Ўзброеных сілаў[1]. Вайсковая часьць № 20193[2].

8 ліпеня 1940 року ў м. Ліўны Арлоўскай вобласьці РСФСР на падставе дырэктывы Народнага камісара абароны СССР пачалося фармаваньне 120-й стралковай дывізіі, якое завяршылася 15 жніўня 1940. Новае падразьдзяленьне ўвайшло ў Арлоўскую вайсковую акругу. Дывізія па штаце ваеннага часу мела 14 000 чалавек і складалася з: 401-га, 474-га і 540-га стралковых палкоў, 559-га лёгкага артылерыйскага палка, 150-га асобнага выведвальнага батальёна, 224-га батальёна сувязі, 193-га сапёрнага батальёна, 180-га супрацьтанкавага дывізіёна, 185-га зэнітнага дывізіёна, 192-й асобнай аўтароты падвозу.

На пачатку нямецка-савецкай вайны дывізія знаходзілася на вучэньнях у летніх лягерох «Лужкі», пасьля дакаўкамплектаваньня прыняла ўдзел у баёх за Ельню. 26 верасьня 1941 року «за мужнасьць, доблесьць і высокае ўменьне», выяўленыя ў баёх пад гэтым местам, пераўтвораная ў 6-ю гвардзейскую стралковую дывізію з уручэньнем гвардзейскага сьцягу. 26 верасьня адгэтуль лічыцца днём утварэньня вайсковай часьці.

Далей дывізія ў складзе Заходняга фронту ваявала пад Тулай, за Яфрэмаў. Увосені 1942 — узімку 1943 рокаў падчас наступу вызваліла больш за 170 населеных пунктаў. У ліпені 1943 узяла ўдзел у бітве на Курскай дузе, за мужнасьць і гераічнасьць, праяўленыя ў баёх пад Понырамі(ru), 21 ліпеня ўказам прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР ўзнагароджаная ордэнам Чырвонага Сьцяга.

Пасьля Курскай бітвы дывізія ўдзельнічала ў бітвах на тэрыторыі УССР: удзельнічала ў фарсіраваньні рэк Дняпро, Дзясны, Прыпяці, у вызваленьні шматлікіх гарадоў і вёсак Украіны. 7 лютага 1944 року часьці дывізіі вызвалілі Роўна, пасьля чаго яна атрымала ганаровае найменьне «Ровенская».

У складзе 1-га Ўкраінскага фронту дывізія фарсіравала Заходні Буг, вызваліла Раву-Рускую і ўвайшла на тэрыторыю Польшчы, дзе ў другой палове 1944 року ўдзельнічала ў баёх на Сандомерскім пляцдарме(pl). «За пасьпяховыя баявыя дзеяньні, мужнасьць і ўстойлівасьць», выяўленыя пры фарсіраваньні ракі Віслы, утрыманьне Сандомерскага пляцдарму, указам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР 9 жніўня 1944 року дывізія была ўзнагароджаная Ордэнам Суворава 2-ой ступені.

Са студзеня 1945 дывізія прымала ўдзел у бітвах на тэрыторыі Нямеччыны, фарсіравала шэраг найцяжкіх водных перашкод (рэкі Найсэ(de), Одэры, Шпрэе) і да канца красавіка падышла да Эльбы. Указам Прэзыдыюма Вярхоўнага Савету СССР за мужнасьць, гераізм і высокае майстэрства, выяўленыя пры фарсіраваньні Одэру, 26 траўня 1945 была ўзнагароджаная ордэнам Леніна.

Дывізія скончыла баявы шлях вызваленьнем сталіцы ЧэхаславаччыныПрагі. За пэрыяд вайны дывізія прасунулася ў заходнім кірунку 4520 кілямэтраў, вызваліла 18 местаў, 1458 населеных пунктаў, зьнішчыла 58 тысячаў і ўзяла ў палон 10 328 нямецкіх салдатаў, зьнішчыла і захапіла 128 самалётаў, 579 танкаў, 945 гарматаў і мінамётаў, 328 бронетранспартэраў, 4035 аўтамашын, 1389 кулямётаў і іншай вайсковай тэхнікі.

