Язэп Лёсік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Zemant (гутаркі | унёсак) у 15:22, 11 траўня 2019. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Лёсік.
Язэп Лёсік
Я. Лёсік, 1930-я гг.
Я. Лёсік, 1930-я гг.
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Язэп Юр’евіч Лёсік
Псэўданімы Павал Ксяневіч, Язэп Ксяневіч, Язэп Ліхадзіеўскі, М. Кепскі, J. L. (Apalczeńniec)[1]
Нарадзіўся 6 (18) лістапада 1883
в. Мікалаеўшчына, Менскі павет, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя
Памёр 1 красавіка 1940(1940-04-01) (56 гадоў)
Саратаў, Расейская СФСР, СССР
Жонка Ванда Лявіцкая
Дзеці Юрась, Люцыя, Алеся
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, публіцыст, мовазнаўца, пэдагог, нацыянальны й палітычны дзяяч
Гады творчасьці 1912—1930
Жанр апавяданьне
Мова беларуская мова
Дэбют «Рабы Міхась Крэчка, што быў за судзьдзю» // «Наша Ніва», 19 ліпеня 1912
Значныя творы Апавяданьне «Не ўсе ж разам, ягамосьці!..» (1914)
Зборнік апавяданьняў «Родныя вобразы» (1921, забаронены)
Творы на сайце Knihi.com

Язэ́п Ю́р’евіч Лё́сік (18 лістапада [ст. ст. 6 лістапада] 1883; в. Мікалаеўшчына, цяпер Стаўпецкі раён, Менская вобласьць, Беларусь — 1 красавіка 1940; Саратаўская турма, цяпер Расея) — беларускі пісьменьнік, публіцыст, мовазнаўца, пэдагог, нацыянальны й палітычны дзяяч. Акадэмік АН БССР (1928). Родны дзядзька Якуба Коласа[2], брат Антона Лёсіка.

Біяграфія

Дзяцінства і маладосьць

Нарадзіўся 18 лістапада 1884 году[3][4] ў сяле Мікалаеўшчына Менскага павету. Яго бацькі, Юрка і Хрысьціна Лёсікі былі безьзямельнымі сялянамі і арандавалі землі ў князёў Радзівілаў. Яны мелі сем сыноў і трох дачок[5]. Язэп быў іх малодшым дзіцем, таму ў першыя гады жыцьця ня быў занадта загружаны абавязкамі. Ён скончыў другую клясу Мікалаеўскай народнай школы, пасьля чаго два гады рыхтаваўся да экзамэнаў у настаўніцкую сэмінарыю. Здаваў экзамэны ў Настаўніцкую сэмінарыю ў Нясьвіжы, але не паступіў[4]

У 1898 годзе Язэп паступіў у Маладэчанскую сэмінарыю (Віленская губэрня). Аднак на другі год быў выключаны зь яе бяз права паступленьня ў іншыя навучальныя ўстановы. Пераехаўшы ў Ноўгарад-Северскі (Чарнігаўская губэрня), дзе працаваў ягоны брат, паступіў у гарадзкую вучэльню і скончыў яе ў 1902 годзе. У Ноўгарадзе-Северскім вытрымаў экзамэн на годнасьць настаўніка народнае школы.

Удзел у рэвалюцыі 1905 году і царскія рэпрэсіі

Быў прызначаны выкладчыкам расейскае мовы ў Бабруйскую сельскагаспадарчую школу (Менская губэрня). Працаваў у Бабруйску адзін год, у 1903 годзе ізноў вярнуўся ў Ноўгарад-Северскі і быў прызначаны настаўнікам у школу ў мястэчку Грамяч. Хутка стаў знаёміць з палітычнымі пытаньнямі грамяцкіх сялянаў на сходах у школе, пра што стала вядома паліцыі. У 1905 яго арыштавалі. Гэта выклікала абурэньне жыхароў Грамяча, якія заплянавалі пайсьці ў турму і запатрабаваць вызваленьня Лёсіка, але ў выніку адмовіліся ад гэтай ідэі.

