Вайна за незалежнасьць Эстоніі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вайна за незалежнасьць Эстоніі
Мапа вайсковых дзеяў
Дата: 28 лістапада 1918 — 2 лютага 1920
Месца: Эстонія, Латвія, паўночна-заходняя Расея
Вынік: Перамога Эстоніі
Тэрытарыяльныя
зьмены:
Утварэньне незалежнай Эстоніі
паўночная Латвія і Рыга адышлі да Латвійскай рэспублікі
Супернікі
Эстонія ЭстоніяРасейская Савецкая Фэдэратыўная Сацыялістычная Рэспубліка Расейская СФСР Балтыйскі ляндэсвэр
Камандуючыя
Ёган ЛяйданэрДзьмітры НадзёжныРудыгер фон дэр Гольц
Колькасьць
7 студзеня 1919: 4450 чалавек[2], у тым ліку 2000 фінскіх валянтэраў + адпаведная колькасьць афіцэраў[3], балтыйскі батальён
Сьцяг Расеі швадрон Бібікава, 25 гарматаў, 128 кулямётаў, 4 бронецягнікі,
6-я лёгкая крэйсэрская эскадра Каралеўскага флёту[2]
травень 1919: 86 000 чалавек, у тым ліку:
Сьцяг Расеі Паўночныя карпусы (2750),
Сьцяг Латвіі Паўночная латвійская брыгада (1500),
Балтыйскі батальён,
Інгрыйскі батальён, швэдзкія і дацкія дабраахвотнікі[1]
1-я лёгкая крэйсэрская эскадра
7 студзеня 1919: 5750—7250 чалавек, 26 гарматаў, 141 кулямёт, 1 бронецягнік, 3 бронемашыны[2]
травень 1919: 80 000 чалавек[1]
чэрвень 1919: 20 000 чалавек[1]
Страты
5000 забітыя
15 000 параненыя[1]
невядома
10 000 паланёныя[4]
400 забітыя
1500 параненыя[5]
Гісторыя Эстоніі
Герб Эстоніі

Вайна́ за незале́жнасьць Эсто́ніі (па-эстонску: Vabadussõda, літаральна «Вызвольная вайна»), таксама вядомая як Эсто́нская вызво́льная вайна́ — абарончая кампанія Эстонскай арміі і яе хаўрусьнікаў — белагвардзейскай Паўночна-Заходняе арміі, Латвіі і Аб’яднанага каралеўства — супраць надыходзячых сілаў савецкага Заходняга фронту і агрэсіі Балтыйскага ляндэсвэру. Вынікам перамогі ў вайне стала здабыцьцё незалежнасьці Эстоніі і заключэньне Тартускае дамовы.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У лістападзе 1917, па развале Расейскай імпэрыі, абраная ўвесну Земская рада Эстляндыі(et) абвясьціла сябе найвышэйшай уладай. Неўзабаве бальшавікі распусьцілі раду і здушылі падпольны незалежніцкі рух у сталіцы Эстоніі Таліне, аднак ненадоўга. Скарыстаўшыся момантам паміж адступленьнем Чырвонай Арміі і прыходам імпэрскага войска, Камітэт выратаваньня Эстонскага нацыянальнага сходу 24 лютага 1918 року абвясьціў незалежнасьць Эстоніі[6] і сфармаваў Часовы ўрад. Гэты скорамінучы пэрыяд незалежнасьці скончыўся наступным днём з уваходам у Талін немцаў. Кайзэраўскія ўлады не прызналі ані часовы ўрад, ані абвяшчэньне ім незалежнасьці.

Хада вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Браты, сьпяшайцеся далучыцца да народнай арміі!» Агітацыйны плякат (1918)

Пасьля Нямецкае рэвалюцыі і капітуляцыі Імпэрыі, у пэрыяд 11—14 лістапада 1918 прадстаўнікі нямецкага ўраду фармальна перадалі палітычную ўладу Часоваму эстонскаму ўраду. 16 лістапада ён абвясьціў дабраахвотную мабілізацыю і заняўся стварэньнем Эстонскай арміі. Канстантын Пятс быў прызначаны вайсковым міністрам, генэрал-маёр Андрэс Лярка — кіраўніком штабу, генэрал-маёр Аляксандар Тынісан — галоўнакамандуючым Эстонскай арміі, якая на той момант складалася з аднае дывізіі.

