Януш Радзівіл (1579—1620)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Януш Радзівіл
Януш Радзівіл
Януш Радзівіл
POL COA Radziwiłł Książę Ia.svg
Герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 21 ліпеня 1579
Вільня, Рэч Паспалітая
Памёр 6 або 7 ліпеня 1620
Чарлін
Род Радзівілы
Бацькі Крыштап Радзівіл «Пярун»
Кацярына з Астроскіх
Жонка Соф’я з Алелькавічаў
Альжбета Соф’я Гагэнцолерн
Дзеці ад 2-га шлюбу: Альжбета Элеанора, Соф’я Агнешка, Багуслаў, Ян Юры
Рэлігія кальвінізм
Дзейнасьць вайсковец

Януш Радзівіл (21 ліпеня 1579, Вільня — 6 або 7 ліпеня 1620) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Падчашы вялікі літоўскі (1599—1619), кашталян віленскі (з 1618).

Быў старостам барысаўскім[1]. Князь Сьвятой Рымскай Імпэрыі на Біржах і Дубінках і Ліхтэнбэргу, князь слуцкі і капыльскі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў, сын Крыштапа «Перуна», гетмана вялікага літоўскага, і Кацярыны з Астроскіх. Меў зводнага брата Крыштапа.

Атрымаў кальвінісцкае выхаваньне, навучаўся ў Страсбурскім і Базэльскім унівэрсытэтах, падарожнічаў Нямеччынай, Чэхіяй, Аўстрыяй, Вугоршчынай, Францыяй.

У вайну з Швэцыяй (1600—1629) у 1600—1602 гадох удзельнічаў у ваенных дзеяньнях супраць швэдзкіх войскаў у Інфлянтах, удзельнік бітвы пад Кокенгаўзенам 1601 году. Камандаваў коннымі харугвамі, быў фактычным палкоўнікам у Інфлянтах пры сваім бацьку — Крыштапе «Перуне». У 1599 годзе атрымаў урад падчашага вялікага літоўскага, у 1619 годзе — кашталяна віленскага. Абіраўся паслом на соймы 1603, 1605 і 1606 гадоў, дзе ўзначальваў кальвінісцкую і праваслаўную групоўкі, адстойваў рэлігійныя і палітычныя правы некаталікоў.

Соф'я Алелькавіч
Альжбета Соф’я Гогенцолерн

Пакрыўджаны на Жыгімонта Вазу за перадачу ў 1603 годзе некалькіх трыманьняў яго бацькі і малой гетманскай булавы Вялікага Княства Літоўскага Яну Каралю Хадкевічу, выступаў супраць палітыкі караля і вялікага князя. Абвінаваціўшы таго ў парушэньні «актаў абраньня» ад 1587 году, спробах увесьці ў Рэчы Паспалітай «тыранію» замест «рэспублікі» і намаганьнях абмежаваць правы некаталіцкай часткі насельніцтва Рэчы Паспалітай. У 1606—1607 гадох разам з ваяводам кракаўскім М. Зэбжыдоўскім узначаліў рокаш супраць гэтых парушэньняў «залатых шляхецкіх вольнасьцяў» і абсалютысцкай палітыкі караля. 5 чэрвеня 1606 году абвешчаны маршалкам (кіраўніком рокашу) зьезду ракашанаў у Любліне, а 10 жніўня 1606 году — у Сандаміры. Выдаў унівэрсал з зьвінавачваньнямі караля ў парушэньні шляхецкіх правоў і свабодаў. 6 жніўня 1607 году каля Гузава (непадалёк ад Радама) адбылася бітва з каралеўскімі войскамі, у якой Януш Радзівіл камандаваў левым крылом войска ракашанаў. Нягледзячы на паразу, ракашане вымусілі караля пайсьці на кампраміс: Жыгімонт Ваза адмовіўся ад рэформы ўлады, ад сваіх абсалютысцкіх намераў, а ракашане адмовіліся ад спробы скінуць з стальцу караля. Ужо ўвосень 1607 году польскія ракашане выбачыліся перад каралем і здаліся, але Я. Радзівіл разам з сваім братам К. ІІ Радзівілам працягваў зьбіраць сілы. На заклікі М. К. Радзівіла (тагачаснага сеньера роду) зьявіцца ў Нясьвіж казаўся хворым. Толькі 20 чэрвеня 1608 году падпісаў замірэньне з кіраўніком войска рэгалістаў у Вялікім Княстве Літоўскім Янам Каралем Хадкевічам і распусьціў свае ўзброеныя сілы. Па чым зьехаў на 2 гады ў Нямеччыну, Францыю, Швайцарыю. Поытм жыў у Данцыгу займаючыся асабістымі і маёмаснымі справамі.