У 1907 перавезьлі на суд у Старадуб на Чарнігаўшчыне. Тут яму ўдалося зьбегчы з гораду і такім чынам унікнуць суду. Пасьля гэтага некаторы час хаваўся ў Стоўпцах (Менскі павет), Пецярбургу, два гады жыў на станцыі Красноўка, недалёка ад Луганску (Екацярынаслаўская губэрня), дзе адзін зь яго старэйшых братоў быў дзяржаўным служачым.

У 1911 вярнуўся ў Ноўгарад-Северскі, дзе яго ізноў арыштавалі і перавезьлі ў Старадуб на суд. Яму прысудзілі бестэрміновае высяленьне ў Сыбір, дзе жыў да 1917, спачатку ў Кірэнску (Іркуцкая губэрня), а потым у некаторых сёлах Кірэнскага павету. Нядоўгі час жыў у Бадайбо.

Язэп Лёсік (зьлева) і Алесь Гарун падчас ссылкі ў Бадайбо, 1914 год

Будучы ў ссылцы, Язэп заняўся самаадукацыяй. Здабываў сродкі на сваё існаваньне фізычнаю працаю і толькі ў Бадайбо быў за пісара, а ў адной вёсцы арганізаваў пачатковую школу, але паліцыя хутка яе зачыніла, бо ў ссылцы ў тыя часы забаранялася працаваць паводле сваёй спэцыяльнасьці. У Сыбіры Язэп сустрэўся з Алесем Гаруном, зь якім потым не разлучаўся.

Адарваны ад сваёй Бацькаўшчыны, супрацоўнічаў з «Нашай Нівай», падтрымліваў сувязь зь пісьменьнікамі і знаёмымі настаўнікамі ў Беларусі.

Палітычная дзейнасьць у беларускім нацыянальным руху

Вярнуўся ў Беларусь у сакавіку 1917 і спыніўся ў Менску, дзе ўключыўся ў дзейнасьць беларускага нацыянальнага руху[4]. Ён быў адным з актыўных удзельнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады (БСГ). Як яе прадстаўнік увайшоў у склад створанага 7-9 красавіка 1917 году Беларускага Нацыянальнага Камітэту (БНК)[6].

Зьезд Вялікай беларускай рады і Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый

21-23 ліпеня 1917 году прыняў удзел у чарговым зьезьдзе беларускіх арганізацыяў і нацыянальных партыяў, у ходзе якога БНК быў распушчаны. У апошні дзень зьезду быў абраны ў прэзыдыюм створанай замест БНК Цэнтральнай рады беларускіх арганізацыяў. Уваходзіў у склад Вялікай беларускай рады. Удзельнічаў у Першым Усебеларускім кангрэсе[6].

У 1917—1918 гг. ён рэдагаваў газэту «Вольная Беларусь»[7]. Ён быў адным з ініцыятараў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году[6]. У 1918 годзе, падчас функцыянаваньня структураў БНР пад нямецкай акупацыяй, ён падтрымаў беларускую адукацыю. Разам зь Язэпам Варонкам і Кастусём Езавітавым рэарганізаваў беларускае культурна-асьветніцкае таварыства «Прасьвета» ў культурна-асьветніцкае таварыства «Бацькаўшчына»[8]. Уваходзіў у склад Рады БНР[9]. У сярэдзіне красавіка 1918 году ён разглядаўся палітыкамі БНР, як адзін з кандыдатаў на пасаду кіраўніка ўрада — старшынём Народнага сакратарыяту БНР[10]. 26 красавіка 1918 году яго подпіс быў знойдзены пад тэлеграмай, высланай на наступны дзень ад імя ўраду і Рады БНР да нямецкага імпэратара Вільгельма II. Тэлеграма ўтрымлівала падзяку за «вызваленьне Беларусі» і просьбу аб аказаньні падтрымкі БНР у яе саюзе зь Нямеччынай[9]. Гэты крок быў нэгатыўна ўспрыняты і прывёў да таго, што Раду БНР пакінулі многія яе чальцы, а БСГ распалася[11].

