Перайсьці да зьместу

Ян Нагурскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ян Нагурскі
Дата нараджэньня 8 (20) лютага 1888
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 9 чэрвеня 1976(1976-06-09) (88 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак інжынэр, падарожнік-дасьледнік, лётчык, Flieger
Навуковая сфэра авіяцыя[1]
Узнагароды
ордэн сьвятога Ўладзімера II ступені ордэн сьвятога Ўладзімера IV ступені ордэн сьвятой Ганны III ступені ордэн сьвятой Ганны IV ступені ордэн сьвятога Станіслава III ступені афіцэр ордэна Адраджэньня Польшчы

Альфо́нс Ян Нагу́рскі (па-польску: Alfons Jan Nagórski, па-расейску: Иван Нагурский; 8 лютага 1888, Улацлавак, Царства Польскае — 9 чэрвеня 1976, Варшава, Польская народная рэспубліка) — польскі лётчык, інжынэр, першы ў сьвеце палярны лётчык, першы выканаўца «мёртвай пятлі» гідрасамалётам.

Нарадзіўся ў сям’і дробнага земляўласьніка. У сям’і было яшчэ чацьвёра дзяцей. З прычыны беднасьці здолеў скончыць толькі шэсьць клясаў улацлаўскай гімназіі. У 1905 року здаў іспыты і ўладкаваўся настаўнікам у вясковую школу Красьнявіцаў. У 1906 року экстэрнам атрымаў атэстат сьпеласьці. Пасьля гэтага паступіў у афіцэрскую школу пяхоты ў Адэсе (скончыў у 1909 року). Служыў у 23-м стралецкім палку ў Хабараўску.

У 1911 року паступіў у Інжынэрна-марскую вучэльню ў Пецярбургу; зацікавіўшыся авіяцыяй, скончыў навучаньне ў I Усерасейскім аэраклюбе. У 1913 атрымаў дыплём марскога інжынэра і дыплём «вайсковага лётчыка» ў вучэльні ў Гатчыне. Служыў у Галоўнай гідраграфічнай управе Міністэрства вайскова-марскіх справаў.

У 1914 року Ян Нагурскі быў накіраваны на пошукі экспэдыцыі Георгія Сядова, Георгія Брусілава і Ўладзімера Русанава, якая зьнікла недзе ў ільдах Арктыкі. Упершыню ў гісторыі было вырашана дзеля пошукаў выкарыстаць самалёт. З гэтай мэтай з Францыі быў дастаўлены Farman MF.11(d), а Нагурскі разам з мэханікам Яўгенам Кузьняцовым перавёз яго караблём да Аляксандраўску (цяпер Мурманск), а стуль 16 жніўня — на Новую Зямлю. Тут яны ўдваёх сабралі самалёт і пачалі шэраг выведных палётаў. 21 жніўня Нагурскі упершыню паспрабаваў праляцець гідрасамалётам над Арктыкай уздоўж заходняга берагу Новай Зямлі, агулам правёўшы ў паветры 4 гадзіны 20 хвілінаў і адляцеўшы ад зямлі на 100 км. Да 13 верасьня выканаў пяць вылетаў агульнай працягласьцю 11 г 30 хв, налятаўшы больш за 1100 км над сушай і Баранцавым морам на вышыны 800—1200 м. Падчас апошняга вылету дасягнуў 76° паўночнай шыраты.

Гідрасамалёт Farman MF.11 Нагурскага

У закінутай хаце на востраве Панкрацьева(d) Нагурскі знайшоў дзёньнік падарожжа Сядова і ягоны ліст у Міністэрства вайскова-марскіх справаў (Сядоў памёр годам раней). Свой досьвед Нагурскі апісаў у палётным рапарце, дзе зьмясьціў такія каштоўныя парады, як, напрыклад, мэтазгоднасьць маляваць самалёты, што лятаюць над Арктыкай, у чырвоны колер дзеля лепшай бачнасьці. Ініцыятар выправы, адмірал імпэратарскага флёту Міхаіл Жданко(d) высока ацаніў дасьледаваньні, якія давялі магчымасьць дасягненьня Паўночнага полюсу самалётам. 23 верасьня 1914 року Ян Нагурскі з разабраным самалётам вярнуўся ў Архангельск, а пасьля ў Пецярбург.