Наступ Саветаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

28 лістапада 1918 на паўночным флянгу Заходняга фронту 6-я стралковая дывізія атакавала аддзелы Эстонскай абарончае лігі (часткова набранае з вучняў школ) і нямецкі пяхотны полк № 405, якія займаліся аховай памежнага места Нарва. Такім чынам пачалася вайна Савецкай Расеі з Эстоніяй.

Наступнага дня 6-я дывізія захапіла Нарву, нямецкі 405-ы полк адышоў на захад. 2-я Наўгародзкая дывізія падыходзіла з поўдня возера Пэйпус. На Раство 6-я дывізія захапіла чыгуначны вузел Тапа і стаяла за 34 км ад Таліну. Эстонскія бальшавікі абвясьцілі ў Нарве Эстляндзкую працоўную камуну. 49-ы полк чырвоных латыскіх стралкоў 18 сьнежня захапіў чыгуначны вузел Валга, а на Раство ўзяў Тарту.

Да канца году 7-я армія бальшавікоў кантралявала тэрыторыю ўздоўж лініі за 34 км на ўсход ад Таліну, на захад ад Тарту і на поўдзень ад Айнажы[7].

Прызначаны вярхоўным галоўнакамандуючым палкоўнік Ёган Лайданэр да 23 сьнежня 1918 меў 600 афіцэраў і 11 000 валянтэраў. Ён рэарганізаваў войска, стварыўшы на поўдні краіны 2-ю дывізію на чале з палкоўнікам Віктарам Пускарам, а таксама арганізаваўшы падразьдзяленьні камандас. Урад таксама атрымаў замежную дапамогу ад Фінляндыі (2000 дабраахвотнікаў, 5000 стрэльбаў, 20 гарматаў і боепрыпасы) і Вялікабрытаніі (6500 стрэльбаў, 200 кулямётаў і 2 гарматы). Пры гэтым эскадра Каралеўскага флёту захапіла і прывяла ў эстонскі порт два бальшавіцкія эскадраныя мінаносцы «Спартак» і «Аўтраіл», якія былі перайменаваныя ў «Вамбала» і «Ленук». У Таліне былі сабраныя тры бронецягнікі.

Вызваленьне эстонскай тэрыторыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першае сьвяткаваньне Дня незалежнасьці Эстоніі. 24 лютага 1919

Да пачатку 1919 року Эстонская армія павялічыла сваю колькасьць да 13 000 чалавек. 2—5 студзеня 1919 эстонцы здолелі спыніць наступ 7-й арміі бальшавікоў, а 7 студзеня перайшлі ў контарнаступ. Праз два дні была вызваленая Тапа, у гэтай бітве значную ролю адыграла выкарыстаньне бронецягнікоў. За гэтым пераломным посьпехам наступавала вызваленьне Раквэрэ 12 студзеня.

17 студзеня эстонскі дэсант, які складаўся пераважна зь фінскіх дабраахвотнікаў, высадзіўся ў тыле 6-й стралковай дывізіі бальшавікоў, адрэзаўшы ім шлях да адступленьня на ўсход. Наступным днём Нарва была ўзятая з боем, пасьля чаго паўночна-ўсходні фронт стабілізаваўся ўздоўж ракі Нарва.

На паўднёвым тэатры вайсковых дзеяньняў дзякуючы хуткаму перамяшчэньню бронецягнікоў і Тартускага партызанскага батальёну быў вызвалены Тарту. Пасьля гэтага 2-я эстонская дывізія з дапамогай тартускіх партызанаў і фінскіх валянтэраў 31 студзеня выбіла латыскіх стралкоў з Валгі ў бітве пад Паю.

У лютым падзеі перайшлі за межы сучаснай Эстоніі. Былі заваяваныя Салацгрыва і Алукснэ на тэрыторыі цяперашняй Латвіі. Такім чынам, Эстонія стала першай зь дзяржаваў, што спынілі прасоўваньне Чырвонай арміі на захад[8].

