Перайсьці да зьместу

Ямантавічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ямантавічы
лац. Jamantavičy
Краіна паходжаньня: Вялікае Княства Літоўскае
Першы з роду: Ямант

Ямантавічы — літоўскі княскі род, нашчадкі старажытных літоўскіх удзельных князёў.

Амунд, Амунт, Емунд або Ёмунд (Ammundus[1], Amund[2], Amuntr[3], Emund, Jomund[4][5]) — імя германскага паходжаньня[6]. Іменная аснова ам- (імёны ліцьвінаў Ямаўт, Ямін; германскія імёны Amolt, Ammin) мае значэньне 'актыўны, гарлівы, працавіты' і ўзыходзіць да стараісьляндзкага ama 'турбаваць, непакоіць'[7], а аснова -мунд- (-мунт-, -монт-) (імёны ліцьвінаў Монтгерд, Валімонт, Жыгімонт; германскія імёны Mundgerd, Walmont, Sigimunt) паходзіць ад германскага *mundô 'рука, абарона, крэўнасьць'[8] або гоцкага munds 'моц розуму, імкненьне', mundrs 'гарлівы, палкі'[9].

Паводле легенды, вялі радавод ад мітычнага князя Гедруса. Першы вядомы з роду Ямант Тулунтавіч (у праваслаўі Васіль; ? — 12 жніўня 1399) у 1390 годзе паехаў поруч з князем Вітаўтам у Прусію. У 1396 годзе яму разам з Васілём Барэйкавічам Вітаўт даў у кіраваньне Смаленскае княства, потым трымаў і Клецкае княства. У 1398 годзе падпісаў мірную ўмову паміж Вялікім Княствам Літоўскім і крыжакамі. Загінуў у 1399 годзе ў бітве на Ворскле з татарамі. Меў сыноў Сямёна (Сеньку) і Міхайлу.

  • Сямён Ямантавіч, сын Яманта Тулунтавіча. Падпісаў акт Віленска-Радамскай уніі (1401 год) паміж ВКЛ і Польшчай, Тарунскі мір 1411 году з крыжакамі.
  • Сямён (? — да 1540), сын Яшкі, унук Міхайлы Ямантавіча. Ад маёнтку Падбярэзьзя каля Друцку празываўся Ямантавічам-Падбярэскім. Валодаў таксама мястэчка Бачэйкавам, часткай воласьці Басеі. З 1522 году быў намесьнікам (дзяржаўцам) кернаўскім, трымаў Азярышчанскую і Усьвяцкую воласьці. Ня меў дзяцей, таму пакінуў маёнткі сястры Ульляне, сыны якой ад шлюбу зь Яцкам Сенькавічам Рыгор і Іван узялі прозьвішча Падбярэскія. Нашчадкі Рыгора ўзялі прозьвішча і тытул князёў Друцкіх-Падбярэскіх[10].
  1. ^ Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule du VIe au XIIe siècle. T. I: Les noms issus du germanique continental et les créations gallo-germaniques. — Paris, 1971. P. 33.
  2. ^ Nielsen O. Olddanske personnavne. — Kjøbenhavn, 1883. S. 4, 116.
  3. ^ Naumann H. Altnordische Namenstudien. — Berlin, 1912. S. 17.
  4. ^ Kruken K., Stemshaug O. Norsk Personnamnleksikon. — Det Norske Samlaget, 1995.
  5. ^ Jomund, Nordic Names
  6. ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 51.
  7. ^ Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule du VIe au XIIe siècle. T. I: Les noms issus du germanique continental et les créations gallo-germaniques. — Paris, 1971. P. 33.
  8. ^ Kremer D. Die Germanischen Personennamen in Katalonien // Estudis romànics. Nr. 14, 1972. S. 180.
  9. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
  10. ^ Пазднякоў В. Ямантавічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 779.