Вярнуўшыся на службу ў вайскова-марскіх сілах, Нагурскі ўдзельнічаў у I сусьветнай вайне. Служыў у эскадры марской авіяцыі Балтыйскага флёту ў Рэвелі (цяпер Талін). Патрулюючы Балтыйскае мора, лётаў рознымі тыпамі самалётаў. У канцы 1915 року узначаліў эскадру гідрасамалётаў на гідраавіяносцы «Арліца(d)», а ў 1916 — эскадру на паўвостраве Цэрэль(d) (Саарэмаа). 17 верасьня 1916 року упершыню ў гісторыі выканаў на гідрасамалёце акрабатычную фігуру «мёртвая пятля», а наступнага дня двойчы паўтарыў штуку на авіячоўне Грыгаровіч М-9(d). У лістападзе, падчас аднаго з палётаў над Балтыкай, ягоны самалёт зьбілі немцы; пілёта празь некалькі гадзін у моры выратавала расейская падводная лодка. Пасьля непрацяглага лячэньня ў рыскім шпіталі кіраваў самалётнай дывізіяй у Обу (цяпер Турку, Фінляндыя). У ваенным хаосе згубіліся ўсе ягоныя дакумэнты, і нават рапарт пра ягонае выратаваньне ня трапіў да камандзіра, таму Нагурскага палічылі зьніклым бязь вестак.

Пасьля рэвалюцыі 1917 року падразьдзяленьне Нагурскага брала ўдзел у Грамадзянскай вайне. Сам Нагурскі ў пачатку 1919 року вярнуўся ў Польшчу і хацеў паступіць на службу ў Вайскова-марскія сілы, але паколькі ваяваў у складзе Чырвонай арміі, то атрымаў адмову. Уладкаваўся працаваць інжынэрам-праектоўнікам маразільнага абсталяваньня ў цукровай і алейнай прамысловасьці. Займаўся грамадзкай дзейнасьцю. Ягонымі зьвесткамі пра палярныя палёты скарысталіся Рычард Бэрд, Вальтэр Мітэльгольцэр, Барыс Чухноўскі ды іншыя.

Пасьля II сусьветнай вайны зноўку працаваў інжынэрам у Гданьску і Варшаве. У 1955 року на адным з аўтарскіх выступаў Чэслаў Цянткевіч — знакаміты польскі палярнік і пісьменьнік — распавядаў пра «даўно забытага піянэра авіяцыі, расейскага пілёта Івана Нагурскага, зьніклага ў 1917 року». На гэтай лекцыі прысутнічаў Ян Нагурскі, які, устаўшы, паведамў, што «ён ня быў расейскай і абсалютна не адчувае сябе мёртвым». Сэнсацыя хутка распаўсюдзілася ў польскіх і савецкіх СМІ; пасьля гэтага пачалося ўшанаваньне ягоных дасягненьняў. Цянткевіч угаварыў Нагурскага апісаць свае палёты ў кнізе, якая атрымала назву Першы над Арктыкай (1958). Другая частка мэмуараў — Над палаючай Балтыкай (1960) прадставіла жыцьцё ў часе I сусьветнай вайны.

Памёр у Варшаве, пахаваны на Паўночных камунальных могілках у Бялянах.

Прэміі і ўзнагароды

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У 1936 року іменем Нагурскага названая мэтэаралягічная станцыя на Зямлі Франца-Ёсіфа, якая дзеяла да 1997 року. Тамсама ягонае імя мае тамтэйшая расейская авіябаза(d).

Імя Яна Нагурскага носяць вуліцы ў Варшаве, Гданьску, Познані, Улацлаўку.