У другой палове лютага, аднак, бальшавікі перайшлі ў наступ. Яны здолелі сабраць падмацаваньне з 80 000 навабранцаў, якія ўтварылі гэтак званую Эстонскую Чырвоную армію. На паўночным фронце бальшавікі бамбавалі Нарву, пакінуўшы каля 2000 чалавек бяз даху над галавой, аднак ня здолелі захапіць места. Большая частка чырвоных войскаў была сканцэнтраваная на поўдні, дзе яны да 15 сакавіка ўзялі пад кантроль паветы Алукснэ, Сэтумаа, Вастсэлійна і Рапіна.

Пасьля падыходу падмацаваньня 2-я Эстонская дывізія перайшла ў контарнаступ, узяла Пяцэры і адкінула чырвоных за раку Апцёк(ru). 27 сакавіка на заходнім флянзе паўднёвага фронту разьмясьцілася 3-я эстонская дывізія пад даводзтвам генэрал-маёра Эрнста Пыдэра[9]. Цяжкія баі працягваліся тут да першай паловы траўня. Найбольш напружаная сытуацыя склалася пад Выру, дзе 22 красавіка бальшавікі падышлі на адлегласьць 1,5 км да места.

25 красавіка латвійскія стралкі ўзялі Руіену, аднак неўзабаве былі адкінутыя 3-й дывізіяй да лініі Салацгрыва — Сэда — рака Гаўя[10].

Стварэньне замежных аддзелаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эстонскія марпехі з эскадранага мінаносцу Вамбала. Травень 1919

5-7 красавіка 1919 адбыліся выбары ў Эстонскі Ўстаноўчы сход. Большасьць месцаў па выніках выбараў атрымалі левыя і цэнтрысцкія партыі[11]. 120 чальцоў Устаноўчага сходу на першым паседжаньні 23 красавіка абралі старшынём сацыял-дэмакрата Аўгуста Рэя. Наўзамен часоваму ўраду прыйшоў урад, сфармаваны Ота Страндманам. 4 чэрвеня Ўстаноўчы сход прыняў часовую канстытуцыю[12]. 10 кастрычніка была ўхваленая зямельная рэформа, паводле якой маёнткі балтыйскіх немцаў канфіскоўваліся і перадаваліся ва ўласнасьць іншым[13].

Эстонія актыўна дапамагала арганізоўваць на ўласнай тэрыторыі белагвардзейскія, латвійскія і інгерманляндзкія аддзелы. Яшчэ ад сьнежня 1918 року дзейнічаў Паўночны корпус беларасейцаў. 18 лютага 1919 было падпісанае пагадненьне між Эстоніяй і Латвіяй, паводле якога было дазволена фармаваньне латвійскіх вайсковых адзінак пад эстонскім даводзтвам, але толькі для дзеяньняў на паўднёвым фронце. У сакавіку падобнае пагадненьне было заключанае з Інгерманляндзкім нацыянальным народным камітэтам. У траўні 1919 нацыянальныя адзінкі на тэрыторыі Эстоніі складалі 6000 расейцаў, 4000 латышоў і 700 інгерманляндзцаў[14].

Наступ Белай гвардыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нягледзячы на тое, што эстонская армія кантралявала ўсю тэрыторыю краіны, пагроза ад чырвоных заставалася. Таму вярхоўнае камандаваньне вырашыла адсунуць лінію фронту далей у бок Расеі, скарыстаўшыся дзеля гэтага дапамогай Паўночнага корпусу расейскай Белай арміі. 13 траўня Паўночны корпус нечакана для бальшавікоў перайшоў у наступ пад Нарвай, разьбіўшы іхнюю 6-ю дывізію[15]. Адначасна ўздоўж Фінскае затокі наступ распачалі брытанскі і эстонскі флёт і марская пяхота. З набліжэньнем фронту ўзбунтаваўся гарнізон форту Красная Горка, аднак 7-я армія бальшавікоў здолела адкінуць беларасейцаў.