Старшыня Рады БНР

14 траўня 1918 году Язэп Лёсік быў абраны старшынём Рады БНР (фармальным кіраўніком дзяржавы)[12]. Замяніў на гэтай пасадзе Яна Сераду[13]. Пасьля распаду БСГ стаў адным са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Як старшыня Рады імкнуўся давесьці да прызнаньня незалежнасьці БНР на міжнароднай арэне, а таксама прадухіліць страту тэрыторыяў, якія палітыкі БНР разглядалі, як частку іх дзяржавы. 7 кастрычніка разам з прэм’ер-міністрам Янам Серадой прадставіў канцлеру Нямеччыны пратэст супраць перадачы беластоцкага, бельскага і гарадзенскага паветаў[14]. 20 кастрычніка быў часткай дэлегацыі БНР да канцлера Нямеччыны, якая павінная была данесьці просьбу аб прызнаньні БНР Нямеччынай і просьбу аб фармаваньні беларускага войска. Дэлегацыя не была прынятая. 22 кастрычніка быў адным з прадстаўнікоў БНР, які папрасіў прэзыдэнта ЗША аб прызнаньні дзяржавы, палітычнай падтрымцы і абароне тэрыторыі пасьля эвакуацыі нямецкіх войскаў[15].

У 1919 годзе пасьля акупацыі Гарадзеншчыны і Віленшчыны Войскам польскім Язэп Лёсік удзельнічаў у размовах з генэральным камісарам Ежы Асмалоўскім на тэму палітычнай будучыні тых зямель, у тым ліку пра плебісцыт[16]. 10 жніўня ў Менску ўвайшоў у склад утворанага там Часовага беларускага нацыянальнага камітэту — нацыянальнага прадстаўніцтва беларусаў, якое не выключала фэдэрацыі з Польшчай пры ўмове прызнаньня БНР[17].

19 верасьня 1919 году ў якасьці старшыні БНР прыняў удзел у сустрэчы з кіраўніком польскай дзяржавы Юзэфам Пілсудзкім ў Менску. У ходзе сустрэчы дэлегацыя папрасіла Пілсудзкага аб прызнаньні незалежнасьці і цэласнасьці БНР, дазваляючы аднаўленьне працы яго органаў, аб паступовай перадачы ўлады ў рукі Рады, аб фармаваньні беларускага войска і сумеснай барацьбе супраць бальшавікоў. Дэлегацыя не атрымала якіх-небудзь абавязацельстваў з боку польскага лідэра[18].

Дзейнасьць пасьля расколу ў Радзе БНР

13 сьнежня 1919 году ён прыняў удзел у пасяджэньні Рады БНР у Менску. На наступны дзень пасяджэньне было сарванае, а дэлегаты Рады БНР пакінулі будынак. У ім засталося 8 чальцоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, 3 чальцы Беларускай партыі сацыялістаў-фэдэралістаў і некалькі асобаў, якія называлі сябе дэлегатамі Рады БНР. Гэтая група зьдзейсьніла пераварот супраць Рады[19]. Астатняя частка Рады сустрэлася ў прыватнай кватэры Аляксандра Ўласава, дзе была створаная Найвышэйшая рада БНР. Язэп Лёсік стаў яе чальцом[20].

20-24 сакавіка ўдзельнічаў у перамовах паміж прадстаўнікамі грамадзянскага ўпраўленьня ўсходніх зямель і беларускім акружэньнем. Лёсік прадстаўляў на перамовах пазыцыю Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны, у адпаведнасьці зь якой беларускі бок зьвяртаецца да польскіх уладаў з просьбай абараніць усю Беларусь, прызнаць волю беларускага народа, прызнаць роўнасьць беларускай мовы і спрыяць разьвіцьцю беларускай адукацыі. Пры гэтым беларускія палітыкі падкрэсьлілі, што чакаюць незалежнасьці БНР, але бачаць яе будучыню ў зьвязе з Польшчай[21]. Польскі бок ня выканаў патрабаваньняў.

У 1919—1920 гг., у той час, калі Менск знаходзіўся пад польскай акупацыяй, Лёсік супрацоўнічаў зь беларускамоўнымі часопісамі «Звон» і «Беларусь», якія там выдаваліся. Некаторы час быў таксама рэдактарам другога[22].