Паваенныя гады

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Увесну 1946 року, вяртаючыся з Чэхаславаччыны і Аўстрыі, дывізія закватаравалася ў месьце Магілёве, а ў красавіку 1947 року была перадысьлякаваная ў вайсковае мястэчка Печы. Займалася падрыхтоўкай да дзеяньняў ва ўмовах усіх відаў бою, авалоданьнем новым тэхнічных сродкаў, у тым ліку выкананьня задачаў ва ўмовах выкарыстаньня атамнай зброі і іншых новых сродкаў барацьбы. У верасьні 1954 року гвардзейцы дывізіі ўзялі ўдзел у тактычных вучэньнях з ужываньнем ядзернай зброі ў Тоцкім вучэбным цэнтры(ru).

У 1960-м року за выдатныя паказчыкі ў навучаньні дывізію было вырашана зрабіць навучальнай. Выпускнікі навучальнай часткі бралі ўдзел у вайсковых вучэньнях «Днепр-67», «Вясна-75», «Захад-77», «Бярэзіна-78», «Захад-81». У Печах праходзілі першыя выпрабаваньні савецкія танкі Т-64, Т-72, баявыя машыны пяхоты БМП-1, БМП-2. Менавіта ў гэтым навучальным падразьдзяленьні канструктар Міхаіл Калашнікаў ствараў свой кулямёт ПКТ.

У 1979—1989 роках шматлікія афіцэры і прапаршчыкі з навучальнай дывізіі бралі ўдзел у вайне ў Афганістане[2].

У Рэспубліцы Беларусь

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У 1992 року на базе 72-га акруговага навучальнага цэнтру і навучальных часьцёў былой ЧБВА пачалося рэфармаваньне. У 2001 року была сфармаваная 114-я гвардзейская школа па падрыхтоўцы прапаршчыкаў, адгэтуль часьць перайменаваная ў «72-гі гвардзейскі Аб’яднаны навучальны цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў». Сюды перадысьлякаваныя практычна ўсе навучальныя часьці Ўзброеных Сілаў Беларусі.

16 чэрвеня 2012 году каля 2000 (25%) з амаль 8000 заклічнікаў ва Ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь прынялі прысягу ў 72-м аб’яднаным навучальны цэнтры ў Барысаве[3].

У структуры 72-га АНЦ:

  •  управа
  • школа па падрыхтоўцы прапаршчыкаў і спэцыялістаў харчовай службы
  • пяць школаў па падрыхтоўцы спэцыялістаў родаў войскаў і спэцыяльных войскаў
  • цэнтар тэхнічнага забесьпячэньня
  • цэнтар тылавога забесьпячэньня
  • асобны батальён аховы і абслугоўваньня[4].

Задачы 72-га АНЦ

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

72-і гвардзейскі аб’яднаны навучальны цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў зьяўляецца адным са складнікаў падрыхтоўкі вайсковых кадраў, на які ўскладзены такія задачы, як:

  • падтрыманьне баявой і мабілізацыйнай гатоўнасьці на ўзроўні, які забясьпечвае своечасовае і якаснае выкананьне мерапрыемстваў пераводу навучальнага працэсу на паскоранае навучаньне спэцыялістаў, фармаваньне ўскладзеных на 72-і гвардзейскі АНЦ ПП і МС вайсковых часьцяў, падрыхтоўку іх сіл і сродкаў да выкананьня задачаў паводле іх прызначэньня;
  • падрыхтоўка спэцыялістаў для Ўзброеных Сілаў; фармаваньне ў спэцыялістаў высокіх прафэсійных і маральна-псыхалягічных якасьцей;
  • падтрыманьне ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі ва ўскладзеных на 72-і гвардзейскі АНЦ ПП і МС фармаваньнях, вайсковых часьцяў забесьпячэньня і абслугоўваньня, у баегатовым стане, своечасовае іх тэхнічнае абслугоўваньне пры забесьпячэньні навучальнага працэсу;
  • удасканаленьне навучальна-выхаваўчага працэсу і разьвіцьцё навучальнай матэрыяльнай базы;
  • арганізацыя абароны дзяржаўных сакрэтаў, яе забесьпячэньне і кантроль ва ўласнай дзейнасьці, удзел у арганізацыйна-мэтадычным кіраўніцтве па пытаньнях абароны дзяржаўных сакрэтаў і кантролі за яе станам у 72-м гвардзейскім АНЦ ПП і МС[5].