Таксама 13 траўня рушыў наперад пецарскі ўзброены аддзел. 25 траўня ён заняў Пскоў, разьбіўшы Эстонскую Чырвоную армію і вызваліўшы ад бальшавікоў тэрыторыю да ракі Вялікай[16]. Празь некалькі дзён дзеля аховы ў Пскоў прыбылі белагвардзейцы і пачалі мабілізацыйную кампанію па ўсёй вобласьці. 19 чэрвеня 1919 эстонскі галоўнакамандуючы генэрал Ёган Ляйданэр спыніў кіраваньне войскамі белых, пасьля чаго яны сталі звацца Паўночна-Заходняй арміяй і неўзабаве перайшлі пад кантроль генэрала Мікалая Юдзеніча[15].

Урэшце фронт усталяваўся па лініі рэк Луга і Саба[17].

Вайна супраць Ляндэсвэру[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

5 чэрвеня 1919 на паўднёвым фронце ў Латвіі выбухнула вайна з Балтыйскім ляндэсвэрам. Латвійскія дэмакраты на чале з Карлісам Улманісам абвясьцілі незалежнасьць падобна да эстонцаў, аднак неўзабаве Саветы адкінулі іх да Ліепаі. Іхні наступ быў спынены толькі нямецкім VI рэзэрвовым корпусам. Нямецкіх войскі ў Латвіі пад даводзтвам гэнерала Рудыгера фон дэр Гольца складаліся са сфармаванага з балтыйскіх немцаў Балтыйскага ляндэсвэру, вартавое рэзэрвовае дывізіі з былых жаўнераў імпэрскага войска і Жалезнае дывізіі дабраахвотнікаў, якія спадзяваліся атрымаць за службу маёмасьць у Прыбалтыцы[18]. Цікава, што немцы абавязваліся мець на ўсходзе ўласныя войскі паводле ўмоваў замірэньня з заходнімі дзяржавамі, каб супрацьстаяць бальшавіцкай загрозе. У VI рэзэрвовы корпус таксама ўваходзіў 1-ы Незалежны латвійскі батальён, які складаўся з этнічных латышоў, ляяльных да Часовага ўраду Латвіі, пад даводзтвам Оскарса Калпакса[2].

Немцы забаранілі стварэньне латвійскага войска, 16 красавіка 1919 быў распушчаны Часовы ўрад. Наўзамен яго быў створаны марыянэткавы ўрад на чале з Андрыеўсам Ніедрам[19][20]. 23 траўня VI рэзэрвовы корпус адбіў у бальшавікоў Рыгу і працягнуў наступ на поўнач, выставіўшы патрабаваньне, каб эстонская армія адышла з тэрыторыі паўночнае Латвіі. Такім чынам нямецкія войскі плянавалі анэксаваць Эстонію.

3 чэрвеня генэрал Ляйданэр у сваю чаргу агучыў ультыматум, паводле якога немцы мусілі адысьці на поўдзень, перадаўшы шырокакалейку між Іерыкамі і Гулбэнэ пад эстонскі кантроль. 5 чэрвеня эстонскія бронецягнікі рушылі па гэтай чыгунцы з мэтай праверкі выкананьня ўльтыматуму ды былі атакаваныя Балтыйскім ляндэсвэрам[21]. Наступнага дню немцы занялі Цэсіс. Першыя сутычкі прадэманстравалі, што VI рэзэрвовы корпус быў мацнейшы і лепей узброены, чым бальшавікі. 10 чэрвеня з удзелам Антанты было заключанае замірэньне, аднак фон дэр Гольц адмовіўся выканаць патрабаваньні ўльтыматуму эстонцаў і пагражаў працягам вайсковых дзеяньняў у выпадку, калі эстонцы не пакінуць Латвію. 19 чэрвеня баі з Жалезнай дывізіяй узнавіліся пад Лімбажы і Страўпэ, аднак немцы ня здолелі прасунуцца наперад. 23 чэрвеня 3-я эстонская дывізія перайшла ў контарнаступ і заняла Цэсіс. Гадавіна гэтай бітвы (эст. Võnnu lahing) цяпер сьвяткуецца ў Эстоніі як Дзень перамогі.

Пасьля гэтага 3-я дывізія эстонцаў рушыла да Рыгі. 3 ліпеня, калі яны ўжо стаялі ў ваколіцах места, Антанта запатрабавала спыніць баявыя дзеі, і Часовы ўрад Улманіса аднавіў сваю працу. Нямецкія войскі мелі пакінуць тэрыторыю Латвіі, аднак каб абысьці гэта, VI Рэзэрвовы корпус далучыўся да расейскае Заходняе дабраахвотніцкае арміі пад даводзтвам Паўла Бэрманта-Авалава[16]. У кастрычніку гэтая расейская вайсковая адзінка атакавала Рыгу. На запыт латышоў з Эстоніі дзеля абароны былі перакінутыя два бронецягнікі. Эстонскія вайскоўцы таксама дапамагалі абараняць межы Латвіі ад бальшавікоў на паўночным фронце ля возера Лубанс[22].

Заключны пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вярхоўнае камандаваньне эстонскай арміі (1920)

Савецкая Расея зь вясны 1919 року прадпрымала спробы заключыць мірнае пагадненьне. 25 красавіка 1919 вугорскія камуністы прапанавалі паслугі пасярэдніцтва на перамовах між бальшавікамі і эстонцамі, аднак апошнія былі вымушаныя адмовіцца ад прапановы пасьля пагрозаў брытанскага адмірала Ковэна спыніць аказаньне вайсковай дапамогі[23]. Пасьля гэтага бальшавікі перадавалі прапановы па мірным вырашэньні канфлікту ў радыётрансьляцыях 27 і 28 красавіка. Улетку, пасьля роспуску Эстляндзкай камуны, адбылося яшчэ некалькі запрашэньняў да перамоваў, і 16 верасьня дэлегацыі абодвух бакоў сустрэліся. Абмеркаваньне скончылася пасьля прапановы Эстоніі запрасіць да ўдзелу ў супольных перамоваў таксама прадстаўнікоў Латвіі, Летувы і Фінляндыі[24].

28 верасьня 1919 Паўночна-Заходняя армія распачала наступ на Петраград пад кодавай назвай «Белы меч», у якой на патрабаваньне Антанты брала ўдзел і Эстонія[25]. Асноўныя эстонскія сілы адначасна па сушы і флёце атакавалі форт Красная Горка, у той час як 2-я дывізія намагалася зьнішчыць масты праз раку Вялікую, а 3-я дывізія наступала ў кірунку Пыталава. Пад Петраградам Чырвоная армія здолела нанесьці паразу Белай гвардыі, пасьля чаго эстонскае вышэйшае камандаваньне дала загад раззброіць і інтэрнаваць рэшткі белагвардзейцаў, што адышлі за Нарву[26].

7-я і 15-я савецкія арміі, разьбіўшы белых, працягнулі наступ на ўмацаваныя пазыцыі эстонцаў пад Нарвай. На гэтым этапе 120-тысячным бальшавіцкім сілам супрацьстаялі 40 000 эстонскіх вайскоўцаў[27]. 16 сьнежня склалася крытычная сытуацыя, калі перадавыя аддзелы 15-й Арміі перайшлі Нарву, аднак наступнага дня былі адкінутыя. Эстонскае вярхоўнае камандаваньне актыўна пераўзброіла 1-ю дывізію, камандуючым Вірскім фронтам стаў генэрал Тынісан. Страціўшы ў цяжкіх сутычках 35 000 чалавек, Чырвоная Армія спыніла наступ да канця сьнежня[27].

19 лістапада новы ўрад Яана Тынісана вырашыў аднавіць перамовы з Савецкай Расеяй без удзелу іншых прыбалтыйскіх дзяржаваў.[28]. Сьнежаньскія перамовы па тэрытарыяльных зьменах праходзілі на тле цяжкіх бітваў пад Нарвай. Нарэшце 31 сьнежня 1919 было заключанае замірэньне, якое ўвайшло ў сілу 3 студзеня 1920[29].