Дзейнасьць у БССР

У ліпені 1920 пасьля паўторнай акупацыі Менску бальшавікамі і ў канцы польска-савецкай вайны абвясьціў аб «прызнаньні прынцыпаў Савецкай улады» і адышоў ад палітычнай дзейнасьці[22]. Закінуў палітычную дзейнасьць і заняўся навуковай, культурнай, адукацыйнай і літаратурнай працай. Зь ліпеня 1921 году выкладаў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце і ў Беларускім пэдагагічным тэхнікуме. У 1922 годзе быў абраны чальцом Інбелкульту. Прыняў удзел у рабоце Тэрміналягічнай камісіі Інбелкульту, і з пачатку 1930-х гадоў ён займаў пасаду яе прэзыдэнта. У 1927 годзе ён быў прызначаны дырэктарам Інстытуту беларускай мовы, і ў 1928 годзе — чальцом і акадэмікам Акадэміі навук Беларусі[22].

Савецкія рэпрэсіі і сьмерць

У 1922 годзе быў выдадзены яго падручнік «Практычная граматыка беларускае мовы», які быў нэгатыўна прыняты савецкімі ўладамі, а газэта «Звязда» нават абвясьціла яго «контррэвалюцыйным». У пачатку лістапада 1922 году быў арыштаваны, але ў сьнежні быў выпушчаны пасьля ўмяшаньня наркама асьветы Ўсевалада Ігнатоўскага.

Пасьля ўдзелу ў Беларускай акадэмічнай канфэрэнцыі пачаўся перасьлед Лёсіка ды іншых дзеячаў беларускай культуры: Некрашэвіча, Смоліча, Ластоўскага і іншых. 14 ліпеня 1930 г. Язэп Лёсік быў арыштаваны па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» на курорце ў Мацэсьце (Сочынскі раён, Чарнаморская акруга, Паўночна-Каўкаскі край, Расейская СФСР), дзе ён лячыўся ад ішыясу: 2 гады ня мог хадзіць бяз кія. Закончыць курс лячэньня яму не далі, з Каўказу арыштаваным прывезьлі ў Менск і пасадзілі ў турму Дзяржаўнай палітычнай управы НКУС, так званую «амэрыканку». Адначасна зь ягоным арыштам у ягоным доме на Шпітальнай вуліцы праходзіў ператрус. Пачаўся ператрус а 10-й гадзіне ўвечары і працягваўся да 8-й гадзіны раніцы.

6 сьнежня 1930 г. Савет народных камісараў БССР на патрабаваньне бюро Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі пазбавіў яго званьня акадэміка[23][24]. Пастановай Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 году сасланы на 5 гадоў у Саратаўскую вобл. у г. Аткарск на Волзе (Саратаўская губэрня, Расейская СФСР). Тут яму дазволілі працаваць у пэдагагічным тэхнікуме, дзе ён выкладаў расейскую мову і літаратуру. Потым перайшоў у такі ж тэхнікум у Дубоўцы, таксама на Волзе. У лістападзе 1934 году атрымаў амністыю ВЦВК без права вяртаньня ў Менск[25]. У 1935 і 1936 гадах прыяжджаў у Менск у НКУС, але не дабіўся дазволу жыць у Беларусі.

Пераехаў у Бранск (Расейская СФСР), ды ня здолеў знайсьці падыходзячую працу і быў накіраваны ў Навазыбкаў (Бранская вобласьць), дзе яму прапанавалі пасаду настаўніка ў школе каля станцыі Злынка. Ад Злынкі недалёка да Гомлю (Беларуская ССР), і таму Язэп зь сям’ёй часта езьдзіў у Гомель, каб паглядзець беларускія тэатральныя пастаноўкі і хоць такім чынам адчуць сваю блізкасьць да роднай Беларусі. Але Язэпу не давялося тут закончыць і навучальнага году. НКУС патрабаваў неадкладнага выезду туды, куды быў высланы, г. зн. зноў у Саратаўскую губэрню. Ён жыў у вёсцы Дубоўка, дзе працаваў у школе настаўнікам, але быў звольнены. Восеньню 1937 году сям’я пераехала ў горад Аткарск, дзе ён працаваў у якасьці выкладчыка расейскай мовы і літаратуры ў пэдагагічным тэхнікуме[22]. Нязначны выпадак сутычкі аднаго камсамольца-студэнта зь Язэпам на пэдагагічным грунце — з прычыны дрэннай адзнакі — прывёў да таго, што на яго быў напісаны лжывы данос у справе працы ў пэдагагічным вучылішчы.