1 верасьня 2013 року ў 2-й навучальнай танкавай роце 3-й школы 72-га АНЦ памёр вайсковец тэрміновай службы радавы Ўладзіслаў Ягадкін. Праверка сьледчай камісіі паказала, што гвалтоўнай сьмерці не было, чыньнікам сьмерці стала вострая каранарная недастатковасьць з прычыны ішэмічнай хваробы сэрца. Паводле заключэньня вайскова-лекавай камісіі, Ягадкін быў абмежавана прыдатны да праходжаньня вайсковай службы, бо меў артэрыяльную гіпэртэнзію 1-й ступені[6].

21 сакавіка 2015 року[7] ў Печах выявілі павешаным Міхаіла Беўзюка[8].

19 студзеня 2017 у навучальным цэнтры памёр салдат паветрана-дэсантных войскаў. Паводле інфармацыі ад крыніц, хлопцу стала кепска проста на пляцы, выратаваць яго ня здолелі[9].

3 кастрычніка 2017 року на тэрыторыі 3-й школы быў знойдзены павешаным вайсковец тэрміновай службы пінчук Аляксандар Коржыч. Сьледчы камітэт праводзіць праверку паводле факту сьмерці.

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

На выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў 26-га скліканьня ў красавіку 2010 року адным з кандыдатаў быў начальнік 72-га АНЦ Валеры Гнілазуб[10], якому супрацьстаяла кандыдатка ад кампаніі «Гавары праўду» Тамара Каважэнка. Паводле афіцыйных зьвестак, на закрытых участках у вайсковых частках 72-га АНЦ Гнілазуб атрымаў практычна стоадсоткавую перамогу, але на грамадзянскіх участках большасьць галасоў была ў кандыдаткі ад «Гавары праўду». У выніку перамогу на выбарах атрымаў Валеры Гнілазуб[11].

  1. Николай Левчук. Кузница кадров в Печах под Борисовом // Белорусская военная газета. — 27 ліпеня 2011. — № 139.
  2. 1 2 Гістарычная даведка Адукацыя. Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Праверана 18 кастрычніка 2017 г.
  3. Факты // Зьвязда : газэта. — 19 чэрвеня 2012. — № 116 (27231). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  4. Арганізацыйная структура Адукацыя. Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Праверана 18 кастрычніка 2017 г.
  5. Задачы вучэбнага цэнтра Адукацыя. Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Праверана 18 кастрычніка 2017 г.
  6. Синюк, Екатерина (18 сакавіка 2014) Гибель солдата в Печах. СК: Он умер из-за болезни сердца, насилия не было (рас.) Грамадзтва. TUT.BY. Праверана 18 кастрычніка 2017 г.
  7. В Печах солдат срочной службы покончил жизнь самоубийством (рас.) Новости онлайн. СТБ (22 сакавіка 2015). Праверана 18 кастрычніка 2017 г.
  8. Маліноўскі, Ілля (18 кастрычніка 2017) Самагубства ў Печах, якое засталося без увагі СМІ ў 2015 годзе Соцыюм. Эўрарадыё. Праверана 18 кастрычніка 2017 г.
  9. АЯ. (2 сакавіка 2017) У Пячах памёр малады салдат Здарэньні. Наша Ніва. Праверана 18 кастрычніка 2017 г.
  10. РПГА «Беларускі хельсінскі камітэт» — Барысаў: сустрэча з кандыдатамі на «закрытым» участку
  11. «Праваабаронцы за свабодныя выбары». (26 красавіка 2010) Барысаў: прадказальны вынік Выбары-2010. ПЦ «Вясна». Праверана 18 кастрычніка 2017 г.