Замежная падтрымка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Талін прыбываюць фінскія валянтэры. Сьнежань 1918

Грунтоўная заангажаванасьць Брытаніі ў змаганьні на Прыбалтыйскім фронце прымала розныя формы:

  • Брытанскія марскія і паветраныя ўзброеныя сілы ў сьнежні 1918 пасьля лябіраваньня эстонскімі палітыкамі ў Лёндане даставілі неабходнае ўзбраеньне, забясьпечылі ваенную падрыхтоўку і артылерыйскую падтрымку;
  • Брытанская падтрымка левага эстонскага флянгу марской апэрацыяй у Фінскай затоцы. Падчас аднае з апэрацыяў брытанскія тарпэдныя катэры ў спалучэньні з авіяцыяй правялі першую камбінаваную паветрана-водную атаку ў гісторыі на флёт бальшавікоў у Кранштаце[30], тарпэдаваўшы некалькі караблёў і згубіўшы 3 катэры. Брытанскі афіцэр Аўгуст Эгар за патапленьне савецкага крэйсэра быў узнагароджаны крыжам Вікторыі, а за наступную атаку, у якой былі патопленыя яшчэ два караблі, атрымаў ордэн «За выдатныя заслугі»;
  • Белая расейская Паўночна-Заходняя армія атрымала ад Брытаніі шэсьць танкаў з экіпажамі, якія ўвосень 1919 стаялі за 12 міляў ад Петраграду. Усе танкі захаваліся ў бітвах, атрымаўшы толькі нязначныя пашкоджаньні[31]. Гэта была адзіная дапамога Вялікабрытаніі для беларасейскай арміі.
  • 2000 фінскіх валянтэраў склалі атрады «Pohjan Pojat» і «I Suomalainen Vapaajoukko»[32].
  • У пачатку 1919 року ў Швэцыі быў сфармаваны аддзел дабраахвотнікаў пад камандаваньнем Карла Матандэра. У сакавіку 1919 178 дабраахвотнікаў ўзялі ўдзел у выведніцкіх місіях у Вірумаа. У красавіку аддзел быў перапраўлены на паўднёвы фронт, дзе браў удзел у бітвах пад Пячорамі.
  • У Даніі пад даводзтвам капітана Рыхарда Густава Баргеліна быў сфармаваны атрад з 200 чалавек, які ваяваў супраць бальшавікоў у Латвіі і пад Псковам. За сваю службу Баргелін быў павышаны да падпалкоўніка і атрымаў маёнтак.

Тартускае замірэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Тартускае замірэньне (Расея—Эстонія)

2 лютага 1920 Рэспубліка Эстонія і РСФСР падпісалі ў Тарту мірную дамову. На той момант бальшавіцкі рэжым ня быў прызнаваны ніводнай заходняй дзяржавай. Паводле ўмоваў пагадненьня Расея назаўжды адмаўлялася ад тэрытарыяльных вымогаў да эстонскай тэрыторыі. Граніца ўсталёўвалася па пазыцыях фронту на момант спыненьня ваенных дзеяньняў. У прыватнасьці, Эстонія захавала стратэгічную паласу на ўсход ад Нарвы і рэгіён Сэтумаа на паўднёвым усходзе. У 1945, пасьля прыходу савецкіх войскаў, гэтыя тэрыторыі будуць перададзеныя пад кантроль РСФСР.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Iseseisvuse aeg 1918–40 // Eesti. Üld.. — Eesti entsüklopeedia, 2002. — Т. 11. — С. 296–311.
  2. ^ а б в г Jaan Maide. IV // Ülevaade Eesti Vabadussõjast (1918—1920). — Tartu: Kaitseliidu kirjastus, 1933.
  3. ^ Jaan Maide. II // Ülevaade Eesti Vabadussõjast (1918—1920). — Tartu: Kaitseliidu kirjastus, 1933.
  4. ^ Kaevats, Ülo. Eesti Entsüklopeedia. — Valgus: Eesti Entsüklopeediakirjastus, 1998. — Т. 10. — С. 123. — ISBN 5-89900-054-6
  5. ^ Kaevats, Ülo. Eesti Entsüklopeedia. — Valgus: 1990 Т. 5. — С. 396. — ISBN 5-89900-009-0
  6. ^ Estonian Declaration of Independence 24 February 1918 at www.president.ee
  7. ^ Jaan Maide. II // Ülevaade Eesti Vabadussõjast (1918—1920). — Tartu: Kaitseliidu kirjastus, 1933.
  8. ^ Traksmaa, August. Lühike vabadussõja ajalugu. — Olion, 1992. — С. 115. — ISBN 5-450-01325-6
  9. ^ Kaitseväe ajalugu (эст.) Праверана 2009-09-29 г. Архіўная копія ад 2009-09-25 г.
  10. ^ Traksmaa, August. Lühike vabadussõja ajalugu. — Olion, 1992. — С. 126—127. — ISBN 5-450-01325-6
  11. ^ Miljan, Toivo. Historical dictionary of Estonia. — Scarecrow Press, 2004. — С. 140. — ISBN 0-8108-4904-6
  12. ^ Traksmaa, August. Lühike vabadussõja ajalugu. — Olion, 1992. — С. 131. — ISBN 5-450-01325-6
  13. ^ O’Connor, Kevin. The history of the Baltic States. — Greenwood Publishing Group, 2003. — С. 88. — ISBN 978-0-313-32355-3
  14. ^ Traksmaa, August. Lühike vabadussõja ajalugu. — Olion, 1992. — С. 11. — ISBN 5-450-01325-6
  15. ^ а б Traksmaa, August. Lühike vabadussõja ajalugu. — Olion, 1992. — С. 141. — ISBN 5-450-01325-6
  16. ^ а б Estonian War of Independence 1918—1920 / Jyri Kork (Ed.). — Baltimore: Esto, 1988. — (Reprint from Estonian War of Independence 1918-1920. Historical Committee for the War of Independence, Tallinn, 1938).
  17. ^ Traksmaa, August. Lühike vabadussõja ajalugu. — Olion, 1992. — С. 142. — ISBN 5-450-01325-6
  18. ^ Goltz, Rüdiger von der, Count (1865—1946) // The Encyclopedia of World War I: A political, social, and military history / Spencer C. Tucker. — Santa Barbara, California: ABC-CLIO, 2005. — С. 492—493.
  19. ^ Traksmaa, August. Lühike vabadussõja ajalugu. — Olion, 1992. — С. 149. — ISBN 5-450-01325-6
  20. ^ Liulevicius, Vejas G. War land on the Eastern Front: culture, national identity and German occupation in World War I. — Cambridge University Press, 2000. — С. 231. — ISBN 0-521-66157-9
  21. ^ Traksmaa, August. Lühike vabadussõja ajalugu. — Olion, 1992. — С. 150. — ISBN 5-450-01325-6
  22. ^ Traksmaa, August. Lühike vabadussõja ajalugu. — Olion, 1992. — С. 162. — ISBN 5-450-01325-6
  23. ^ James A. Rushton. (чэрвень 2006) Operationalizing Dissuasion (Thesis) (анг.) (PDF). Naval Postgraduate School, Monterey, California. Праверана 2008-07-24 г.
  24. ^ Traksmaa, August. Lühike vabadussõja ajalugu. — Olion, 1992. — С. 174. — ISBN 5-450-01325-6
  25. ^ Traksmaa, August. Lühike vabadussõja ajalugu. — Olion, 1992. — С. 180. — ISBN 5-450-01325-6
  26. ^ Fletcher, William A. The British navy in the Baltic, 1918—1920: Its contribution to the independence of the Baltic nations // Journal of Baltic Studies. — 1976. — С. 134 — 144.
  27. ^ а б Kaevats, Ülo. Eesti Entsüklopeedia. — Eesti Entsüklopeediakirjastus, 1998. — Т. 10. — С. 123. — ISBN 5-89900-054-6
  28. ^ Traksmaa, August. Lühike vabadussõja ajalugu. — Olion, 1992. — С. 223—224. — ISBN 5-450-01325-6
  29. ^ Georg von Rauch. The Baltic States: The Years of Independence 1917-1940. — Hurst & Co, 1974. — С. 70.
  30. ^ WAR IN RUSSIAN BOLSHEVIK WATERS
  31. ^ Lt Col A J Parrott RLC British Army. With Lieutenant Colonel Hope Carson in Estonia and Russia // Baltic Defence Review. — February, 1999.
  32. ^ Lieutenant Colonel Jaan Maide. II // Ülevaade Eesti Vabadussõjast (Overview of The Estonian War of Independence 1918–1920). — Estonian Defence League, 1933.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]