Арыштаваны 25 чэрвеня 1938 году па справе «Контррэвалюцыйнай арганізацыі палітссыльных у Саратаве»[25]. 31 сакавіка 1940 году на спэцыяльным пасяджэньні НКУС быў прыгавораны да пяці гадоў ГУЛАГу. Памёр на наступны дзень у Саратаўскай турме, паводле афіцыйнай вэрсіі ад сухотаў[7]. Паводле іншай крыніцы быў застрэлены адразу пасьля абвяшчэньня прысуду[22]. У гэты час ён быў зусім здаровы і нельга было думаць, што неўзабаве памрэ. Але не прайшло году, як жонка атрымала паведамленьне, што Язэп памёр. У апошні раз яго сям’я мела кантакт зь ім 16 ліпеня 1938 году, калі атрымала разьвітальную паштоўку[22]. Месца яго пахаваньня невядомае.

Рэабілітацыя

Быў пасьмяротна двойчы рэабілітаваны: 8 кастрычніка 1958 году па другім прысудзе праз Акруговы суд Саратава і 10 чэрвеня 1988 году — Вярхоўным Судом Беларускай ССР па першы прысудзе[7][22][25].

У 1990 годзе яму вярнулі званьне акадэміка. Групавая справа Лёсіка і іншых разам з фатаздымкамі захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі (№ 20951-с)[25].

Сям’я

Язэп Лёсік з жонкай Вандай Лявіцкай і дзецьмі Юрасём, Люцыяй і Алесяй

З восені 1917 — у шлюбе з Вандай Лявіцкай, дачкой Ядвігіна Ш.. У іх было трое дзяцей (Юрась, Люцыя, Алеся)[25].

Навуковая дзейнасьць

Удзельнік Беларускага навуковага зьезду. Сябра Інбелкульту (1921—1930). Удзельнік Беларускай акадэмічнай канфэрэнцыі (1926).

Адназначна выступаў за захаваньне кірылічнага альфабэту. Дужа ўхваляў «навуковасьць і лягічнасьць» сэрбскай кірылічнай азбукі.

У 1923—1925 выступіў з крытыкай граматыкі Тарашкевіча, прапаноўваў значныя зьмяненьні ў беларускім альфабэце, правапісе, граматыцы, прызначаныя да іх спрашчэньня, асноўваючыся на народнай беларускай традыцыі. Між іншым, у альфабэце: замены «ы->и», «й->ј», «э->є», увядзеньне літар «ӡ» і «ӡ̌» для перадачы афрыкат «дз» і «дж»; у правапісе: напісаньне галосных «я, е, ё, ю» на пачатках складоў у форме «ј+а, е, о, у», значнае пашырэньне прынцыпу «аканьня», скасаваньне мяккага знаку («мёртвай літары») між падвойных зычных і пасьля «з-с, ц-дз» перад мяккімі зычнымі.

Пэдагогіка

Адзін зь першых арганізатараў бясплатных беларускіх курсаў (Менск, восень 1917), ініцыятар аднаўленьня «Беларускага вучыцельскага хаўрусу», адзін з аўтараў яго статуту. Выкладчык у БДУ (1921-—1930). Аўтар шэрагу падручнікаў па беларускай мове: «Практычная граматыка» (1921)[26], «Беларуская мова. Пачатковая граматыка» (1924), «Беларуская мова. Правапіс» (1924)[27].

Літаратурная дзейнасьць

Першы вядомы твор: апавяданьне «Рабы Міхась Крэчка, што быў за судзьдзю», надрукаваны ў «Нашай Ніве» (19 ліпеня 1912). Апавяданьне «Не ўсе ж разам, ягамосьці!..» выходзіла асобнай кніжкай (1914). «Апавяданьне бяз назвы» (друк. у газэтах «Вольная Беларусь» і «Беларусь», 1917—1920). Зборнік апавяданьняў «Родныя вобразы» забаронены да друку Галоўлітам БССР з-за «нацыяналістычнага», «рэлігіёзна-дагматычнага» характару ў 1921.

Некалькі вядомых вершаў. Шмат твораў у публікацыях і рукапісах страчаныя.

Пераклаў на беларускую мову «Камуністычны Маніфэст» (1923).

Ацэнкі

Як літаратар адзначаны як «талентны апавяданьнік», яго творчасьць як «вельмі нацыянальная, народна-беларуская…» (М. Гарэцкі, 1919). У пазьнейшыя савецкія часы (1960—1970-я) адзначалася, што ён «у творах… дапускаў памылкі нацыяналістычнага характару».

Крыніцы і заўвагі

  1. ^ Язэп Лёсік. Творы: Апавяданні. Казкі. Артыкулы / Уклад., прадм. і камент. А. Жынкіна. — Мн.: Маст. літ., 1994. С. 325.
  2. ^ Мяснікоў, А. Сто асоб беларускай гісторыі : гістарычныя партрэты / А. Мяснікоў. — 2-е выд., дапрац. — Мінск : Литература и искусство, 2009. — 344 с.
  3. ^ Лёсік Я. 1921—1930: Зб. тв. / Уклад., прадм. і камент. А. Жынкіна. — Мн.: НАРБ; Выд. Логвінаў, 2003. — 396 с. — [[Спэцыяльныя:BookSources/985-6372-31-3 (НАРБ); 985-6701-29-5 (І. П. Логвінаў)|ISBN 985-6372-31-3 (НАРБ); 985-6701-29-5 (І. П. Логвінаў)]]
  4. ^ а б в Антон Лёсік (4 верасьня 2008) З жыцця Язэпа Лёсіка. Праект Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі «Пакаяньне». Праверана 6 жніўня 2009 г.
  5. ^ ’Гарон, А.’ «Новая земля» дзядзькі Антося: малавядомыя старонкі з жыцця Якуба Коласа / Антаніна Гарон // Звязда. — 2007. — 31 кастрычніка. — С. 7.
  6. ^ а б в Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 302
  7. ^ а б в Маракоў Л. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Т. 2.
  8. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 289
  9. ^ а б Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 297
  10. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 295
  11. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 298—299
  12. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 302, 314
  13. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 281
  14. ^ Dorota Michaluk. Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 328
  15. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 333
  16. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 417
  17. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 455
  18. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 462
  19. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 484
  20. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 485—486
  21. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 497—498
  22. ^ а б в г д е ё Біяграфія Язэпа Лёсіка, на сайце Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа.
  23. ^ Мікалай Галадзед Пастанова Савета Народных Камісараў БССР ад 6 снежня 1930 г. аб пазбаўленні годнасці акадэмікаў // На крутым павароце / Расьціслаў Платонаў. — Менск: БелНДІДАС, 1999. — С. 298. — 385 с. — 100 ас. — ISBN 985-6099-48-x
  24. ^ Канстантын Гей. Рэзалюцыя бюро ЦК КП (б)Б ад 6 снежня 1930 г. аб кампаніі пратэсту ў сувязі са справай нацдэмаў // На крутым павароце / Расьціслаў Платонаў. — Менск: БелНДІДАС, 1999. — С. 297-298. — 385 с. — 100 ас. — ISBN 985-6099-48-x
  25. ^ а б в г д Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  26. ^ Паўтор граматыкі Тарашкевіча 1918.
  27. ^ Граматыка 1921 з пэўнымі зьмяненьнямі і дапаўненьнямі.

Літаратура

  • Язэп Лёсік. Творы: Апавяданні. Казкі. Артыкулы / Уклад., прадм. і камент. А. Жынкіна. — Мн.: Маст. літ., 1994. — 335 с, [1] л. партр.; [8] л. іл. — (Спадчына). ISBN 5-340-01250-6.

Вонкавыя спасылкі

Язэп Лёсіксховішча мультымэдыйных матэрыялаў