У 1618 годзе набыў места Ліхтэнбэрг у баварскай Франконіі, што дало яму, акрамя тытулярнага радавога найменьня «князя Сьвятой Рымскай імпэрыі», рэальныя правы землеўласьніка імпэрыі. У намеціўшымся супрацьстаяньні імпэрскіх улад з апазыцыяй абраў бок пратэстанцкіх князёў. Атрымаўшы ўрад кашталяна віленскага, некаторы час жыў у Вільні, але так і не адважыўся застацца і канчаткова вярнуўся ў Гданьск. Прыязджаючы ў Вялікае Княства Літоўскае актыўна выступаў супраць вайны з Маскоўскай дзяржавай (1609—1618). На соймах 1611, 1613, 1615 і 1618 гадоў бараніў роўныя правы пратэстантаў і праваслаўных з каталікамі.

Першы раз ажаніўся 1 кастрычніка 1600 году ў Берасьці з праваслаўнай князёўнай Соф’яй Алелькавіч, спадчыньніцай Слуцкага і Капыльскага княстваў, якія па яе сьмерці ў 1612 годзе перайшлі ў валоданьне роду Радзівілаў і зрабілі яго найбагацейшым у Вялікім Княства Літоўскім. У шлюбе меў некалькі дзяцей, якія памерлі неўзабаве па нараджэньні[2]. Аднак з дачок — Кацярына — памерла праз 16 гадзінаў па сьмерці маці[3].

7 ліпеня 1613 году ў Бэрліне ажаніўся з Альжбетай Соф’яй, дачкой брандэнбурскага курфюрста Ёгана Георга Гагэнцолерн. У гэтым шлюбе нарадзіліся дзеці[4]:

  • Альжбета Элеанора (1615—1633),
  • Ян Юры (нар. і пам. 1616)
  • Соф’я Агнешка (1618—1637)
  • Багуслаў (1620—1669), харунжы і канюшы вялікі літоўскі

Памёр у лістападзе 1620 году ў Чапліне па хросьце свайго найменшага сына Багуслава. Па хаўтурах у Вільні спачыў у кальвінскім зборы ў Дубінках.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У картцы да артыкула прыводзіцца партрэт XVII ст. пэндзля невядомага мастака зь Нясьвіскай партрэтнай галерэі, які цяпер захоўваецца ў Вавэлі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Грыцкевіч А. Радзівіл Януш // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 500.
  2. ^ Wasilewski T. Radziwiłł Janusz herbu Trąby (1579—1620) // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk — Łódź : Zakład Narodowy Imienia Ossolińskich, Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk, 1987. — Tom XXX/2, zeszyt 125. S. 207.
  3. ^ Калнофойскій А. Эпитафіи фундаторам лавры // Отделъ ІІ. Извѣстія очевидцевъ, современниковъ и иностранныхъ писателей / Сборникъ матеріаловъ для исторической топографіи Кіева и его окрестностей. — К. : типографія Е. Я. Федорова, 1874. С. 30.
  4. ^ Грыцкевіч А. Радзівіл Януш // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 501.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Януш Радзівіл (1579—1620)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў