Язэп Гашкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Восіп Антонавіч Гашкевіч
Иосиф (Осип) Антонович Гошкевич.jpg
1-ы консул Расейскай імпэрыі ў Японіі
5 лістапада 1858 — 1865
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 16 (28) красавіка 1814
вёска Стралічаў, Рэчыцкі павет
Памёр: 5 кастрычніка 1875(1875-10-05) (61 год)
вёска Малі, Ашмянскі павет, Віленская губэрня
Дзеці: Сын: Восіп Восіпавіч Гашкевіч (ад другога шлюбу)
Бацька: Антон Іванавіч Гашкевіч
Маці: Глікерыя Якаўлеўна Гашкевіч
Род: Гашкевіч
Адукацыя: Пецярбурская духоўная акадэмія(en) (1839)
Узнагароды:
Ордэн Сьвятой Ганны
ІІ ступені (1857),
Ордэн сьвятога Станіслава
ІІІ ступені, Дзямідаўская прэмія(en) (1857)

Во́сіп Анто́навіч Гашке́віч — дыплямат, навуковец-мовазнавец, дасьледчык Японіі і Кітаю, натураліст, арыенталіст.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 4 (16) красавіка 1814 г. у сям’і сьвятара Сьвята-Міхайлаўскай царквы вёскі Стралічаў на Хойніччыне (колішні Рэчыцкі павет Менскай губэрні). Навучаўся ў царкоўна-прыходзкай школе(ru), дзе настаўнікам быў ягоны бацька. У 12 гадоў паступіў у Менскую духоўную сэмінарыю(ru). Скончыў Пецярбурскую духоўную акадэмію (1839), дзе авалодаў ангельскай, габрэйскай, грэцкай, лацінскай, нямецкай і францускай мовамі. У 1839 годзе выдаў літаграфскім спосабам Біблію, што зьмяшчала першы пераклад старазапаветных кніг з габрэйскай мовы на расейскую.

У 1839—1849 гадах у складзе Расейскай духоўнай місіі ў Пэкіне. Дасьледаваў культуру Кітаю, вывучаў кітайскую, карэйскую і японскую мовы. Адначасова займаўся пытаньнямі астраноміі і мэтэаралёгіі, сабраў калекцыю насечнікаў. У якасьці драгамана (перакладчыка) суправаджаў на фрэгаце «Палада» дыпляматычную місію Я. В. Пуцяціна ў Японію (1852—1855). 3ь ягоным удзелам заключаны Сімодзкі трактат — першая расейска-японская дамова, якая паклала пачатак двухбаковым дыпляматычным і гандлёвым адносінам[1]. Па дарозе зь Японіі захоплены ў палон ангельцамі (з прычыны Крымскай вайны 1853—1856), знаходзіўся ў Ганконгу, потым у Вялікабрытаніі. У 1856 вярнуўся ў Расею.

У 1858—1865 гадах першы расейскі консул у Японіі (на Хакадатэ), адначасова выкладаў у Хакадацкай расейскамоўнай школе. Адзін зь першых замежнікаў, якому дазволілі наведаць унутраную Японію, у тым ліку двор сёгуна (правіцеля Японіі) у Эда (цяпер Токіё). Пасьля адмены ў Японіі забароны на пропавед хрысьціянства, Гашкевіч зьвярнуўся ў Сынод з просьбаю даслаць годнага сьвятара. Дасланы быў айцец Мікалай Касаткін, пазьней кананізаваны Праваслаўнаю Царквою як сьвяціцель Мікалай Японскі. Пасьля сьмерці жонкі ў 1864 годзе вярнуўся ў 1865-ым у Пецярбург. У кастрычніку 1867 выйшаў у адстаўку і жыў у маёнтку Малі (цяпер Астравецкі раён), дзе працягваў займацца ўсходняй філялёгіяй. Узяў другі шлюб з дачкой адстаўнога палкоўніка(en).

Шматлікія калекцыі флёры і фаўны паўднёвай Афрыкі і паўднёва-ўсходняй Азіі, сабраныя ў час падарожжаў, Гашкевіч перадаў Заалягічнаму музэю Акадэміі Навук у Пецярбурґу. Выдадзены ім першы ў Расеі «Японска-расейскі слоўнік» (1857, разам з Тацібана Каосай) адзначаны мэдалём Пецярбурскай АН і Дзямідаўскай прэміяй. Дасканала валодаў 13 мовамі.

Паводле мэтрычнага запісу (Дзяржаўны гістарычны архіў Летувы. Ф. 605. Воп. 20. Спр. 484. А. 6 адв.), спачыў 3 (15) траўня 1875 г. Пахаваны на праваслаўных могілках у Астраўцы (сёньня не існуюць, а раней месьціліся ля касьцёлу (тады царквы) сьвятых Казьмы і Даміяна)[2].

Ушанаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ягонае імя носяць вуліца ў Менску, заліў у Паўночнай Карэі (па-карэйску: Чосанман) і некаторыя дасьледаваныя ім невядомыя вусякі. У японскім пасёлку Хэда(en) (прэфэктура(en) Сідзуока(en), востраў Хансю) ёсьць музэй з матэрыяламі пра Восіпа Гашкевіча, у гарадку Фудзі(en) (прэфэктура Сідзуока) стаіць помнік(en) чальцам фрэгата(en) «Дыяна», на якім значыцца прозьвішча і Гашкевіча. У горадзе Хакадатэ(en) (востраў Хакайда), дзе было першае расейскае консульства(simple), у 1989 годзе ўстанавілі ў музэі бронзавы бюст(be) Восіпа Гашкевіча. Таксама бюст паставілі і ў Астраўцы (Гарадзенская вобласьць, Беларусь)[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Дзве даты // «Звязда» №176 (26784), 9 верасьня 2010
  2. ^ Сяргей Расолька Не сорамна і перад японцамі // Зьвязда : Газэта. — 6 верасьня 2008. — № 168 (26280). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Анатоль Бутэвіч. Беларускі знаўца Японіі // Зьвязда : газэта. — 16 кастрычніка 2001. — № 212 (24328). — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]